Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК История Беларуси.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.99 Mб
Скачать

Тэма 3: Утварэнне і грамадска-палітычнае развіццё Вялікага княства Літоўскага ў другой палове 13 – першай палове 16 стст.

  1. Утварэнне ВКЛ.

  2. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст.

  3. Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.

  4. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стст.

  5. Дзяржаўны лад, органы кіравання ВКЛ

Утварэнне ВКЛ.

Канцэпцыі фарміравання ВКЛ. У асяроддзі гісторыкаў існуе некалькі канцэпцый таго, якім чынам і на аснове якой этнічнай групы ўзнікла Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых зямель.

1) Паводле найбольш распаўсюджанай у літоўскай і савецкай гістарыяграфіі канцэпцыі ў 13 ст. адбываецца “літоўскае заваяванне” (В. Пашута, Е. Ахманьскі, Е.Гудавічус). Балтамоўныя літоўцы заваявалі паслабленыя феадальнай раздробленасцю ўсходнеславянскія княствы і падначалілі іх сваёй уладзе. Гэтая канцэпцыя мае вытокі ў ідэалогіі маскоўскіх цароў 16 – 17 стст. для абгрунтавання сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій на землі беларусі і Ўкраіны, а таксама ў літоўскім нацыянальным руху 19 ст.

2) Канцэпцыя “Русі Літоўскай” узнікла ў расійскай імперскай гістарычнай навуцы 19 ст. (С. Салаўеў). Яна падкрэслівала тое, што ўсходнеславянская ў асноўнай сваёй масе “Русь Літоўская” няўдала супернічала з “Руссю Маскоўскай”. Прычым само існаванне беларусаў, ўкраінцаў і іх інтарэсы ў мінулым адмаўляліся.

3) Канцэпцыя “Літоўска-рускай дзяржавы”, распрацаваная расійскім гісторыкам М. Любаўскім на пачатку 20 ст. Усе ўсходнеславянскія народы паводле гэтай канцэпцыі называлася “рускімі”, без размежавання на беларусаў, рускіх, украінцаў. За імі прызнавалася другарадная, але важная роля ў стварэнні ВКЛ.

4) Канцэпцыя “Беларуска-літоўскай дзяржавы”, распрацаваная ў 1920-я гг. беларускім гісторыкам У. Ігнатоўскім. Яна сцвярджала, што беларусы адыгралі вядучую ролю ў эканамічным і культурным жыцці (большасць тэрыторыі і гарадоў ВКЛ і дзяржаўная мова ВКЛ), а літоўцы склалі аснову войска, княжацкіх і магнацкіх фамілій ВКЛ.

5) Канцэпцыя “Беларускай дзяржавы”, распрацаваная гісторыкамі беларускага адраджэння у 1920-я і 1980-1990-я гг. (В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі, М. Ермаловіч). Яна сцвярджала, што беларускі этнас быў вядучым стваральнікам ВКЛ; гістарычная Літва – гэта землі сучаснай заходняй Беларусі ад Маладзечна да Новагародка, а сучасныя чыста балцкія землі (Жмудзь, Жамойція) былі заваяваныя ёй у 15 ст.

6) Канцэпцыя “Поліэтнічнай ці кантактнай паласы” (А. Краўцэвіч) створана ў беларускай навуцы ў наш час. Яна прадугледжвае прыблізна роўны ўдзел у дзяржаватворчых працэсах у Верхнім Панямонні балцкіх і славянскіх элементаў. Лічыцца, што з 19 ст. гарады рэгіёну былі славянскімі (Новагародак, Вільня, Гародня), а сельская ваколіца заставалася балцкай. Гіпотэза пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі, тапанімікай і тым, што ў Сярэднявеччы ядро дзяржавы называлася “Літвой”, пад “Руссю” разумелася Падзвінне і Падняпроўе, а балцкая Жмудзь была далучана да ВКЛ канчаткова толькі ў 19 ст.

Большасць даследчыкаў згодныя з тым што асноўнымі прычынамі і перадумовамі стварэння ВКЛ сталі:

1) неабходнасць сумеснай абароны ад крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі;

2) наяўнасць моцнай дзяржаўнай і вайсковай традыцыі ў усходніх славян, пры тагачаснай слабасці іх раздробленых на удзелы княстваў;

3) высокае эканамічнае і сацыяльнае развіццё рэгіёну, назапшванне багаццяў, сацыяльная дыферынцыяцыя, якія эліце неабходна было падтрымліваць і абараняць пры дапамозе моцнай дзяржавы;

4) наяўнасць у Верхнім Панямонні і Падзвінні традыцыі мірнага супрацоўніцтва, а не гістарычных канфліктаў паміж балцкім і славянскім насельніцтвам і распрацаванасць механізмаў міжэтнічных кантактаў.

Цэнтрам аб’яднання княстваў на тэрыторыі Беларусі становіцца Новагародак, а таксама прылеглыя да яго землі балцкіх плямёнаў Літвы. Да сярэдзіны 13 ст. Новагародскае княства знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства. У межах Новагародскага княства вылучаюцца ўдзельныя княствы: Ваўкавыскае, Слонімскае, Здзітаўскае і інш.

Прычыны ўзвышэння палітычнага значэння Новагародскай зямлі:

    • найбольш развітая сельская гаспадарка на тэрыторыі сучаснай Беларусі;

    • высокі ўзровень развіцця рамяства (асабліва апрацоўкі жалеза, каляровых і каштоўных металаў);

    • наяўнасць развітых гандлёвых сувязяў у рэгіёне;

    • тэрыторыя знаходзілася ў аддаденасці ад тэатраў баявых дзеянняў і не пацярпела ад набегаў крыжакоў і мангола-татараў.

