Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК ГБЛ.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.39 Mб
Скачать

1.2. Гісторыка-культурная, мастацка-стылявая спецыфіка ўсход­неславянскай літаратуры

Даўняя літаратура мае значныя адрозненні ад літаратуры Новага ча­су, тым больш – літаратуры сучаснай. Яна прадстаўляе іншы спосаб адлю­стравання жыцця, мае своеасаблівыя эстэтычныя прынцыпы, мастацкую сістэму бачання. Літаратура Старажытнага часу складаная для ўспрыняцця сучаснага чалавека: усе яе рэаліі патрабуюць каментарыя, мастацкія вар­тасці ўспрымаюцца апасродкавана. Зразумець і ўсвядоміць гэта можна толькі пры веданні эпохі, асобы аўтара, тагачасных уяўленняў аб прыгожым пісь­менстве. Таму пры вывучэнні літаратуры даўняга часу неабходна ўлічваць яе спецыфічныя рысы і гісторыка-культурны кантэкст.

Звернем увагу як на асноўныя ўласна літаратурныя (мастацка-стыля­выя, жанрава-структурныя) асаблівасці, так і на некаторыя светапогляд­ныя, гісторыка-культурныя адрозненні літаратурнага працэсу старажытна­га часу.

Літаратура перыяду Кіеўскай Русі (старажытнаруская літаратура) – літаратура паскоранага развіцця. З аднаго боку, гэта звязана з гісторыка-палітычнымі абставінамі часу: паскораным пераходам ад абшчынна-рада­вога ладу да раннефеадальнай дзяржаўнасці, які адбыўся мінуючы рабаў­ласніцкі лад з найвыдатнейшай культурай антычнасці. З другога – з асаблі­ва моцным уплывам Балгарскіх і Візантыйскіх традыцый, праз засваенне і ўспрыманне якіх хутка пачала стварацца свая арыгінальная ўсходнеславян­ская культура і літаратура.

Гісторыя старажытнарускай літаратуры пачынаецца з перакладных твораў. Запазычаная, як правіла, хрысціянская літаратура напачатку цал­кам вызначала змест і характар усяго старажытнарускага пісьменства, вы­конвала важную ідэалагічную ролю і паслужыла адным з фактараў, які стымуляваў зараджэнне ва ўсходніх славян арыгінальнай літаратурнай творчасці. Неабходна падкрэсліць, у старажытную пару, ў адрозненне ад Новага часу, перакладная літаратура была цесна звязана з арыгінальнай, складала разам з ёю арганічнае цэлае, адзіную эстэтычную сістэму.

Спрыяла гэтаму і невыпрацаванасць паняцця аўтарскага і нацыяналь­нага права ўласнасці на мастацкі твор у эпоху Сярэднявечча. Шмат якія творы мелі інтэрнацыянальны характар, бытавалі ананімна, без выразна па­значаных месца і часу ўзнікнення, тэкст іх свабодна перарабляўся ў розных краінах у адпаведнасці з мясцовымі запатрабаваннямі. Літаратурная твор­часць мела пераймальніцкі характар. Гэта тычылася ўсіх ўзроўняў мастац­кага тэксту: філасофіі, вобразнай сістэмы, топікі, стылю, афармлення. Пе­раемнасць культывавалася і падкрэслівалася праз рэтраспектыўнасць, зва­рот-спасылку да тэкстаў папярэднікаў ў гістарычным, алегарычным плане, у пошуках гістарычнай аналогіі сучаснасці. Аўтар свядома не вылучаў сябе як творчую асобу. Яго задача заключалася не ў складанні новага тэксту, а ў здольнасці і майстэрстве інтэрпрэтаваць папярэдні ў межах традыцыі.

