Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК ГБЛ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.39 Mб
Скачать

6.4 Парадыйная проза

У другой палове XVII – першай трэці XVIII стст. у рамках эстэтыкі барока ў беларускай літаратуры з’яўляецца новы жанр – палітычная саты­ра. Гэта творы зусім новага тыпу, у якіх парадзіраваліся жанры афіцыйнай літаратуры – сеймавыя прамовы, царкоўныя казанні, дзелавыя пасланні. Калі афіцыйная проза сцвярджала існуючы парадак, то парадыйна-сатыры­чная разбурала яго, паказвала яго абсурднасць.

Парадыйная проза стала тыповай з’явай пераходнага перыяду, але па сваім змесце і мове яна належыць да новай традыцыі. Гэта ўжо не «служ­бовае», сінкрэтычнае пісьменства Сярэднявечча, а прадукт свядомай мас­тацкай творчасці, аўтарскай фантазіі, з ярка выяўленымі рысамі новага ба­рочнага стылю (гратэскнасць, шматзначнасць). Найбольш яркімі творамі парадыйнай прозы з’яўляюцца «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча».

«Прамова Мялешкі» – гэта пародыя на афіцыйны і ў XVII ст. ужо да­волі традыцыйны для Рэчы Паспалітай жанр сеймавай прамовы. Хутчэй за ўсё, невядомы нам аўтар выкарыстаў імя рэальнага Івана Мялешкі, мазыр­скага падкаморыя і кашталяна смаленскага, пасля яго смерці (1622). Але верагодна таксама, што перад намі – літаратурна апрацаваная пазней, у другой чвэрці XVII ст., рэальная прамова таго ж Мялешкі ў сейме (1589), скіраваная супраць засілля чужаземшчыны, якое ўзмацнілася ва ўсёй Рэчы Паспалітай, але асабліва ў Кароне на хвалі контррэфармацыі і ў сувязі са з’яўленнем на троне прадстаўнікоў французскай і шведскай дынастый.

Важна падкрэсліць, што «Прамова Мялешкі» з’яўляецца першым у беларускай літаратуры патрыятычным творам, дзе галоўная ідэя выяўляец­ца не праз факты ці лагічныя доказы, як гэта было ў сінкрэтычнай творчас­ці (напрыклад, у летапісах), а праз сістэму мастацкіх вобразаў. Паводле вы­сновы І. Саверчанкі, тут, бадай, упершыню ў беларускім пісьменстве пра­гучала думка пра небяспеку канчатковай і незваротнай страты беларускім народам сістэмы ўласных нацыянальных каштоўнасцяў – маральных, эстэ­тычных, грамадскіх, дзяржаўных, палітычных.12

Па сваёй структуры, выяўленчых сродках «Прамова Мялешкі» – выразна барочны твор, у якім спалучаюцца гратэскнасць і супрацьпастаў­ленне (добрага і заганнага, сумленнага і амаральнага, старога і новага).

Робячы рэальную гістарычную асобу – Івана Мялешку, рупарам сва­іх грамадскіх і ідэйна-палітычных поглядаў на сучаснае жыццё, ананімны аўтар выступае шчырым патрыётам-дэмакратам, які быў не абыякавы да лёсу радзімы і народа. Аўтар, хутчэй за ўсё, быў добра адукавным шлях­ціцам, які дасканала ведаў палітычнае жыццё тагачаснай Рэчы Паспалітай і нават быў у курсе звычаяў каралеўскага двара. Змены ў эканамічным, палі­тычным, бытавым і культурным жыцці сталі падставай да супрацьпастаў­лення часоў караля «Жыкгимонта Первого», які пакінуў пасля сябе «со­лодкую паметь», і чужынца «Сигизмунда ІІІ Вазы». Ранейшы час, калі ВКЛ было самастойным, а польскія каралі з’яўляліся яго князямі, яўна ідэалізу­ецца.

У «Прамове» востра і адкрыта закранаецца тэма ролі і адказнасці шля­хецкага саслоўя за становішча ў гаспадарстве. Народ-шляхта як найвышэй­шы носьбіт улады ў Княстве павіны быў, паводле аўтара, узнавіць колішнія парадкі і праз сваіх абраннікаў усталяваць справядлівасць, пакараць зла­чынцаў. У творы рэзка асуджалася паланізацыя краю, агрэсіўныя намеры палякаў здабыць землі на смаленшчыне і інфлянтах. Аўтар крытыкуе нора­вы наезжых іншаземцаў – «ляхаў» і «нечыкаў». Высмейваецца малпаванне чужых звычаяў, мудрагелістай вопраткі, ненатуральнасць, манернасць па­водзінаў, перанятых у іншаземцаў. Адказ ад традыцыйнай маралі, народ­най этыкі і эстэтыкі, паводле высновы аўтара, стаўся адной з прычын гра­мадскага заняпаду, шляхецкай разбэшчанасці і распуснасці.

