Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

3. Рыторыкі хіх ст. Галіча, Давыдава, Кашанскага, Зелянецкага і інш.

У ХІХ ст. у Расіі адна за адной выходзяць рыторыкі розных аўтараў. Аляксандр Іванавіч Галіч – выкладчык філасофіі ў Пецярбургскім універсітэце, расійскай і лацінскай славеснасці ў Царскасельскім ліцэі, адзін з настаўнікаў А.С. Пушкіна. Напісаў «Теория красноречия для всех родов прозаических сочинений» (СПб., 1830), у якой красамоўства называе навукай, якая вызначае прынцыпы арганізацыі празаічных тэкстаў. Галіч распрацоўвае прынцыпы пабудовы ўзорнай прамовы, выдзяляе і апісвае асноўныя якасці дасканалага аратарскага маўлення – чыстату, правільнасць, яснасць, пэўнасць і дакладнасць, адзінства тэксту, лаканічнасць, выразнасць, мілагучнасць. Аратар павінен імкнуцца да змястоўнага, немнагаслоўнага маўлення, максімальнай сэнсавай дакладнасці і выразнасці тэксту.

Іван Іванавіч Давыдаў – вядомы рускі філолаг, акадэмік, аўтар прац па філасофіі, матэматыцы, класічных мовах. Напісаў «Чтения о словесности» (1837), у якіх разглядае як агульныя пытанні славеснасці, так і асновы арганізацыі выразных празаічных пісьмовых і вусных тэкстаў. Галоўнай якасцю выразных тэкстаў лічыць сэнсавую яснасць, дасягнуць якую дапамагаюць глыбокія веды і разуменне аўтарам прадмета выкладу: «Всё, что мы сами ясно понимаем, можем также ясно передать другим, если только вникаем в изложение». Яснасць і выразнасць маўлення павінна дапаўняцца правільнасцю, чыстатой і дакладнасцю. Давыдаў распрацаваў сістэму камунікатыўных якасцей узорнага аратарскага маўлення, апісаў моўныя сродкі яго ўпрыгожвання і стварэння выяўленчай выразнасці – фігуры слоў і фігуры думкі.

У 1844 г. былі апублікаваны “Правила высшего красноречия” Міхаіла Міхайлавіча Спяранскага, складзеныя на аснове прачытаных ім лекцый у Галоўнай семінарыі пры Аляксандра-Неўскім манастыры ў Пецярбургу. Неаднаразова перавыдавалася кніга “Опыт риторики”, напісаная першым рэктарам Харкаўскага ўніверсітэта акадэмікам Іванам Сцяпанавічам Рыжскім. У Маскоўскім універсітэце Аляксандр Фёдаравіч Мерзлякоў напісаў “Краткую риторику, или Правила, относящиеся ко всем родам сочинений прозаических”. Прафесар Царскасельскага ліцэя Мікалай Фёдаравіч Кашанскі склаў падручнікі агульнай і прыватнай рыторыкі, якія перавыдаваліся некалькі разоў. Прафесар Адэскага Рышэльеўскага ліцэя Канстанцін Пятровіч Зелянецкі напісаў “Исследование о риторике и ее наукообразном содержании и в отношении, какое имеет она к общей теории слова и логики”. Названыя рыторыкі працягвалі ў асноўным традыцыі класічнай рыторыкі.

4. Развіццё судовага, акадэмічнага і парламенцкага красамоўства ў Расіі ў хіх ст.

У ХІХ ст. У Расіі актыўна развіваецца судовае красамоўства. Гэтаму садзейнічала ўвядзенне суда прысяжных, заснаванага на прынцыпе галоснасці і адвакатуры. Да гэтага часу адносіцца дзейнасць цэлай плеяды выдатных рускіх аратараў-юрыстаў: Коні, Плявака, Парахаўшчыкова, Андрэееўскага, Урусава, Арсеньева, юрыстаў-беларускаў Храптовіча, Даніловіча, Каліноўскага, Спасовіча, Багушэвіча і інш. Заснавальнікамі судовага красамоўства па праву называюць А.Ф. Коні і П.С. Парахаўшчыкова.

Анатолій Фёдаравіч Коні (1844 -- 1927) -- выдатны юрыст, судовы аратар, выкладчык, ганаровы акадэмік “изящной словесности”. У артыкуле “Советы лекторам”, выдадзеным у зборніку “Избранные произведения: В 2-х тт. Статьи и заметки. Судебные речи”, ён сфармуляваў асноўныя прыёмы аратарскага майстэрства і прапанаваў рад слушных рэкамендацый па падрыхтоўцы да выступлення. Коні займаўся і педагагічнай дзейнасцю. Ён загадваў кафедрай аратарскага майстэрства на аратарскім факультэце ў Інстытуце жывога слова ў Петраградзе, выкладаў практыку і тэорыю аратарскага майстэрства.

