Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Работа N 1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
102.91 Кб
Скачать

Частка III

Стоп. А дзе ж тады другая, а можа, і трэцяя часткі рамана? Куды яны зніклі? Дзе яны зараз? Гэтым пытаннем задаецца і А. Мальдзіс:

“Сёння, праз дваццаць з лішкам год пасля таго інтэрв’ю, я часта задумваюся, чаму тады Караткевіч сказаў мне, што трэцяя і чацвертая кнігі рамана “ў асноўным” закончаны. Мы ж, члены камісіі па спадчыне пісьменніка, з надзеяй шукалі іх у яго архіве і расчароўваліся, знайшоўшы там толькі чарнавыя фрагменты, толькі накіды - “загатоўкі” ў запісных кніжках. Сказаў няпраўду ў тым 1967 годзе з нейкіх тактычных меркаванняў? Наўрад ці. Бо хлусні ён не любіў. Ды і не дазволіў бы ў адваротным выпадку анансаваць заканчэнне рамана ў “Полымі”. Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі “Каласоў…” Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхаілу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва “Мастацкая літаратура” . Яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года. Праўда, не раз, адбіваючыся ад нашых патрабаванняў не займацца “кнігаглупствамі”, а хутчэй закончыць раман, ён стагнаў:

- А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў – пад кулі, на катаргу, у ссылку… Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне – суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч – уласных дзяцей… Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?!

Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965-1967 гадоў Караткевіч паастыў у дачыненні да “Каласоў…”. Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданне(накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць “Зброя”, якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самастойным “адгалінаваннем”. Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа.

Аднак вернемся да пытання: куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг “Каласоў…”? Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай ”Мёртвых душ”. Але такія экзальтычныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. […] Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка – кніг, архіва, памятак – не мелі доступ пабочныя асобы.

Узважыўшы ўсе акалічнасці, мне здаецца, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. […] А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. […]

Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:

- Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!

У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. […] Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі(не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны “Каласоў…”.

Такі погляд мае Адам Мальдзіс. З некаторымі сцвярджэннямі ягонага варыянта лёсу працягу “Каласоў пад сярпом тваім” я згодны. Напрыклад, Уладзімір Сямёнавіч працаваў над працягам рамана, і ён калісьці існаваў да пэўнага часу. Але, мабыць, у пісьменніка былі прычыны , каб не друкаваць раман.

Аб тым, што працяг быў, сведчыць думка А.Вераб’я: “У лісце да Ераніма Стулпана ад 20 верасня 1962 года пісьменнік падчас плённай і натхнёнай працы над раманам пісаў, што галоўны герой твора выступае як улюбёнец лёсу. Акрэсленыя думкі былі ў Караткевіча і пра змест усяго твора, аб чым сведчаць чарнавыя накіды да яго і ягоны план, што захоўваюцца ў архівах. Напрыклад, у 71-й папцы хатняга архіва пісьменніка вызначаны яго працяг і заканчэнне. Там жа пададзены план рамана на 1862, 1863, 1864 і далейшыя гады. Напрыклад. План кнігі на 1864 год і эпілога такі:

  • Моцныя арышты…

  • Арышт Парафіяновіча і допыт яго. Выдаў…Тэлеграма Лосева.

  • Страта Раўбіча Франса.

  • Атрым.[ана] тэлег. [рама] Мураўёвым…

  • Арышт…

  • Дамініканы…Допыты начныя. Маўчанне…

  • І сакав.[іка] – Ваенна-палявы суд…

  • Камера. Пісьмы, вершы…

  • 10 сак.[авіка]1864 г. – Страта…

  • Выкрад.[анне] цела і пахав.[анне] яго…

Клятва Алеся. Буду з табой да канца, браце.

Развіт.[анне] назаўс.[ёды] з дзецьмі ад Карыцкай…

  • Канец верасня. Смерць Майкі…

  • Арышт Д.-М. [Дуніна-Марцінкевіча]…

Эпілог? Агонія?

  • Пец.[ярбургская] кватэра. Ён і Мсц.[іслаў]. П’юць…

  • Замах Каракозава. Задума забіць Мур.[аўева]…

  • Суд над Каракозавым… Смерць Мур.[аўева]. 31 авг.[уста] 1866г.

  • Выслізнуў… выраш.[ана] заб.[іць] цара…

  • См.[ерць] Мсціслава.

  • Зняверыўся. Ідзе на радзіму… Сустр.[акаецца] з Корчакам. Праз мяжу… Досыць ахвяр…

  • Сял.[янская] варта. Б’юць. Апошн.[ім] позіркам і як вішн.[ёвае] сонца… Серабрыстыя аблокі.

Канец

Аднак вядомыя нам архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што раман быў закончаны. Зазначым, што 1 лютага 1963 года ў ЛіМе з’явіўся раздзел з рамана “Студзеньскім цёмным світаннем”, дзеянне якога адбываецца 27 лютага 1864 года ў Вільні напярэдадні таго дня, калі туды прыбыла шыфравальная тэлеграма ад жандарскага палкоўніка Лосева аб месцазнаходжанні К.Каліноўскага. Там апісваецца страта Франса Раўбіча. На гэтым пакаранні прысутнічае Кастусь.

