Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК ГБЛ.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.39 Mб
Скачать

6.2. Палемічная публіцыстыка канца XVI – пачатку XVII стст.

Ва ўмовах абвостранай антыфеадальнай і нацыянальна-рэлігійнай барацьбы, выкліканай прыняццем Люблінскай уніі (1569) узрастае значэ­не літаратуры. Яна пераўтвараецца ў адзін з магутных сродкаў ідэалагічнай барацьбы, садзейнічае абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, становіц­ца выразніцай інтарэсаў народа. Спрыяла гэтаму і хуткае рапаўсюджанне друкарскай справы, якая рабіла кнігу больш аператыўнай і мабільнай, да­зваляла значна пашырыць аўдыторыю чытычоў. Набліжэнне аўтараў да на­рода, разгляд найбольш актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыц­ця, значна ўзмацнілі свецкі пачатак ў літаратурным працэсе, нават у творах рэлігійнай праблематыкі.

Нацыянальна-рэлігійная барацьба канца XVI ст. дала новы штуршок развіццю палемічнай публіцыстыкі, звязанай з актыўнай палемікай вакол мэтаў і прынцыпаў аб’яднання Праваслаўнай царквы і Каталіцкага касцёла.

Родававая і відава-жанравая прырода палемічнай літаратуры Белару­сі 90-х гадоў XVI – першай паловы XVII стст. сфарміравалася пад уплы­вам кніжнай хрысціянскай культуры, прычым як заход­не-рымскай, раманскай, так і грэка-візантыйскай. Пісьменнікі-публіцысты пры выбары формаў арыентаваліся на старажытныя ўзоры, што сталася вынікам эстэтычнай формулы – чым больш старажытная форма, тым вы­шэй яе эстэтычныя вартасці. Арыентацыя на старажытнасць выявілася на ўзроўні вонкавай будовы (вылучэнні тыповых раздзелаў, іх назваў, топікі), унутранай мастацка-кампазіцыйнай структуры і ў назвах твораў, у якіх пе­раважала лацінская або грэчаская аснова – «антырызіс», «антыдотум», «апокрысіс», «антыграфі», «апалогія» ды інш.

Беларуская палемічная публіцыстыка заставалася шчыльна ўзаема­звязанай з царкоўнай практыкай і богаслужэннем, дзякуючы чаму ў літара­туры вельмі прыкметнай заставалася прысутнасць традыцыйных жанраў, такіх, як гаміліі, словы-казанні, катэхізісы, дыдаскаліі. Пры гэтым беларус­кія пісьменнікі-палемісты значна пашырылі гарызонты традыцыйных жан­раў, выявілі праз іх уласную творчую індывідуальнасць, узбагацілі на ўсіх узроўнях, абнавілі структурна.

У палемічнай літаратуры 90-х гадоў XVI – першай паловы XVII стст. выявіўся феномен кантамінацыі жанраў – спалучэння ў адным творы роз­ных жанравых формаў, іх сінтэз, зусім натуральны сплаў, гарманічнае спа­лучэнне і перапляценне. Жанравая кантамінацыя – вынік творчай свабоды і мастацкай разняволенасці майстроў слова, паспяховая рэалізацыя імі эстэ­тычнага права на бязмежнае эксперыментаванне ў галіне формаў і прыё­маў. У выніку дыскусій па праблемах міжканфесійных дачыненняў у пале­мічнай літаратуры сфарміравалася гістарычная перспектыўная дактрына рэлігійнай цярпімасці, мірнага суіснавання ў межах адной краіны адрозных канфесіяў, прычым з арыентацыяй на розныя культурна-духоўныя цэнтры: праваслаўя – на Канстанцінопаль, каталіцтва і ўніяцтва – на Рым.

Для пісьменнікаў-палемістаў увесь свет – гэта безліч знакаў, невы­чэрпная крынца для сімвалатворчасці, утварэння шматлікіх тропаў. Пры гэтым майстры слова выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці ўсе асноўныя вядо­мыя ў паэтыцы віды і тыпы тропаў. Дзякуючы сапраўды віртуознаму вало­данню ўсімі інструментамі літа­ратурнай тэхнікі беларускія публіцысты 90-х гадоў XVI – першай паловы XVII стст. дасягнулі надзвычай высокага ўзроўню ўласна літаратурнага май­стэрства, выпрацавалі свой адметны стыль.

