Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

2. Трыадзіная схема інвенцыі “этас-логас-пафас”. Тэма, мэта, ідэя выступлення.

Інвенцыя (лац. inventio “ вынаходніцтва, адкрыццё”) – папярэдняя падрыхтоўка да выступлення, а таксама раздзел рыторыкі, які вывучае гэты этап падрыхтоўкі. Як раздзел рыторыкі інвенцыя прадугледжвае распрацоўку праблематыкі, звязанай з прадметнай галіной выступлення.

Інвенцыя ўключае вызначэнне тэмы і асэнсаванне мэты выступлення, вывучэнне прадмета размовы, мэтанакіраванае і эфектыўнае чытанне, адбор матэрыялу, знаёмства з асноўнымі сэнсавымі мадэлямі выказвання, пошукі сістэмы разгорнутых доказаў, якія абумоўліваюць стратэгію і тактыку прамовы, запіс прачытанага, напісанне тэксту выступлення, вывучэнне аўдыторыі, псіхалагічную падрыхтоўку.

Галоўнае правіла інвенцыі – знайсці, што сказаць.

Як адзначае адзін з тэарэтыкаў красамоўства Кожын Я.А., “аратарскае выступленне – гэта не сума матэрыялаў, сабраных з розных крыніц, а арыгінальны, народжаны ў творчых муках, твор”.

Важнейшай перадумовай поспеху выступлення, яго эфектыўнасці і дзейснасці класічная рыторыка лічыла трыадзіную схему інвенцыі этас, логас, пафас як спосабы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.

Этас (грэч. ethos “звычай, прывычка”) – адна з частак інвенцыі – прадугледжвае такія маральна-этычныя асобасныя якасці аратара, як сціпласць, добразычлівасць, абаяльнасць, артыстызм, шчырасць, аб’ектыўнасць, упэўненасць, сур’ёзнасць, якія дазваляюць яму ўстанавіць кантакт з аўдыторыяй. Аратар павінен паважаць сваіх слухачоў.

Сакрат адзначаў, што “мы слухаем не мову, а чалавека, які гаворыць”. Таму Квінтыліян справядліва сцвярджаў: “Калі хочаш стаць добрым аратарам, стань спачатку добрым чалавекам”.

“Российская риторика” 1824 года выдання змяшчала раздзел “О нравах”, у якім сцвярджалася, што аратар “необходимо должен иметь нравы добрые и наклонности честные. Слово не меньше должно быть вывескою его добродетели, как и просвещения”.

Этас, такім чынам, дапамагае аратару выклікаць сімпатыю і давер слухачоў сваёй мараллю, што важна для рэалізацыі рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача. У якасці першай умовы поспеху выступлення Арыстоцель, як вядома, раіў аратару: “Гавары праўдзіва”.

Усе вялікія аратары былі людзьмі надзвычай моцнай жыццёвай сілы і энергіі, высокамаральнымі і працалюбівымі. Г.У. Бічар сказаў пра гэта так: “Недапушчальна, каб аратарам стаў прахадзімец. Чалавек, які стане аратарам, павінен мець што сказаць.. Яму павінны быць уласцівы добразычлівасць і спачуванне, якія зліваюць яго з аўдыторыяй і робяць яе часцінкай. Ён уздзейнічае на слухачоў так, што яго ўсмешка албіваецца на іх тварах, яны плачуць яго слязьмі, і біццё яго сэрца адгукаецца ў грудзях усіх прысутных”.

Логас (грэч. logos “слова, доказ”) звязвае думку і слова, патрабуе паказаць аўдыторыі важкія доказы сваёй праваты, дапамагае аратару пераканаць слухачоў сілай сваіх аргументаў.

Асабліва важны гэты аспект для інфармуючага дыскурсу ( тыпу лекцыі, даклада, навуковага паведамлення і да т.п.), які вызначаецца інфармацыйнай насычанасцю, лагічнасцю, паслядоўнасцю, дакладнасцю і абгрунтаванасцю выкладу, глыбокай аргументаванасцю і мае пазнавальнае значэнне. У якасці другой умовы поспеху аратара Арыстоцель адзначаў: “Гавары ясна”. Дакладнае ўсведамленне зместу выражаемых паняццяў, лагічных сувязей паміж імі садзейнічае яснасці і дакладнасці выкладу. Як слушна заўважыў Буало : “Хто ясна мысліць, той ясна выкладае”.

