
- •ГІстарычныя каментарыі да курса марфалогіі сучаснай беларускай мовы уводзіны
- •Аб’ект, Прадмет і задачы курса
- •Сувязь курса з іншымі лінгвістычнымі навукамі
- •Прынцыпы і функцыі гістарычнага вывучэння мовы
- •Спіс навуковай літаратуры па курсу
- •Марфалогія аСноўныя паняцці і тэрміны
- •Марфемная структура слова і змены ў ёй
Марфалогія аСноўныя паняцці і тэрміны
Марфалогія – раздзел граматыкі, які вывучае марфемную структуру слова і змены ў ёй, марфалагічныя катэгорыі і лексіка-граматычныя класы слоў (часціны мовы), а таксама іх парадыгмы. Сінтагматычныя адносіны слоў і словаформаў вывучае другі раздзел граматыкі – сінтаксіс.
Асноўным аб’ектам марфалогіі з’яўляецца слова, якое разглядаецца ў адзінстве яго лексічнага і граматычнага значэнняў. Пры гэтым пад граматычным значэннем слова разумеецца абагульненае, адцягненае значэнне, уласцівае цэламу раду слоў, словаформаў, якое мае ў мове рэгулярнае выражэнне. “У галіне марфалогіі гэта агульныя значэнні слоў як часцін мовы (напрыклад, значэнне прадметнасці ў назоўнікаў, працэсуальнае ў дзеясловаў), а таксама прыватныя значэнні словаформаў і слоў у цэлым, якія супрацьпастаўляюцца ў межах марфалагічных катэгорый”.1
Граматычныя значэнні маюць розныя спосабы выражэння:
афіксацыя (краіна – краіны, марыў – марыла, прыгожы – прыгажэйшы – найпрыгажэйшы), якая часам суправаджаецца вар’ірваннем націску і чаргаваннем гукаў (адзе́ць – адзява́ць, адраза́ць – адрэ́заць – адрэ́жу);
суплетывізм асноў (чалавек – людзі, мы – нам, добры – лепшы);
ужыванне службовых слоў (няхай (хай) жыве, напісаў бы);
змена інтанацыі (Вы былі на лекцыі. – Вы былі на лекцыі?);
змена парадку кампанентаў у сінтаксічнай канструкцыі (у дзесяць гадзін – гадзін у дзесяць).
Спосабы выражэння граматычнага значэння могуць быць сінтэтычнымі і аналітычнымі. У першым выпадку пэўнае граматычнае значэнне выражаецца ў межах адной словаформы, у другім – у розных словаформах. Напрыклад, значэнне найвышэйшай ступені параўнання прыметніка можа выражацца як сінтэтычным спосабам: найвесялейшы, найзначнейшы, так і аналітычным: самы вясёлы, самы значны.
“Граматычная катэгорыя – сістэма супрацьпастаўленых адзін адному радоў граматычных формаў з аднароднымі значэннямі. У гэтай сістэме вызначальнай з’яўляецца катэгарызуючая прымета, напрыклад, абагульненае значэнне часу, асобы, трывання і інш., якая аб’ядноўвае сістэму значэнняў асобных часоў, асобаў, трыванняў і інш. і сістэму адпаведных формаў”.2
Граматычная форма – моўны знак для выражэння граматычнага значэння. Усе граматычныя формы слова маюць адное і тое ж лексічнае значэнне, але супрацьпастаўляюцца па граматычных значэннях. Сукупнасць сістэмна арганізаваных граматычных формаў якога-небудзь зменнага слова ўтварае яго парадыгму.
Нягледзячы на адносную ўстойлівасць марфалагічнага ладу мовы ў часе, доўгатэрміновае функцыянаванне яго, безумоўна, не магло не прывесці да пэўных змяненняў, што звязана, у першую чаргу, з развіццём абстрактнага мыслення, здольнасці да абагульнення, аналізу і класіфікацыі. Адны граматычныя катэгорыі без істотных змяненняў перайшлі са старажытнасці ў сучасную беларускую мову, іншыя зніклі, пакінуўшы пасля сябе толькі нязначныя рэфлексы, або істотна трансфармаваліся. Тое ж можна сказаць і пра гісторыю граматычных формаў: некаторыя з іх складаюць актыўны фонд сучаснай беларускай мовы, некаторыя кваліфікуюцца як архаічныя, іншыя ж наогул выйшлі з ужытку.
Нягледзячы на дастатковую распрацаванасць асобных пытанняў дыяхранічнай марфалогіі беларускай мовы, на гэты час не існуе навуковых выкладаў па гісторыі сістэм ці асобных граматычных катэгорый і граматычных значэнняў, якія б давалі ўяўленне аб прычынах і шляхах іх складвання, аб дынаміцы іх змяненняў ад старажытнасці да сучаснасці. У большай ступені ў айчынным дыяхранічным мовазнаўстве распрацаваны пытанні, звязаныя з гісторыяй асобных граматычных формаў. Азначаны курс у пэўным сэнсе з’яўляецца адбіткам дадзенага становішча і не прэтэндуе на сістэмнае апісанне гісторыі марфалагічных катэгорый беларускай мовы. У адпаведнасці з узроўнем вывучанасці дадзенага пытання мы правядзём рэтраспектыўныя экскурсы ў гісторыю асобных марфалагічных катэгорый і асобных граматычных формаў асноўных самастойных часцін мовы.