Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэарэтычныя пыт. (у дапамогу).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
303.1 Кб
Скачать

3. Характарыстыка лексікі па паходжанні і ўжыванні.

Спрадвечная лексiка беларускай мовы ўключае агульнаславянскiя словы (лiпа, хмель, галава, ткаць, дзесяць), усходнеславянскiя (жаваранак, кошка, дзядзька, пляменнiк, дзевяноста), уласнабеларускiя (дрыгва, сумёт, калiва, ветразь).

Сярод запазычаных слоў адрознiваюць: 1) iншамоўныя словы, якiя поўнасцю асвоены беларускай мовай i абазначаюць паняццi нашага жыцця: цукар, бурштын, лiмон, студэнт, аўтобус; 2) iншамоўныя словы, якiя поўнасцю асвоены беларускай мовай, але абазначаюць паняццi з жыцця iншых народаў (экзатызмы): вiгвам, iглу, сакля, фрау, паранджа; 3) iншамоўныя словы, якiя зусiм не асвоены беларускай мовай (варварызмы): акей, хэлоў, хенде хох, адзьё, персона грата; 4) iнтэрнацыянальныя словы: атам, вектар, бактэрыя, вiрус, дэмакратыя, эвалюцыя.

Слоўнiкавы склад мовы характарызуецца не толькi колькасцю слоў, але i шырынёй iх выкарыстання. Аснову мовы складаюць агульнаўжывальныя, усiм добра вядомыя словы, якiя ўваходзяць у лексiкон кожнага чалавека: дзiця, бяроза, праца, радасць.

У процiлегласць iм iснуюць словы, якiмi карыстаюцца не ўсе, а толькi некаторыя носьбiты мовы, якiя жывуць у межах пэўнай тэрыторыi або ўтвараюць замкнутую сацыяльную цi прафесiйную групу. Такiя словы складаюць лексiку абмежаванага ўжывання. Сюды ўключаюць: 1) дыялектныя словы, ужыванне якiх абмежавана пэўнай тэрыторыяй: картопля (бульба), рамон (рамонак), юргiня (вяргiня), матацыкла (матацыкал), лiсапета (веласiпед); 2) спецыяльныя словы, якiя падзяляюцца на а) тэрмiны (абазначаюць навуковыя i тэхнiчныя паняццi, служаць сродкам iх лагiчнага азначэння):паралель, мерыдыян, атам, малекула, адвакат, следчы, пракурор; б) прафесiяналiзмы (ужываюцца ў гутарковай мове людзей пэўных прафесiй як паўафiцыйныя назвы з мэтай больш дэталёвай дыферэнцыяцыi асобных прадметаў i паняццяў, якiя ў агульнанароднай мове не дэталiзуюцца i не дыферэнцыруюцца): шапка (загаловак), лапкi (двукоссе), майна (уверх), вiра (унiз); 3) жарганiзмы (словы, якiмi карыстаюцца пэўныя сацыяльныя групы людзей у вуснай гутарковай мове замест агульнаўжывальных слоў): хвост (запазычанасць), шпора (шпаргалка), майданшчык (злодзей, якi крадзе ў цягнiках).

У мове iснуюць два пласты слоў – актыўныя ва ўжытку, здольныя абслугоўваць усе сферы дзейнасцi людзей, i словы малаўжывальныя, якiя належаць да пасiўнай лексiкi. У залежнасцi ад прычын, якiя выклiкалi пераход слоў у пасiўны лексiкон, вылучаюць архаiзмы i гiстарызмы.

Архаiзмы – гэта ўстарэлыя назвы такiх прадметаў, з’яў i паняццяў, якiя iснуюць i ў наш час, але для iх абазначэння выкарыстоўваюцца iншыя словы: лемантар – буквар, атрамант – чарнiла, вуглякоп – шахцёр.

Гiстарызмы – гэта назвы такiх прадметаў, з’яў i паняццяў, якiя перасталi iснаваць на тым цi iншым этапе гiсторыi беларускага народа: земства, батрак, рэкрут, аршын, фунт, лапцi, андарак.

У склад пасiўнага слоўнiка ўваходзяць i словы, якiя яшчэ не набылi агульнай вядомасцi i дастаткова шырокага выкарыстання – неалагiзмы: дызайн, гала-канцэрт, iмiдж, аудытар, брокер.