Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Шандроха Н.Э. Дапаможнік Прафесійнае маўленне г...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.13 Mб
Скачать

8.3. Безэквівалентная лексіка

Безэквівалентную лексіку складаюць словы, што называюць адмысловыя рэаліі пэўнай краіны, самабытныя паняцці яе жыхароў. Падобныя рэаліі і паняцці або адсутнічаюць у іншамоўных краінах, або аднаслоўна не лексікалізуюцца там (параўн. беларускія словы: лявоніха, вырай, дзядзінец, замчышча, знічка, кажан, покут, сёлета і г.д., што аднаслоўна не перакладаюцца на суседнюю рускую мову). Адпаведнае беларускае безэквівалентнае слова перакладаецца неадналексемнымі адпаведнікамі іншых моў, у прыватнасці рускай:

1) словазлучэннямі (параўн.: жаўцяк — жёлтый песок, жвірынка — крупинка гравия, кнігарня — книжный магазин і г.д.);

2) апісальнай сінтаксічнай канструкцыяй (параўн.: вырай — тёплые страны, куда летят зимовать перелётные птицы; брама — главный вход в виде двухстворчатых крытых сверху ворот і г.д.).

Тэматычны спектр беларускай безэквівалентнай лексікі з’яўляецца даволі шырокім:

1) намінацыі прадметаў матэрыяльнай культуры:

а) назвы разнастайных прылад працы, інструментаў, прыстасаванняў і іх частак (параўн.: жорны, рагач, сахар, стаўлец, шаршатка і інш.);

б) назвы розных пабудоў і іх частак (параўн.: вазоўня, дубэльты, камяніца, кляштар, лецішча і інш.);

в) назвы хатняга начыння і яго частак (параўн.: блінцоўка, конаўка, кубель, мядніца, цёрла і інш.);

г) назвы прыгатаванай ежы і сыравіны для яе (параўн.: вантрабянка, верашчака, грачанік, зацірка, панцак, смажэнік, шаткаванка і інш.);

д) назвы ткацкіх вырабаў, адзення, абутку і інш. (параўн.: баваўнянка, вышыванка, брыль, гумовікі, насоўка, трапкач і інш.);

е) назвы ўчасткаў прасторы, асвоеных чалавекам (параўн.: брукаванка, дзядзінец, падворак, пакоша, поплаў, цвінтар і інш.);

ё) найменні прадпрыемстваў па вырабу чаго-небудзь (параўн.: алейня, гарбарня, цагельня, цукроўня, цыркулярка і інш.);

2) найменні духоўнага жыцця, унутранай культуры беларусаў:

а) абазначэнні разнастайных адрэзкаў часу, на якія прыпадаюць працоўныя, святочныя і іншыя падзеі (параўн.: дзяды, закоскі, прысвятак, шчадрэц, фэст і інш.);

б) назвы розных прафесій, роду заняткаў, працоўных дзеянняў і г.д. (параўн.: кавальства, каморніцтва, сенаванне, талака, шарварка і інш.);

в) найменні рэлігійных і сацыяльных паняццяў (параўн.: духоўніцтва, панскасць, староства і інш.);

г) найменні разумовых паняццяў і дзеянняў (параўн.: клёк, цымус, чытанка і інш.);

3) найменні прыродных з’яў і рэалій, жывёл, птушак (няма адналексемных адпаведнікаў у рускай мове): азярышча — место, где когда-то было озеро; бусліха — самка аиста; жыгучка — жгучая крапива і інш., назвы людзей (параўн.: бяседнік — участник застолья, званый гость; бывалец — бывалый человек; заможнік — зажиточный, состоятельный человек і інш.).

Безэквівалентная лексіка ўключае словы розных часцін мовы: назоўнікі (параўн.: аброк — корм для лошадей і інш.), дзеясловы (параўн.: адхукаць — отогреть дыханием і інш.), прыметнікі (параўн.: гартоўны — крепкой закалки і інш.), прыслоўі (параўн.: апоўдні — в середине дня і інш.), лічэбнікі (параўн.: паўчварта — три с половиной).

Безэквівалентныя словы ўяўляюць цяжкасць для іх разумення і ўжывання найперш для носьбітаў іншаземных моў. Разам з тым праблема ўжывання безэквівалентнай лексікі існуе не толькі для небеларусаў, але і для многіх карэнных жыхароў нашай краіны, якія выракліся роднай мовы і лічаць яе ўжыванне малапрэстыжным [25, с.402-407].