Палеміка вакол мэтаў і прынцыпаў аб’яднання Праваслаўнай і Ката­ліцкай царквы прадстаўлена ў творах праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіх аўтараў.

Адным з найбольш упэўненых, смелых прапагандыстаў і ініцыятараў ідэй Брэсцкай уніі 1596 г. быў рэлігійны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалі­тай, пачынальнік польскай аратарскай прозы, будучы першы рэктар По­лацкага езуіцкага калегіума Пётр Скарга. У сваіх найбольш значных тво­рах: «Аб адзінстве Божай Царквы з адзіным пастырам і аб грэчаскім ад­ступленні ад гэтага адзінства», «Аб уладзе і адзінстве царквы боскай», «Аба­рона брэсцкага сінода», «Брэсцкі сінод» і інш., ён дае тэарэтычнае, палі­тычнае і юрыдычнае абгрунтаванне царкоўнай уніі. Пётр Скарга паслядоў­на даводзіць думку аб тым, што сапраўднае хрысціянскае веравызнанне ідзе ад рымска-каталіцкай царквы, якая з’яўляецца пераемніцай апосталь­скіх традыцый, што і дае ёй права быць галоўнай сярод усіх хрысціянскіх веравызнанняў. Каталіцкі аўтар знайшоў і выкрыў шматлікія «памылкі» праваслаўнай царквы, якія вялі да скажэння хрысціянскага веравучэння. Упэўнена лічыў, што з прыняццем рэлігійнага саюзу будуць створаны ўмо­вы для развіцця і росквіту сапраўднай навукі, належнай асветы, гэта пры­вядзе да знікнення адасобленасці і варожасці. Аднак, неадназначныя по­гляды Пятра Скаргі выклікалі крайнюю незадаволенасць і катэгарычную нязгоду сярод праваслаўных, бо сталі фактычным падмуркам да пазнейша­га акаталічвання насельніцтва.

Сярод палемістаў уніяцкай арыентацыі вядучае месца займае адзін з ініцыятараў ажыццяўлення Брэсцкай уніі 1596 г. Уладзіміра-Брэсцкі епіс­кап Іпацій Пацей, які ў 1599 г. стаў уніяцкім мітрапалітам. Пісьменнік, фі­лосаф, багаслоў, царкоўны і палітычны дзеяч, ён пакінуў багатую спадчы­ну, але вядомы найперш сваімі двума творамі, напісанымі на старабеларус­кай мове «Уния, альбо Выклад преднейшых артыкулов, ку зьодначенью греков з костелом рымским належащых» (1596) і «Гармонія альбо сагласіе веры, сакрамантаў і цырымоній святое васточнае цэркві з касцёлам рым­скім» (1608). У гэтых творах аўтар імкнецца даказаць, што розніца паміж праваслаўем і каталіцызмам уяўная: яна склалася ў выніку дзейнасці пра­паведнікаў-невукаў. Аўтар аб’ектыўна і вобразна паказвае цяжкае станові­шча праваслаўнай царквы, неадукаванасць духавенства. Ён дасціпна вы­смейвае спробы малапісьменных людзей умешвацца ў пытані багаслоўя і царкоўнай арганізацыі, выклікае сваіх праціўнікаў на дыспут.

Адказы з праваслаўнага боку на вострапалемічныя выступленні не прымусілі сябе чакаць. Аўтарамі найбольш таленавітых палемічных твораў былі: Стафан і Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Хрыстоф Філалет, Лявон Карповіч, Афанасій Філіповіч, Сільвестр Косаў і інш. З-пад вострага пяра аднаго з відных прадстаўнікоў Віленскага брацтва Стэфана Зізанія выйшлі «Катэхізіс» (1595) і «Казанне Святога Кірыла» (1596). Абодва тво­ры надрукаваны ў двух паралельна размешчаных тэкстах, адзін з якіх пада­дзены на польскай мове гатычным шрыфтам, а другі прызначаны для пра­васлаўнага чытача, кірыліцай «w mowie bialoruskiej». «Катэхізіс» не заха­ваўся, але, мяркуючы па водгуках на гэтае выданне, С. Зізаній паказаў сябе як актыўны змагар супраць уніі і распаўсюджання ерасі. Другая кніга з’яў­ляецца таленавітай літаратурнай перапрацоўкай вельмі аўтарытэтнага як для праваслаўных, так і для каталікоў «15 огласительного поучения св. Ки­рилла Иерусалимского», пабудаванага на тлумачэннях 25 раздзела Еван­гелля ад Мацвея. У гэтай таленавітай падробцы бязлітасна выкрываліся карыслівыя саслоўна-класавыя інтарэсы духоўных феадалаў. Кніжка хутка набыла выключную папулярнасць не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў Маскоўскай дзяржаве, дзе яна ў 1644 г. была перавыдадзена і ўклю­чана ў так званую «Кириллову книгу».

Яшчэ адзін выдатны твор антыўніяцкай публіцыстыкі быў напісаны на польскай мове Хрыстофам Філалетам «Апокрысіс, альбо отпаведзь на кніжкі аб саборы Берасцейскім» (1597). Пазней у 1598 г. твор быў перакла­дзены на царкоўнаславянскую мову. Пад псеўданімам Хрыстофа Філалета магчыма выступаў валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі. «Апокрысіс» напісаны чалавекам вялікай эрудыцыі, вылучаецца сваёй энцыклапедыч­най фундаментальнасцю, кампазіцыйнай зладжанасцю, лагічнасцю выкла­ду і высокімі мастацкімі вартасцямі. Апіраючыся на факты, аўтар перака­наўча паказаў, што царкоўны саюз уніяцкіх епіскапаў з «рымскімі рыбало­вамі» быў абумоўлены чыста зямнымі інтарэсамі, а менавіта настойлівым жаданнем епіскапаў дабіцца гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзяржаўных пасад, рэлігійных прывілей і палітычных правоў.

Значны след у развіцці палемічнай публіцыстыкі пакінуў архіманд­рыт віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктар брацкай школы Лявон­цій Карповіч. Найбольш вядомы «казанні» аўтара – «Казанне двое» (1615), «Казанне на пахаванне князя Галіцына» (1619).

Казанні-словы Л. Карповіча вызначаюцца ўзвышаным, напышлівым, тыпова барочным стылем. Катэхізісная форма пытальна-адказнай падачы матэрыялу, рытарычныя фігуры, шырокае выкарыстанне рэлігійнай сімво­лікі вобразных параўнанняў надавалі творам дынамічнасць і эмацыянальна ўздзейнічалі на чытача і слухача. Пісьменнік імкнуўся выклікаць глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і змагаўся за маральную чысціню чалавека.

Імя Л. Карповіча ў літаратуры стала вядома з 1610 г., калі ён адрэда­гаваў і выдаў на польскай мове знакаміты «Трэнас» М. Сматрыцкага, за выданне якога трапіў на два гады ў турму.

Творчасць Мялеція Сматрыцкага (свецкае імя Максім Герасімавіч) займае адно з вядучых месц ў літаратурным працэсе Беларусі канца XVI – першай паловы XVII стст. Яго жыццёвы і творчы шлях быў надзвычай плённым. Пісьменнік пакінуў багатую літаратурную і навуко­вую спадчыну, з’ўляецца аўтарам шматлікіх празаічных, вершаваных і філасофска-публіцыстычных твораў на беларускай, польскай і лацінскай мовах.

Першы друкаваны твор пісьменніка «Антыграфі» (1608) быў накіра­ваны супраць кніг уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея. Шырокае выкарыс­танне антыпапскай літаратуры Захаду, бліскучае веданне айчыннай і за­ходнееўрапейскай культуры, а таксама спалучэнне таленту аратара і пісь­менніка дало магчымасць Мялецію Сматрыцкаму гэтым першым друкава­ным творам паказаць, што ў праваслаўных з’явіўся выдатны абаронца.

Найбольш значны твор М. Сматрыцкага «Трэнас» («Плач») выйшаў у 1610 г. на польскай мове пад псеўданімам Тэафіл Арталог (Багалюб Праўдаслоў), бо падпісацца сапраўдным імем было небяспечна. У цэнтры твора – глыбокі мастацкі вобраз «лямантуючай царквы». Беручы за ўзор біблейскі Плач Ераміі на разбурэнне Іерусаліма, аўтар паказаў духоўны заняпад іерархаў і простых святароў каталіцкай царквы. Царква ўвасоблена ў вобразе старой, пакінутай сваімі дзецьмі маці. Няшчасная скардзіцца свету, што сыны, якіх яна нарадзіла, выхавала, адплацілі ёй чорнай здрадай і цяпер зневажаюць яе, пасміхаюцца з яе гаротнай долі. У роспачы маці-царква аглядае сваё мінулае і сучаснае. Яна не бачыць сярод духавенства тых, хто імкнуўся быць дастойным сваіх славутых продкаў. «Святары мае аслеплі, пастыры, не жадаючы ведаць таго, што змаганне ідзе за душу, анямелі, старцы мае здурнелі, юнакі здзічэлі, дочкі пайшлі на рас­пусту, і ўсе аднадушна, Бога і праўду забыўшы, замахнуліся на маю душу». Пісьменніка абурае бяздзейснасць самога духавенства, на якое ўскладаец­ца віна за цяжкае становішча Радзімы.

Журботны плач, горкія нараканні праваслаўнай царквы на тое, што яе сыны перайшлі пад апеку рымскага папы, выдатны ўзор тагачаснага па­лемічнага красамоўства. Невыпадкова пазней адзін з уніяцкіх дзеячаў за­значыў: «Яшчэ ніколі і ніхто з ерэтыкоў не рабіў на святы прастол такіх злосных наскокаў, якімі быў напоўнены «Трэнас». Тут, што ні слова, то яз­ва, што ні думка, то атрута, і тым больш небяспечныя, што аўтар расчыніў іх прыгажосцю стылю, як салодкай прынадай». «Трэнас» стаў вяршыняй тагачаснай палемічнай прозы дзякуючы сваёй вобразнасці, уменню аўтара карыстацца алегорыяй і сімваламі.

У 1619 г. выходзіць яшчэ адзін твор Мялеція Сматрыцкага – «Грама­тики славенския правилное синтагма», якая стане найвыдатнейшым дасяг­неннем тагачаснай філалагічнай думкі. У гэтай кнізе ўпершыню ў гісторыі праваслаўнай навукі быў выдадзены поўны курс граматыкі царкоўнасла­вянскай кніжнай мовы, ілюстрацыйным матэрыялам да тэарэтычных вы­сноў служыла старабеларуская мова. Пазней «Граматыка» стала ўзорам для стварэння балгарскай, сербскай, румынскай і харвацкай граматык. Больш за два стагоддзі яна лічылася самым аўтарытэтным падручнікам па славянскім мовазнаўстве і двойчы выходзіла ў Маскве (1648, 1721). Мена­віта гэтую працу разам з «Арыфметыкай» Магніцкага рускі вучоны М. Ла­маносаў называў «вратами своей учености».

Літаратурная дзейнасць М. Сматрыцкага актывізавалася ў 20-я гады XVII ст. разам з аднаўленнем праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай. М. Сматрыцкаму ў знак павагі да таленту і грамадскай дзейнасці быў нада­дзены тытул архіепіскапа Полацкага, епіскапа Віцебскага і Мсціслаўскага. Беларускаму палемісту прыпісваюць аўтарства аднаго з самых значных па­этычных твораў гэтага часу: «Ляманту на прастаўленне Лявонція Карпові­ча» (1620). У гэтым памінальным творы ўшаноўвалася памяць заўчасна па­мерлага архімандрыта, таленавітага пісьменніка і вядомага грамадскага дзеяча Л. Карповіча. У многім дзякуючы паэтычнаму таленту Мялеція Сматрыцкага, літаратурныя плачы вылучыліся ў самастойны жанр і занялі выбітнае месца ў беларускай і ўкраінскай літаратуры эпохі барока.