Фёдар Нікіфаравіч Плявака (1842 – 1908 гг.) – выдатны судовы аратар. Асноўны ўпор у сваіх прамовах рабіў на фактар псіхалагічнага ўздзеяння на суд прысяжных. Умеў узнавіць на судзе карціну злачынства. Яго выступленні на судзе (ён быў адвакатам) вызначаліся высокім аратарскім майстэрствам, у іх актыўна выкарыстоўваліся моўныя выяўленча-выразныя сродкі, якія ўзмацнялі псіхалагічныя характарыстыкі ўдзельнікаў злачынства.

Пётр Сяргеевіч Парахаўшчыкоў – аўтар кнігі “Заметки на суде”, выдадзенай пад псеўданімам П.Сергеич, у якой ён разглядае змест і структуру судовай прамовы. Мэта судовага аратара – пераканаць суд, прысяжных засядацеляў у сваіх довадах. Для гэтага аратару неабходна самому перажыць тое, пра што ён гаворыць і перадаць прысяжным свой настрой. Важнейшай вартасцю прамовы з’яўляецца яе яснасць. Неабходна дасканала ведаць прадмет размовы, добра ведаць мову, мець багаты слоўнікавы запас, валодаць чыстатой і дакладнасцю маўлення.

Андрэеўскі Сяргей Аркадзьевіч (1847 – 1918 гг.) – лічыўся адным з бліскучых аратараў па крымінальных справах. Яго прамовы вызначаліся прастатой, яснасцю, плаўнасцю і лагічнасцю выкладу, прадуманасцю кампазіцыі, вобразнасцю. Вялікае значэнне надаваў асобе падсуднага, ствараў яго яркі псіхалагічны партрэт, падрабязна аналізаваў абставіны, у якіх ён жыў і ўмовы, пры якіх учыняў злачынства. Вядомасць яму прынесла выступленне на судзе па справе Сары Бекер у абарону Мірановіча.

Урусаў Аляксандр Іванавіч (1843 – 1900 гг.) быў вядомы і як таленавіты абаронца, і як абвінаваўца. Поспех яму прынесла ўжо першае выступленне ў судзе ў абарону Маўры Молахавай.

Аляксандраў Пётр Акімавіч (1838 – 1893 гг.) стаў вядомым пасля суда па справе ў абвінавачванні В. Засуліч у спробе забойства Пецярбургскага граданачальніка Трэпава, дзе ён абараняў В. Засуліч. Яго прамовы вызначаліся грунтоўнай папярэдняй падрыхтоўкай, скрупулёзнай прадуманасцю, апрацаванасцю, зладжанасцю ўсіх частак.

Спасовіч Уладзімір Данілавіч (1829 – 1906 гг.). Лепшай яго прамовай лічыцца выступленне на судзе па справе аб забойстве Ніны Андрэеўскай. Яго прамовы адметныя даходлівасцю, яснасцю маўлення, лагічнасцю выкладу, стрыманасцю і роўнасцю інтанацыі.

5. У ХІХ ст. у Расіі даволі высокага ўзроўню развіцця дасягнула акадэмічнае красамоўства.. Яркімі прадстаўнікамі яго былі Мендзялееў, Ключэўскі, Ціміразеў, Боткін, Скліфасоўскі. Развіваецца парламенцкае красамоўства.

Нягледзячы на развіццё ў ХІХ ст. судовага, акадэмічнага і парламенцкага красамоўства, цікавасць да рыторыкі паступова страчваецца. Ужо ў канцы ХІХ ст. у назвах вучэбных дапаможнікаў слова рыторыка замяняецца словам славеснасць. У пачатку ХХ ст. рыторыка лічыцца аджыўшай навукай, яе называюць старажытным аратарскім пылам.

У савецкі перыяд рыторыка выключаецца з вучэбнага плана вузаўскай і школьнай падрыхтоўкі як буржуазная навука, якая вучыць напышліваму і знешне прыгожаму, але беззмястоўнаму маўленню.

Адраджэнне рыторыкі, якое пачалося ў 60-х г. XX ст., было абумоўлена дэмакратызацыяй грамадскага жыцця. Любая лібералізацыя сацыяльнай сістэмы абумоўлівае гуманізацыю грамадства. Калі ў палітычным жыцці ўдзельнічаюць шырокія масы розных сацыяльных пластоў, павышаецца інтарэс да індывідуума, кожны грамадзянін атрымлівае магчымасць выказаць сваю думку, і валоданне словам становіцца неабходнай умовай яго ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Рыторыку сталі паступова ўключаць у вучэбныя планы вышэйшай і сярэдняй школы. Рыторыку нашага часу называюць новай рыторыкай або неарыторыкай. Цэнтральнай яе праблемай з’яўляецца праблема маўленчага ўздзеяння і ўзаемадзеяння.

Пытанні і заданні:

1.Як адбывалася станаўленне і развіццё тэорыі і практыкі рытарычнай дзейнасці ў Старажытнай Грэцыі?

2.Як развівалася рыторыка ў Старажытным Рыме?

3.Што характэрна для развіцця рыторыкі ў эпоху Сярэдневякоўя і Адраджэння?

4.Як развівалася рыторыка на Беларусі?