Пафас (грэч. pathos “хваляванне, моцнае пачуццё, афект”) патрабуе ад аратара паказаць сваю неабыякавасць да тэмы паведамлення, выявіць зацікаўленасць яго зместам, выказаць эмацыянальныя адносіны да выступлення.

Як адзначаў М. Спяранскі, “основание красноречия суть страсти. Сильное чувствование и живое воображение для оратора необходимы совершенно”. Сугучна з гэтай думкай і выказванне Д’Аламбера: “Красноречие – дар потрясать души, переливать в них свои страсти и сообщать им образ понятий”.

Пафас дапамагае аратару крануць аўдыторыю сваім пачуццём і садзейнічае устанаўленню з ёю кантакту, дазваляе рэалізаваць рытарычны прынцып эмацыянальнасці выступлення.

“Правільнае выступленне аратара можна апісаць словамі: упэўненае і разам з тым сціплае, захопленае і разам з тым стрыманае” [3, c .187].

Этас, пафас і логас павінны быць узаемазвязаны і падпарадкаваны адной мэце – уздзеяння на аўдыторыю, адзін з гэтых спосабаў уздзеяння павінен быць дамінуючым, іх выбар залежыць ад характару аўдыторыі (у маладзёжнай аўдыторыі ўзмацняецца этас і пафас, а ў паважнай, сталай аўдыторыі – логас).

Поспех публічнага выступлення, яго эфектыўнасць у многім залежыць ад прадуманай глыбокай папярэдняй падрыхтоўкі, якая ўключае некалькі этапаў.

Важным аспектам інвенцыі з’яўляецца выбар тэмы і асэнсаванне мэты выступлення.

Тэма (грэч. thema “тэма, прадмет”) – прадмет выступлення, які аб’ядноўвае пэўнае кола пытанняў і праблем. Тэма павінна адлюстроўваць змест выступлення, быць актуальнай, выкліканай патрэбамі жыцця, цікавай для слухачоў, ясна, дакладна, і, па магчымасці, сцісла сфармуляванай. Як адзначаў Е.А. Адамаў, “добры аратар умее знайсці новае ў старым, цікавае ў звычайным і жыццёва важнае ва ўсім”.

Пры вызначэнні тэмы неабходна пазбягаць шматслоўных, недакладных або празмерна агульных фармуліровак.

Трэба выбіраць тэму, звязаную з вашым асабістым вопытам, цікавую для вас і вашых слухачоў. Успомнім трэцяе правіла дасягнення поспеху выступлення, сфармуляванае Арыстоцелем: “Гавары тое, што важна”. Большы поспех маюць тэмы, у якіх асвятляюцца розныя пункты гледжання, магчыма палеміка, выказванне розных меркаванняў. Больш складанай лічыцца распрацоўка выступлення на агульную тэму, чым на спецыяльную.

Пры інвенцыі неабходна суадносіць пазамоўны змест і моўнае выражэнне, – форму і змест, – што будзе сказана ў выступленні і як гэта будзе сказана. Тэма вызначае змест тэксту, а змест раскрывае тэму. Тэма ў сваю чаргу арганічна звязана з ідэяй, якая вызначае мэту выступлення. Калі тэма адказвае на пытанне: пра што паведамленне?, то ідэя дапамагае зразумець: дзеля чаго выступленне, якая яго мэта? Пры папярэдняй падрыхтоўцы да выступлення важна дакладна ўсведамляць яго мэту: растлумачыць што-н., апісаць, проста расказаць або прымусіць слухачоў змяніць сваё меркаванне або пераканаць іх у чымсьці. Карысна перад пачаткам падрыхтоўкі пісьмова аформіць, запісаць мэту выступлення.

Тэма лічыцца раскрытай, калі ў выступленні пададзены адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, прапануецца важнейшы матэрыял, прыводзіцца дастатковая колькасць фактаў у пацвярджэнне канцэпцыі аўтара.