Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК ГБЛ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.39 Mб
Скачать

3.4. «Хроніка Быхаўца» як этапная з’ява ў гісторыі беларускага летапісання

У 20-я гг. XVI ст. у асяроддзі патрыятычна настроеных літоўскіх арыстакратаў была створана на беларускай мове «Хроніка вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», у якой выкладзена легендарная гіс­торыя Літвы ад міфічнага князя Палемона да запісаў аб падзеях канца XIV – пачатку XVI стст. Гэты твор можна лічыць Другім беларуска-літоў­скім летапісным зводам, пасля Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. У гэтым творы, напісаным у форме гістарычнай аповесці, без датаваных падзей, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў і шляхты ад рымскіх патрыцыяў. Твор захаваўся ў шматлікіх спісах і рэдакцыях (Красінскага, Патрыяршы, Румянцаўскі, Пазнанскі і нш.), што сведчыць аб яго вялікай папулярнасці ў XVI–XVII стст. Гэтая хроніка паслужыла найважнейшай крыніцай трэцяга і апошняга агульнадзяржаўнага летапіснага зводу, ство­ранага ў Вялікім Княстве Літоўскім, «Хронікі Быхаўца».

Пра гэты загадкавы шмат ў чым твор існуе багатая навукова-крытыч­ная літаратура. «Хроніку Быхаўца» ўпершыню адкрыў і апублікаваў Т. Нар­бут, правінцыйны гісторык-рамантык. Тое, што твор апісаў і выдаў гісто­рык, працы якога на той час вылучаліся неглыбокім ўзроўнем, некрытыч­ным падыходам да гістарычных крыніц, а таксама той факт, што рукапіс пасля загадкава знік, дало падставы некаторым вучоным усумніцца ў аў­тэнтычнасці «Хронікі» і абвінаваціць гісторыка ў фальсіфікацыі. Аднак пе­раважная большасць даследчыкаў, абапіраючыся на ўважлівыя даследаван­ні зместу, стылю, мовы, лічаць гэты твор гістарычна сапраўдным арыгі­нальным помнікам беларуска-літоўскай гістарыяграфіі XVI ст.

Аднак, пры вывучэнні «Хронікі Быхаўца» застаецца шмат складаных праблем і нявырашаных пытанняў, звязаных з вызначэннем часу, месца, аўтарства твора. Адзіны вядомы спіс твора, які належаў у першай палове XIX ст. пану з-пад Ваўкавыска А. Быхаўцу (адсюль і назва твора!) і выда­дзены Нарбутам, быў дэфектны: у пачатку і канцы тэкст не захаваўся. Па­дзеі абрываюцца на апісанні бітвы з татарамі пад Клецкам ў 1506 г.

Гэты твор – своеасаблівы цыкл аб’яднаных адзінствам тэмы востра­сюжэтных апавяданняў, – вельмі каштоўнае і важкае дапаўненне да «Хро­нікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», змешчанай са змяненнямі і дапаўненнямі ў пачатку твора. Часткі запазычаныя з іншых летапісных крыніц («Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» і іншыя запісы з Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.) былі уключаны ў новы летапісны звод без іс­тотных перапрацовак тэксту, але са значнымі дапаўненнямі.

Жыва і займальна расказваюцца ў «Хроніцы» сапраўдныя гістарыч­ная падзеі, пра надзвычай складаны і драматычны этап першапачатковага станаўлення новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Змест аповесці складае кароткая гісторыя жыцця і дзейнасці першага вялікага беларуска-літоўскага князя Міндоўга і яго сына – Войшалка. На падставе матэрыялаў Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. выкладаецца гісторыя дзяржавы ча­соў Альгерда і Вітаўта. Тэкст папярэдніх беларуска-літоўскіх летапісаў быў багата дапоўнены і пашыраны новымі гістарычна-літаратурнымі матэ­рыяламі пра мінулае Літвы і Беларусі XIV–XV стст. Такім чынам, упершы­ню была створана сісітэматызаваная палітычная гісторыя гэтых краін у перыяд іх знаходжання ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ад леген­дарных часоў і да пачатку XVI ст.

