Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

4. Знаёмства з літаратурай, план выступлення, напісанне тэксту.

Распрацоўка выбранай тэмы пачынаецца з вызначэння агульнага папярэдняга плана выступлення, які складаецца з 3-4 пытанняў, знаёмства з бібліяграфіяй, вывучэння літаратуры (як агульнай, так і спецыяльнай і дадатковай).

Знаёмства з літаратурай мае некалькі этапаў: чытанне-адбор (прагляд кніг з мэтай выяўлення неабходнай літаратуры і складання бібліяграфічнага спіса); чытанне-азнаямленне (вызначэнне неабходнага для напісання выступлення матэрыялу); чытанне-вывучэнне (канспектаванне матэрыялу, выпіскі інфармацыі з кніг).

Пры знаёмстве з літаратурай неабходна рабіць запісы. Па форме гэта могуць быць канспект, выпіскі, цытаты. Вядомы рускі вучоны Дз.І. Мяндзелееў сказаў: “Знойдзеная, але не запісаная думка – знойдзены і згублены скарб”. Канспектаванне мае наступныя разнавіднасці: даслоўнае канспектаванне – перапісванне зместу слова ў слова; свабоднае – пераказ зместу кнігі сваімі словамі; творчае – калі змест прачытанай кнігі дапаўняецца і развіваецца думкамі лектара, падагульняецца ім.

Робячы запісы, неабходна ўказваць сваё меркаванне на прадмет сказанага іншымі. Лічбы, цытаты, даведкі і г.д. лепш запісваць на карткі, пры гэтым абавязкова ўказваць іх крыніцу. Усе факты павінны быць даставернымі і праверанымі.

Пасля гэтага рэкамендуецца скласці падрабязны, дэталізаваны план выступлення і напісаць яго тэкст. Найбольш распаўсюджаным тыпам з’яўляецца шматузроўневы план: 1 / 1.1 / 1.1.1 / 1.1.1.1 / 1.2 / 1.2.1 / 1.2.1.1 і г.д. Калі канспект вызначае, што сказаць, і ўяўляе як бы агульны стратэгічны намер аратара, то план з’яўляецца спалучэннем прыёмаў, якія маюць на мэце тактычную задачу – як сказаць, як найлепшым чынам данесці змест выступлення да слухача, як выклікаць іх пажаданую рэакцыю [2, с. 53].

Ці варта пісаць поўны тэкст выступлення? На гэта пытанне існуюць розныя адказы. Цыцэрон у свой час гаварыў: “Неабходна як мага больш пісаць”. Квінтыліян з ім пагаджаўся: “Толькі з дапамогай пісання можна дасягнуць лёгкасці маўлення”. Пётр І забараняў зачытваць тэкст, патрабаваў гаварыць сваімі словамі: “дабы дурь каждого была видна”. У Францыі ў час буржуазнай рэвалюцыі ХУШ ст. для выступлення абавязкова трэба было рыхтаваць тэкст і зачытваць яго. Выступаць без тэксту, гаварыць сваімі словамі лічылася непрыстойным.

Пісаць поўны тэкст для таго, каб пасля зачытаць яго ў час выступлення, вядома, немэтазгодна. Але напісанне тэксту дазваляе прадумаць у цэлым і ў дэталях змест выступлення, паслядоўнасць і сістэмнасць выкладу. Напісаны тэкст можна праверыць, выправіць, абмеркаваць з кім-небудзь, перачытаць, каб лепш запомніць. Загадзя падрыхтаваны тэкст дысцыплінуе аратара, надае яму ўпэўненасць і эканоміць час на падрыхтоўку да наступных выступленняў.

5. Вывучэнне аўдыторыі. Стратэгія і тактыка прамовы.

Класічная рыторыка лічыла, што прамова складаецца з трох элементаў: з самога аратара; з прадмета, пра які ідзе размова; з асобы, да якой ён звяртаецца. Як азначаў Мішэль Мантэнь, “слова належыць напалову таму, хто гаворыць, і напалову таму, хто слухае”. Значнасць і эфектыўнасць прамовы можна праверыць толькі ў працэсе выступлення перад канкрэтнай аўдыторыяй. Поспех аратара ў многім залежыць ад уважлівага вывучэння ім вобраза аўдыторыі. Таму пры падрыхтоўцы да выступлення рэкамендуецца ўважліва ацаніць сітуацыю зносін: вызначыць характар і склад слухачоў, іх сацыяльную прыналежнасць, узрост, ступень падрыхтаванасці, колькасць, намер, настрой, фізічны стан, адносіны да выступлення. Неабходна таксама ўлічваць час свайго выступлення і яго чарговасць (пасля каго вы выступаеце). “Каб дайсці да сэрца слухачоў, неабходна выйсці з футляра сваіх уяўленняў і зірнуць на тэму вачыма аўдыторыі” [Р.Хоф].

