Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Яцухна В.I. Тэорыя лiтаратуры. Частка 1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
925.18 Кб
Скачать

Літаратура

Введение в литературоведение. Хрестоматия / Под ред. П.А. Николаева.— 3-е изд., испр. и доп.— М., 1997.

Волков И.Ф. Теория литературы.— М., 1995.

Гуляев Н.А. Теория литературы.— М., 1985.

История эстетической мысли: В 6 т.— М., 1986—1989.— Т. 4–6.

Литературный энциклопедический словарь.— М., 1987.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литературове­дения.— М., 1988.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука.— 2-е выд., дапр. і дап.— Мн., 1991.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

3.2. Псіхааналітычная школа

Псіхааналіз у літаратуразнаўстве — гэта спосаб трактоўкі літаратурных твораў у адпаведнасці з вучэннем псіхалогіі аб падсвядомым. Псіхааналіз разглядае літаратурную творчасць як сублімаванае сімвалічнае выражэнне першапачатковых псіхалагічных імпульсаў і памкненняў асобы (інфантыльна-сек­суальных у сваёй аснове), якія не прыняты рэальнасцю, адверг­нуты ёю, але разам з тым знайшлі сваю пэўную кампенсацыю ў галіне фантазіі. Псіхааналіз выяўляе ў гісторыі літаратуры шэраг устойлівых сюжэтных схем, у якіх аўтар, на думку прадстаўнікоў гэтай школы, ідэнтыфікуе сябе з героем і малюе альбо здзяйсненне сваіх падсвядомых жаданняў, альбо іх трагічнае сутыкненне з сіламі сацыяльнай і маральнай забароны (так, у «Цары Эдзіпе» Сафокла, «Гамлеце» У. Шэкспіра, «Братах Карамазавых» Ф. Дастаеўскага вар’іруецца, згодна з псіхааналітычнай канцэпцыяй, адзін і той жа матыў бацьказабойства, звязаны з выцясненнем т. зв. «эдзіпавага комплексу»).

Першыя ўзоры прымянення псіхааналізу да літаратуры і мастацтва даў аўстрыйскі ўрач і псіхолаг Зыгмунд Фрэйд (1856–1939) у працах «Паэт і фантазія», «Дастаеўскі і бацьказабойства» і інш. Дарэчы, той жа Фрэйд папярэджваў супраць змешвання задач псіхааналізу і літаратуразнаўства: псіхааналіз падыходзіць да літаратуры толькі як да сюжэтна-ілюстрацыйнага матэрыялу і сам па сабе не ў стане растлумачыць розніцу паміж шэдэўрам і яго пераказам альбо рэпрадукцыяй, паміж вялікім пісьменнікам і радавым неўротыкам ці снаведам. Найбольш адэкватна псіхааналіз дапасуецца да прадуктаў міфалогіі і т. зв. «масавай» літаратуры, дзе свядомае «я» яшчэ не выдзелена ці ўжо растворана ў бессвядомым «яно» і дзе амаль што адсутнічаюць эстэтычныя крытэрыі. Наогул фрэйдысцкі псіхааналіз накіраваны на творчы працэс, спрабуючы выявіць біяграфічную падаплёку мастацкай дзейнасці і яе прадуктаў.

Дзейнасць Фрэйда праходзіла ва ўмовах, калі псіхалагічны падыход да вырашэння праблем грамадскага і асабістага жыцця меў вялікае распаўсюджанне. Папярэднікам Фрэйда быў нямецкі псіхолаг Э. Гартман, які абгрунтаваў у сваёй даволі аб’ёмістай працы «Філасофія падсвядомага» (1869) палажэнне аб важнасці гэтага самага падсвядомага. Фрэйд жа развіў вучэнне Гартмана і галоўны ўхіл у ім зрабіў на сексуальныя памкненні і інстынкт самазахавання.

