
- •1. Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі
- •1.1. Самыя першыя крокі навукі аб літаратуры
- •Літаратура
- •1.2. Літаратуразнаўчая думка ў сярэднія вякі
- •Літаратура
- •1.3. Развіццё літаратурнай навукі ў эпоху Адраджэння
- •Літаратура
- •1.4. Літаратуразнаўчая думка краін Заходняй Еўропы ў хvіі ст.
- •Літаратура
- •1.5. Фарміраванне літаратуразнаўства як самастойнай навукі ў хvііі ст.
- •Літаратура
- •Літаратура
- •2.2. Міфалагічная школа
- •Літаратура
- •2.3. Біяграфічны метад
- •Літаратура
- •2.4. Культурна-гістарычная школа
- •Літаратура
- •2.5. Параўнальна-гістарычны метад
- •Літаратура
- •2.6. Псіхалагічная школа
- •Літаратура
- •2.7. Духоўна-гістарычная школа
- •Літаратура
- •2.8. Фармальны метад
- •Літаратура
- •2.9. Сацыялагічны метад
- •Літаратура
- •Літаратура
- •3.2. Псіхааналітычная школа
- •Літаратура
- •3.3. Фенаменалагічная школа
- •Літаратура
- •3.4. Літаратуразнаўчая герменеўтыка
- •Літаратура
- •3.5. Эстэтыка, літаратурная тэорыя і крытыка экзістэнцыялісцкага накірунку
- •Літаратура
- •3.6. «Новая крытыка»
- •Літаратура
- •3.7. Структуралізм. Постструктуралізм. Дэканструктывізм
- •Літаратура
- •4. Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускАга літаратуразнаўства
- •4.1. Ля вытокаў беларускай літаратурнай навукі
- •Літаратура
- •4.2. Фарміраванне ўласнага беларускага літаратуразнаўства
- •Літаратура
- •4.3. Развіццё беларускай літаратурнай навукі ў 1920–1930-я гг.
- •Літаратура
- •4.4. Беларускае літаратуразнаўства ў 1940-я – першай палове 1950-х гг.
- •Літаратура
- •4.5. Здабыткі і дасягненні беларускага літаратуразнаўства ў другой палове 1950-х – 1990-я гг.
- •Літаратура
- •Літаратура
- •2. Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная
- •Літаратура
- •3. Мастацкі вобраз
- •Літаратура
- •4. Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва
- •З кнігі г. Паспелава «Искусство и эстетика»
- •З падручніка «Марксистско-ленинская эстетика»
- •Літаратура
- •5. Пазнавальны аспект мастацтва
- •Літаратура
- •6. Аўтарскі пачатак у мастацтве
- •Літаратура
- •7. Аксіялагічны аспект мастацтва
- •Літаратура
- •Літаратура
- •2. Мастацкія магчымасці слова
- •Літаратура
- •3. «Нярэчыўнасць» вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка
- •Літаратура
- •4. Час і прастора ў літаратуры
- •Літаратура
- •5. Пазнавальныя магчымасці літаратуры і яе праблемнасць
- •Літаратура
- •6. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і. Літаратура ў сучасным тэхнізаваным свеце
- •Літаратура
- •Літаратура
- •2. Рэцэптыўная эстэтыка
- •Літаратура
- •3. Гісторыка-функцыянальнае вывучэнне літаратуры
- •Літаратура
- •4. Літаратурная крытыка як адзін з істотных кампанентаў і фактараў функцыянавання літаратуры
- •Літаратура
- •5.1. «Высокая літаратура». Літаратурная класіка
- •Літаратура
- •5.2. Масавая літаратура
- •Літаратура
- •5.3. Белетрыстыка
- •Літаратура
- •5.5. Элітарная і антыэлітарная канцэпцыі літаратуры і мастацтва
- •Літаратура
- •Тэорыя літаратуры: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў. Частка і
- •246019, Г. Гомель, вул. Савецкая, 104.
- •246019, Г. Гомель, вул. Савецкая, 104.
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ
«ГОМЕЛЬСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ»
В.І. ЯЦУХНА
ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ
ВУЧЭБНЫ ДАПАМОЖНІК
ДЛЯ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ
ЧАСТКА І
ГОМЕЛЬ
ГДУ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ
2002
УДК 82.0(075)
ББК 83.0 Я 73
Я 94
Рэцэнзенты:
кафедра тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта (загадчык кафедры доктар філалагічных навук, прафесар В.П. Рагойша);
доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі М.І. Мушынскі (Інстытут літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі).
Я 94 Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў. Частка І. Гомель: Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2002.— 147 с.
