Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

8.6. Лексіка паводле ступені ўжывання

На кожным этапе развіцця мовы суіснуе лексіка актыўная (словы, якія ведаюць і актыўна ўжываюць усе носьбіты мовы) і пасіўная (словы, зразумелыя для большасці носьбітаў мовы, але яны ўжываюцца рэдка і захоўваюць адценне ўстарэласці або навізны).

Устарэлымі лічацца словы, што ў сучаснай беларускай мове выйшлі з актыўнага выкарыстання. Сярод іх вылучаюцца гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы — гэта назвы пэўных прадметаў, з’яў мінулых эпох (кальчуга, лапці, ураднік, пан, калчан, бурмістр, гайдук); гістарызмы не маюць сінонімаў і ўжываюцца як нейтральныя словы ў навуковай, вучэбнай і мастацкай літаратуры пры апісанні старажытнасці, тлумачэнні гістарычных падзей. Архаізмы гэта ўстарэлыя назвы сучасных прадметаў і з’яў, якія ў працэсе развіцця мовы былі заменены новымі словамі-сінонімамі (параўн. раць і войска, чало і лоб, перст і палец).

Неалагізмы — гэта словы, якія называюць новыя паняцці з розных сфер дзейнасці чалавека і не ўвайшлі ў склад агульнай лексікі ў пэўны час свайго існавання. Кожная мова на працягу свайго развіцця няспынна папаўняецца неалагізмамі. Асабліва шмат новых слоў з’яўляецца ў сувязі са значнымі сацыяльна-палітычнымі зрухамі, зменамі ў вытворчасці, навуцы, мастацтве. Калі жыццёвая з’ява, якую абазначае неалагізм, страчвае актуальнасць, то і само слова паступова пачынае ўспрымацца як устарэлае (рабфак, кулак, серадняк, вылучэнец), а калі новае слова адпавядае законам мовы, а з’ява, якую гэта слова называе, жывая, то яно вельмі хутка перастае ўспрымацца як неалагізм і пераходзіць у групу агульнаўжывальных слоў, што з цягам часу нават узаконьваецца слоўнікамі літаратурнай мовы (рэйтынг, дыскета, інтэрпол, інвестар, сайт, аэробус).

8.7. Беларуская лексікаграфія

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos = слоўнікавы і grapho = пішу) — раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тэорыя і практыка ўкладання слоўнікаў.

1) Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; яны ў сціслай форме апісваюць сусвет, даюць навуковыя веды пра з’явы, падзеі, прадметы, звесткі пра гістарычных асоб, вядомых дзеячаў навукі і культуры і інш.:

а) універсальныя слоўнікі прадстаўляюць сістэму па ўсіх галінах ведаў. Самы вялікі – «Беларуская Энцыклапедыя» ў 18 тамах;

б) галіновыя даюць апісанне якой-небудзь галіны ведаў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6-ці тамах (з 1993 г.), «Этнаграфія Беларусі» (1980, 1989 гг.), «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (1993 г.), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994 г.);

в) біяграфічныя прысвечаны апісанню звестак з жыцця і дзейнасці вядомых асоб: «Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік» (1986 г.), «Францыск Скарына і яго час» (1988 г.).

2) Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы (іх значэнне, ужыванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне і г.д.) ці ўстойлівыя спалучэнні слоў:

  • гістарычныя сістэматызуюць і тлумачаць лексіку пісьмовых помнікаў мінулых эпох: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Т. 1 — 18 (1982 — 1999 гг.);

  • тэрміналагічныя сістэматызуюць і тлумачаць тэрміны розных галін навукі і тэхнікі: Сцяцко П.У., Гуліцкі М.Ф., Антанюк Л.А. «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990 г.); Сувораў Ю.М. «Тэрміны, імёны, даты: Школьны гістарычны слоўнік» (1971 г.) і інш;

  • тлумачальныя даюць сэнсавую характарыстыку слоў: «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996 г.), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі (1999 г.) у 2 тамах;

  • слоўнікі мовы пісьменнікаў адлюстроўваюць словы, якія ўжываліся аўтарам у яго творах: Анічэнка У.В. «Слоўнік мовы Скарыны». Т. 1 — 3 (1977 — 1994 г.), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8-мі тамах (з 1997 г.);

  • этымалагічныя раскрываюць паходжанне слоў і ўстойлівых спалучэнняў: «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» Т. 1 — 8 (1978 — 1993г.); «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» I.Я.Лепешава (1993 г.);

  • арфаграфічныя даюць правільнае, замацаванае нормамі арфаграфіі напісанне слоў і іх формаў: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М.П.Лобана, М.Р.Судніка (1990 г.); «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэд. М.Б.Бірылы (1987 г.);

  • фразеалагічныя даюць семантычнае і стылістычнае апісанне фразеалагізмаў: «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» ў 2-х тамах I.Я.Лепешава (1993 г.);

  • слоўнікі прыказак і прымавак даюць семантычную і стылістычную характарыстыку прыказак і прымавак: Шкраба I., Шкраба Р. «Крынічнае слова» (1987 г.); Лепешаў I.Я., Якалцэвіч М.А. «Слоўнік беларускіх прыказак» (1996 г., 2006 г.);

  • марфемныя слоўнікі ілюструюць падзел слоў на марфемы: «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна (1989 г.);

  • словаўтваральныя слоўнікі дэманструюць утваральную структуру слова: А.М.Бардовіч, М.М.Крутылевіч, А.А.Лукашанец «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2000 г.);

  • слоўнік сінонімаў прадстаўляе сінанімічную лексіку: М.К.Клышка «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» (1993 г.);

  • слоўнік эпітэтаў сістэматызуе і апісвае вобразныя абазначэнні: Н.В.Гаўрош «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» (1998 г.);

  • «Слоўнік паронімаў беларускай мовы С.М.Грабчыкава (1994 г.) дае тлумачэнне прыкладна 3300 слоў, блізкіх па гучанні, але розных паводле значэння;

  • «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991 г.) вызначае тыпы амонімаў і аб’ядноўвае іх у аманімічныя пары і групы;

  • «Слоўнік антонімаў беларускай мовы: Канкрэтныя выпадкі ўжывання» У.М.Лазоўскага (1994 г.) тлумачыць антонімы і аб’ядноўвае іх у антанімічныя пары і групы.