Мастацтва для Фрэйда — гэта свет ілюзій, галіна фантастычнага жыцця, вельмі блізкая да сноў. Акрамя таго, надзвычай вялікая роля ў ім адводзіцца сімвалам. У сувязі з гэтым Фрэйдам ствараецца і абгрунтоўваецца тэорыя сімвалізацыі, якая павінна, на думку вучонага, складаць аснову мастацтва. У шматстайнасці сімвалічнага зместу, атрыманага ў выніку выяўлення праз фантазію адвергнутых рэальнасцю жаданняў і памкненняў, ды яшчэ з сексуальным адценнем, Фрэйдам якраз і бачыцца сутнасць мастацтва.

Даволі своеасабліва, поўнасцю ў русле ўласнай тэорыі, Фрэйд дае трактоўку шэрагу твораў выяўленчага мастацтва і літаратуры. Так, напрыклад, у артыкуле «Леанарда да Вінчы. Успаміны дзяцінства» аўтар тлумачыць жаночыя вобразы вялікага фларэнційца ўплывам дзіцячых перажыванняў. Пры стварэнні «Моны Лізы» Леанарда знаходзіўся пад уплывам надзвычай востра перажытага ім у дзяцінстве растання з маці (што зусім верагодна) і выразіў быццам бы свае кровазмяшальныя памкненні. Аналагічным чынам трактуюцца трагедыі Шэкспіра «Кароль Лір», «Гамлет», «Макбет». Так, Гамлет для Фрэйда — «сусветна вядомы неўротык» з яркай праявай эдзіпавага комплексу і хваравітай псіхікі. Раскаянне ледзі Макбет разглядаецца ім як рэакцыя на бяздзетнасць, якая быццам бы ўмацавала яе ў думцы наконт бяссілля перад законамі прыроды і адначасова напомніла аб віне. У творчасці Дастаеўскага Фрэйд бачыць выражэнне псіхалагічнага вобліку аўтара — асобы «грэшніка, мараліста і неўротыка». Дастаеўскі ў яго ўяўленні — «імпульсіўная натура з разбуральнымі схільнасцямі»1, якія былі пераможаны «веліччу інтэлекту» і велізарнай любоўю да чалавецтва. Пазней падобная метадалогія атрымала шырокае распаўсюджанне сярод вучняў і адзінадумцаў Фрэйда ў многіх еўрапейскіх краінах і ЗША.

Пры ўсіх недахопах і адмоўных момантах канцэпцыя З. Фрэйда была пэўным крокам наперад у паступальным развіцці навукі. Ёсць у вучэнні Фрэйда рысы, якія застаўляюць імпанаваць дадзенай канцэпцыі. Фрэйд быў перакананы ў тым, што неабходнай якасцю мастака павінна быць здольнасць лепш за іншых разумець свае ўласныя супярэчнасці і недахопы і думаць аб творчасці як аб сродку вылечвання недахопаў і хвароб нашага недасканалага свету, сродку барацьбы за сапраўдную чалавечнасць. Мастак характарызуецца ім як чалавек, здольны да захавання свайго псіхічнага здароўя ў «хворым свеце» і, да ўсяго яшчэ, мець жаданне лячыць іншых. Прыняцце гэтага палажэння прывяло ў шэраг прыхільнікаў фрэйдызму такіх вядомых мастакоў слова, як С. Цвейг, А. Цвейг, І. Бергман і інш.

Фрэйдысцкі псіхааналіз парадзіў даволі прадстаўнічую школу. Найбольшае распаўсюджанне ён атрымаў у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, ЗША. Некаторыя яго прыхільнікі ёсць у Англіі і Францыі. Асаблівая роля ў распрацоўцы вучэння Фрэйда належыць яго паслядоўнікам К. Юнгу, О. Ранку, Л. Вальдштэйну, І. Нейфельду, Э. Джоўнзу.