У дапаможніку, які прызначаны для студэнтаў-філолагаў, пададзены шэраг раздзелаў аднаго з важнейшых літаратуразнаўчых курсаў. Прасочаны этапы станаўлення літаратурнай навукі, ахарактарызаваны яе асноўныя метады і школы, у тым ліку і сучасныя. Асобны падраздзел прысвечаны шляхам развіцця беларускага літаратуразнаўства. З улікам дасягненняў і стану развіцця сучаснай літаратурнай навукі разгледжаны пытанні сутнасці і спецыфікі мастацтва, асаблівасці літаратуры як віду мастацтва, функцыянавання літаратуры.
УДК 82.0(075)
ББК 83.0 Я 73
© Яцухна В.І., 2002
© ГДУ імя Ф. Скарыны, 2002
РАЗДЗЕЛ І
З ГІСТОРЫІ РАЗВІЦЦЯ
ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА
УВОДЗІНЫ
Літаратуразнаўства ў сваім развіцці прайшло даволі вялікі шлях і з’яўляецца зараз адной з самых моцных і разгалінаваных мастацтвазнаўчых навук. Працэс жа станаўлення гэтай даволі спецыфічнай галіны навуковых ведаў быў вельмі няпростым.
Самыя першыя літаратуразнаўчыя меркаванні (зразумела, у межах агульных эстэтычных поглядаў у сувязі з сінкрэтызмам старажытнай свядомасці чалавека) адносяцца да часоў т. зв. «класічнай старажытнасці». Асабліва многа ў гэтым плане дала антычная эпоха. Менавіта на разважаннях Платона, Гарацыя, шэрагу іншых антычных філосафаў і мастакоў якраз і будавалася новая еўрапейская, ды і наогул уся сусветная эстэтычная і літаратуразнаўчая думка.
Заўважым таксама, што даволі глыбокія канцэпцыі літаратуры і мастацтва склаліся ў часы класічнай старажытнасці ў краінах Усходу, і ў першую чаргу ў Індыі і Кітаі.
Не надта шмат, але ж усё-такі дало крыху літаратурнай навуцы сярэднявечча. Прычым, значны ўклад у гэты працэс унеслі побач з прадстаўнікамі Заходняй Еўропы і вучоныя Візантыі.
Пачынаючы з эпохі Рэнесансу, літаратуразнаўчая думка развіваецца даволі шпаркімі крокамі: пішацца шмат мастацтвазнаўчых трактатаў, у якіх прама ці ўскосна закранаюцца пытанні літаратуры і яе тэорыі; ствараюцца (у асноўным на глебе антычных тэорый) першыя нацыянальныя паэтыкі; фарміруецца і набірае моц літаратурная крытыка; узнікаюць першыя мастацкія і літаратурныя дыскусіі.
Яшчэ большае паскарэнне дадзены працэс набывае ў ХVІІ і ХVІІІ стст.
К пачатку ХІХ ст. тэарэтыка-літаратурная думка набірае такую моц, што можна ўжо весці гаворку аб афармленні літаратуразнаўства ў самастойную навуку. У 30–40-х гг. гэтага стагоддзя ўзнікаюць першыя ўласна літаратуразнаўчыя канцэпцыі, фарміруюцца навуковыя школы і метады пазнання літаратуры (міфалагічная школа, біяграфічны метад). Зараджаецца параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства.
Літаратуразнаўства ў ХХ ст. — гэта ўжо навука з уласнымі традыцыямі, вялікім напрацаваным матэрыялам і вопытам. Яна прадстаўлена цэлым кангламератам самых разнастайных паводле філасофска-эстэтычнай базы і метадалагічна-канцэптуальнай напоўненасці напрамкаў і школ. Прычым, несупынна ідзе працэс удасканалення і абнаўлення як агульнай, так і прыватнай метадалогіі літаратуразнаўчага даследавання, насычэння яе новымі прыёмамі, заснаванымі на апошніх дасягненнях не толькі гуманітарных, але і дакладных навук.
1. Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі
1.1. Самыя першыя крокі навукі аб літаратуры
Эстэтычныя, а ў іх межах і літаратуразнаўчыя паняцці і канцэпцыі пачалі ўзнікаць па меры разбурэння першабытнага сінкрэтызму ва ўяўленнях чалавека, а таксама ў сувязі з паступовым выдзяленнем мастацтва ў адметную і спецыфічную форму грамадскай свядомасці і галіну культурнай дзейнасці людзей. Заўважым, што першапачатковыя тэарэтыка-літаратурныя ўяўленні былі практычна неадлучнымі ад агульнаэстэтычных і філасофскіх меркаванняў.
