Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛесоведениеРАЗДЗЕЛ 3 май исправленный 27.06.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
16.67 Mб
Скачать

Раздзел 3. Класіфікацыя лясоў

Ёсць розныя падыходы да класіфікацыі лясоў: геабатанічны, кліматычны, народнагаспадарчы, функцыянальны, фармацыйны, па структуры лясоў (узроставай, паўнотнай).

Згодна з геабатанічным падыходам выдзяляюць: лясны тып расліннасці – клас фармацый – група фармацый – фармацыя – група асацыяцый – лясная асацыяцыя.

Асноўнай адзінкай расліннага покрыва яшчэ з Брусельскага Між­на­род­на­га батанічнага кангрэса (1910 г.) прынята лічыць аса­цы­я­цыю. Асацыяцыя – расліннае згуртаванне пэўнага фларыстычнага саставу, якое мае аднолькавую фізіялогію і расце ў аднолькавых умо­вах існавання.

Згодна з У. М. Сукачовым, расліннай асацыяцыяй называецца ас­ноў­ная адзінка класіфікацыі расліннага покрыва, якая ўяўляе су­куп­насць аднародных фітацэнозаў з аднолькавай структурай, відавым скла­дам і падобнымі ўзаемаадносінамі арганізмаў як адзін з адным, так і з асяроддзем.

Наступнай таксанамічнай адзінкай у іерархічнай сістэме з’яў­ля­ец­ца група асацыяцый. Да яе адносяць усе асацыяцыі, якія ад­роз­ні­ва­юц­ца паміж сабой толькі адным з другасных ярусаў. Прыкладам з’яў­ля­ец­ца група асацыяцый, якая складаецца з елкі ў першым ярусе, хмызняковы ярус адсутнічае, а ў жывым наглебавым покрыве пе­ра­ва­жа­юць зялёныя мхі. Яўныя адрозненні ёсць толькі ў травяна-хмызнячковым ярусе. У адных асацыяцыях гэтай групы маюцца брусніцы, у дру­гіх – мох Шрэбера, у трэціх – чарніцы, у чацвёртых – мох па­літ­ры­хум. Такім чынам, да групы асацыяцый ельнікаў зеленамошных ад­но­сяць наступныя асацыяцыі: ельнік бруснічны, ельнік імшысты, ельнік чар­ніч­ны, ельнік даўгамошны.

Больш высокага рангу адзінкі класіфікацыі расліннага покрыва ідуць у парадку ўзрастання: фармацыі, група фармацый, клас фар­ма­цый, тып расліннасці.

Пры выдзяленні фармацый аб’ядноўваюць групы асацыяцый, якія маюць агульны дамінавальны эдыфікатар. Напрыклад, сасновая фар­ма­цы­я – усе лясы, утвораныя сасной звычайнай, і г. д.

Клас фармацый уключае ўсе групы фармацый, якія складзены з эды­фі­ка­та­раў з блізкімі жыццёвымі формамі. Напрыклад, ва ўме­ра­ным поясе выдзяляюць клас лісцевых лясоў з перавагай дрэвавых ві­даў, у якіх на зіму ападае лісце. У класе фармацый можна выдзеліць гру­пы фармацый па прыкмеце іх адносін да ўмоў узрастання, ана­та­міч­най будове і інш. Да класа лісцевых лясоў адносяць наступныя гру­пы фармацый: шырыкалістых лясоў (дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, кля­но­выя), у якіх пераважаюць дрэвы з шырокай лісцевай пласцінкай; драб­на­ліс­цевых лясоў (павіслабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), у якіх пераважаюць дрэвы з невялікай лісцевай пласцінкай; лісцевых ба­лот­ных лясоў (чорнаальховыя і пушыстабярозавыя), якія адносяцца да ка­рэн­ных лясоў на нізінных і пераходных балотах.

Вышэйшая класіфікацыйная адзінка расліннага покрыва – тып рас­лін­нас­ці. Пад тыпам расліннасці ў шырокім сэнсе разумеюць су­куп­насць фармацый, падобных як па будове і габітусу, так і па эка­ла­гіч­ных прыкметах. Габітуальнае падабенства вызначаецца дамінаваннем адной і той жа жыццёвай формы. Акрамя ляснога (ці дакладней, хмызнякова-ляснога) ты­пу расліннасці, выдзяляюць яшчэ стэпавы, лу­га­вы, пустынны, саванны і іншыя тыпы расліннасці, якія адрозніваюцца па жыццёвых фор­мах, сезоннай рытміцы і іншых прыкметах.

Зыходзячы з размеркавання расліннасці і кламатычных зон (мал. 3), харчовая і сельскагаспадарчая камісія ААН (ФАО ААН) прапанавала падзяліць лясы свету на 6 тыпаў, што было ўзгоднена VI сусветным лясным кангрэсам (Мадрыд, 1966): хвойныя халоднай зоны (барэальныя лясы), змешаныя ўмеранага пояса, вільготныя цёплага ўмеранага клімату, экватарыяльныя дажджавыя лясы, трапічныя вільготныя лісцёвыя, лясы сухіх абласцей.

Па народнагаспадарчым значэнні выдзяляюць групы лясоў (у Беларусі выдзелены першая і другая групы).

Па пераважных функцыях выдзяляюць катэгорыі ахоўнасці ля­соў: лясы помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, лясы за­па­вед­ні­каў, лясы нацыянальных паркаў, гарадскія лясы, лесапаркавыя час­т­кі лясоў зялёных зон, лясы 1–2 паясоў зон санітарнай аховы кры­ніц водазабеспячэння, лясы 1–2 зон акругоў санітарнай аховы ку­рор­таў, ахоўныя палосы лясоў уздоўж чыгункі і аўтамабільных дарог, ля­сы заказнікаў рэспубліканскага значэння, лясы 3-й зоны акруг са­ні­тар­най аховы курортаў, лесагаспадарчыя часткі лясоў зялёных зон, палосы лясоў і лясы ў межах водаахоўных зон, эк­с­п­лу­а­та­цый­ныя лясы, спецзоны і спецпалосы ў лясах 2 групы.

Па ўзроставай структуры лясы дзеляць на класы і групы, па паўнотнай – адрозніваюць нізка-, сярэдне- і высокапаўнотныя.