Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Спосабы словаўтварэння, матэрыялы да КСР.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
108.03 Кб
Скачать

У залежнасці ад характару ўтваральнай базы выдзяляюцца:

1) спосабы ўтварэння слоў, якія маюць адну матывавальную аснову;

2)спосабы ўтварэння слоў, якія маюць больш чым адну матывавальную аснову. У першую групу ўваходзяць суфіксацыя, прэфіксацыя, постфіксацыя, камбінаваныя спосабы словаўтварэння, субстантывацыя прыметнікаў і дзеепрыметнікаў. Да другой групы адносяцца складанне (чыстае і складанасуфіксальнае), зрашчэнне і абрэвіяцыя.

Першая класіфікацыя ўяўляецца нам больш лагічнай і паслядоўнай, паколькі яна праводзіць мяжу паміж спосабамі словаўтварэння ў залежнасці ад якасці ўтваральных сродкаў – галоўных сродкаў працэсу словатворчасці, якія вызначаюць характар і асаблівасці спосабаў словаўтварэння. Узнікшае пры гэтым проціпастаўленне марфалагічных і немарфалагічных з’яў у словаўтварэнні натуральнае і заканамернае. Яно абумоўлена спецыфікай працэсу ўтварэння новых слоў, яго цеснай сувяззю з іншымі падсістэмамі мовы.

Марфалагічныя спосабы словаўтварэння

Пры марфалагічным словаўтварэнні ў якасці ўтваральных асноў выкарыстоўваюцца адно ці два словы. Складанне, якое садзейнічае з’яўленню складаных слоў, і абрэвіяцыя, у выніку якой утвараюцца складанаскарочаныя словы, выдзяляюцца як спосабы ўтварэння вытворных адзінак на базе двух (ці болей) утваральных (матывавальных) слоў. Размежаванне спосабаў словаўтварэння пры адным утваральным слове заснавана на тым, якія афіксальныя марфемы ўдзельнічаюць у працэсе словатворчасці, як яны далучаюцца да ўтваральнай базы – асобна ці сумесна. У першым выпадку выдзяляюцца прэфіксальны, суфіксальны і постфіксальны спосабы словаўтварэння, у другім—камбінаваныя: прэфіксальна-суфіксальны, прэфіксальна-постсуфіксальны, суфіксальна-постфіксальны і прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальны.

Суфіксальны спосаб словаўтварэння (або суфіксацыя).

Суфіксальным з’яўляецца той спосаб утварэння новых слоў, пры якім у якасці словаўтваральнага фарманта выступае словаўтваральны суфікс: лес--- ляс-н(ы), малаці-ць--- малат-арн(я), вісе-ць---віс-яч(ы), гаспадар---гаспадар-ы(ць). Суфікс як словаўтваральны сродак цесна звязаны са словазменнымі афіксамі. Гэта сувязь абумоўлена блізкасцю суфіксальных і флексійных морфаў у структуры слова. Аб’яднанне ў працэсе суфіксальнай словавытворчасці суфіксальных морфаў з флексійнымі істотна пашырае функцыі суфіксаў. Яны не толькі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні новых слоў, але і ўплываюць на іх граматычнае афармленне: аднесенасць да пэўнай часціны мовы, прыналежнасць да пэўнага тыпу скланення ці спражэння. Пры гэтым кожная часціна мовы мае свой набор словаўтваральных суфіксаў: суфіксы назоўнікаў-- -нік-, -чык-/-шчык-, -осць-/-асць-, -ств-/ -цтв-, -ізм-/-ызм-, -ач-, -ыт-, -ёр-/ -ор-, -ак-, -чак- (будаў-нік, пераклад-чык, трамбоў-шчык , прыгаж-осць, рад-асць, параход-ств(а), маста-цтв(а), рэал-ізм, патрыят-ызм, труб-ач, фасфар-ыт, бакс-ёр, трынаж-ор, рыб-ак, смяль-чак, весяль-чак; суфіксы прыметнікаў -- -н-, -ск-/-цк-, -ов-/-ав-,-ів-/-ыв-, -ейск- , -іст_/-ыст- (зям-н(ы), мар-ск(і), салда-цк(і), зім-ов(ы), газ-ав(ы), міласц-в(ы), ілж-ыв(ы), гвардз-ейск(і), залц-іст(ы), гар-ыст(ы); суфіксы дзеясловаў -- -ну-, -ава-/-ява-, ірыва-/-ырава-, -а-, -і-/-ы-, -е- ( крык-ну(ць), груп-ава(ць), нікел-ява(ць), акуп-ірава(ць), гаф-ырава(ць), абед-а(ць), бамб-і(ць), хітр-ы(ць), лыс-е(ць). У працэсе суфіксальнага словаўтварэння часцей за ўсё адбываецца перавод слова з адной часціны мовы ў другую, г.зн. вытворнае слова атрымоўвае другое агульначасцінамоўнае значэнне ў параўнанні з утваральным словам: праг-а--- праг-ну-(ць), вад-а ---вад-к-(і), дв-а --- два-іст-(ы), звіне-ць--- звон-к-(і). Гэтыя функцыі суфіксаў—аднесенасць слова да пэўнага граматычнага класа і здольнасць змяняць граматычныя характарыстыкі слоў—прынята называць класіфікуючымі.