5.Ахарактарызуйце развіццё рыторыкі ў Расіі.

Літаратура:

1. Алпатов, В.М. История лингвистических учений: учеб. пособие / В.М. Алпатов. – М.: Язык и славянские культуры, 1998. – 368 с.

2. Аннушкин, В.И. Русская риторика: исторический аспект: учеб. пособие / В.И.Аннушкин. – М.: Высшая школа, 2003. – 397 с.

3. Античные теории языка и стиля: Антология текстов: перевод / под. ред. О. Фрейденберг. – СПб.: Алетейя, 1996. – 363 с.

4. Аристотель. Риторика / перевод О.П.Цыбенко, под ред. О.А. Сычева и И.В. Пешкова; Поэтика / перевод В.Г. Аппельрота, под ред. Ф.А. Петровского / Комментирующая статья В.Н Маркова. – Аристотель. – М.: Лабиринт, 2007. – 256 с. Изд. 2, перер.

5. Булыка, А.М. Красамоўства ў Беларусі: Хрэстаматыя / А.М.Булыка, Л.М. Мінакова, А.А.Станкевіч. – Мн.: Універсітэцкае, 2002. – 181 с.

6. Вомперский, В.П. Стилистическое учение М.В. Ломоносова и теория трех стилей / В.П. Вомперский. – М., 1970. – 210 с.

7. Грановская, Л.М. Риторика / Л.М. Грановская / Бакинский славянский университет / Под общей ред. к.ф.н. В.А.Плотниковой. – М.: Азбуковник, 2004. – 218 с.

9. Граудина, Л.К. Русская риторика / Л.К. Граудина, Г. И. Кочеткова. – М.: Центрполиграф, 2001. – 668 с.

11.Ломоносов, М.В. Полн. собр. соч. – / М.В. Ломоносов. – М.; Л.: Академия наук СССР, 1952. – Т.7: Труды по филологии, 1739-1758 гг. / ред. В.В. Виноградов и др.– 996 с.

12. Мячкоўская Н. Рыторыка ў культурах заходніх і ўсходніх славян. Тэндэнцыі развіцця ў ХУ – ХУП стагоддзях / Н.Б. Мячкоўская. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 35 с.

13. Ораторское искусство: Хрестоматия / Автор-сост. Н.Г. Белостоцкая. – М.: Политиздат, 1978. – 192 с.

14. Тронский, И.М. История античной литературы / И.М. Тронский. – М.: Высшая школа, 1957. – 483 с.

15. Хазагеров, Т.Г. Общая риторика: Курс лекций. Словарь риторических приёмов / Отв. ред. Е.Н. Ширяев. – 2-е изд., перераб. и доп. – Ростов н/Д: Феникс, 1999. – 320 с.

16. Цицерон. Три трактата об ораторском искусстве. Пер. с латинского Ф.А. Петровского и др. / Под ред. М.Л. Гаспарова / Цицерон. – М.: Наука, 1972 – 471 с.

17. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. Дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.

СТРУКТУРА РЫТАРЫЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

Лекцыя № 6

Этапы падрыхтоўкі да выступлення. Інвенцыя

План

  1. Этапы падрыхтоўкі да выступлення.

  2. Трыадзіная схема інвенцыі “этас-логас-пафас”. Тэма, мэта, ідэя выступлення.

  3. Тыпы матэрыялу, крыніцы і крытэрыі яго падбору, спосабы падачы.

  4. Знаёмства з літаратурай, план выступлення, напісанне тэксту.

  5. Вывучэнне аўдыторыі. Стратэгія і тактыка прамовы.

  6. Псіхалагічная падрыхтоўка да выступлення.

1. Этапы падрыхтоўкі да выступлення.

Важнейшым пытаннем рыторыкі яшчэ з часоў антычнасці з’яўляецца вывучэнне структуры рытарычнай дзейнасці, этапаў падрыхтоўкі да публічнага выступлення. Якім з’яўляецца шлях ад думкі да слова? Як фарміруецца змест выступлення і як ён атрымлівае слоўнае выражэнне? Як зрабіць выступленне цікавым, займальным, пераканальным? На гэтыя і іншыя пытанні даецца адказ у раздзелах рыторыкі, якія вывучаюць паэтапны шлях падрыхтоўкі прамовы: інвенцыю, дыспазіцыю, элакуцыю, акцыю і меморыю. У кожным з гэтых раздзелаў вывучаюцца рытарычныя каноны (узоры аратарскай дзейнасці).

Першыя тры этапы – інвенцыя (папярэдняя падрыхтоўка), дыспазіцыя (размяшчэнне матэрыялу), элакуцыя (слоўнае афармленне) на шляху ад думкі да слова складаюць асноўны прадмет кожнай з трох частак рыторыкі як навукі і практыкі аратарскага майстэрства.

Папярэдняя падрыхтоўка да выступлення, збор матэрыялу, яго размяшчэнне, пошукі разгорнутай сістэмы аргументацыі складалі давербальны этап , слоўнае афармленне – вербальны этап падрыхтоўкі.