Неразвітасці аўтарскай свядомасці садзейнічала і тое, што літаратура мела рукапісны характар. Рукапісная кніга – з’ява ўнікальная, індывіду­альная, у якой сумяшчаліся розныя віды мастацтва (літаратура, каліграфія, мініяцюра, пераплётная справа і інш.). Трэба падкрэсліць трываласць рука­піснай традыцыі (устаў, паўустаў, скорапіс), якая будзе працягвацца на Бе­ларусі да пачатку XX ст.

Пры вывучэнні сярэднявечнай літаратуры неабходна ўлічваць і той факт, што мастацкая літаратура яшчэ не выдзелілася ў самастойную галіну грамадскай свядомасці, не была аўтаномнай мастацка-эстэтычнай з’явай. З гэтым звязана жанравая нявызначанасць літаратурных твораў, якія най­перш павінны былі адпавядаць службова-прыкладному прызначэнню і ар­ганічна спалучалі пазнавальна-эстэтычную і дзелавую функцыю. «У сярэд­невяковай літаратуры, – як адзначае вядомы рускі вучоны I.П. Яромін, – асобныя жанры яшчэ не паспелі набыць чыста «літаратурны» характар; апрача літаратурнага, яны мелі яшчэ і практычнае, «дзелавое» прызначэн­не (жыціі былі цесна звязаны з культам святых; летапіс перш за ўсё слу­жыў важным гістарычна-палітычным дакументам, якім карысталіся для да­ведак, для вырашэння таго ці іншага спрэчнага палітычнага пытання сучас­насці; красамоўства, прынамсі царкоўнае, таксама было цесна звязана з патрэбамі царкоўнага ўжытку). Кожны жанр сярэдневяковай літаратуры быў адносна моцна скаваны пэўнымі правіламі, якія адпавядалі «дзелавой» сферы іх ужывання»3.

Службова-прыкладны характар жанраў сярэдневяковай літаратуры, дзелавы ўжытак твораў старажытнага пісьменства тлумачыцца асаблівас­цямі самой эпохі Сярэднявечча, недыферэнцыраваным характарам грамад­скіх адносін і грамадскай свядомасці таго часу, якому адпавядаў своеасаб­лівы сінкрэтызм розных відаў духоўнай дзейнасці чалавека. У літаратур­ных творах выяўляліся не толькі эстэтычныя, але і рэлігійна-філасофскія, грамадска-палітычныя погляды, навуковыя веды і ўяўленні пра акаляючы свет. Таму ў гісторыю старажытнай літаратуры ўключаюцца творы, якія, паводле сучасных уяўленняў, не з’яўляюцца ўласна мастацкай літаратурай, як напрыклад, дакументальныя летапісы і дзённікі, прадмовы да кніг, цар­коўна-рэлігійная палемічная публіцыстыка, асобныя, найбольш яркія служ­бовыя лісты і некаторыя іншыя помнікі дзелавога пісьменства.

Акрамя гэтага ствараліся і бытавалі творы, жанравую прыналежнасць якіх вызначыць дастаткова складана у сувязі з тым, што яны прадстаўля­юць сабой сімбіёз некалькіх жанраў, творы, з выразным спалучэннем кніж­на-мастацкай і народна-паэтычнай традыцыі. Паказальныя ў гэтым сэнсе – «Аповесць мінулых гадоў» і «Слова пра паход Ігара». Так, звод «Аповесці мінулых гадоў» прадстаўляе сабой адначасова і прыватна летапіс (гіста­рычны аповед у форме пагадовых запісаў) і гістарычна-мастацкую кампі­ляцыю, ў якую зведзены разнастайныя паводле мастацкіх асаблівасцяў, жанравай прыналежнасці, часе і месцы напісання творы розных аўтараў (легенды, паданні, дакументальныя запіскі, прыказкі і інш.).