Швейцарскі псіхолаг і філосаф Карл Юнг (1875–1961) запазычыў у свайго настаўніка ўяўленне аб дамінанце бессвядомага над свядомасцю, але разам з тым выступіў супраць перабольшвання сексуальных памкненняў у чалавеку, асобе. Юнг даў сваю трактоўку бессвядомага, якое разумелася ім як характэрная для ўсіх людзей спадчына мінулага. Палажэнне аб «калектыўным бессвядомым» — цэнтральнае паняцце «аналітычнай псіхалогіі» Юнга. Гэтая з’ява звязвалася швейцарскім псіхолагам з біялагічным механізмам спадчыннасці, у якім вучоны вызначыў «архетыпы бессвядомага». Так, архетып «Цені» — гэта схаваная частка злачыннай асобы далёкіх звярыных продкаў; архетып «Аніма» — інфантыльнае ўяўленне аб маці. Растлумачваючы псіхалогію творчай дзейнасці, Юнг увёў паняцце «самасці», якое ўключае ў сябе свядомасць і бессвядомае і з’яўляецца ядром творчага пачатку. У мастаку вучоны бачыць псіхааналітыка і духоўнага лекара, здольнага адчуваць і «гаварыць архетыпамі». Асаблівы абавязак мастака, па Юнгу, заключаецца ў тым, каб, улавіўшы першым голас калектыўнага бессвядомага, папярэдзіць астатніх аб зменах у ім і ў выніку даць магчымасць чалавецтву ў некаторай ступені прагназаваць будучае.

Юнгіянскі пункт гледжання на мастацтва не атрымаў такога шырокага распаўсюджання ў мастацкай творчасці, тэорыі і літаратурнай крытыцы, як уласна фрэйдысцкі. Толькі тэарэтыкі і крытыкі абстракцыянізму ў выяўленчым мастацтве спрабуюць апраўдаць свае прынцыпы спасылкамі на «калектыўнае бессвядомае» чалавецтва.

Думкі Фрэйда аб Дастаеўскім атрымалі развіццё ў кнізе нямецкага псіхааналітыка І. Нейфельда «Дастаеўскі. Псіхааналітычны нарыс». Тэндэнцыйна асвятляючы асобныя факты жыцця пісьменніка, аўтар робіць выснову наконт таго, што лёс Дастаеўскага — пісьменніка і чалавека — вызначаўся праяўленнем комплексу Эдзіпа. Радасць ахвяры для каханай у «Бедных людзях», самаадрачэнне героя разглядаюцца як праява сексуальнасці. У апавяданнях «Нетачка Нязванава», «Ёлка і Вяселле» падкрэсліваецца эротыка дзяцей і дарослых. У рамане «Злачынства і пакаранне» даследчык спрабуе знайсці пачатак барацьбы пісьменніка з насланнём эдзіпавага комплексу, ад якога пісьменнік быццам бы так і не вызваліўся.

Як ужо адзначалася вышэй, вялікае распаўсюджанне фрэйдызм атрымаў у ЗША. Прафесар Калумбійскага універсітэта Л. Трылінг у кнізе «Фрэйд і крызіс нашай культуры» (1955) падкрэсліў велічнасць аўстрыйскага вучонага-псіхіатра з яго разуменнем галоўнай функцыі літаратуры — «данесці да нас асаблівасці «я» і яго сутыкненне са сваім грамадствам і сваёй культурай»1. Крызіс сучаснай культуры Трылінг бачыць у памяншэнні «дакладных звестак» аб «я» і яго суадносінах з культурай. Другі амерыканскі літаратуразнаўца Л. Фідлер у кнізе «Каханне і смерць у амерыканскім рамане» (1960) зрабіў спробу фрэйдзісцкай трактоўкі гісторыі амерыканскай літаратуры. Раманы Купера, Бічэр-Стоў, Мелвіла, Марка Твэна, Драйзера, Стэйбнека, Хэмінгуэя і Фолкнера разглядаюцца ім як варыянты праяўлення эдзіпавага комплексу. З фрэйдысцкіх пазіцый тлумачыцца сутнасць такіх мадэрнісцкіх плыняў, як сюррэалізм і абстракцыянізм.