Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
KV-Uvodziny.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
81.41 Кб
Скачать

ГІстарычныя каментарыі да курса марфалогіі сучаснай беларускай мовы уводзіны

Любая і кожная мова ў сучасным яе стане ўяўляе сабой вынік працяглага папярэдняга развіцця. Як і кожная з’ява рэчаіснасці, мова праходзіць праз розныя этапы існавання, кожны з якіх накладае свой адбітак, пакідае ўласны след у яе лексічнай1, марфалагічнай і сінтаксічнай будове; у меншай ступені такія змены закранаюць фанетычны ўзровень мовы. Менавіта таму глыбокае разуменне і веданне сучаснага стану мовы немагчыма без разумення і ведання асноўных этапаў яе развіцця і тых гістарычных змяненняў, што адбываліся з гэтай моўнай сістэмай на працягу яе існавання.

Кожны носьбіт беларускай мовы можа правільна і граматна пабудаваць выказванне для выражэння пэўнай думкі, аднак далёка не кожны ведае і разумее глыбінныя гістарычныя працэсы і з’явы, што знаходзяць адлюстраванне літаральна ў кожным слове такога выказвання2. І калі для шэраговага носьбіта роднай мовы такія веды не з’яўляюцца неабходнымі, то філолаг з універсітэцкай адукацыяй, настаўнік, выкладчык, безумоўна, павінен ведаць і добра арыентавацца не толькі ў сучасным стане беларускай моўнай сістэмы, але і ў яе гістарычным мінулым.

Дадзены спецкурс прызваны ўдакладніць, пашырыць і сістэматызаваць веды студэнтаў па адным з асноўных раздзелаў сучаснай беларускай мовы – марфалогіі – з улікам ведаў па гістарычнай марфалогіі беларускай мовы.

Аб’ект, Прадмет і задачы курса

Аб’ектам вывучэння ў межах азначанага курса выступае марфалагічны лад сучаснай беларускай мовы, які разглядаецца як вынік паслядоўнага паступовага развіцця ў папярэднія гістарычныя эпохі.

Прадметам вывучэння ў дадзеным курсе з’яўляюцца гістарычныя адметнасці складвання і функцыянавання асноўных граматычных катэгорый асобных самастойных часцін мовы: назоўніка, займенніка, прыметніка і дзеяслова.

Асноўнымі задачамі пры вывучэнні дадзенага курса з’яўляюцца:

  • паглыбленне і сістэматызацыя ведаў па марфалогіі сучаснай беларускай мовы з улікам ведання і разумення яе асноўных гістарычных трансфармацый;

  • выпрацоўка ўменняў і навыкаў выяўлення, ідэнтыфікацыі і класіфікацыі гістарычных змяненняў у марфалагічным ладзе сучаснай беларускай мовы, а таксама раскрыццё асноўных заканамернасцей яго станаўлення.

Сувязь курса з іншымі лінгвістычнымі навукамі

Дадзены курс з’яўляецца міждысцыплінарным – ён прызваны ўзнаўляць веды, набытыя падчас вывучэння дзвюх асобных самастойных дысцыплін: марфалогіі (часткі курса сучаснай беларускай мовы) і гістарычнай граматыкі (часткі курса гісторыі беларускай мовы).

Гэтыя дысцыпліны знаходзяцца ва ўмовах карэляцыі, узаемна дапаўняюць адна адну: звесткі па гістарычнай граматыцы дазваляюць больш глыбока зразумець граматычны лад сучаснай беларускай мовы, вынікі вывучэння якога, у сваю чаргу, забяспечваюць навуковае даследаванне гісторыі роднай мовы.

Такім чынам, асноўныя лінгвістычныя дысцыпліны, на якія абапіраецца азначаны курс, – гэта марфалогія сучаснай беларускай мовы і гістарычная граматыка беларускай мовы.

Марфалогія – гэта граматычнае вучэнне аб слове; раздзел граматыкі, які вывучае структуру слова, правілы словазмянення, а таксама граматычныя катэгорыі і класы слоў (часціны мовы)1. Усё гэта ў адносінах да беларускай мовы і вывучае такі раздзел мовазнаўства як марфалогія.

Гістарычная граматыка беларускай мовы – лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае паходжанне і “раскрывае асноўныя заканамернасці развіцця фанетычнай сістэмы і граматычнага ладу беларускай мовы”2, што складваліся на працягу розных гістарычных эпох. Неабходна нагадаць, што тэрмін гістарычная граматыка не зусім дакладны, паколькі акрамя марфалогіі і сінтаксісу, якія традыцыйна лічацца часткамі граматыкі, у склад гістарычнай граматыкі ўваходзіць таксама гістарычная фанетыка; аднак у межах прапанаванага курса гэты раздзел закранацца не будзе.

Калі марфалогія сучаснай беларускай мовы канстатуе, дае сінхранічнае апісанне існуючых лексіка-граматычных класаў слоў і іх граматычных катэгорый, то гістарычная граматыка тлумачыць іх узнікненне і развіццё, дае дыяхранічнае апісанне таго, якія метамарфозы адбываліся з рознымі часцінамі і граматычнымі катэгорыямі мовы на працягу ўсёй гісторыі іх існавання.

У якасці дадатковых пры вывучэнні дадзенага курса могуць выкарыстоўвацца матэрыялы і звесткі з іншых лінгвістычных навук: гісторыі беларускай літаратурнай мовы, дыялекталогіі, фанетыкі і фаналогіі, агульнага мовазнаўства.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]