Сувязь літаратуры з царкоўным і дзелавым пісьменствам з аднаго бо­ку і роднаснасць з фальклорам – з другога, вызначаюць яшчэ адну з асаблі­васцей літаратурнага развіцця гэтага часу. Зварот да мастацкага вопыту фальклору дазваляў аўтарам найбольш ярка адлюстроўваць з’явы рэчаіс­насці, а значыць пашыраць сферу ідэалагічнага і мастацкага ўздзеяння лі­таратуры. Арыентацыя на традыцыйнае і ўмоўнае, на агульнапрынятае і ідэальнае, сінкрэтызм і ананімнасць, рухомасць тэксту твора і некаторыя іншыя асаблівасці выразна збліжаюць гэтыя два віды славеснага мастацтва як з’явы адной і той жа культурнай-гістарычнай эпохі. Шэдэўрам ўсходне­славянскага эпасу лічыцца арыгінальны і самабытны твор – «Слова пра па­ход Ігара» – жанрава-стылёвая адметнасць якога ўзнікла на глебе спалу­чэння хрысціянства і язычніцтва.

Спецыфіка старажытнай літаратуры як літаратуры хрысціянскага ты­пу вызначала ідэалагічную напоўненасць, ідэйна-тэматычную скіраванасць, мастацка-стылёвыя асаблівасці помнікаў. Усё тагачаснае беларускае пры­гожае пісьменства мела выразную канфесіійна-рэлігійную вызначанасць і скіраванасць, і пазней тыпалагічна будзе прадстаўлена праваслаўнай, ката­ліцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай літаратурамі.

Трэба адзначыць, што азначэнні «хрысціянства», «кніга», «цуд» на пачатковым этапе ўспрымаліся ва ўзаемнай сувязі, падкрэсліваючы аўта­рытэт кнігі, якая з’явілася разам з новай верай. Кніга і ёсць Боскі цуд, бо ў ёй абвяшчаюцца і даюцца звесткі аб магчымасці чалавечага выратавання і прыпадабнення да Бога («абагаўлення»).

Прадвызначалася гэта і сакральнымі адносінамі да СЛОВА, якое прадстаўлялася адным з сімвалаў – сродкаў раскрыцця, пазнання і набыцця ісціны. Бо ўсе рэальныя рэчы маюць вобразы нябачнай сутнасці, якія сха­ваны ў прыродзе, самім чалавеку, у гістарычных падзеях. Успрыманне і ра­зуменне шматзначнасці акаляючага свету вызначала шматзначнасць слова, якое ўспрымалася, найперш, як народжанае, натхнёнае і запатрабаванае Богам-Словам, а значыць станавілася своеасаблівым правадніком да Ісці­ны, да Богаўвасаблення.

З прагматычнага боку, слова магло бачыцца складзеным з літар, вы­найдзеных чалавекам для зручнай перадачы і захавання разнастайнай ін­фармацыі. У сувязі з гэтым працэс літаратурнага развіцця прадстаўляў са­бой паступовы шлях ад мастацтва слова і ідэі праз мастацтва вобраза да мастацтва фабулы.

Літаратуру стражытнага часу тэматычна можна акрэсліць як літара­туру адной тэмы і аднаго сюжэта. У цэнтры ўвагі старажытных аўтараў: сэнс чалавечага жыцця (перад Богам) і сусветная гісторыя, у цэнтры якой постаць Хрыста (Дз. Ліхачоў).

