Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

Лекцыя № 13 Дэструктыўныя фігуры пропуску, размяшчэння і перастаноўкі. Дыскрэтныя фігуры.

План

1. Фігуры пропуску.

2. Дэструктыўныя фігуры размяшчэння і перастаноўкі.

3. Рытарычныя фігуры.

4. Дыскрэтныя графічныя фігуры.

5. Гукавыя фігуры.

1. Фігуры ўбаўлення (пропуску)

Фігуры ўбаўлення – слоўныя фігуры, заснаваныя на непаўтаральнасці моўных адзінак, іх пропуску. Яны выкарыстоўваюцца з мэтай адлюстравання хуткасці руху, расчлянёнасці мноства на асобныя часткі, паказу разнастайнасці акаляючай рэчаіснасці. Найчасцей у маўленні выкарыстоўваюцца фігуры, структура якіх з’яўляецца няпоўнай. Да іх адносяцца апасіяпеза, асіндэтон, прасіяпеза, эліпсіс.

Апасіяпеза (грэч. aposiopesis “умаўчанне”) – умаўчанне, наўмысны, выкліканы найчасцей этычнымі прычынамі, перапынак у маўленні, разлічаны на здагадку чытача (слухача).

Апасіяпеза выдзяляецца інтанацыйна, графічна абазначаецца шматкроп’ем:

Ласкавае мора, сіняе-сіняе неба, чайкі пікіруюць за кінутымі кавалкамі хлеба… І раптам – удар!!! І раптам – да неба смяротны слуп вады. І ўсё разламана напалам… І праз некаторы час толькі заклякоча паверхня мора, калі схаваецца пад ёю нос карабля… Каўтаючы ўсё… усё… І не будзе каму ўжо ні заляцацца, ні смяяцца, ні пакурваць [Ул. Караткевіч].

-- А чаму не? – жорстка сказаў Свеціловіч. -- Я нікому зараз не давяраю. Я і вас падазраваў: раптам… ды пасля схамянуўся [Ул. Караткевіч].

Апасіяпеза выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі інфармацыя не вымушае разгорнутага выкладу, яна добра зразумелая чытачу або слухачу. Прычына ўмаўчання можа быць этычнай, калі аўтар не хоча выказваць сваю думку адносна пэўнай падзеі або асобы, і чытач павінен сфарміраваць сваё ўяўленне аб гэтым. Умаўчанне павялічвае выразнасць выказвання, паколькі дае чытачу магчымасць самому ўявіць тыя карціны, асобныя штрыхі якіх апушчаны аўтарам, і такім чынам садзейнічае экспрэсівізацыі маўлення.

Асіндэтон (грэч. asyndeton “нязвязанае”) – бяззлучнікавасць, фігура маўлення, пры якой адсутнічаюць злучнікі паміж асобнымі, узаемазвязанымі сегментамі выказвання, што надае яму сцісласць і дынамізм. Ёсць нешта прыемнае, калі пазнаеш забытыя мясціны. Мінаюцца сялібы, палеткі, лясы [Я.Скрыган].

Калі бяззлучнікавай сувяззю аб’ядноўваюцца аднародныя выказнікі, гэта стварае дынамізм апавядання, перадае напружанасць і імклівасць дзеяння: Мкне у месце, мкне у полі, Беліць вочы белай беляй Гнеўна- спеўная завея, Б’ецца,уецца, скача, плача, Сыпкім снегам сее, вее, Не лякаецца няўдачаў, Гнеўна – спеўная завея! [Н.Арсеннева].

Пры бяззлучнікавым пералічэнні аднародных азначэнняў перадаецца шматколерная палітра малюнкаў аб’ектыўнай рэчаіснасці, даецца рознабаковая характарыстыка прадметаў і з’яў: Сяброў сустракаем на людным вакзале, Вось тут бы, здаецца, ад сэрца сказалі Гарачае, шчырае, добрае слова, Ды лезе адразу з кішэні прамова; А вось у кузаве машыны Кідае галавою конь, Худы, калматы, заінелы. [С. Грахоўскі]

Адсутнасць злучнікаў перад аднароднымі дапаўненнямі падкрэслівае шматлікасць і разнастайнасць прадметаў і з’яў: Любая сэрцу Лагойшчына, Край маіх дум запаветных, Ціша бароў партызанскіх, Звонкая радасць крыніц, Стужачкі рэчак бруістых, Зелень узгоркаў прыветных – Ведаю усё тут на памяць, Дорага ўсё да драбніц! [Н.Гілевіч].

Такім чынам, бяззлучнікавасць, якая стварае імклівасць і дынамізм дзеяння, разнастайнасць і рознабаковасць апісваемых з’яў, з’яўляецца важным сродкам экспрэсівізацыі маўлення.

Эліпсіс (грэч. elleipsis “недастача, пропуск”) – фігура маўлення, якая заключаецца ў пропуску асобных фрагментаў выказвання (слоў, словазлучэнняў), лёгка ўзнаўляльных па сэнсу з кантэксту.

Эліпсіс – фігура, блізкая да ўмаўчання, надае выказванню экспрэсію, дынамізм і напружанасць: На сцэну выходзіць.. Рыгор Раманавіч Шырма. Няўлоўны па сваёй імгненнай дакладнасці рух – і залу, і сэрцы запаўняе музыка [Р.Барадулін]; Найбольшая прыемнасць глядзець на воблакі ў летнія, пагодлівыя дні, калі ў небе лётаюць птушкі. А ўлетку – ластаўкі і стрыжы [І.Грамовіч].

У некаторых выпадках у эліптычных сказах апускаецца выказнік, які не ўзнаўляецца з кантэксту, паколькі дзеянне або стан, якія абазначае адсутны выказнік, зразумелы са структуры саміх сінтаксічных адзінак. Як, правіла, гэта датычыць так званых “быційных ” дзеясловаў, дзеясловаў існавання: Над лесам – поўны, таямнічы месяц [Я.Брыль].

Эліпсіс можа ўваходзіць у склад як простага, так і складанага сказа. Эліпсіс у складаным сказе адбываецца ў структуры заключнай прэдыкатыўнай часткі, і гэта патрабуе наяўнасці апушчаных фрагментаў выказвання ў папярэняй частцы: Ты імкнулася ў далеч прастораў бясконцых марскіх, я ж – да сэрца твайго, дзесь схаванага ў нетрах лясных (А. Куляшоў).

Пропуск асобных лексем, сэнс якіх лёгка ўзнаўляецца з кантэксту, актывізуе думку чытача, прыцягвае яго ўвагу, прымушае “дэшыфраваць” выказванне, разважаць над выказаным зместам.