Мова гэтага помніка ўзорная па сваёй лексічнай чысціні і граматыч­ным ладзе. Пісьменнік імкнуўся пісаць проста і ясна, на эмацыянальна-вы­разнай мове, аздобленай прыказкамі і прымаўкамі, словамі-вобразамі, па­раўнаннямі, метафарамі, якія абумоўлівалі больш выразнае эстэтычнае гу­чанне твора.

Выдатны помнік сатырычнай літаратуры «Прамова Мялешкі» карыс­таўся шырокай папулярнасцю, аб чым сведчаць рукапісныя спісы, якія за­хаваліся да нашых дзён і некаторыя публікацыі, зробленыя ў XIX і XX стст.

Надзвычай блізкім па ідэйнай скіраванасці і мастацкіх прыёмах да «Прамовы Мялешкі» з’ўляецца «Ліст да Абуховіча».

Гэты твор з’явіўся ў 1655 г., але ў першыню быў надрукаваны ў 1910 г. Яго аўтарства прыпісваецца навагрудскаму шляхціцу Цыпрыяну Камуняку (не захавалася ніякіх біяграфічных звестак).

З’яўленне твора было абумоўлена канкрэтным гістарычным фактам здачы Смаленска 24 верасня 1654 г. рускаму войску. На той час смаленскім гарнізонам камандаваў Піліп Казімір Абуховіч (увайшоў у гісторыю бела­рускай літаратуры як аўтар «дыярыўша», дзе адлюстроўваюцца падзеі з 1630 да 1564 гг.), які і ўзначаліў абарону горада. Пасля 110-дзённай асады гарнізон здаўся, а Абуховіч з большай часткай войска накіраваўся ў Поль­шчу. Неўзабаве пайшла чутка, нібыта Абуховіч быў падкуплены каманда­ваннем рускіх войскаў. Для высвятлення абставін было вырашана склікаць сейм. Але пакуль сейм збіраўся, смаленскі ваявода памёр. У 1658 г. сынам Піліпа Казіміра Абуховіча ўдалося даказаць невінаватасць бацькі.

Менавіта версіі пра подкуп прытрымліваецца Ц. Камуняка і, зыхо­дзячы з яе, будуе свой твор. Пачынаецца «Ліст...» невялікім уступам, дзе аўтар просіць прабачэння за тое, што не ведае, як цяпер звяртацца да адра­сата, бо прадаўшы Смаленск, той прадаў і свой тытул. Далей асэнсоўваюц­ца прычыны здачы Смаленска, даецца характарыстыка Абуховіча як чала­века. У «Лісце...» мноства адступленняў ад асноўнай сюжэтнай лініі, якія яскрава перадаюць аўтарскую пазіцыю. Твор мае канкрэтнага адрасата, але крытыка ў ім накіравана супраць польскага засілля на беларускіх землях, якое ў сярэдзіне XVII ст. было вельмі адчувальным. Аўтар высмейвае поль­скую і мясцовую апалячаную служылую шляхту, паказвае яе ваенна-палі­тычную бяздарнасць, хцівасць і зайздрасць.

Твор цікавы не толькі як выдатны для свайго часу ўзор вострай палі­тычнай сатыры, але і як бліскучы літаратурны помнік, напісаны добрай вобразнай, рытмізаванай і рыфмаванай народнай мовай, багата аздобленай шматлікімі мастацкімі выяўленчымі сродкамі вуснай паэтычнай творчасці.

Калі ў «Прамове Мялешкі» крытыка скіравана супраць агульных гра­мадскіх заган, дзякуючы чаму з’ўляеццца больш глыбокай, то ў «Лісце да Абуховіча» яна адрасавана пэўнай асобе, а таму больш рэзкая, хоць і не такая ўсеабдымная, як у папярэднім творы. А пачцівыя звароты аўтара да Абуховіча надаюць твору саркастычны характар.

«Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» з’явіліся крокам наперад у развіцці беларускай літаратуры па шляху ўзмацнення ў ёй крытычнага пафасу і далейшай дэмакратызацыі, шырокага і арганічнага выкарыстання народнай мовы, народнага гумару і сатыры, трапных выяўленчых сродкаў.

Калі ў канцы XVI–XVII стст. у славесным мастацтве назіраўся пра­цэс алітаратурвання гістарычных і дзелавых запісаў, дык разглядаемыя тво­ры парадыйна-сатырычнага кірунку – яркае сведчанне паяўлення ў іх но­вай якасці: літаратурныя творы ўжо самі па сабе становяцца прадуктам ма­стацкай творчасці і толькі знарок выдаюцца іх аўтарамі за службовую сей­мавую прамову або за дзелавое пасланне. Вось чаму сатырычныя творы можна разглядаць як этапную з’яву ў развіцці беларускай літаратуры XVII ст.