Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Семінар № 1-2013-2014 г..doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
130.05 Кб
Скачать

Семінар № 1. Фарміраванне беларускага этнасу.

План:

  1. Засяленне беларускіх зямель. Этнас і яго гістарычныя формы.

  2. Індаеўрапейскі перыяд гісторыі Беларусі: балцкі і славянскі перыяды.

  3. Узнікненне беларускага этнасу: розныя падыходы і канцэпцыі.

4. Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, ”Беларусь”. § 1. Засяленне беларускіх зямель. Этнас і яго гістарычные формы.

Чалавек вылучыўся з жывёльнага свету прыблізна два мільёны гадоў таму. Гэта адбылося ў Афрыцы. Прыкладна мільён гадоў назад людзі засялілі Міжземнамор’е, а затым Каўказ і поўдзень Украіны. Чалавек з’явіўся на планеце Зямля ў перыяд старажытна-каменнага веку, які ў археалогіі называецца палеалітам. У ніжнім і сярэднім палеаліце жылі людзі, якіх вучоныя назвалі піцекантрапамі і неандэртальцамі, а ў верхнім палеаліце (прыкладна 40 тыс. гг. назад) сфарміраваўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу, якога называюць краманьёнцам.

Калі на Зямлі з’явіліся першыя людзі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі чалавек яшчэ доўгі час не пражываў. Першае пранікненне людзей на гэтую тэрыторыю адбылося толькі ў верхнім палеаліце, прыкладна 40 тыс. гадоў таму назад. Пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі. Яго храналагічныя рамкі: 40 тыс. гг. да н.э. – 3 – 2 тыс. гг. да н.э. Ен супадае з каменным векам.

З верхнім палеалітам звязана ледніковая эпоха (16 – 8 тыс. гг. да н.э.), калі адбылося некалькі абледзяненняў тэрыторыі сучаснай Беларусі. Магчыма, у час, які папярэднічаў ледніку, магчыма, у межледніковую эпоху, калі адбываліся кароткія пацяпленні, на гэтай тэрыторыі пасяліліся і жылі першыя людзі.

Вядомы дзве самыя старажытныя верхнепалеалітычныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі. Адна з іх – на Прыпяці, каля в. Юравічы (26 тыс. гг. да н.э.), недалёка ад Мазыра, другая – на Сожы, ля в. Бердыж (23 тыс. гг. да н.э.), недалёка ад Чачэрска. На гэтых стаянках, якія адкрыў у сярэдзіне 1920-х гг. беларускі археолаг К.М. Палікарповіч, пражывала прыблізна 50 чалавек. Магчыма, існавалі і іншыя стаянкі, але, па меркаванню вучоных, агульная колькасць жыхароў на усей тэрыторыі Беларусі наўрад ці перавышала 100 – 200 чалавек.

10 – 8 тыс. гг. да н.э. леднік канчаткова саступіў (мы і сення можам назіраць яго сляды: глыбокія рэкі і азеры на поўначы краіны) і людзі вярнуліся на тэрыторыю Беларусі. Па меры адступлення ледніка ў сярэднім каменным веку, мезаліце (8 – 5 тыс. гг. да н.э.) адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. Засяленне ажыццяўлялася з розных месц і накірункаў (па р. Сож, Дняпро, Прыпяць) рознымі групамі насельніцтва. У далінах буйных рэк з’явілася першая сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак людзей ( з іх на Палессі – 66), агульная колькасць насельніцтва складала прыкладна 4,5 – 6 тыс. чалавек.

У вельмі цяжкіх умовах жыцця чалавек вымушаны быў навучыцца здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жыллё, удасканальваць спосабы палявання на буйных жывёл.Навакольнае асяроддзе таіла шмат пагроз для першабытнага чалавека, таму людзі жылі не паасобку, а раннеродавой абшчынай. Некалькі абшчын аб’ядноўваліся ў род, спачатку мацярынскі. Род быў уласнікам пэўнай тэрыторыі, вёў калектыўную гаспадарку, меў агульную маёмасць.

Радавыя абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Асноўныя прылады працы вырабляліся з крэмню (крэмніевыя пласціны, сякеры, цяслы, разцы, скрабкі, скоблі), дрэва або касці. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Памочнікам чалавека на паляванні стаў сабака. Значнае месца займала рыбалоўства.

Каменны век завяршыўся эпохай новага каменнага веку – неаліту (4 – 3 тыс. гг. да н.э.). На тэрыторыі сучаснай Беларусі выяўлена больш за 500 паселішчаў эпохі неаліту, агульная колькасць насельніцтва складала 27 – 36 тыс. чалавек. Вытворчая гаспадарка яшчэ адсутнічала. Насельніцтва па‑ранейшаму займалася збіральніцтвам, паляваннем і рыбнай лоўляй. Акрамя лука на паляванні сталі прымяняць лоўчыя ямы і пасткі. Вынаходніцтва сетак зрабіла рыбалоўства больш надзейнай крыніцай забеспячэння людзей харчаваннем. З’явіліся вострадонны гліняны посуд, прадзенне і ткацтва. Удасканальваліся прылады працы: сякера, цясла, долата.

Прыкладна ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. у Падзвінні і Падняпроўі з’явілася фіна-угорскае насельніцтва, а на крайнім паўднёвым захадзе Папрыпяцця – невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва (гэта было высветлена вычонымі па гідраніміі – назвах рэк і азер).

Пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты вялікі ў гісторыі чалавецтва гаспадарчы пераварот атрымаў назву неалітычнай рэвалюцыі, або першай цывілізацыйнай рэвалюцыі.

Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Сляды іх не знойдзены. Узнікае пытанне: “Што такое этнас, якія яго прыкметы?”.

Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца 1) этнічная тэрыторыя, 2) мова, 3) культура, 4) побыт, 5) псіхалагічны склад, 6) самасвядомасць. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі, а навука, якая вывучае асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання называецца этнаграфіяй (народазнаўствам).