Вельмі багаты і разнастайны змест арыгінальнай часткі «Хронікі Бы­хаўца», якая змяшчае кароткія апавяданні з жыцця і дзейнасці асобных князёў (Альгерда, Вітаўта і інш.), звесткі па гісторыі хрысціянства і ўнут­рыпалітычных адносінах у літоўска-беларускай дзяржаве, белетрызаваныя апісанні некаторых значных падзей грамадска-палітычнага жыцця (на­прыклад, гісторыя каранацыі Вітаўта ў 1430 г., забойства ў 1440 г. князя Жыгімонта і інш.). Асабліва жыва і дэталёва пададзены падзеі канца XV – пачатка XVI ст., асноўны змест якіх – барацьба з крымскімі татарамі. Мно­гія запісы грунтуюцца на асабістых уражаннях аўтара і ўспамінах непа­срэдных удзельнікаў падзей. Выразна свецкі змест і стыль арыгінальнай часткі, антыпольскія тэндэнцыі і агульнадзяржаўны патрыятызм аўтара (ці аўтараў) сведчыць пра тое, што яна ўзнікла ў асяроддзі патрыятычна на­строенай часткі беларуска-літоўскай шляхты.

«Хроніка» знешне ўяўляе сабой цэльную гістарычную аповесць, ство­раную адным пісьменнікам-храністам, але, на самой справе, з’яўляецца ле­тапісным зводам, складзеным з некалькіх частак, якія ўзніклі ў розных мес­цах, ў розны час і належаць некалькім аўтарам. Паводле паходжання яе тэкст можна падзяліць на тры часткі: легендарную гісторыю Літвы ад Па­лемона да Гедыміна, гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ад сярэдзіны XIV ст да сярэдзіны XV ст. і арыгінальную частку, прысвечаную апісанню падзей пераважна XV – пачатку XVI стст.

Імкнучыся стварыць як мага больш шырокую і багатую панараму мі­нуўшчыны роднай краіны, храніст актыўна выкарыстоўваў не толькі пісь­мовыя крыніцы, але і вусную інфармацыю. Ён збіраў успаміны бывалых людзей, розныя гістарычныя і сямейныя паданні (у прыватнасці, роду Гаш­тольдаў, князёў Гальшанскіх і Слуцкіх). Зразумела, што шмат якія гіста­рычныя падзеі былі паэтычна асэнсаваны народнай фантазіяй і бачыліся ў некалькі рамантычным святле.

Цэнтральная тэма «Хронікі Быхаўца» – ваенна-патрыятычная, выраз­на гучыць у творы, асабліва ў арыгінальнай частцы. Нямала яркіх старонак хронікі прысвечана апісанню шматлікіх паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў, іх рыцарскай доблесці і гераізму (напрыклад, апавяданне пра паход князя Альгерда на Маскву, апісанне бітвы з нямецкімі крыжа­камі пад Грунвальдам у 1410 г. і з татарамі пад Клецкам у 1506 г. і інш.). Адлюстраваныя ў хроніцы значныя моманты з гісторыі беларускага і лі­тоўскага народаў выклікалі ў чытачоў пачуццё гонару за сваю багатую мі­нуўшчыну і служылі высакароднай справе іх патрыятычнага выхавання.

Побач з тэндэнцыяй гераізаваць нацыянальную гісторыю ў «Хроніцы Быхаўца» выразна выявілася імкненне аўтара белетрызаваць апісанне. Імкнучыся дасягнуць найбольшай эфектыўнасці выкладу, максімальнай дзейснасці ідэйна-мастацкага зместу твора, храніст спрабаваў цікава і зай­мальна апавядаць, выклікаць у суайчыннікаў адпаведныя эмоцыі, абудзіць у іх патрыятычныя пачуцці. Нават у заключных дакументальных пагадовых запісах пра падзеі канца XV – пачатку XVI стст., якія не заўсёды можна было падаць у форме закончаных сюжэтных апавяданняў, заўважаецца ім­кненне аўтара будаваць гістарычнае апавяданне жыва, наглядна, цікава.

Апрача агульнадзяржаўнага патрыятызму, характэрнай асаблівасцю ідэйнай пазіцыі храніста з’яўляецца таксама моцная антыпольская тэндэн­цыя. У творы катэгарычна сцвярджаецца, што феадалы Вялікага Княства Літоўскага – «старшая шляхта і прэдняя, ніж ляхове». Непрыязнае стаўлен­не аўтара да кіруючых колаў Польшчы адлюстравала настроі і погляды таго грамадскага асяроддзя Літвы і Беларусі XVI ст., прадстаўнікі якога ба­чылі ў польскіх феадалах і сваіх асабістых канкурэнтаў-праціўнікаў, і га­лоўных ворагаў незалежнасці Літоўска-беларускай дзяржавы. ІІобач з гэ­тым у «Хроніцы Быхаўца» падкрэсліваюцца выдатныя заслугі і роля лі­тоўска-беларускіх феадалаў (князёў, магнатаў, шляхты) у гісторыі княства. Глыбока заклапочаны гістарычным лёсам сваёй Бацькаўшчыны, храніст стаяў на баку ўсіх патрыятычных сіл краіны, якія імкнуліся адстаяць дзяр­жаўны суверэнітэт літоўскага і беларускага народаў перад мацнеючым на­ціскам больш магутных суседніх дзяржаў.