Самыя першыя развагі аб літаратуры і мастацтве сустракаюцца ў найстаражытнейшых пісьмовых помніках: у індыйскіх ведах (Х–ІІ стст. да н.э.), у кітайскай «Кнізе паданняў» («Шуцзін», V–ІV стст. да н.э.), у грэчаскіх «Іліядзе» і «Адысеі» (VІІІ–VІІ стст. да н.э.), шэрагу іншых прац.
Першыя канцэпцыі мастацтва ў Еўропе былі распрацаваны антычнымі вучонымі. Так, Платон (V–ІV стст. да н.э.) разгледзеў у русле аб’ектыўнага ідэалізму шэраг эстэтычных праблем (у тым ліку і праблему прыгожага), паспрабаваў вывесці гнасеалагічную прыроду мастацтва, акрэсліць яго выхаваўчую функцыю. Ён даў таксама некаторыя важныя звесткі і па ўласна тэорыі літаратуры, у прыватнасці, правёў падзел яе на роды.
У Арыстоцеля (ІV ст. да н.э.) пры захаванні агульнаэстэтычнага падыходу да мастацтва мы бачым ужо фарміраванне ўласна літаратуразнаўчых дысцыплін — паэтыкі і стылістыкі. Праца Арыстоцеля «Аб мастацтве паэзіі» (другая яе, пазнейшая назва «Паэтыка») стала першым сістэматычным выкладам асноў паэтыкі. Акрамя таго, яна адкрыла шматвяковую традыцыю стварэння спецыяльных нарматыўных трактатаў па гэтай дысцыпліне.
Развіваецца ў антычны час і рыторыка, у рамках якой адбываецца фарміраванне і станаўленне тэорыі прозы і стылістыкі. У антычнасці ляжаць таксама вытокі еўрапейскай літаратурнай крытыкі: меркаванні ранніх філосафаў аб Гамеры, супастаўленне трагедый Эсхіла і Еўрыпіда ў камедыі Арыстафана «Жабкі» (405 да н.э.), крытыка тэксту з пункту гледжання яго адпаведнасці арыгіналу, і г. д. Зараджаюцца таксама біябібліяграфія («Табліцы» Калімаха як правобраз літаратурнай энцыклапедыі), тэксталогія (перапісванне і каменціраванне тэкстаў).
Асабліва моцны штуршок для развіцця старажытнагрэчаскай літаратуразнаўчай думкі дала эпоха элінізму (ІV–І стст. да н.э.). Аб гэтым сведчыць дзейнасць Арыстафана Візантыйскага (287–180 да н.э.), ажыццявіўшага выданні Гамера, Гесіёда, грэчаскіх лірыкаў. Вучань Арыстафана Арыстарх Самафракійскі (215–145 да н.э.) даследаваў гамераўскі эпас з пункту гледжання адпаведнасці некаторых адлюстраваных у ім момантаў жыццёвым рэаліям. Шэраг цікавых заўваг аб аратарскім майстэрстве зрабіў Дзіянісій Галікарнаскі (І ст. да н.э.).
Старажытнарымская літаратурная тэорыя і крытыка прадстаўлена ў першую чаргу працай Гарацыя «Навука паэзіі» (І ст. да н.э.). Аўтар даволі плённа працягнуў і развіў у ёй традыцыі Арыстоцеля, закладзеныя ва ўжо згаданай вышэй «Паэтыцы». «Навука паэзіі» Гарацыя стала праз шаснаццаць стагоддзяў тэарэтычнай асновай класіцызму.
Шэраг праблем літаратуразнаўчага характару закранаюцца ў трактатах «За Архія» Марка Тулія Цыцэрона (106–43 да н.э.) і «Аб прыродзе рэчаў» Ціта Лукрэцыя Кара (99–54 да н.э.).
Глыбокія канцэпцыі літаратуры і мастацтва складваюцца ў часы класічнай старажытнасці ў краінах Усходу. Так, у Кітаі ў русле канфуцыянства фарміруецца вучэнне аб сацыяльна-выхаваўчай функцыі мастацтва, а ў русле даасізму — эстэтычная тэорыя прыгожага на аснове універсальнага творчага пачатку «дао».
Распрацоўваюцца пытанні літаратуры і ў Індыі, аб чым, напрыклад, сведчыць трактат «Нацьяшастра», які прыпісваецца Бхараце і датуецца прыкладна ІV ст.
Заўважым, што ва ўсіх усходніх мастацка-эстэтычных канцэпцыях прысутнічае вельмі моцны лінгвістычны, а дакладней, лінгва-стылістычны аспект. У цэлым жа станаўленне і развіццё літаратуразнаўчай думкі ў краінах Усходу вызначалася перавагай агульнатэарэтычных і агульнаэстэтычных метадаў над даследаваннямі гістарычнага і эвалюцыйнага плану, якія ўвайшлі тут у сілу толькі ў ХІХ–ХХ стст.