Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Яцухна В.I. Тэорыя лiтаратуры. Частка 1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
925.18 Кб
Скачать

Літаратура

Введение в литературоведение.— 2-е изд., доп.— М., 1983.

Поспелов Г.Н. Теория литературы.— М., 1978.

Теории, школы, концепции (критические анализы). Художественное произведение и личность.— М., 1975.

Тынянов Ю.Н. Иллюстрации // Тынянов Ю.Н. Поэтика. История литературы. Кино.— М., 1979.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

РАЗДЗЕЛ ІV

ФУНКЦЫЯНАВАННЕ ЛІТАРАТУРЫ

1. успрыманне літаратуры

і некаторыя асаблівасці ўзаемадачыненняў

чытача і аўтара ў гэтым працэсе

Адным з важных момантаў функцыянавання літаратуры з’яўляецца ўспрыманне яе твораў чытачамі. Адпаведна, што ў гэтым працэсе нельга абыйсціся без аўтара. Узаемадачыненні чытача і аўтара ў працэсе ўспрымання літаратурных твораў даволі складаныя і ў пэўнай ступені ўмоўныя, бо пісьменнік і чытач не ўступаюць у непасрэдны прамы дыялог: ён паміж імі ўяўны і скрыты. Наогул жа закранутая праблема надзвычай шматаспектная і шэрагам сваіх граней выходзіць на псіхалогію, сацыялогію, семіётыку і іншыя навукі.

У самім працэсе ўспрымання вылучаюць два моманты. Па-першае, пры засваенні літаратурнага твора чытач імкнецца прама, непасрэдна, неаналітычна, цэласна адгукнуцца на яго, зрэагаваць на твор «па волі душы і сэрца». Разам з тым паралельна ідзе працэс абдумвання прачытанага, імкнення разабрацца ў прычынах выкліканых творам эмоцый.

Непасрэдныя імпульсы і розум чытача суадносяцца з творчай воляй аўтара твора даволі няпроста. Тут маюць месца і залежнасць суб’екта ўспрымання ад мастака-творцы, і самастойнасць першага ў дачыненні да другога. Абмяркоўваючы праблему «чытач — аўтар», якая, як ужо адзначалася вышэй, выходзіць за межы ўласна літаратуразнаўства, вучоныя выказваюць самыя розныя, часам палярныя адно другому меркаванні. Яны альбо абсалютызуюць чытацкую ініцыятыву, альбо, наадварот, сцвярджаюць момант паслухмянасці чытача аўтару як нейкую бясспрэчную норму ўспрымання літаратуры.

Калі браць айчыннае літаратуразнаўства, то першага кшталту «крэн» маў месца ў выказваннях А. Патэбні, які лічыў асноўнай заслугай мастака ўменне стварыць надзвычай гнуткі вобраз, здольны разрасціся ва ўяўленні чытача і набыць там самы розны сэнс. Практычна поўную незалежнасць чытачоў у працэсе ўспрымання твораў ад памкненняў і намераў іх аўтараў прапагандуюць сучасныя постструктуралісты, і асабліва Р. Барт1.

Апанентам А. Патэбні быў вядомы літаратуразнаўца А. Скафтымаў, які падкрэсліваў ледзь не поўную залежнасць чытача ад аўтара ў працэсе ўспрымання твора.

Як зазначае В. Халізеў, «абазначаныя пункты гледжання, маючы несумненныя падставы, у той жа час і аднабаковыя, так як знамянуюць засяроджанасць альбо на няпэўнасці і адкрытасці, альбо, наадварот, на пэўнасці і адназначнай яснасці мастацкага сэнсу. Абедзве гэтыя крайнасці пераадольваюцца герменеўтычна арыентаваным літаратуразнаўствам, якое разумее адносіны чытача і аўтара як дыялог, субяседаванне, сустрэчу. Літаратурны твор для чытача — гэта адначасова і ўмяшчальня пэўнага кола пачуццяў і думак, што належаць аўтару і ім выражаюцца, і ўзбуджальнік (стымулятар) яго ўласнай духоўнай ініцыятывы і энергіі»1. Свае высновы вучоны падмацоўвае думкамі Я. Мукаржоўскага наконт наяўнасці ў творы нейкага своеасаблівага «стрыжня», складзенага з творчых намераў аўтара, вакол якога ў працэсе ўспрымання групуюцца «асацыятыўныя ўяўленні і пачуцці», што ўзнікаюць у чытача незалежна ад волі аўтара2. «Да гэтага можна дадаць, па-першае, што ў вельмі многіх выпадках чытацкае ўспрыманне аказваецца пераважна суб’ектыўным, а то і зусім адвольным: неразумеючым, мінуючым творчыя намеры аўтара, яго погляд на свет і мастацкую канцэпцыю. І, па-другое (і гэта галоўнае), для чытача аптымальным з’яўляецца сінтэз глыбокага спасціжэння асобы аўтара, яго творчай волі і ўласнай (чытацкай) духоўнай ініцыятывы»3.

Каб дыялогі-сустрэчы, якія ўзбагачаюць чытача, адбыліся, яму патрэбны і эстэтычны густ, і жывы інтарэс, цікавасць да аўтара і яго твораў, і здольнасць непасрэдна адчуваць мастацкія вартасці гэтых твораў. Акрамя таго, на чытанне трэба глядзець, гаворачы словамі В. Асмуса, як на «працу і творчасць»4. Гэта своеасаблівая норма, аптымальны варыянт чытацкага ўспрымання. Аднак не заўсёды адзначаныя патрабаванні, калі так можна іх назваць, выконваюцца. Ды і наогул не могуць выконвацца, таму што аўтарскія арыентацыі на густы і інтарэсы чытацкай публікі бываюць самыя розныя. Па гэтай прычыне літаратуразнаўства, а таксама шэраг сумежных дысцыплін (сацыялогія літаратуры, псіхалогія літаратуры і інш.) вывучаюць чытача ў розных яго ракурсах, галоўнае ж — у яго культурна-гістарычнай шматаблічнасці.