
Лекцыя № 3. Мнагазначныя словы і амонімы. План лекцыі
Семантычная структура мнагазначнага слова. Сутнасць полісеміі. Прамыя (асноўныя) і пераносныя (вытворныя) значэнні, дынаміка іх узаемаадносін. Метафарычныя, метанімічныя і сінекдахальныя сувязі значэнняў мнагазначнага слова.
Амонімы. Структурныя тыпы амонімаў. Прычыны ўзнікнення амонімаў (сацыялінгвістычныя, фанетычныя, словаўтваральныя, звязаныя з распадам мнагазначнасці).
Крытэрыі размежавання аманіміі і мнагазначнасці. Міжмоўныя амонімы ў беларускай мове.
Ключавыя паняцці
полісемія
монасемія
метафара
метанімія
сінекдаха
граматычная сінекдаха
аманімія
міжмоўная аманімія
лексічныя амонімы
графічныя амонімы
фанетычныя амонімы
граматычныя амонімы
АМОНІМЫ (грэч. homos – аднолькавы і onyma – імя) – словы аднолькавага гукавога складу, якія не маюць нічога агульнага ў семантыцы: бойка (бітва) – бойка (прылада для збівання масла), тур (першабытны дзікі бык) – тур (этап гульні, спаборніцтва, адзін круг танца). Узнікненню амонімаў спрыяе тая акалічнасць, што колькасць гукаў мовы, якія выступаюць як будаўнічы матэрыял для словатворчасці, абмежавана, і фанетычныя супадзенні непазбежныя: палова (адна з дзвюх роўных частак) – палова (мякіна). Запазычаныя з іншых моў словы таксама могуць выпадкова супасці па гучанні з беларускімі: лава (прадмет сялянскай мэблі) – лава (вывяржэнне вулкана (іт.)). Часам запазычваецца іншамоўная аманімічная пара. З французскай мовы прыйшлі словы кар’ер (хуткі бег каня) і кар’ер (месца здабычы карысных выкапняў). Амонімы могуць быць вынікам распаду семантычных сувязей паміж асобнымі значэннямі мнагазначнага слова: журавель (балотная птушка) і журавель (прыстасаванне пры калодзежы).
Вялікае практычнае значэнне, у прыватнасці для ўкладальнікаў розных відаў слоўнікаў, мае праблема размежавання аманіміі і мнагазначнасці. У гэтых мэтах выкарыстоўваюцца наступныя крытэрыі: семантычны, словаўтваральны і сінтагматычны. Згодна з семантычным крытэрыем, аднолькавыя па гучанні словы з’яўляюцца амонімамі тады, калі кожнае з іх уваходзіць у склад самастойнага сінанімічнага рада, як у наступным прыкладзе: слова гасцінец са значэннем “вялікая бойкая дарога” знаходзіцца ў сінанімічным радзе са словамі дарога, шлях, тракт, а гасцінец са значэннем “рэч, ласунак, якія падносяць каму-небудзь як падарунак” – са словамі падарунак, прэзент, паднашэнне. Калі ж аднолькавыя па гучанні словы не ўтвараюць самастойных сінанімічных радоў, тады гэта не амонімы, а мнагазначнае слова. Напрыклад, слова першы са значэннем “які з’яўляецца пачатковым этапам” сінанімічнае словам першапачатковы, пачатковы, а са значэннем “які пераўзыходзіць у якіх-небудзь адносінах усіх астатніх” – слову галоўны, якое ў сваю чаргу сінанімічнае словам першапачатковы, пачатковы, таму першы – гэта мнагазначнае слова.
Пры выкарыстанні словаўтваральнага крытэрыя неабходна ад аднолькавых па гучанні слоў складаць словаўтваральныя рады. Амонімы ў наяўнасці тады, калі словаўтваральныя рады розныя, калі ж яны складаюцца з аднолькавых слоў – тады гэта мнагазначнае слова. Так, слова рысь “хуткі алюр” знаходзіцца ў такім словаўтваральным радзе, як рысак, рысістасць, рысіць, а рысь “драпежная жывёліна” – рысянё, рысіны. Словаўтваральныя рады розныя, значыць, гэта амонімы. Да слова вечар “час сутак” аднакаранёвыя вечарэць, вечаровы, вечараваць, вечарам, вечарына. Такім жа будзе словаўтваральны рад і ў выпадку, калі вечар мае значэнне “вячэрняе прадстаўленне”. Словаўтваральныя рады аднолькавыя, значыць, гэта мнагазначнае слова.
Сінтагматычны крытэрый патрабуе выяўленне спалучальных магчымасцей аднолькавых па гучанні слоў. Кожнаму амоніму ўласцівая свая сфера сінтагматычнай спалучальнасці: гасцінец “бойкая дарога, шлях, тракт” спалучаецца са словам працягнуўся, а гасцінец “рэч, ласунак у якасці падарунка” – атрымаў. Для мнагазначных слоў спалучальныя сувязі аднолькавыя: вечар у значэннях “час сутак” і “вячэрняе прадстаўленне” можа спалучацца з адным і тым жа словам пачаўся.
Крытэрыем можа быць і суаднесенасць аднолькавых па гучанні слоў з лексіка-семантычнымі групамі. Гэтыя групы павінны быць розныя для аманімічных слоў. Так, гасцінец “бойкая дарога, шлях” уваходзіць у склад тэматычнай групы “Шляхі зносін”, гасцінец “рэч, ласунак у якасці падарунка” – “Сувеніры і падарункі”. Прадметам вывучэння лексікалогіі з’яўляюцца лексічныя амонімы.
ЛЕКСІЧНЫЯ АМОНІМЫ належаць да адной і той жа часціны мовы і супадаюць у вымаўленні і на пісьме або ва ўсіх граматычных формах, або толькі ў некаторых. У адпаведнасці з характарам гэтага супадзення, яны падзяляюцца на дзве разнавіднасці. Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах (тур і тур), няпоўныя – не ва усіх (адрываць (ад адрыць) і адрываць (ад адарваць).
З’ява аманіміі пашыраецца не толькі на лексіку. Назіраюцца графічныя, фанетычныя і граматычныя амонімы. Яны тэрміналагічна замацаваны і маюць свае асаблівасці.
ГРАФІЧНЫЯ АМОНІМЫ, або АМОГРАФЫ (грэч. homos – аднолькавы і grapho – пішу), – гэта словы, якія пішуцца аднолькава, але адрозніваюцца ў вымаўленні месцам націску : музыка – музыка, прагнуць – прагнуць.
ФАНЕТЫЧНЫЯ АМОНІМЫ, або АМАФОНЫ (ад грэч. homos – аднолькавы, phone – голас, гук ) – словы, якія маюць аднолькавае гучанне, але рознае напісанне: лёд – лёт, казка – каска, козка – коска. Разнавіднасцю амафонаў лічацца імёны ўласныя і агульныя, якія супадаюць у гучанні : Вера – вера, Раман – раман.
ГРАМАТЫЧНЫЯ АМОНІМЫ, або АМАФОРМЫ (грэч. homos – аднолькавы і morphe – форма ), – гэта словы, якія звычайна адносяцца да розных часцін мовы, супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх марфалагічных формах: вусны (назоўнік ) і вусны (прыметнік), соты (назоўнік) і соты (лічэбнік), расці (неазначальная форма дзеяслова) і расці (форма загаднага ладу дзеяслова).