Літаратурны твор павінен быў адлюстроўваць своеасаблівую цыры­маніяльную ўпарадкаванасць сусвету (літаратурны этыкет). Прадметам ад­люстравання станавіліся пераважна «нарматыўныя» сітуацыі, складзеныя на аснове хрысціянскіх ўяўленняў пра «добрапрыстойнае» жыццё. Напрык­лад, нараджэнне і дзяцінства святога, яго шлях да падзвіжніцтва, самі подзвігі, скон, пасмяротныя цуды – у жыціі; пачатак княжання, бітвы, дыпламатыч­ныя акты, смерць і хаўтуры князя з панегірыкам яму – у летапісе; ідэнты­фікацыя святых месцаў пасрэдніцтвам асабістага сведчання пілігрыма – у хаджэннях і г.д. Пры гэтым у кожнай трафарэтнай сітуацыі герой выступаў у сваёй афіцыйнай постаці: адпаведна «чыну», меў свой эталон паводзін. Літаратурны персанаж успрымаўся хутчэй як аб’ект цырымоніі, а не суб’ект дзеяння. А дзейнічалі ў літаратуры гэтага перыяду прадстаўнікі перш за ўсё сацыяльных вярхоў, дзяржаўнай або царкоўнай эліты – князі, князёў­ны, епіскапы, ігуменні і інш. Пісьменнік павінен быў выкарыстоўваць мас­тацкі інструментарый адэкватна функцыянальнай скіраванасці твора, з аба­вязковым улікам узроўню чытацкага ўспрыняцця. Так, у летапісах, хроні­ках, воінскіх, гістарычных і больш позніх бытавых аповесцях пераважала фактаграфічная аснова. У жыціях і фантастычных аповесцях рэальнасць адсоўвалася на другі план сімвалічнай ідэйна-мастацкай схемай, а ў цар­коўна-павучальнай літаратуры рэльнасць выяўлялася толькі ў форме паста­ноўкі актуальнай для грамадства маральнай праблемы, якая цалкам выра­шалася ў галіне абстракцый.

Таму толькі значнае, буйное станаваілася прадметам адлюстравання, а любая падзея разглядалася і ўспрымалася праз кантэкст хрысціянскай гіс­торыі. Мастацкае абагульненне ў творах будавалася па адзінкавых фактах, а тыпізацыя дасягалася шляхам ідэалізацыі. Асновай для арыгінальных твораў як правіла, станавіліся рэальныя гістарычныя падзеі, а героямі ў іх выступалі пераважна сапраўдныя асобы, або тыя, што прызнаваліся такімі. У літаратуры таго часу адсутнічаў адкрыты і свядомы вымысел як метад стварэння «другой рэчаіснасці», мастацкай праўды. Сапраўдны ж вымысел свядома дапускаўся толькі ў казках, дзе лічыўся выдумкай, фантастыкай. Такім чынам, рэальнае ў творы было адначасова і рэальным, і шматзнач­ным, і сімвалічным, строгая фактаграфічнасць спалучалася з ідэальным пе­раўтварэннем рэчаіснасці.

Усё, што адбывалася ў жыцці чалавека, успрымалася праз прызму «хрысціянскага правідэнцыялізму», праз праяўленне Боскай волі. Вялікая ўвага надавалася дыдактычна-выхаваўчай скіраванасці мастацкіх тэкстаў, якая відавочна падкрэслівалася спалучэннем этычнага і эстэтычнага пачат­каў, азначалася кантрасным проціпастаўленнем «дабро – зло»: добрае, ста­ноўчае, адпаведнае – «прыгожае», «боскае», і наадварот, дрэннае, адмоў­нае – «ад д’ябла», «як Боскае пакаранне».

Адпаведна ідэйна-тэматычная скіраванасць твораў выяўлялася на мастацкім узроўні праз стыль манументальнага гістарызму, які характа­рызуецца імкненнем разглядаць прадмет выяўлення нібы з вялікай адлег­ласці, паказваць самае значнае, велічнае, меркаваць аб усім, зыходзячы з раннесярэднявечных уяўленняў пра мэты чалавечага існавання. Разам з эпічным стыль манументальнага гістарызму стане дамінуючым ў літара­туры XI–XIII стст. як найадэкватнейшая форма сцвярджэння і выяўлення велічы патрыятызму і духоўнасці ў мастацтве таго часу.

Перыяд літаратурнага развіцця XI–XIII стст. – агульны для для ўсіх усходніх славян. Літаратурныя здабыткі гэтага часу належаць адначасова тром народам: рускім, беларусам і ўкраінцам. Старажытнарускія традыцыі, працягваючы сваё існаванне і ў перыяд феадальнай раздробленасці, ста­нуць ідэйна-мастацкім падмуркам фарміравання нацыянальных літаратур.