Аўтарам «Хронікі Быхаўца» хутчэй за ўсё быў патрыятычна настрое­ны беларускі шляхціц, цесна звязаны з літоўска-беларускімі арыстакрата­мі, пра што сведчаць і змест, і мова твора, якую можна лічыць узорам свец­кага стылю беларускай літаратурнай мовы XVI ст. У заключнай частцы хронікі найбольш дэталёва і дакладна апісаны падзеі, што адбываліся ля Слуцка і Наваградка, навакольная мясцовасць. Напэўна, храніст або пахо­дзіў адтуль або пэўны час жыў там.

«Хроніка Быхаўца» – этапны твор у гісторыі агульнадзяржаўнага бе­ларуска-літоўскага летапісання, выдатны помнік грамадска-палітычнай дум­кі і літаратуры Беларусі і Літвы першай паловы XVI ст., сведка высокага ўзроўню развіцця нацыянальна-гістарычнай самасвядомасці беларускага і літоўскага народаў эпохі Адраджэння, значнага росту майстэрства бела­рускіх летапісцаў таго часу. Арганічна аб’яднаўшы гістарычныя аповесці і апавяданні з дзелавымі пагадовымі запісамі, традыцыйную летапісную фор­му выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем пра мінуўшчыну, гэтая хроніка стала ў беларускім летапісанні важным пераходным этапам у яго руху ад дакументальнага пісьменства да гістарычнай белетрыстыкі. Яна цалкам увайшла ў склад польскай хронікі М. Стрыйкоўскага, якая бы­ла апублікавана ў 1582 г. і прыкметна паўплывала на польскую хранагра­фію XVI–XVII стст.

У цэлым гісторыя беларускага летапісання дае вельмі ўдзячны матэ­рыял для цікавых і важных назіранняў і вывадаў аб узаемаадносінах у ле­тапісных творах гістарычнага факта і вымыслу, аб своеасаблівым сінтэзе ў гэтым жанры гістарычнага дакумента і літаратуры, аб развіцці ў ім бе­летрыстычнага пачатку і станаўленні гістарычнай прозы.

Узнікненне і развіццё летапісання на беларускіх землях было цесна звязана з гістарычным жыццём краіны і народа, з надзённымі грамадска-палітычнымі праблемамі і тэндэнцыямі часу. Пераважна свецкія паводле свайго характару летапісы і хронікі, адлюстроўваючы гістарычныя падзеі мінулага і дзейнасць выдатных гістрычных асоб у святле хрысціянска-ры­царскіх ідэалаў, выконвалі важную ідэйна-публіцыстычную ролю ў фармі­раванні грамадскай думкі і гістарычнай свядомасці, ва ўмацаванні патрыя­тызму.

Летапісы і хронікі былі на Беларусі найбольш даўгавечным літара­турным жанрам. Ад з’яўлення яшчэ ў эпоху феадальнай раздробленасці, летапіс дажыў да новага часу. Напрыклад, Магілёўская хроніка, пачатая ў XVII ст., працягвалася яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Зразумела, што гэты від пісьменства не заставаўся нязменным. З цягам часу развіваліся і змяняліся не толькі змест, ідэйная накіраванасць, стыль і мова гістарычных твораў, але і прыёмы і прынцыпы апісання падзей, сама структура жанру.

Беларускія летапісы і хронікі маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне як жывыя сведкі багатай мінуўшчыны беларускага народа, каш­тоўны здабытак яго важкай культурнай спадчыны, неацэнная крыніца паз­нання яго шматвяковай гісторыі, напоўненай гераічнай барацьбой за сваю незалежнасць і мірнай стваральнай працай, падзеямі вялікай гістарычнай важнасці. Свецкія паводле зместу, сінкрэтычныя па характары, яны рас­крываюць шырокую панараму шматграннага гістарычнага жыцця Беларусі з пункта гледжання ўяўленняў і ідэалаў свайго часу, вядучыя сацыяльна-палітычныя тэндэнцыі эпохі, высокія ідэі гераізму і патрыятызму. Яны служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў, ведаў і натхнення для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.