У якасці ўтваральнай базы пры суфіксацыі звычайна выкарыстоўваецца аснова словаформы: гар-а ---гор-н-(ы), вясёл-ы ---вясяль-чак, мылі-ць---мыл-к-(і), шкл-о ---шкл-і(ць). Да асновы словаформы прымяняльны тэрмін утваральная аснова. З далучэннем суфікса ўтваральная аснова часта відазмяняецца: марфаналагічна прыстасоўваецца да суфікса: рак-а--- рач-н-(ы) (чаргаванне фанем к/ч), жартава-ць --- жартаў-лів-(ы) (усячэнне ўтваральнай асновы), жы-ць – жы-л-(-ец) (нарашчэнне ўтваральнай асновы), таксі—такс-іст (накладанне марфем).

Значэнне суфіксаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе утварэння вытворных слоў, вельмі разнастайныя—ад шырокіх і адцягненых да дастаткова канкрэтных. Параўн.: школь-н-(ы)—‘які мае адносіны да школы’, чырван-е-(ць) – ‘станавіцца чырвоным’, барабан-(шчык) ‘музыкант, які іграе на барабане’. Асабліва абстрактным значэннем вызначаюцца суфіксы прыметнікаў і дзеясловаў. Суфіксы назоўнікаў больш канкрэтныя.

Асобай разнавіднасцю суфіксальнага спосабу словаўтварэння з’яўляецца нулявая суфіксацыя ( або бяссуфікснае словаўтварэнне). Многія вытворныя словы не маюць у сваёй структуры матэрыяльна-выражанага суфіксальнага морфа, і, тым не менш, лічацца ўтворанымі суфіксальным спосабам: выходзі(ць)--- выхад, крыча(ць)--- крык, замяня(ць)--- замена, бел(ы)--- бель, чырвон(ы)--- чырвань, золат(а)--- залаты. Вытворнасць такіх слоў устанаўліваецца ў моўнай сістэме пры вызначэнні лексічнай семантыкі і параўнанні з вытворнымі словамі другіх словаўтваральных тыпаў з тым жа словаўтваральным значэннем, якое аформлена матэрыяльна. Матываванасць семантыкі слоў тыпу сум, сінь і інш. бясспрэчная. Называючы пэўны дзеянні і прыметы, яны адсылаюць нас да адпаведных дзеясловаў і прыметнікаў, якія ў адносінах да іх выступаюць як утваральныя: сум—‘дзеянне паводле дзеяслова сумаваць’( аналагічна --крык, стук, ход, бег і інш.), сінь --‘прымета паводле прыметніка сіні’ (аналагічна—бель, чырвань, суш і інш.). Семантычныя адрозненні паміж вытворнымі і ўтваральнымі словамі ў словаўтваральных парах нязначныя. Вытворныя словы адрозніваюцца ад утваральных толькі сваім агульначасцінамоўным значэннем. Яны з’яўляюцца носьбітамі значэння пэўнага дзеяння (крык) і пэўнай прыметы (сінь). Працэс словатворчасці ў даным выпадку можна прадставіць наступным чынам. Словы з працэсуальным ці атрыбутыўным зместам трансфармуюцца ў словы з прадметным значэннем, але гэта трансфармацыя ажыццяўляецца без удзелу матэрыяльна выражанага суфікса. Яго значымая адсутнасць пацвярджаецца і аналізам фармальна-семантычных адносін у словаўтваральных парах тыпу хадзіць –хадзьба, сухі—сухасць, дзе тыя ж значэнні апрадмечанага дзеяння і апрадмечанай прыметы маюць сваю матэрыяльную форму выражэння—суфіксы –б- і –асць-.

