
Кантрольная работа № 1
Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Арфаграфія.
1.Зрабіце поўны фанетычны аналіз тэксту.
а) запішыце тэкст у фанетычнай транскрыпцыі;
б) падзяліце тэкст на фразы і маўленчыя такты;
в) вызначце тыпы інтанацыйных канструкцый у першых двух сказах тэксту;
г) пастаўце націскі, адзначце праклітыкі і энклітыкі;
д) выдзеленыя словы падзяліце на склады, ахарактарызуйце іх;
е)дайце артыкуляцыйную характарыстыку гукам у падкрэсленых словах;
ё) вызначце характар чаргаванняў галосных і зычных гукаў. Асобна выпішыце словы з пазіцыйнымі чаргаваннямі галосных і зычных і гістарычнымі чаргаваннямі галосных і зычных.
Узор:
Ляжаў некалі гэты камень на пагорку. Казалі, хто ім авалодае, той стане багатым і шчаслівым. Асабліва спрачаліся за яго лесавік з суседняга лесу і вадзянік са Свіслачы. Пайшлі яны параіцца да старэйшага. Той растлумачыў: “Хто данясе камень да біжэйшага скрыжавання дарог, і стане яго гаспадаром”. Як ні прыладжваўся лесавік, як ні стараліся дапамагчы яму звяры, камень нават не зварухнуўся з месца. Тады за справу ўзяўся вадзянік. Узваліў ён камень на плечы і, хістаючыся, панёс. Спалохаўся лесавік, што шчасце дастанецца не яму , дый падставіў падножку. Вадзянік паваліўся і ўпусціў сваю цяжкую ношу на бераг. З тае пары і ляжыць тут камень.
Пасля тых падзей, як лічылі ў наваколлі, валун атрымаў цудадзейныя ўласцівасці. Да яго пачалі ставіцца з павагай, нават абагаўлялі. Праўда, іншыя меркавалі, што святы валун быў спрадвеку. (Э. Ляўкоў.)
[л’ажаў н’экал’і гэты кам’эн’ на пагорку // казал’і / хто jім авалодаjэ / той стан’э багатым і шчяс’лівым // асабл’іва спрачал’іс’а за jаго л’эсав’ік с сус’эдн’ага л’эсу й ваz’ан’ік са с’в’іслачы // пайшл'і jаны параjіца да старэйшага // той растлумачыў / хто дан'ас'э кам'эн' да бліжэйшага скрыжаван'а дарох / і стан'э jаго гаспадаром // jак н'і прылаzваўс'а л'эсав'ік / jак н'і старал'іс'а дапамагчы jаму з'в'ары / кам'эн' нават н'э зварухнуўс'а з м'эсца // тады за справу ўз'аўс'а ваz'анік // узвал'іў jон кам'эн' на пл'эчы / іх'істаjучыс'а / пан'ос // спалохаўс'а л'эсав'ік / што шчас'ц'э дастан'эца н'е jаму / дый патстав'іў падношку // ваz'ан'ік павал'іўс'а / і ўпус'ц'іў сваjу ц'ашкуjу ношу на берагах // с таjэ пары й л'ажыц' тут кам'эн' // пас'л'а тых паz'эй / jак л'ічыл'і ў навакол'і / валун атрымаў цудаz'эйныjа ўласц'івасц'і // да jаго пачал'і став'іца с павагай / нават абагаўл'ац' // праўда / іншыjа м'эркавал'і / што с'в'аты валун быў спрадв'эку//].
1-ы сказ: ік-3: – – – – – – – – – – – – //
2-і сказ: ік-3 – – / ік-6 – – – – – /
ік-6 – – – – – – – – //
д) пагорку –– па-гор-ку
па – прыкрыт., адкрыт.
гор – прыкрыт., закрыт.
ку – прыкрыт., адкрыт.
прыладжваўся –– пры- ла- джваў-ся
пры – прыкрыт., адкрыт.
ла – прыкрыт., адкрыт.
джваў – прыкрыт., закрыт.
ся – прыкрыт., адкрыт.
дапамагчы –– да-па-ма-гчы
да – прыкрыт., адкрыт.
па – прыкрыт., адкрыт.
ма – прыкрыт., адкрыт.
гчы – прыкрыт., адкрыт.
падножку –– пад-но-жку
пад – прыкрыт., закрыт.
но – прыкрыт., адкрыт.
жку – прыкрыт., адкрыт.
е) Праўда, святы
[праўда]
праў-да
праў – прыкрыты, закрыты, націскны
да – прыкрыты, адкрыты
[п] – зычны, шумны, глухі, змычны, губны, губна-губны, цвёрды; абазначаны літарай п;
[р] – зычны, санорны, пярэднеязычны, пярэднепаднябенны, дрыжачы, цвёрды; абазначаны літарай р;
[а] – галосны, нелабіялізаваны, сярэдняга рада, ніжняга пад’ёму; абазначаны літарай а;
[ў] – зычны, санорны, шчылінны, губны, губна-губны, цвёрды; абазначаны літарай ў;
[д] – зычны, шумны, пярэднеязычны, зубны, змычны, цвёрды; абазначаны літарай д;
[а] – галосны, нелабіялізаваны, сярэдняга рада, ніжняга пад’ёму; абазначаны літарай а;
[с’в’аты]
[с’] – зычны, шумны, глухі, шчылінны, свісцячы, пярэднеязычны, зубны, мяккі; абазначаны літарай с;
[в’] – зычны, санорны, фрыкатыўны, губна-зубны мяккі; абазначаны літарай в;
[а] – галосны, нелабіялізаваны, сярэдняга рада, ніжняга пад’ёму; абазначаны літарай а;
[т] – зычны, шумны, глухі, змычны, пярэднеязычны, зубны, цвёрды; абазначаны літарай т;
[ы] – галосны, нелабіялізаваны, сярэдняга рада, верхняга пад’ёму; абазначаны літарай ы.
