Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

10.1. Тэрміны і іх асаблівасці

Сучасны прагрэс навукі спрыяе ўзнікненню новых прадметаў, аб’ектаў, паняццяў, з’яў, што ў сваю чаргу знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўзбагачэнні спецыяльнай лексікі новымі адзінкамі. У кожнай прафесіі часцей ужываецца адметная група слоў, неабходных для абслугоўвання пэўнай спецыяльнасці. У мовазнаўстве такую лексіку называюць спецыяльнай і традыцыйна ў ёй вызначаюць дзве групы: прафесіяналізмы і тэрміны. Шэраг даследчыкаў у самастойную групу спецыяльнай лексікі адносяць і наменклатурныя назвы. Наменклатура (ад лацін. nomenclatura = пералік, роспіс імён) — сукупнасць уласных імён і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб’ектам навукі і тэхнікі. Кожная галіновая тэрміналогія змяшчае сваю сістэму номенаў, г.зн. асобных элементаў наменклатуры. «Номен – гэта проста назва канкрэтнага аб’екта, прадмета, у нязначнай ступені звязаная з паняційным бокам. Такім чынам, адметнай рысай номена з’яўляецца яго назыўная функцыя» [4, c.19]. Напрыклад, катэр «Волга», цукеркі «Кара-кум», абутак «Белвест», ЭВМ «Мінск-32», пшаніца «Адэская-51» і інш.

Прафесіяналізмы – гэта словы і словазлучэнні, распаўсюджаныя пераважна ў гутарковай мове сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці. Напрыклад, «шапка» — агульны загаловак для некалькіх газетных заметак, «дворнік» — шклоачышчальнік, «халасцяк» — парожні рэйс, «балванка» — кампактны дыск і інш.

Тэрмін (ад лацін. terminus = канец, мяжа) — гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце з галіны навукі, тэхнікі, культуры, вытворчасці. Асаблівасць тэрмінаў заключаецца ў тым, што значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а значэнне, сутнасць тэрміна павінна быць вызначана.

«Тэрміны і прафесіяналізмы адрозніваюцца паміж сабой цэлым шэрагам прыкмет:

а) часам і шляхамі свайго фармавання (прафесіяналізмы ўтвараюцца значна раней і стыхійна, а ўтварэнне тэрмінаў адбываецца пазней і носіць мэтанакіраваны характар);

б) нарматыўным статусам (тэрмін з’яўляецца афіцыйна ўзаконенай назвай навуковага паняцця, а прафесіяналізм — гэта слова, уласцівае гаворцы якой-небудзь групы асоб, аб’яднаных агульнай прафесіяй);

в) адносінамі да экспрэсіўнасці (прафесіяналізмы амаль заўсёды экспрэсіўныя, а тэрміны стылістычна нейтральныя);

г) выкарыстаннем у розных тыпах тэкстаў (тэрміны пераважаюць у пісьмовых тэкстах, а прафесіяналізмы — у вусных);

д) пашыранасцю ў межах агульнанацыянальнай мовы (тэрміны маюць агульнанацыянальны і часам інтэрнацыянальны характар, а прафесіяналізмы нярэдка носяць мясцовы характар);

е) функцыянальнай нагрузкай (у шэрагу выпадкаў прафесіяналізмы з’яўляюцца функцыянальна другаснымі сінонімамі размоўна-экспрэсіўнага характару ў адносінах да эквівалентных ім па значэнні тэрмінаў)» [7, с.31]. Слова «тэрміналогія» («тэрмінасістэма») мае два асноўныя значэнні: 1) сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва; 2) сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы. Існуе тэрміналогія грамадска-палітычная, юрыдычная, лінгвістычная, эканамічная, тэхнічная, гандлёвая, ваенная і інш.

Тэрмін павінен адпавядаць наступным патрабаванням:

1) Дакладнасць.

2) Наяўнасць дэфініцыі (азначэння), г.зн., што сутнасць тэрміна павінна быць вызначана, а не растлумачана, як значэнне звычайнага слова.

3) Стылістычная нейтральнасць.

4) Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: рукаў (рукі), падол (гары), нос (мыс), калена, гняздо (металургія) і інш.

5) Кароткасць, г.зн. імкненне да максімальнага скарачэння тэрміна: ілжэсведчанне, саўдзельніцтва.

6) Адназначнасць, г.зн. кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце. Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, і мнагазначнасць знаходзіць пашырэнне ў тэрміналогіі (напрыклад, словаўтварэнне — ’працэс утварэння новых слоў’ і ’раздзел мовазнаўства, які вывучае марфемную структуру і спосабы ўтварэння слоў’, абзац — ’адступленне ўправа ў пачатку радка’ і ’частка тэксту паміж такімі адступленнямі’).

7) Сістэмнасць, г.зн. што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрміна — страта тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад. Напрыклад, адназначнасць тэрмінаў падкрэсліваецца менавіта праз іх прыналежнасць адпаведнай тэрміналагічнай сістэме. Параўнайце: слова эліпс у мовазнаўстве — ’пропуск у маўленні слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту’, а эліпс у матэматыцы — ’разамкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак застаецца пастаяннай’.

Паводле ўжывання тэрміналагічная лексіка бывае агульнаўжывальнай (кісларод, жанр, аэробіка, атам) і вузкаспецыяльнай (інтэрфейс, элятыў, субморф, інварыянт).