Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Яцухна В.I. Тэорыя лiтаратуры. Частка 1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
925.18 Кб
Скачать

Літаратура

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии.— М., 1972.

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в.— Мн., 1985.

Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т .— Мн., 1999.— Т. 1.

Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука.— 2-е выд., дапр. і дап.— Мн., 1991.

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984–1988.— Т. 1–5.

4.3. Развіццё беларускай літаратурнай навукі ў 1920–1930-я гг.

1920–1930-я гг. сталі якасна новым этапам у станаўленні і развіцці беларускай літаратурнай навукі. Менавіта ў дадзены перыяд, і асабліва ў першай яго палове, беларускае літаратуразнаўства надзвычай вырасла, пасталела і набыло статут самастойнай нацыянальнай галіны навуковых ведаў.

Дасяг­ненні беларускага літаратуразнаўства гэтага часу ў першую чаргу звязаны з дзейнасцю М. Гарэцкага, І. Замоціна, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага, М. Піятуховіча. Усе яны ў той альбо іншай ступені мелі дачыненне да Інбелкульта, які з’яўляўся асноўным каардынацыйным цэнтрам беларускага літаратуразнаўства на працягу 1922–1928 гг. З 1927 г. у ім існаваў аддзел гуманітарных навук, у які ўваходзіла і кафедра беларускай літаратуры (з камісіяй па выданні твораў беларускіх пісьменнікаў). Выда­валіся «Запіскі аддзела гуманітарных навук» Інбелкульта.

Максімам Гарэцкім напісана першая сістэматызаваная навуковая праца па гісторыі развіцця беларускай літаратуры, якая стала адначасова і першым грунтоўным падручнікам па беларускай літаратуры. У ёй разгледжана развіццё нашай нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да першых паслякастрычніцкіх гадоў, ахарактарызаваны вядомыя на той час літаратурныя помнікі, творы новай і найноўшай літаратуры, паказана станаўленне літаратурных плыней і кірункаў, вызначана месца і роля вядучых аўтараў у гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. «Гісторыя беларускае літаратуры» М. Гарэцкага вытрымала некалькі выданняў і, што таксама немалаважна, не страціла сваёй каштоўнасці і практыч­най значнасці па сённяшні дзень. Немалыя заслугі М. Гарэцкага і ў станаўленні беларускай літаратурнай крытыкі. Ён даволі рэгу­лярна змяшчаў у розных перыядычных выданнях свае крытыка-біяграфічныя нарысы па творчасці самых розных аўтараў — як пісьменнікаў-адраджэнцаў старэйшага пакалення, так і маладых літаратараў. Як буйны вучоны-літаратуразнаўца М. Гарэцкі не мог не выпрацаваць уласную тэарэтыка-метада­лагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў «Назваслоўі», якое ўвайшло ў склад «Гісторыі беларускае літаратуры» выдання 1924-га г.

Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча («М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс», 1927), дра­матургіі Я. Купалы («Беларуская драматургія», 1927), Ц. Гартнага («Драматычныя творы Цішкі Гартнага», 1928), ліра-эпасу Я. Коласа («Пуціны беларускай літаратуры. Якуб Колас. «Новая зямля», 1924; «Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926). Прыкметнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве сталі спробы І. Замоціна стварыць самастойны кірунак даследавання на аснове т. зв. «тэорыі чатырох сінтэзаў» (спалучэнне пры аналізе генетычнага, фар­мальна-мастацкага, сацыялагічнага і ідэалагічнага падыходаў). І. Замоцін слушна крытыкаваў многае ў тагачасных модных фрэйдысцкіх і інтуітывісцкіх канцэпцыях, фармалістычных трак­тоўках мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпах яго вывучэння.

