Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

2.Агульныя сродкі выяўленчай выразнасці.

Элакуцыя разглядае як агульныя, так і спецыяльныя сродкі слоўнай арнаментацыі, фігуральную тактыку маўленчага ўзаемадзеяння, таму ў цэнтры яе ўвагі – тропы і фігуры.

Да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці і слоўнай вобразнасці адносяцца:

Атрыбутызацыя – дадатковая характарыстыка прадмета, прыметы або дзеяння праз азначэнне ці акалічнасць. Атрыбутызацыю стварае дапасаванае або недапасаванае, простае або разгорнутае азначэнне, якое дадаецца да назоўніка і характарызуе прадмет з боку яго якасці, прыметы ці ўласцівасці:

Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лагі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці плыні, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы [Ул.Караткевіч].

Атрыбутызацыя ствараецца таксама акалічнасным дэтэрмінантам пры дзеяслове: Дарога павярнула ўлева, пайшла грудамі, шчыльней тулячыся да Нёмана, дзе ён апісваў вельмі зграбную луку, падыходзячы да лесу [Я.Колас]

Атрыбутызацыя, якая выражаецца акалічнасцю, указвае на ўмовы і характар дзеяння, стану ці прыметы, канкрэтызуе дзеянне, удакладняючы яго часавую характарыстыку: Не шкада, што кружыцца дачасна Зелянцовы лісцік нада мной; прасторавыя межы пашырэння дзеяння: Лес кашлаты да неба вырас; якасць дзеяння або стану, а таксама спосаб яго ажыццяўлення: Толькі падае ціха снег; Буду мудра і светла маўчаць; І мройна вішня пышная цвіце[ Я. Янішчыц].

Атрыбутызацыя, як паказваюць прыведзеныя вышэй прыклады, стварае бачнасць і жывасць выяўлення, надае апісваемым прадметам і з’явам канкрэтнасць, індывідуалізуе іх і робіць выяўленча-выразнымі.

Гіпанімізацыя – замена назвы радавога паняцця відавым або адначасовае выкарыстанне гіпероніма і гіпоніма з мэтай узмацнення выяўленчасці. Гіпанімізацыя таксама належыць да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці:

Праз якую вярсту ўстаў грэбень густога лесу. Гэта – пушча, спрадвечная карміцелька і абаронца тутэйшага чалавека [Я.Пархута]

Грыбы стаялі на ўвесь рост, смела і прама, як салдаты. Пад старой асінай,.. не хаваючыся ад чужога вока, расло штук дваццаць баравікоў.. На лужку ў траве раслі рыжыкі. [В.Хомчанка]

Сінанімізацыя – замена нейтральнага слова яго эмацыянальным або экспрэсіўна афарбаваным сінонімам ці іх паралельнае выкарыстанне. Сінанімізацыя таксама адносіцца да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці.

Не раз са згоды настаўніцы .. гартаў і чытаў сшыткі, учытваўся ў іх старонкі. Учытваўся і дзівіўся, і здзіўляўся: са старонак вучнёўскіх сшыткаў мне добра бачыліся дасведчанасць, неспакой, настаўніцкі клопат пра сваіх вучняў – заўтрашніх гаспадароў зямлі, жыцця,..бачыліся поспехі, дысцыпліна, вывучка, прывітыя дзецям Ксеняй Раманоўскай.[Ф.Янкоўскі]

3. Спецыяльныя сродкі выяўленчай выразнасці.

Асноўную ролю ў экспрэсівізацыі маўлення адыгрываюць спецыяльныя сродкі выяўленчай выразнасцітропы і фігуры.

У антычнай рыторыцы тэрмін фігура выкарыстоўваўся ў шырокім значэнні. Пад фігурай разумелі адхіленне ад звычайнага спосабу выражэння. Размежаванне тропаў і фігур не было дакладным і выразным. Тропы разглядаліся ў складзе фігур як фігуры думкі. Найбольш поўнае азначэнне гэтых прыёмаў фігуральнага выражэння мы знаходзім у Квінтыліяна, які тропам называў такія змены ўласнага значэння слова або слоўнага выразу, пры якім узбагачаецца значэнне, а фігуру абазначаў, па-першае, як форму выражэння думкі, а, па-другое, як свядомае адхіленне ад звычайнай і простай формы выражэння.

У сучаснай энцыклапедычнай літаратуры тропы разглядаюцца як фігуры пераасэнсавання -- спосабы пераноснага словаўжывання. Фігурамі маўлення абазначаюцца выпадкі адхілення ад звычайнага словаўжывання, пераўтварэнне структуры выказвання [11, с. 520].

Найбольш дакладным, на наш погляд, з’яўляецца размежаванне тропаў і фігур, якое прапануе Я. Клюеў: тропы прадугледжваюць варыяцыі значэнняў, фігуры – варыяцыі структур, тропы звязаны ў першую чаргу з пераўтварэннем асноўнага значэння (і толькі як вынік – адбываецца пераўтварэнне структур, у якія яны ўваходзяць) , а фігуры перш за усё -- з пераўтварэннем фундаментальных структур (і толькі як вынік узнікае пераўтварэнне значэнняў іх элементаў). Такім чынам, у аснове тропаў ляжыць пераўтварэнне законаў логікі (і ў першую чаргу аналогіі), у аснове фігур – пераўтварэнне законаў сінтаксіса (як рэпрэзентанта логікі на ўзроўні структурыравання паведамлення) [2, с. 179].

Тропы (грэч. tropos “паварот, зварот”) – словы або выразы, ужытыя ў пераносным сэнсе з мэтай дасягнення большай выяўленчай выразнасці маўлення. Тропы называюць таксама фігурамі думкі, фігурамі пераасэнсавання. Да тропаў адносяцца: метафара, метанімія, сінекдаха, празапапея (адухаўленне), алегорыя, сімвал, каламбур, парадокс, сінестэзія, антанамазія, эпітэт, аксюмаран, антытэза, эмфаза, антанакласіс, гіпербала, літота, антыфразіс, перыфраза, алюзія і інш.

Калі разглядаць тропы як выпадкі пераноснага словаўжывання, то ўсе шматстайныя трапеічныя сродкі можна падзяліць на некалькі груп у залежнасці ад таго, на якой падставе адбываецца перанос назвы з аднаго прадмета на другі: