Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК ГБЛ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.39 Mб
Скачать

Модуль 3 Літаратура пераходнага перыяду (другая палова XVI–XVIII стст.)

1. Схема вывучэння матэрыялу

Тэма заняткаў

Від заняткаў

Колькасць

гадзін

1.

Тэма 6. Спецыфіка літаратурнага працэсу пераход­нага перыяду. Празаічная спадчына канца XVI – сярэдзіны XVIII стст.

Лекцыя № 5

4

2.

Тэма 7. Зараджэнне і развіццё нацыянальнай паэзіі.

Лекцыя № 6

2

3.

Тэма 8. З’яўленне і развіццё драматургіі.

Лекцыя № 7

2

4.

«Ад летапісу да гісторыка-мемуарнай літаратуры».

Семінарскі занятак № 5

2

5.

Сілабічнае вершаскладанне і творчасць Сімяона Полацкага.

Семінарскі занятак № 6

2

6.

«Камедыя» К. Марашэўскага як выдатны твор школьнай драматургіі.

Семінарскія заняткі № 7

2

7.

Літаратурная спадчына ў экспазіцыях «Музея кніга­друкавання» і «Музеі-бібліятэцы Сімяона Полац­кага».

Семінарскія заняткі № 8

2

Усяго:18 (8 л., 8 с.з.).

2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў да модуля 3 Тэма 6. Спецыфіка літаратурнага працэсу пераходнага перыяду. Празаічная спадчына канца XVI – сярэдзіны XVIII стст.

Асноўныя пытанні:

6.1. Уплыў барока і Асветніцтва на развіццё літаратуры пераходнага перыяду.

6.2. Развіццё палемічнай публіцыстыкі канца XVI–XVII стст.

6.3. Гісторыка-мемуарная літаратура.

6.4. Парадыйная проза.

Асноўныя паняцці:

Аўтабіяграфізм, барока, гісторыка-мемуарная проза, дзённік, дыярыўш, кантамінацыя жанраў, мемуары, навела, палітычная сатыра, парадыйная проза.

,

6.1. Уплыў барока і Асветніцтва на развіццё літаратуры пераход­нага перыяду

На канец XVI–XVIII стст. прыпадаюць эпохі барока і Асветніцтва. У заходнееўрапейскім мастацтве і літаратуры кожная з іх мела свае прыметы і пэўныя часавыя межы, аднак у развіцці беларускай літаратуры на гэтым этапе размежаваць першую і другую эпохі надзвычай цяжка. Таму іх звы­чайна аб’ядноўваюць і разглядаюць як даволі працяглы пераходны перыяд паміж старажытнай і новай літаратурай.

Разнастайныя грамадска-палітычныя і ваенныя падзеі таго часу былі неспрыяльнымі для духоўна-культурнага жыцця Беларусі. Нацыянальная літаратура развівалася ў складаных і супярэчлівых умовах: з аднаго боку, імкнулася захаваць сябе як культурную з’яву, з другога – упісвалася ў агульныя еўрапейскія заканамернасці, якія былі народжаны эпохай Барока і асветніцкім рухам. У сукупнасці гэта вызначыла змест і асноўныя на­прамкі развіцця беларускай літаратуры ў другой палове XVI–XVIII стст., абумовіла яе жанравую разнастайнасць, з’яўленне новых формаў: панегі­рычнай паэзіі, палемічнай, гісторыка-мемуарнай і дзённікавай літаратуры, сатыры, драматычных твораў для сцэны і тэатра.

Барочная эстэтыка і паэтыка пачынае зараджацца ў перыяд позняга Рэнесансу (канец XVI  – пачатак XVIІ стст.), а шматгранна выяў­ляецца пазней, як раз ў драматычны перыяд айчыннай гісторыі – у XVII –пачатку XVIII стст. У адрозненне ад рэнесансавай мастацкай культуры, якая арыентавалася на антычную гармонію і меру, эстэтыку прыгожага і ўзнёслага, паэтыка і мастацкая практыка барока акцэнтавала ўвагу на тра­гічным, камічным, на вытанчанасці, дасціпнасці. Мастацкая сістэма баро­кавай культуры спалучае інтэлектуалізм і эмацыянальную экспрэсію, здзіў­ляе разнастайнасцю выяўленчых сродкаў, сінтэзам розных жанраў прыго­жага пісьменства, драматызмам і патэтыкай. Для твораў гэтай стылістыкі характэрна шматзначнасць, сумяшчэнне несумяшчальнага (узнёслага і ніз­кага, трагічнага і камічнага). Перавага аддавалася вонкавай форме, якая ра­білася ўсё больш складанай і вычварнай.

Паводле культурных традыцый, светапоглядных і канфесійных ары­енціраў у Беларусі сфарміраваліся два тыпы барока – заходнееўрапейскае (або каталіцкае) і ўсходнеславянскае (або праваслаўнае). Першы тып уз­нік пад уплывам рамана-германскай культуры пасля Люблінскай дзяржаў­най (1569) і Брэсцкай царкоўнай (1596) уній, пашырыўся ў перыяд каталіц­кай Контррэфармацыі ў XVIІ ст. Носьбітамі гэтай культуры былі езуіты, прадстаўнікі іншых каталіцкіх ордэнаў, якія стварылі сваю сістэму сярэд­няй (калегіумы) і вышэйшай (акадэміі) адукацыі.

Першым таленавітым тэарэтыкам, філосафам і паэтам гэтага напрам­ку быў выкладчык паэтыкі, рыторыкі і антычнай культуры ў Полацкім ка­легіуме (1618–1620, 1626–1627) і Віленскай езуіцкай акадэміі (1628–1635) М.-К. Сарбеўскі. Полацкія курсы лекцый М.-К. Сарбеўскага («Пра даска­налую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Лекцыі па паэтыцы») служылі наву­чальным дапаможнікам у каталіцкіх школах Беларусі XVII–XVIII стст.

Усходнеславянскае барока развівалася на мясцовых традыцыях ся­рэднявечнай і рэнесансавых культур, праз засваенне літаратурна-мастацкіх і тэа­рэтычных здабыткаў заходнееўрапейскай культуры і навукі. Прыметы са­мабытнага барока ў Беларусі і Украіне выявіліся ў літаратурных творах пісьменнікаў перыяду Конррэфармацыі (Л. Карповіча, М. Сматрыцкага, А. Філіповіча), а таксама ў эмблематычнай і рэлігійнай паэзіі, шматжанра­вай і шматмоўнай літаратуры Беларусі гэтай эпохі.

У асветніцкай спадчыне ўніяцкіх пісьменнікаў І. Пацея, І. Вельяміна-Руцкага, Я. Кунцэвіча і іншых праглядваецца спалучэнне паэтыкі заходне­еўрапейскага і ўсходнеславянскага барока. Пазней найбольш арганічна і паслядоўна сінтэз дзвюх рэгіянальных плыняў барокавай літаратуры і эстэ­тыкі раскрыўся ў творчасці Сімяона Полацкага. Эстэтычная канцэпцыя гэ­тага ўніверсальнага пісьменніка-паэта, красамоўцы, філосафа, тэолага грунтавалася на катэгорыях хрысціянскай эстэтыкі ў яе гуманістычнай ін­тэрпрэтацыі. У яго паэзіі і мастацка-прапаведніцкай творчасці выявіліся асноўныя прыметы тагачаснай барокавай літаратурнай эстэтыкі і паэтыкі – вучоная энцыклапедычнасць у сэнсе свабоднага валодання культурнымі здабыткамі позняй эліністычнай культуры, бібілейскай і хрысціянскай тра­дыцыі, схільнасць да асветніцтва, дыдактыкі, спалучэнне паэзіі з красамоў­ствам. Характэрныя для барокавай культуры дасціпнасць і вытанчанасць, выкарыстанне антычнай, рэнесансавай і новаеўрапейскай паэтыкі пры­кметныя ў зборніках вершаў паэта «Вертаград шматкветны» і «Рыфмала­гіён». З найбольшай жа паслядоўнасцю яны выявіліся ў аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё беларус­кай, рускай і ўкраінскай літаратур другой паловы XVII–XVIII стст.

Беларускаму барока ўласцівы розныя ідэйныя і фармальна стылявыя тэндэнцыі, розныя «шцілі». Для «высокага», часцей за ўсё элітарнага, арыс­такратычнага барока характэтны рытарычныя прыўзнятасць, ускладне­насць формы, сімвалічнасць (духоўна-рэлігійная паэзія). Творы «сярэдня­га» стылю задавальнялі эстэтычныя патрабаванні бяднейшай шляхты, гара­джан. На гэтым узроўні актыўна засвойваліся заходнееўрапейскія трады­цыі, аднак не гублялася сувязь з роднай глебай (песенна-інтымная лірыка, інтэрмедыі). Урэшце існавала «нізкае» барока, народнае і напаўнароднае па сваім змесце. Яно было прадстаўлена парадыйнымі калядкамі, батлееч­нымі драмамі, якія ствараліся ванроўнымі шкалярамі і музыкамі. Своеасаб­лівае суперніцва паміж стылявымі ўзроўнямі не выключала ўзаемапранік­нення і абмену мастацкімі каштоўнасцямі. З «высокім» барока была звяза­на старая традыцыя беларускай літаратуры, з «сярэднім» і «нізкім» – но­вая, найбольш перспектыўная, бо якраз тут з’явіліся інтэрмедыі, сатырыч­ныя травесційна-бурлескныя творы, якія сталі прадвеснікамі беларускай літаратуры Новага часу.

У цэлым эстэтыка барока, сінтэтычная па сваім характары, з’явілася крокам уперад у мастацкім развіцці Беларусі. Барока было тут «першым лі­таратурным напрамкам, які спецыяльна распрацаваў і тэарэтычна абгрун­таваў пытанні шматлікасці рэальнасцей ў структуры мастацкага твора»10. Жыццё стала паказвацца больш усебакова – у яго дыялектычнай зменлівас­ці і супярэчнасці. Узмацніліся сувязі паміж літаратурамі, абмен мастацкімі каштоўнасцямі, інтэнсіўна стала пашырацца еўрапейская сістэма родаў і жанраў (напрыклад, з’явілася драма). Найбольш поўна і выразна новы мас­тацкі стыль праявіўся ў рэлігійна-філасофскай і песенна інтымнай ліры­цы, парадыйна-сатырычнай прозе, дыдактычных драмах, якія ставіліся на сцэнах школьных тэатраў. У сваю чаргу Беларусь выступіла пасрэдні­кам (галоўным чынам дзякуючы Сімяону Полацкаму і Андрэю Белабоцка­му) у распаўсюджанні барока на ўсход, у Расію11.

Беларуская літаратура другой паловы XVIII ст., у адрозненне ад па­пярэдняга перыяду, была ўжо прынцыпова іншай. У 40–50-ягг. XVIII ст. пачынаюць актыўна распаўсюджвацца ідэі Асветніцва, якое развівалася на мясцовай глебе пад стымулюючым уздзеяннем польскай, рускай і за­ходнееўрапейскай грамадскай думкі.

У гэты час завяршаецца пераход ад старой літаратуры да новай. Па­ступова літаратура становіцца мастацкай творчасцю ў сучасным сэнсе гэ­тага слова, губляе сваю сінкрэтычнасць, набывае пераважна свецкі харак­тар, арыентуецца на жывую народную гаворку. Асветніцкія ідэі вызначылі асноўныя рысы тагачаснай эстэтыкі, якая крыніцай натхнення абвяшчала аб’ектыўную рэчаіснасць. Перад стваральнікам мастацкага твора ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, фарміраваць з пасіўнага чалавека гра­мадзяніна і патрыёта, пісьменніку пачала надавацца роля настаўніка і выхавальніка грамадства.

Беларускамоўныя творы, у сувязі з абмежаваным існаваннем бела­рускай мовы, у літаратурным працэсе гэтага часу займаюць дастаткова сціп­лае месца, а літаратурныя дасягненні XVIII ст. прадстаўлены творчасцю на розных мовах. Класікамі польскай літаратуры лічацца Ю.-У. Нямцэвіч, А. Нарушэвіч, Ф. Карпінскі, Ф. Князнін, Ф. Багамолец. Пасля 1772 г. акты­візуецца распаўсюджанне рускай мовы і па сутнасці ўзнікае руская літара­тура Беларусі, прадстаўленая творамі І. Сакольскага, Г. Дабрыніна, Л. Эн­гельгарта. Асобнае месца займае творчасць новалацінскага паэта М. Ка­рыцкага, аўтара знакамітай паэмы «Птушыны сойм» (у 1770–1771 гг. вы­конваў абавязкі кансультанта ў Полацкім калегіуме). Выразна новыя тэн­дэнцыі праявіліся ў творчасці «слонімскага грамадзяніна», выдатнага паэта і кампазітара М.-К. Агінскага, у ананімных беларускамоўных бурлескна-сатырычных творах, у вершы «Песня беларускіх жаўнераў 1794 г.».

Пад уплывам ідэй Асветніцтва змяняецца стаўленне да тэатру, які ак­тыўна пачынае развівацца ў часы барока. Яўнага пераўтварэння дасягнула не столькі школьная драма, колькі інтэмедыйныя сцэнкі, якімі перамяжоў­валася дзеянне. Беларуская інтэрмедыя цясней звязвалася з рэльным жыц­цём, з народнай творчасцю, герой набываў індывідуальную характарысты­ку. Удасканальвалася структура, сцэнічная форма, яе змест рабіўся больш незалежным ад зместу самой драмы. Адпаведна законам класіцыцкай эстэ­тыкі захоўвалася фармальнае адзінства часу, месца і дзеяння, у характарах герояў пераважала нейкая адна рыса, ідэя ўвасаблялася прамалінейна, з падкрэсленым дыдактызмам. Галоўным героем інтэрмедыі становіцца бе­ларускі селянін. З аб’екта насмешак і здзекаў ён робіцца асобай станоўчай, увасабленнем народнага розуму, дасціпнасці. Менавіта на інтэрмедыйнай аснове ў другой палове XVIII ст. ўзнікне першая беларуская «Камедыя» К. Машэўскага.

Характэрнай з’явай эпохі Асветніцтва былі прыдворныя (прыгон­ныя) тэатры (Нясвіж, Слонім, Гродна, Ружаны, Шклоў, Чачэрск і інш.), якія мелі арыгінальныя рэпертуары на польскай, лацінскай, рускай, фран­цузскай і італьянскай мовах. Свеасаблівай перадумовай развіцця беларускай драмургіі стала опера Мацея Радзівіла «Агатка, або прыезд пана» (музыка Я. Голанда), камедыі Францішкі-Уршулі Радзівіл.

Такім чынам, складаны і супярэчлівы пераходны этап стаў выразным выяўленнем і творчай рэалізацыяй новых падыходаў ў развіцці беларускай літаратуры, незалежна ад іх моўнага афармлення. Гэта быў перыяд пераа­сэнсавання каштоўнасцяў і традыцый, вылучэння з пісьменства ўласна ма­стацкай творчасці, павышэння цікавасці да народнага жыцця ва ўмовах асі­мілятарскага ўздзеяння польскай культуры асабліва плённым аказаўся зва­рот да фальклору, жывой гутарковай мовы. У часы барока наступіў крызіс усёй сістэмы старой беларускай літаратуры, адначасова выспявалі новыя эстэтычныя з’явы, якім належала будучыня.

Істотна зменіцца і сам характар літаратурнага развіцця. Новая літара­тура, у адрозненне ад даўняй, будзе знаходзіцца ў няспынным ўнутраным руху. Будуць актыўна абнаўляцца прынцыпы творчага падыходу да рэчаіс­насці, спосабы і прыёмы мастацкага адлюстравання, вобразна-паэтычныя сродкі. Літаратурны прагрэс выявіцца ў змене аднаго кірунку іншым, у не­вычэрпнай разнастайнасці і няспынным абнаўленні індывідуальна-мастац­кіх стыляў, у мастацкіх адкрыццях, якія робіць кожны вялікі пісьменнік, якія прыносіць кожны выдатны твор. У Новы час пачне найбольш цаніцца творча-самастойнае, арыгінальнае, непаўторнае, наватарскае.