Шмат цікавых назіранняў над творчасцю М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа зрабіў Аляксандр Вазнясенскі. Асабліва неабходна вылучыць яго працу «Паэтыка М. Багдановіча» (1926), якая была адной з этапных з’яў у распрацоўцы пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі. На жаль, А. Вазнясенскі даволі доўгі час знаходзіўся ў палоне фармальнага метаду, што перашкодзіла яму сапраўды аб’ектыўна ацаніць многія з’явы ў беларускім прыго­жым пісьменстве.

Этапнымі ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі ў беларускім літаратуразнаўстве сталі таксама працы Яўгена Барычэўскага «Паэтыка літаратурных жанраў» (1927) і «Тэорыя санета» (1927). Даследчык арганічна спалучаў у літаратуразнаўчым аналізе гісторыю развіцця і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы. Гэтым вучоны замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходу да мастацтва.

Даволі значнай фігурай у беларускім літаратуразнаўстве 1920–1930-х гг. быў Мікола Піятуховіч. Але, на жаль, яго літаратуразнаўчая кан­цэпцыя мела вельмі моцны сацыялагізатарскі ўхіл. Яскрава гэта выявілася і ў адной з самых буйных прац даследчыка — «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» (1928). У аснову перыядызацыі літаратуры М. Піятуховіч паклаў этапы эканамічнага развіцця грамадства. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадзянскай гісторыі і літаратуры, выводзячы ўзровень развіцця прыгожага пісьменства не­пасрэдна з узроўню эканомікі, Піятуховіч не здолеў глыбока вы­явіць вядучыя тэндэнцыі літаратурнага працэсу, аб’ектыўна ацаніць творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Цёткі.

На станаўленне і далейшае развіццё маладой беларускай літаратурнай навукі ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. аказвала плённае ўздзеянне літаратурная крытыка, як правіла, пісьменніцкая. Найбольш значныя дасягненні беларускай літаратурнай крытыкі гэтага перыяду звязаны з дзейнасцю літаратурных арганізацый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і іх аднайменных перыядычных выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё ідэйна-эстэтычныя праграмы дадзеных аб’яднанняў. У распрацоўцы тэарэтычных асноў беларускай крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга належыць А. Бабарэку, У. Дубоўку, К. Чорнаму, Я. Пушчу, Ф. Купцэвічу.

Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» (1926), «Творчасць К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» (1928) і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых беларускіх майстроў слова.

У канцы 1920-х гг. распачалася сур’ёзная тэксталагічная праца, звязаная з падрыхтоўкай да выдання двухтомніка М. Багдановіча, а таксама збораў твораў Я. Купалы і Я. Коласа.

Развіццё беларускага літаратуразнаўства ў 1930-я гг. адбывалася ў надзвычай складаных умовах: грубейшыя парушэнні законнасці, што мелі месца ў гэты час, істотна запаволілі далейшы рост літаратурнай навукі і крытычнай думкі; акрамя таго, палітычныя абставіны ўнутры краіны паўплывалі на ўзмацненне вульгарнага сацыялагізму і дагматызму ў крытычных ацэнках.

У 1930-я гг. вывучэнне літаратуры было сканцэнтравана пераважна ў Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Першачарговай задачай з’яўлялася падрыхтоўка навуковай «Гісторыі беларускай літаратуры». У 1932–1934 гг. калектыў у складзе І. Замоціна, М. Аляхновіча, М. Піятуховіча, М. Ларчанкі і некаторых іншых вучоных напісаў шэраг раздзелаў для гэтай працы. Але, на вялікі жаль, завяршыць яе паспяхова не ўдалося. Аўтары не пераадолелі цяжкасцей, звязаных з тэарэтычнай рас­працоўкай прынцыпаў пабудовы «Гісторыі беларускай літаратуры» як абагульняючай працы і ўстанаўленнем закана­мернасцей літаратурнага развіцця. Адмоўны ўплыў на даследчы­каў зрабіла таксама назвычай узмацніўшая к таму часу сваю дзейнасць т. зв. «аглабельная» крытыка ў асобах Л. Бэндэ, А. Кучара, В. Вольскага і некат. інш.