Нулявая суфіксацыя асабліва шырока распаўсюджана ў сферы іменнага словаўтварэння. Часцей за ўсё яна выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў, радзей – прыметнікаў.

Прэфіксальны спосаб словаўтварэння (або прэфіксацыя).

Прэфіксальным спосабам утварэннялічыцца такі спосаб, пры якім у якасці асноўнага словаўтваральнага сродка выступае прэфікс: яркі---няяркі, глыбокі---неглыбокі, група--- падгрупа, парадак--- беспарадак, фарбаваць--- пафарбаваць, прасіць--- папрасіць.

У якасці ўтваральнай базы пры прэфіксацыі выступае цэлае слова (віць--- абвіць, кіснуць--- скіснуць, плысці--- заплысці, высокі---невысокі, сістэмны --- бессістэмны). Звычайна яно лёгка спалучаецца з патрэбным прэфіксам. У рэдкіх выпадках пры ўтварэнні слоў прэфіксальным спосабам назіраюцца нязначныя марфаналагічныя з’явы ( ініцыятыўны--- безыніцыятыўна, ісці--- падысці).

Асаблівасць прэфіксаў як словаўтваральных сродкаў заключаецца ў тым, што яны, у адрозненне ад суфіксаў, не ўплываюць на граматычнае афармленне вытворнага слова. Далучаючыся да ўтваральнага слова, прэфіксы ніколі не змяняюць яго часцінамоўную характарыстыку. З іх дапамогай ад назоўнікаў утвараюцца назоўнікі (загаловак--- падзагаловак), ад прыметнікаў – прыметнікі ( моцны--- нямоцны), ад дзеясловаў – дзеясловы (бегчы--- забегчы), ад прыслоўяў – прыслоўі (доўга --- задоўга).

Для прэфіксаў не абавязкова замацаванасць за якой-небудзь часцінай мовы, а г.зн. , што адны і тыя ж прэфіксы могуць удзельнічаць у працэсе ўтварэння слоў з рознымі лексіка-граматычнымі характарыстыкамі: праўда--- ня-праўда, смелы--- ня-смелы, хто--- не-хта, куды--- не-куды, крытыка--- анты-крытыка, народны--- анты-народны, ракета--- проці-ракета, атамны—проці-атамны, вераснёўскі--- пасля-вераснёўскі, заўтра--- пасля-заўтра, гармонія—дыс-гармонія, гарманіраваць—дыс-гарманіраваць,тэкст--- пад-тэкст, бегчы--- пад-бегчы. Большасць суфіксаў сучаснай беларускай мовы выкарыстоўваюцца ў сферы дзеяслоўнага словаўтварэння, дзе яны выражаюць розныя адценні працэсуальнага значэння.

Постфіксальны спосаб словаўтварэння ( або постфіксацыя).

Постфіксальны спосаб словаўтварэння ўяўляе сабой працэс утварэння вытворных лексем, у якім асноўным утваральным сродкам выступае постфікс: мыць--- мыц-ца, весяліць--- весяліц-ца, слухаць--- слухац-ца. Па сваіх словаўтваральных характарыстыках і ўласцівасцях постфіксы блізкія да прэфіксаў. Постфіксы, як і прэфіксы, заўсёды далучаюцца да цэлага слова і ніколі не змяняюць яго часцінамоўнага статусу. Вытворнае слова, утворанае постфіксальным спосабам, звычайна адносіцца да той жа часціны мовы, што і ўтваральнае.

Словаўтваральных постфіксаў у сучаснай беларускай мове мала (-ся/-ца/-цца, -сьці, -небудзь, -кольвечы), а таму сфера дзеяння постфіксальнага спосабу ўтварэння вытворных лексем строга абмежавана. Яны, як правіла, выкарыстоўваюцца ў сістэме дзеяслоўнай словатворчасці, у якой задзейнічаны постфікс –ся/-ца/-цца, і пры фарміраванні вытворных займеннікаў і прыслоўяў: хто---хтосьці, хто-небудзь, хто-кольвечы; дзе---дзесьці, дзе-небудзь.