
Складанне (кампазіцыя)
Складанне ў спалучэнні з афіксацыяй. Гэта спосаб утварэння складаных слоў (кампозітаў) шляхам аб’яднання некалькіх слоўных адзінак: першаадкрывальнік, гарналыжнік, вогнетушыцель, байкапісец, мнагаборац, галантарэйна-парфумерны. У працэсе стварэння складаных слоў дзве ўтваральныя базы. Характар іх змяняецца ў залежнасці ад якасці ўтваральных (матывавальных) сэнсавых кампанентаў. Складаныя словы могуць узнікаць у выніку аб’яднання слова і слова ( фабрыка-кухня, плашч-палатка), асновы слова і слова (газаабмен, домакіраўніцтва) асновы слова і асновы слова (параход, землямер, тонкасуконны). Сувязь паміж сэнсавымі кампанетамі складанага слова ажыццяўляецца з дапамогай інтэрфіксальных марфем (інтэрфіксаў), як матэрыяльна выражаных ( -о-, -а-, -я-, -е-,-ух- -і- -- час-о-піс, вад-а-праводны, бран-я-поезд, зерн-е-сушылка, дв-ух-павярховы, пяц-і-гадовы) , так і нулявых (вагон-рэстаран, цар-пушка). Інтэрфіксальныя марфемы нейтралізуюць граматычнае значэнне асноўных структурных кампанентаў, якія папярэднічаюць ім, пазбаўляюць уласцівасці самастойных слоў. Наяўнасць інтэрфікса з’яўляецца характэрнай рысай структуры складанага слова--кампозіта. Для складанага слова таксама з’яўляецца важным замацаванасць парадку размяшчэння аб’яднальных структурных частак ( горад-герой, але не герой горад) і адзіны асноўны націск, як правіла, на другой частцы складанага слова: чарнаморскі, высакаякасны, каменедрабілка.
Характар аб’яднальных у складаным слове структурных частак непасрэдна ўплывае на працэс фарміравання новых лексічных адзінак. У залежнасці ад камбінацыі утваральных асноў (баз), выбраных для ўтварэння складанага слова, выдзяляюцца дзве разнавіднасці складання: чыстае складанне і складанне ў спалучэнні з афіксацыяй.
Чыстае складанне – гэта спосаб утварэння складаных слоў шляхам аб’яднання двух слоў ці асновы слова і цэлага слова. Граматычнымі мадэлямі для яго з’яўляюцца : слова + інтэрфікс + слова; аснова слова + інтэрфікс + слова -- школа-інтэрнат, хата-чытальня, фабрыка-кухня, завод-аўтамат, выстаўка-продаж, бульбакапальнік, птушкагадоўля, агульнавядомы, сыравялены, шарападобны.
Складаныя словы, якія ўзніклі ў выніку чыстага складання, валодаюць адметнымі ўласцівасцямі. Іх адметнасць праяўляецца найперш у лексічнай семантыцы, якая фарміруецца на аснове аб’яднання значэнняў двух слоў. Узаемасувязь і ўзаемадзеянне сэнсавых кампанентаў складанага слова носяць розны характар. У адных выпадках адносіны паміж імі могуць разглядацца як раўнапраўныя (літаратурна-мастацкі, выхаваўча-аздараўляльны, музей-кватэра, сукенка-касцюм), а ў другіх—як залежнае, хоць гэта залежнасць бывае рознай (кнігадрукаванне, светла-зялёны). У фарміраванні семантыкі складанага слова пры чыстым складанні ўдзельнічае спалучальнае словаўтваральнае значэнне (носьбітам яго з’яўляецца інтэрфікс). Яно аб’ядноўвае значэнні структурныхчастак складанага слова ў адно цэласнае складанае значэнне.
У складзе складанага слова, утворанага спосабам чыстага складання, яго кампаненты з’яўляюцца нераўназначнымі. Апорным звычайна з’яўляецца другі кампанент, канцавы элемент складанага слова. Ён афармляе слова марфалагічна і сігналізуе пра яго граматычныя ўласцівасці.
Складанне ў спалучэнні з афіксацыяй
Складанне ў спалучэнні з афіксацыяй уяўляе сабой спосаб утварэння складаных слоў па мадэлях:
аснова слова + інтэрфікс + аснова слова + суфікс + флексія;
прэфікс + аснова слова + інтэрфікс + слова;
прэфікс + аснова слова + інтэрфікс+ аснова слова + суфікс+ флексія.
У кожным выпадку словаўтваральны фармант роўны суме фармантаў: -інтэрфік- ... –суфікс (-і-...S); прэфікс- ... –інтэрфікс- (Pr- ...-i-); прэфікс- ...-інтэрфікс- ...суфікс (Pr- ... –i-...-S): трэці курс--- старшыя класы --- страш-а- клас-нік, муку малоць---мук-а-мол-н-я, Чорнае мора ---Пры-чарн-а-мор’j-э. Часцей за ўсё сустракаюцца складанні ў спалучэнні з суфіксацыяй (часта яго называюць складанасуфіксальным спосабам утварэння). Звычайна суфікс матэрыяльна выражаны: салом-а-пад’ём-нік, ліст-а-нос-ец, добр-а-зыч-лів-(ы), густ-а-шэрс-н-(ы), інш-а-зем-н-(ы), Аднак суфікс можа быць і нулявым: вугл-я-воз, вод-а-падзел, трав-а-стой, бел-а- зуб(ы), дв- ух-рог(і), гарб-а-нос(ы). Другі, апорны кампанент такіх складаных слоў граматычна афармляюцца з дапамогай суфіксаў і суправаджаючых іх флексій.
Часам працэс складання асноў праходзе ў спалучэнні з прэфіксацыяй і суфіксацыяй. Такая камбінацыя словаўтваральных сродкаў звычайна выкарыстоўваецца пры ўтварэнні складаных прыслоўяў: у- паў -0/-голас-у, на-паў -0/-сіл-ы, на-паў-0/-дароз-е.
Вельмі рэдка ( пераважна ў дзеяслоўным словаўтварэнні) сустракаюцца складанні ў спалучэнні з прэфіксацыяй—а-плад-а-тварыць.
Вывучэнне словаўтваральнай структуры складанага слова звязана з вырашэннем многіх цяжкіх пытанняў. Важнейшымі з іх з’яўляюцца вызначэнне самога паняцця складанага слова, характарыстыка адносін паміж семантычнымі кампанентамі складанага слова і выдзяленне ўмоў для класіфікацыі складанага слова.