ё) звяры (звер) – пазіцыйнае чаргаванне галосных е:а;
пагорку (пагорак) – гістарычнае чаргаванне о: нуль гука;
дарог (дарога) – пазіцыйнае чаргаванне г: х;
ляжаў (ляжала) – гістарычнае чаргаванне ў: л.
1 Варыянт
У цэнтры Мінска, каля стадыёна "Дынама", захаваўся куточак старога горада. Драўляныя забудовы, неасфальтаваная, небрукаваная вуліца, зарослы травой бераг Свіслачы. І назва вуліцы адпаведная, можна сказаць, гістарычная – Лодачная. З усіх бакоў на гэтае месца наступаюць сучасныя гмахі.
Недалёка ад вуліцы, на беразе ракі, ляжыць камень. Ён на адзін метр выступае з зямлі. Мноства такіх валуноў прывалок ледавік на нашу зямлю. Камень на вуліцы Лодачнай – чырванаваты граніт. На яго былой радзіме, у Фінляндыі ці Карэліі, гэтыя чорныя пароды называюць гнілым каменем. Цёмны загар пакрывае паверхню валуна.
Там, дзе звілістая Свіслач утварае вялікую дугу, больш за стагоддзе назад распасціраўся глухі забалочаны лес, непралазная твань. На сухіх узгорках сярод асін і бяроз, вольхаў і ялін сустракаліся дубы. Тут, на беразе ракі, у прыхаваным ад чужога вока месцы і ляжаў гэты камень. У тыя гады навука не магла разгадаць паходжання такіх глыбаў. Затое мясцовыя жыхары па-свойму тлумачылі гэты цуд. Расказвалі такую гісторыю. (Э. Ляўкоў)
2 Варыянт
І вось зноў родныя мясціны сустрэлі мяне.
Пад ялінамі – застаялы пах папараці. Я крочу чорнай конскай сцежкай, на твар ліпне нябачнае павуцінне, з дзіцячым піскам лётаюць перада мною камары, хоць і джгаюць яны зусім не па-дзіцячаму. Загуў у хваёвай бронзе гуллівы ветрык, і дрэвы адгукнуліся шэптам, і мне здаецца, што ў іх кронах уздыхае вялізны асілак-тугадум.
Мне здаецца, што я чую, як расце на палянах трава, я адчуваю кожную былінку, на хаду скідаю прапацелыя боты і босы выбягаю на жоўты пясчаны бераг, зноў стаю над ракою і шпурляю лясныя шышкі ў сінюю густую ваду.
Любая мая радзіма, ты ўсё гэтак жа не даеш мне старэць і лечыш душу сваёй зялёнай цішынёй!
Як хітрая ліска, вільнула хвастом мая сцяжынка і згубілася ў траве, а я выходжу не да маладух бярозак, а да белых казак маёй зямлі. Прысаджваюся да цёплага стога, закурваю і думаю, што вось міне яшчэ якіх паўсотні гадоў – і бярозы спатрэбяцца адным толькі песням, а песні ж таксама паміраюць, як і людзі. (В. Бялоў)
3 Варыянт
У радасці свая вясна, і калі стане вясновай душа – народзіцца радасць. І неабавязкова ёй прыходзіць да чалавека вясной: ёсць яшчэ лета і зіма, ёсць восень, і ёсць яшчэ дзень і ноч, усход і захад сонца. Зімою трашчыць уночы на рэках лёд, і гул ідзе высока, аж да неба, а раніцай ляжаць снягі, ружовыя і чыстыя, як радасць. А ў жытнёвае лета вісіць над зямлёй яблык, пераспелы і светлы, як даўняя журба; ён упадзе – і надыдзе восень, а восенню хлапчукі пякуць на полі бульбу, і ўвосень прыходзяць да чалавека ўспаміны пра маленства.
Але толькі вясною высока ў небе клічуць радасць журавы, і калі яна запазнілася да цябе, зімой і летам, удзень ці ўночы, дык абавязкова прыйдзе з гэтай песняй, і ты, можа, спазнаеш тады і трывогу, і шкадаванне, і журбу, але ўсё адно гэта ўжо будзе радасцю.
Неяк ноччу мне здалося, што я чуў, як трубілі, пралятаючы над горадам, журавы.
Стаяў маладзічок у купцы тоненькіх воблачкаў, стаіўшыся, як рыбіна ў траве.
Стаяла ноч, і я стаяў пад высокай ноччу на вясновай зямлі. (М. Стральцоў)