Пазней М. Сматрыцкі выдае шэраг новых палемічных твораў права­слаўнай арыентацыі («Юстыфікацыя», «Суплікацыя», «Апраўданне нявін­насці», «Збор з’едлівых лістоў» і інш.).

Пасля вядомай справы з забойствам Віцебскага ўніяцкага біскупа І. Кунцэвіча, М. Сматрыцкі вымушаны быў пакінуць Радзіму, адправіцца на Бліскі Усход, а ў 1627 г. таемна перайсці ва ўніяцтва. Наступныя яго творы («Апалогія», «Пратэстацыя», «Паранэзіс» і інш.) прысвечаны абаро­не ўніяцкай дактрыны і палеміцы з праваслаўем.

Таім чынам, М. Сматрыцкі ўнёс значны ўклад ў развіццё нацыяналь­най літаратуры, філалагічнай і філасофскай думкі.

Найбольш бескампрамісным сярод вядомых праваслаўных палеміс­таў першай паловы XVII ст. быў Афанасій Філіповіч – палымяны змагар супраць феадальна-каталіцкай агрэсіі, непахісны абаронца інтарэcаў і пра­воў сацыяльных нізоў беларускага і ўкраінскага народаў. У імя ідэі адзін­ства праваслаўнага брацтва ён смела пераносіў любыя нягоды, у тым ліку пазбаўленне царкоўнага сану, неаднаразовае турэмнае зняволенне, высыл­кі. А. Філіповіч настойліва звяртаўся па дапамогу да абароны праваслаў­ных да рускага цара Міхаіла Фёдаравіча, адчайна і адкрыта выступаў на вальных сеймах у Варшаве, неаднаразова даказваў сваю пазіцыю і невіна­ватасць царкоўнаму кіраўніцтву. У гісторыю літаратуры ўвайшоў шэрагам публіцыстычных артыкулаў, аб’яднаных ім пазней (у час ссылкі ў Кіева-Пячорскі манастыр) у звод пад назвай «Дыярыўш, або Апісанне праўдзі­вых падзей» (1646). Маючы пэўную творчую задуму, А. Філіповіч імкнуў­ся стварыць такі літаратурны помнік, які б выкрываў унію і праўдзіва ад­люстроўваў непрыглядную карціну сацыяльнай і палітычнай рэчаіснасці Рэчы Паспалітай; помнік, у якім была б паказана адна з гістарычных ста­ронак напружанай барацьбы беларускага і ўкраінскага народаў супраць шляхецка-каталіцкай агрэсіі, што абрушылася на іх у канцы XVI ст. Неаб­ходна адзначыць, што ў гісторыкаў літаратуры дагэтуль няма адзінства ў ацэнцы поглядаў Афанасія Філіповіча, яго грамадска-царкоўнай дзейнасці і мастацкай творчасці.

У творы ўсё заснавана на ўласных назіраннях пісьменніка над рэальным жыццём і пададзена з уласцівай толькі яму манерай, у якой надзвычай ярка адбіліся палітычныя перакананні, меркаванні па шэрагу пытанняў і нават душэўны стан аўтара.

Першай ў зборніку змешчана «Гісторыя маскоўская пра абраз Пра­святой Багародзіцы», якая ў жанравых адносінах з’яўляецца цалкам эпіч­ным творам. Другі найважнейшы твор, што мае назву «Навіны, або Супліка да караля і Сената на сойме 1645 г.» – утрымлівае эпічныя і публі­цыстычныя кампаненты. Астатнія творы, сярод якіх «Супліка да караля і Сената на Варшаўскім сойме 1643 г.», «Парада побажная, імем Ісуса Хры­ста, адкупіцеля нашага, каралю польскаму Уладзіславу IV, пану, пану мне міласціваму», «Прыгатаванне на суд», «Прычыны ўчынку майго ў царкве святой Кіева-Пячорскай Цудатворнай на ўсталяванне ганаровага крыжа, 1646 года» – пераважна публіцыстычныя паводле зместу і характа­ру выкладу матэрыялу. Кожны з твораў цалкам самастойны ў жанравых і мастацка-кампазіцыйных адносінах.