Ёсць розныя крытэрыі ацэнкі аўдыторыі. Дэмаграфічная характарыстыка аўдыторыі дазволіць выявіць пол, узрост, адукацыю, прафесію, род заняткаў, культурны ўзровень, нацыянальнасць і такім чынам скласці калектыўны “партрэт” аўдыторыі. Змест выступлення павінен адпавядаць узроўню ведаў, адукацыі і ступені падрыхтаванасці слухачоў. Ллойд Джордж, як сведчаць яго сучаснікі, у парламенце гаварыў палымяна і дыялектычна, на вучоным сходзе – навукова, перад народам – асабліва наглядна, дасціпна і грубавата.

Неабходна ўлічваць і матыў, якім кіраваліся слухачы, прыйшоўшы на выступленне – інтэлектуальны (жаданне атрымаць інфармацыю), маральны (адказ на запрашэнне, абавязковасць), этычны (імкненне атрымаць задавальненне).

Так, складанай лічыцца маладзёжная аўдыторыя, для яе найбольш эфектыўнай з’яўляецца эмацыянальная прамова. Чым большая колькасць слухачоў, тым цяжэй выступаць перад імі. Таму рэкамендуецца перад вялікай аўдыторыяй спрашчаць стыль выступлення (за выключэннем спецыяльных дакладаў) і ўзмацняць нагляднасць і вобразнасць.

Перад выступленнем мэтазгодна папярэдне азнаёміцца з памяшканнем, у якім адбудзецца выступленне: вызначыць яго форму, плошчу, ступень асвятлення, характар акустыкі. Невялікую колькасць слухачоў лепш сабраць у малой аўдыторыі, не пажадана карыстацца трыбунай і мікрафонам. Калі аўдыторыя вялікая, лепш выступаць на трыбуне, каб трымаць у полі зроку ўсю залу і карыстацца мікрафонам. Пры няпоўнай аўдыторыі нельга выказваць прысутным сваё незавальненне дрэнным наведваннем слухачоў : “Ніколі не дакарайце прысутных за адсутных” [Науман].

Памяшканне, у якім адбудзецца выступленне, павінна быць добра праветраным і мець добрае асвятленне. Усе слухачы павінны бачыць аратара, сачыць за выразам яго твару. Асветленым павінен быць і тэкст выступлення. Свае запісы лепш за ўсё трымаць на кафедры. Калі ў аўдыторыі адсутнічае кафедра, яе можна замяніць чым-небудзь, каб трымаць канспект на вышыні, зручнай для чытання. У іншым выпадку прыдзецца трымаць лісты запісаў перад сабою.

Прадугледжвайце таксама асаблівасці акустыкі памяшкання. Так, у вялікім памяшканні гук можа паглынацца (у такім выпадку неабходна выразна артыкуляваць гукі, не глынаць канчаткі) або стварацца рэха (тады трэба замаруджваць тэмп, не спяшацца). Калі магчыма, то лепш не карыстацца мікрафонам, паколькі ён скажае гук і паслабляе ўздзеянне прамовы. Калі ж без мікрафона нельга абыйсціся, то карыстайцеся ім правільна: інтэрвал да яго павінен быць не менш 20-30 см, нельга гаварыць у мікрафон вельмі гучна, паколькі гэта стварае непрыемны для слухачоў рэзананс.

Пэўнае значэнне для эфектыўнасці выступлення мае яго час. У вячэрні час слухачы больш стомленыя, таму выступленне павінна быць больш займальным і цікавым.

Пры вывучэнні вобраза аўдыторыі неабходна ўлічваць таксама яе псіхалагічны стан, эматыўную характарыстыку – тыпы адносін слухачоў да прадмета размовы і да асобы аратара.

Ёсць тры асноўныя мадэлі аўдыторыі:

-- канструктыўная -- аднадумцы, якія згаджаюцца з аратарам; узаемаадносіны з такой аўдыторыяй характарызуюцца ўзаемаразуменнем, імкненнем шукаць і знайсці вырашэнне дадзенай праблемы, мэтай выступлення з’яўляецца ўмацаванне пазіцый аратара;

-- канфліктная -- праціўнікі, якія не прымаюць ідэй прамоўцы; у адносінах з такой аўдыторыяй адсутнічае ўзаемаразуменне, і ў выніку – псіхалагічная несумяшчальнасць; мэта выступлення – “раскалоць” аўдыторыю і схіліць частку яе да кампрамісу;

-- пасіўная -- слухачы, у якіх няма асабістай думкі, яны згаджаюцца з довадамі любога аратара і пойдуць за тым, хто зможа іх пераканаць,; мэта выступлення ў такой аўдыторыі – зацікавіць прысутных, схіліць іх на свой бок.

Поспех выступлення ў значнай ступені залежыць ад правільна вызначанай стратэгіі і тактыкі. Стратэгія прамовы – вызначэнне галоўнай мэты выступлення, асэнсаванне усіх спосабаў і сродкаў пераканання. Гэта сукупнасць падыходаў і метадаў будучага выступлення. Яна павінна быць канструктыўнай.

Тактыка прамовы -- выбар спосабаў зносін з аўдыторыяй, найбольш мэтазгодных з пункту погляду рэалізацыі канструктыўнай стратэгіі прамовы. Іншымі словамі, гэта набор канкрэтных сродкаў для рэалізацыі выбранай стратэгіі.