Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

11.1. Агульная характарыстыка навуковага стылю

Навуковы стыль маўлення прызначаны для перадачы і захоўвання навуковых ведаў. Ён абслугоўвае разнастайныя галіны ведаў і рэалізуецца ў манаграфіях, дысертацыях, навуковых дакладах, артыкулах, рэфератах, тэзісах, паведамленнях, лекцыях, навучальных дапаможніках, падручніках, курсавых і дыпломных працах і інш.

Вылучаюць наступныя рысы навуковага стылю:

—аб’ектыўнасць навуковых сцверджанняў,

—аргументаванасць выкладу,

—інфармацыйная насычанасць,

—лагічнасць,

—абстрактнасць,

—доказнасць,

—лаканічнасць,

—адсутнасць вобразнасці.

11.2. Моўныя асаблівасці тэкстаў навуковага стылю

11.2.1. Лексічныя і фразеалагічныя асаблівасці

1. Стылістычна нейтральныя словы i выразы складаюць аснову лекciчнага саставу навуковага стылю, аднак гэта не з'яўляецца яго адметнай асаблiвасцю: год, стагоддзе, аўтамабiль, вынік, вышыня і г.д.

2. Тэрміналагічны характар: словы агульнанавуковага ўжывання выкарыстоўваюцца ў навуковых тэкстах розных галiн ведаў: эксперымент, аналіз, вывад, узаемасувязь, мноства, сiнтэз, сiстэма, працэс i г.д. Ужываецца і вузкаспецыяльная тэрмiналогiя. Гэта словы i спалучэнннi, якiя дакладна абазначаюць спецыяльныя паняццi i, акрамя навуковых тэкстаў, нiдзе не ўжываюцца: цытрон, нейрон, айканімiя, генетыўная метафара, адасобленае азначэнне.

3. У навуковых тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца не часта і выконваюць намінатыўную функцыю. Звычайна ўжываюцца ўстойлiвыя спалучэннi тэрмiналагiчнага характару, інакш кніжныя фразеалагізмы: пасiўная лексiка, бронзавы век, звонкі зычны, актуальная тэма, чырвоная нітка, навуковы інтарэс і інш. Разам з тым можна сустрэць нешматлікія фразеалагізмы, якія функцыянальна не замацаваны за пэўным стылем: час ад часу, усё роўна, перш-наперш, у крайнім выпадку.

4. Адсутнасць нелітаратурнай лексікі — жарганізмаў, дыялектызмаў, размоўных, грубых і лаянкавых слоў.

5. Ужыванне скарачэнняў, умоўных абазначэнняў, формул, графікаў, схем і г.д.: Х-ХІ стст., 1941 г. і інш.

11.2.2. Марфалагічныя асаблівасці

1. Шырока ўжываюцца iншамоўныя марфемы: анты-, агра-, радыё-, дэз-, дэ-, -мер, -ізм, -логiя, -оід, -фон і iнш.: антыгістарычны, аграбіялогія, радыётэлефанія, дэзiнфармаваць, дэблакіраваць, секундамер, аўтамадэлiзм, радыялогiя, астэроiд, ксiлафон.

2. Іменны характар мовы, перавага іменных часцін мовы над дзеясловамі.

3. Шырокае выкарыстанне абстрактных назоўнiкаў, якія заканчваюцца на -асць, -нне, -цыя: абумоўленасць, залежнасць, ужыванне, даследаванне, класіфікацыя, сістэматызацыя.

4. Характэрна ўжыванне назоўнiкаў адзiночнага лiку ў значэннi множнага:

Аэд — вандроўны пясняр-iмправiзатар у старажытнай Грэцыi; Вольха — род лiсцепадобных дрэў i кустарнікаў сямейства бярозавых.

Абстрактныя i рэчыўныя назоўнiкi ў навуковым стылi могуць ужывацца ў форме множнага лiку, набываючы канкрэтнае і тэрміналагічнае значэнне: магутнасцi, частоты, кіслоты, нiзкiя - высокiя тэмпературы, белыя i чырвоныя глiны, калiйныя солi, шумы ў сэрцы.

5. Пераважае форма роднага склону назоўнiкаў: тэарэма Пiфагора, норма лiтаратурнай мовы, аксiёма паралельнасцi.

6. У састаўных тэрмiнах пашырана выкарыстанне прыметнікаў: анегiнская страфа, матываваная назва, актыўная тэмпература.

7. Адсутнасць асабовых займеннікаў я, ты, вы і наяўнасць займенніка мы для абазначэння любой асобы: мы можам прасачыць

8. Назiраюцца асаблiвасцi ва ўжыванні дзеясловаў: характэрны формы цяперашняга часу дзеясловаў (цяперашнi пазачасавы): атамы рухаюцца, вуглярод уваходзiць у склад вуглякiслага газу; не выкарыстоўваюцца формы 2-й асобы адзiночнага і множнага лiку дзеясловаў; замест формы 1-й асобы адзiночнага лiку часцей выкарыстоўваецца форма 1-й асобы множнага лiку: праводзiм даследаванне, аналiзавалi звесткi, вылучаем з мноства; характэрны дзеясловы незакончанага трывання, якія ў навуковых тэкстах складаюць 80 %: параўноўваем, вылiчваем. Дзеясловы закончанага трывання часта выкарыстоўваюцца ў форме будучага часу: разгледзiм праблему, правядзём эксперымент.

9. Высокая частотнасць састаўных адыменных злучнікаў і прыназоўнікаў: пры дапамозе, у сувязі з, у адпаведнасці з, па прычыне, у адносінах, у залежнасці ад і інш.