Творчая спадчына А. Філіповіча мае вялікую мастацкую каштоў­насць у аспекце вобразатворчасці. Пісьменнік стварыў каларытныя вобра­зы вядомых дзяржаўных і царкоўных дзеячаў таго часу, прапанаваў новую мастацкую канцэпцыю чалавека. Эпічныя творы аўтара адкрыта аўтабія­графічныя, галоўны герой якіх – сам аўтар.

А. Філіповіч шырока выкарыстоўваў класічны шлях ракрыцця перса­нажаў праз іх учынкі. Адным з першых у беларускай літаратуры ён ўжыў прыгодніцкі спосаб абмалёўкі персанажа, калі рысы героя раскрываюцца ў надзвычайных, неверагодна складаных сітуацыях. Найбольш выразная прая­ва дэтэктыўна-прыгодніцкіх элементаў – містычныя эпізоды.

На старонках твораў А. Філіповіча выразна прагучалі гуманістычныя ідэі. Матыў абароны чалавечай годнасці, свабоды сумлення, правоў чала­века праходзіць праз усю творчасць пісьменніка.

Збонік не быў апублікаваны пры жыцці аўтара і захаваўся ў двух спі­сах. Ідэйная насычанасць, каларытнасць і разнастайнасць стылявых адцен­няў, багацце апавядальных сродкаў, розных мастацкіх прыёмаў робяць «Дыя­рыўш» адным з самых яркіх помнікаў палемічнай публіцыстыкі XVII ст. А праваслаўная царква кананізавала Афанасія Філіповіча як пакутніка за веру і штогод 2 жніўня адзначае Дзень памяці Святога Прападоб­нага пакутніка Афанасія ігумена Брэсцкага.

Палемічная літаратура – унікальная з’ява нацыянальнай мастацка-эс­тэтычнай і духоўнай культуры. Паводле колькасных і якасных парамет­раў – багацця жанраў, літаратурных формаў, ступені ўплыву на важней­шыя сферы жыцця грамадства – яна належыць да асноватворных відаў пісь­менства. Феномен узнікнення аграмаднай у колькасных і якасных адносі­нах мастацкай палемічнай спадчыны Беларусі канца XVI – першай паловы XVII стст. тлумачыцца тым, што продкі беларусаў для пераадолення, «зняцця» натуральных супярэчнасцяў і непазбежных канфліктаў – сацы­яльных, этнічных, канфесійных, міжнародных – абіралі не сілавыя, зброй­ныя метады, не шлях фізічнага знішчэння ворага (апанента), а пераносілі барацьбу ў інтэлектуальную сферу, надавалі ёй формы свабоднай, адкры­тай дыскусіі на старонках друкаваных і рукапісных твораў.

Палемічная літаратура Беларусі эпохі Барока ва ўсёй яе шматабліч­насці і шматстайнасці выконвала, побач з белетрыстыкай, паэзіяй і драма­тургіяй, вельмі важныя грамадска-ідэалагічныя функцыі. Праз рукапіснае і друкаванае мастацка-публіцыстычнае слова чалавек той эпохі пазнаваў ся­бе, сваю зямлю і свой край, іншыя народы і шырокі свет, ставіў і спрабаваў вырашыць актуальныя праблемы сацыяльнага жыцця свайго часу. Адшлі­фаваныя выдатнымі майстрамі слова мастацкія формы выпрацоўвалі густ, фарміравалі ўяўленне аб прыгожым і эстэтычным. Гуманістычны змест тво­раў выхоўваў мараль, этыку як супольнасцяў, так і індывідуу маў. Урэшце, праз творы літаратуры адбывалася шматузроўневая камунікацыя, найга­лоўнейшы вынік якой – шчыльнае яднанне і глыбокая лучнасць тагачасна­га грамадства. У гэтым сэнсе, мастацкая публіцыстычная літаратура Бела­русі адыгрывала ролю дзейснага фактару духоўнай, дзяржаўна-палітычнай і нацыянальнай кансалідацыі.