Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
правапіс вялікай і малой літары.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
120.83 Кб
Скачать

6

§ 26. Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў

1. З вялікай літары пішуцца:

найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;

прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;

імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун - удар грому, іуда (юда) - здраднік, цмок - змей, тытан - волат, фурыя - злосная істота;

уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз - ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга - агідная старая, буцэфал - стары конь, атлант - у архітэктуры;

агульныя назвы істот, а таксама з'яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.

2. З малой літары пішуцца:

слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой ім, з вамі), алах з ім;

слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог - бог неба;

агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш.

Каментарый. Параграф "Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў" уведзены ў правілы ўпершыню. Гэта зроблена з мэтай упарадкавання правапісу вялікай і малой літар у названай групе найменняў. Неабходнасць і мэтазгоднасць такога параграфа прадыктавана перш за ўсё зменамі ў сучаснай пісьмовай практыцы, дзе ў апошнія два дзесяцігоддзі шырока распаўсюдзілася напісанне вялікай літары ў словах Бог, Гасподзь, Усявышні, Царыца Нябесная і г. д. Таму нарматыўнае замацаванне такіх напісанняў цалкам заканамернае і апраўданае. Яно будзе садзейнічаць павышэнню аднастайнасці перадачы падобных напісанняў у сучаснай пісьмовай практыцы, а таксама паслужыць сведчаннем павагі да гэтай актуальнай для беларускага грамадства сферы духоўнага жыцця. Гэтым правілам рэгламентуецца правапіс вялікай і малой літар у назвах, звязаных з іншымі рэлігіямі, што складае асаблівую цяжкасць для карыстальнікаў беларускай мовы.

У § 26 таксама ўсталёўваецца напісанне вялікай і малой літар у найменнях легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў; уласных назвах уяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў; агульных назвах істот, а таксама з'яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.).

Пры вывучэнні гэтага правіла неабходна звярнуць увагу на наступныя моманты.

1. З вялікай літары пішуцца не толькіўсе найменні найвышэйшых бостваў ва ўсіх рэлігійных культах (Яхве, Шыва, Вішну, Гасподзь), але і ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя найменні (Бог Дух Святы, Прасвятая Троіца, Прачыстая Уладычыца Нябесная).

  1. Неабходна адрозніваць напісанне вялікай літары ў імёнах легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў (Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Пярун, Цмок) і малой літары ў адпаведных агульных назвах (пярун - удар грому, іуда / юда - здраднік, цмок - змей, тытан - волат, фурыя - злосная істота).

  2. Таксама адрозніваецца напісанне вялікай літары ва ўласных назвах уяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў (Дзед Мароз, Баба Яга, Буцэфал, Атлант) і малой літары ў аналагічных словах, калі яны ўжываюцца як агульныя назвы (дзед-мароз - ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга - агідная старая, буцэфал - стары конь, атлант - у архітэктуры).

  3. Пэўныя цяжкасці можа выклікаць напісанне малой літары ў назоўніках, якія з'яўляюцца агульнымі назвамі жывых істот і разнастайных з'яў і прадметаў (заяц, ліса, воўк, мядзведзь, дрэва, сонца, праўда), і вялікай літары, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (Заяц, Ліса, Воўк, Мядзведзь, Дрэва, Сонца, Праўда). Напрыклад: Праз дарогу перабег шэры заяц; Толькі ў вельмі рэдкіх выпадках воўк можа напасці на чалавека; але: Прыйшоў аднойчы Заяц да Мядзведзя і кожа: "Хадзем са мной на агарод капусту секчы". Тое ж самае датычыцца і пераносных вобразных назваў жывых істот: Рыжая (пра лісу), Касалапы (пра мядзведзя) і інш.

  4. Трэба цвёрда засвоіць, што з малой літары пішацца слова бог ва ўстойлівых выразах, не звязаных са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці: бог яго ведае, бог з табой (з ім, з вамі).

Таксама з малой літары пішацца слова бог, калі яно ўжываецца ў спалучэнні з асабовай назвай: славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог. З малой літары пішацца слова бог у формах множнага ліку, а таксама ў значэнні аднаго з мноства багоў або ў пераносным: багі Парнаса, пантэон багоў, бог вайны.

  1. Агульныя назвы апостал, прарок, мучанік і іншыя перад асабовымі імёнамі пішуцца з малой літары: апостал Павел, прарок Ілья. Калі гэтыя словы стаяць пасля асабовых імёнаў, то яны могуць пісацца праз злучок (Ілья-прарок).

  2. Новымі правіламі ўстанаўліваецца напісанне вялікай літары ў словах, якія абазначаюць найважнейшыя для хрысціянскай традыцыі паняцці і ўжываюцца ў значэнні ўласных імёнаў: Слова (Спачатку было Слова), Крыж Гасподні, Страшны Суд, Святы Дух; але: святым духам невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

8. З вялікай літары пішуцца прыметнікі, утвораныя ад слоў Бог, Госпад (Гасподзь): Гасподняя воля, Боская міласць, але: божая кароўка.