У 74-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца рукапіс двух раздзелаў з другой кнігі “Брань”(упершыню апублікаваны ў часопісе “Полымя”, 1989, №1), дзе апавядаецца пра далейшы лёс Алеся. Цэлы месяц пасля гарыпяціцкіх падзей ён сядзеў пад хатнім арыштам. Абараняючы сялян, даў паказанні. І вось вясной выйшаў на высокі правы бераг Дняпра. Сабака, які быў з ім, пагнаў свойскіх гусей, і яны, ратуючыся, паляцелі і селі далёка на ваду. Потым, ахвяруючы ўласным жыццём і пераадольваючы страх, Алесь праследуе шалёнага ваўка, забівае яго і ратуе ўкушанага зверам сялянскага хлопца.

На адвароце першай старонкі гэтага рукапісу Караткевіч алоўкам напісаў: “Пачаў 18 верасня 1964 г. у 11 г. дня. Дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і некаторыя другія”. У гэтай жа папцы захоўваюцца накіды да рамана, дзе пададзены ягоны план і названы героі.

Як частка рамана задумвалася і аповесць “Зброя” (упершыню апублікавана ў часопісе “Маладосць”, 1981, хатняга архіва пісьменніка, не мае паметы. Стыль твора і згадка пісьменніка пра ”раздзелы аб Маскве” ў заўвазе да двух раздзелаў з другой кнігі рамана (74-я папка хатняга архіва пісьменніка) дазваляюць выказаць думку, што аповесць магла быць напісана ў маі – верасні 1964 года.

Вядома, інтрыгуюць радкі з 74-й папкі хатняга архіва пісьменніка, што да 18 верасня 1964 года былі “напісаны раздзелы аб Маскве і некаторыя другія”. Нельга абысці ўвагай і словы пісьменніка з аўтабіяграфіі, напісанай 1 снежня 1964 года: “Пасля двух год перапынку здаў у “Полымя” новы свой раман “Каласы пад сярпом тваім”. Здаў першы том. Другі не выпускаю з рук, дапрацоўваю. Пастараюся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 г., Беларусі”.

У выступленні па абмеркаванні рамана 22 лютага 1967 года ў Саюзе пісьменнікаў Караткевіч сказаў: “Твор яшчэ не закончаны”. Чым скончыцца ўсё? Прымірэннем Корчака? Не. Сяляне зразумеюць, што яны страцілі ў асобе Корчака. А Кагутоў?

Хутчэй за ўсё два раздзелы з другой кнігі “Брань”, напісаныя ў верасні 1964 года, былі апошнімі старонкамі рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Прынамсі, мы не ведаем тых матэрыялаў, якія сведчылі б, што пісьменнік у далейшым працягваў свой твор.

Думаецца, цяжкасці з выданнем кнігі пэўным чынам паўплывалі на яе завяршэнне, перапынілі, збілі творчы імпэт мастака. Але і тады ён вельмі плённа працаваў. Іншыя творы таксама аднялі час ад “Каласоў…”. Паўтаралася сітуацыя сярэдзіны 50-ых гадоў, калі ён замест дысертацыі вырашыў стварыць мастацкую кнігу пра паўстанне 1863 года ці калі выношваў задуму напісаць сто тамоў твораў. Многае здзейснілася, а многае, на вялікі жаль, так і не ўдалося здзейсніць. І ў гэтым таксама нам бачыцца адметнасць, таямніца і загадка таленту і асобы Ул.Караткевіча.

Здаецца, істотнымі былі таксама і прычыны асабістага творчага плана. Пра іх добра сказаў пісьменнік у пасляслоўі да выдання рамана на рускай мове, што выйшаў у Мінску ў 1977 годзе: “Пакуль што гэта канец кнігі…

Канец кнігі таму, што мне страшна яе заканчваць. І пачатак таму, што мне нельга гэту кнігу не скончыць.

Разумееце, усё, што вы ў гэтай кнізе прачыталі (не зважаючы на ўсе наезды, бойкі, аблогі, дуэлі, нават забойства) – не было ідыліяй, “сялянкай”, як казалі продкі. Зараз пачынаецца нешта сур’ёзнае”. Пісьменнік марыў закончыць свой твор, паказаць і разгром паўстання. Але яму было страшна гэта зрабіць, бо надзвычай цяжка было паказаць смерць сваіх герояў, з якімі ён зрадніўся”.

Я лічу, што працяг рамана “Каласы пад сярпом тваім” існаваў. Я ўпэўнены ў тым, што чарнавікі астатніх кніг “Каласоў…” былі скрадзены ў чэрвені 1982 года. Я сцвярджаю, што працяг рамана існаваў, таму што Ул.Караткевіч меў дакладны план працягу рамана на кожны год. Пасля смерці пісьменніка былі знойдзены чарнавікі, запісы ў нататніках і дзённіках.