
Аддзел адукацыі Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №60 г. Гомеля”
Конкурсная работа
“Каласы пад сярпом тваім”:
Гісторыя твора”
Выканаў: Шастапалаў Ягор Іванавіч,
вучань 9 “А” класа
Кіраўнік: Садоўская Тамара Аляксееўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Дзяржаўнай ўстановы адукацыі
“Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №60г. Гомеля”
Гомель
2009
Змест
Уступ 3
Частка I 4
Частка II 7
Частка III 11
Заключэнне 17
Літаратура: 18
Уступ
Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, -
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!
Янка Купала “Цару неба й зямлі”
Менавіта гэтыя словы жадаў узяць Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч за эпіграф да твора пра паўстанне 1863-1864 гадоў. Але ягоныя мары і жаданні не здзейсніліся. Мне стала цікава: чаму? Вывучаючы шматлікія манаграфіі, даследванні, пытанняў станавілася ўсе больш і больш. І я вырашыў знайсці адказы на найбольш важныя пытанні:
Як ствараўся раман “Каласы пад сярпом тваім?”
Ці існавалі цяжкасці з яго выданнем?
Ці існаваў працяг рамана?
Які далейшы лёс твора?
Сваю працу я назваў “Каласы пад сярпом тваім”: гісторыя твора”. Бо самі “Каласы…” – наша гісторыя. Нехта сказаў, што калі ў нашай літаратуры з’явілася б яшчэ некалькі пісьменнікаў накшталт Уладзіміра Караткевіча, якія б апісалі гісторыю нашай краіны ад самага пачатку і да сённяшняга дня, то можна было б распусціць аддзел гісторыі АН РБ і не выдаваць дапаможнікі, бо кожны мог бы вывучаць гісторыю Радзімы па мастацкіх творах. І я з гэтым згодны. Але вернемся да працы, у якой я хачу як мага больш дакладна вывучыць праблему стварэння, выдання, працягу і далейшага лёсу рамана.
Частка I
Згодна манаграфіі А.Вераб’я “Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць” задума напісаць твор пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ўзнікла ў Уладзіміра Караткевіча яшчэ тады, калі ён быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Гэта прыкладна пачатак 50-х гадоў. Замест таго, каб хадзіць на лекцыі, ён сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад ягонымі вачыма паўставалі прываблівыя постаці продкаў – мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх – паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за “нашу і вашу” свабоду. З цягам часу ў пісьменніка расло жаданне расказаць пра іх подзвіг, зберагчы памяць. Уладзімір Сямёнавіч пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні і ўспаміны людзей. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым аўтару прыйшлося пашыраць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя “мосцікі” ў Вільню, Пецярбург, Варшаву. Але ў аўтабіяграфіі “Дарога, якую прайшоў” Уладзімір Караткевіч піша: “Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год.”, тым самым сам аўтар “Каласоў…” дае іншую дату з’яўлення задумы аб рамане – сярэдзіна 50-х гадоў.
У адной з запісных кніжак пісьменнік занатаваў, што пачатак рамана “Каласы пад сярпом тваім” прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года. Уладзімір Караткевіч запіша: “У вясну таго года, калі я пачаў пісаць раман, давялося мне плысці чоўнам па Дняпры. Ля адной вёскі (Азярышча-Я.Ш.), бераг якой рака вечна падгрызала, я ўбачыў на паўкруглым выступе старую дзічку – грушу, якая цвіла. Ясна было, што толькі каранямі яна зберагла сабе ў гэтым годзе жыццё, каб у наступным абурыцца ў вясновую палавень.”
Рукапіс рамана мае памету: “Пачаў па сапр.[аўднаму] 27 красавіка 62 г. Пятніца перад Вялікаднём.”
“Ад першай думкі, ад першага помыслу, - піша Уладзімір Сямёнавіч, - ад іх яшчэ да твора, як ад зямлі да неба. Тут пачынаюцца пакуты егіпецкія і адначасова ледзь не самы прыемны этап работы. Я збіраў матэрыял для “Каласоў пад сярпом тваім” дванаццаць год.
Шукаеш, капаешся ў архівах, ездзіш на месцы сражэнняў, пытаешся ў старых, скажам, у Мілавідах, што ім расказвалі бацькі і дзяды, дзе гэта было, хто адкуль ішоў. Словам, па слоўцу, па дакументу, па апавяданню, па пейзажы месца, дзе біліся. Кожнае адкрыццё выклікае лавіну асацыяцый, варыянтаў, мяняе калізіі, вымушае гаварыць ужо жывых у тваім уяўленні людзей.
Вось пан штурмуе манастыр, у якім схаваліся дачка з жаніхом(гэта дзеля характарыстыкі дзеда героя). Вось другі склікае гасцей на сваё пахаванне і ўстае з труны з келіхам шампанскага ў руцэ.
У дакуменце пра гэта – два радкі. І тут бярэцца за працу ўяўленне, ледзь не самае галоўнае для пісьменніка, асабліва на гэтым этапе”.
У 1964 і 1966 гадах Уладзімір Караткевіч працаваў у Вільнюскім гістарычным архіве. Яму было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Пасля шматлікіх падарожжаў у запісных кніжках пісьменніка засталіся запісы аб мясцінах, якія маюць дачыненне да паўстання, і аб людзях, якія прымалі ўдзел у ім. Так застаўся запіс аб паездцы да былога маёнтачка Анелін. Каля яго стаяў дубовы крыж, які па мясцовай легендзе быў асвечаны ў прысутнасці Кастуся Каліноўскага. Менавіта сюды ён прыязджаў да сваёй Марыські. Узважыўшы ўсе акалічнасці(прыступкі, якія засталіся ад дома, старое гумно, высокія дрэвы і інш.), Уладзімір Сямёнавіч прыйшоў да вываду:
- Ну, вядома, тут быў ён, Каліноўскі! Бо хто ж яшчэ?
У адной з папак асабістага архіва пісьменніка захоўваюцца накіды да рамана, дзе ёсць таксама план будучага рамана, які падзелены на наступныя часткі:
Частка І. Усход(Сяйва дня)
Частка ІІ. Брань(Страта)
Частка ІІІ. Вараннё(Галгофа)
У канцы рукапісу першай кнігі, на 611 старонцы, ёсць памета: Канец першай кнігі 18 мая 1964 г. 23.47.