Другім цэнтрам утварэння адзінай дзяржавы становяцца землі балцкіх плямёнаў, размешчаных на сумежжы з Новагародскім княствам. Галоўную ролю сярод іх меў саюз плямёнаў Літвы. Сярод гісторыкаў няма адзінства адносна таго, дзе знаходзілася тэрыторыя Літвы ў 13ст. Асноўныя версіі:

    • паўднёва-усходняя частка сучаснай Літвы;

    • землі на захадзе сучаснай Беларусі (паміж Навагрудкам, Слонімам і Мінскам);

    • тэрыторыі на сумежжы сучасных Беларусі і Літвы.

У першай палове 13 ст. сярод літоўскіх плямёнаў адбываецца працэс утварэння дзяржаўнасці; пад палітычны ўплыў Літвы трапляюць суседнія балцкія плямёны аўкштайтаў, дзяволтвы, нальшчанаў і інш., якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай усходняй Літвы, а таксама часткова паўночна-заходняй Беларусі. Устанаўліваюцца саюзныя адносіны Літвы з балцкімі плямёнамі жамойтаў (паўночна-заходняя частка сучаснай Літвы) і яцвягаў. У 1230 – 1240-я гг. адбываецца працэс фарміравання адзінай Літоўскай дзяржавы. Вярхоўным князем у ёй становіцца Міндоўг, які праводзіць палітыку падначалення сабе асобных балцкіх плямён і княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Літве Міндоўг працяглы час знаходзіўся ў саюзніцкіх адносінах з Галіцка-Валынскім княствам.

Каля 1246 г. Міндоўг быў абраны князем у Новагародку: такім чынам новагародскае баярства разлічвала з дапамогай Літвы пазбавіцца залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства, а Міндоўг з дапамогай Новагародскага княства разлічваў умацаваць сваю ўладу ў Літве. У 1248-1249 гг. ён з дапамогай новагародскага войска праводзіць актыўную барацьбу, накіраваную на ўмацаванне сваёй улады ў балцкіх землях. Перспектыка стварэння новай моцнай дзяржавы ў рэгіёне выклікала занепакоенасць суседніх дзяржаў. Супраць дзяржавы Міндоўга ў 1248 – 1249 гг. выступіла кааліцыя, у склад якой уваходзілі Галіцка-Валынскае княства, Лівонскі Ордэн і некаторыя балцкія княствы, а таксама канкурэнты Міндоўга ў Літве на чале з Таўцівілам. Сіламі кааліцыі ў 1248 – 1254 гг. было ажыццёлена некалькі паходаў на Новагародак і землі Літвы.

З мэтай разбурэння кааліцыі Міндоўг праводзіць перамовы з пасланнікамі рымскага папы, абяцаючы ўвядзенне хрысціянства ў Літве. У 1253 г. Міндоўг карануецца ў Новагародку ў якасці каталіцкага караля Літвы. У выніку быў заключаны мір з Ордэнам, паводле якога Міндоўг прызнаваў уладу крыжакоў у Жамойці. Тады адбылося перамір’е з Галіцка-Валынскім княствам. Паводле яго, князем у Новагародку становіцца галіцкі княжыч Раман Данілавіч. Рэзідэнцыі Міндоўга знаходзіліся ў літоўскіх гарадах Варуце і Кернаве.

У 1258 г. уладу ў Новагародкім княстве захапіў сын Міндоўга Войшалк. У 1260 г. пачынаецца паўстанне жамойтаў супраць улады крыжакоў. Выкарыстаўшы гэтую акалічнасць, Міндоўг разрывае саюз з Ордэнам, адмаўляецца ад каталіцызму і разам з атрадамі палачан пачынае вайну супраць крыжакоў. У бітве на возеры Дурбэ 1260 г. войскі Міндоўга і жамойтаў разбіваюць крыжакоў. У выніку пачатку 1260-х гг. пад уладай Міндоўга знаходзілася дзяржава, у склад якой уваходзілі Літва і прылеглыя да яе балцкія землі, Новагародская зямля, Жамойць. Пазней гэтая дзяржава атрымала назву Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Такім чынам, у сярэдзіне 13 ст. пад уплывам шэрагу сацыяльна-эканамічных і знешнепалітычных фактараў на тэрыторыі Панямоння пачынаецца фарміраванне новай дзяржавы, якая склала аснову Вялікага княства Літоўскага. Цэнтрамі фарміравання новай дзяржавы сталі Новагародская зямля і балцкае племянное княжанне Літва.

Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст.

Першы кіраўнік дзяржавы, якая стала асновай Вялікага княства літоўскага Міндоўг быў забіты ў выніку змовы балцкай знаці ў 1263 г. На кароткі час уладу атрымлівае жамойцкі князь Транята (1263 – 1264). Аднак у 1264 г. ён таксама быў забіты. Вялікім князем становіцца старэйшы сын Міндоўга Войшалак (1264-1267).

Падчас свайго княжання Войшалк прытрымліваецца саюзу з Галіцка-Валынскім княствам і нават прызнае намінальную залежнасць ад яго ў якасці новагародскага князя. У межах Літвы ён праводзіць жорсткую барацьбу супраць рода-племянной знаці, далучае да яе землі дайновы, нальшанаў і гальшанаў (землі вакол Крэва і Гальшан). У 1265 г. васальную залежнасць ад ВКЛ прызнае Полацкае княства. У рэлігійных адносінах Войшалк з’яўляўся праваслаўным і актыўна садзейнічаў распаўсюджанню праваслаўя сярод балцкага насельніцтва (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра). У выніку змовы валынскіх князёў у 1267 г. Войшалк быў забіты. У 1267 – 1270 гг. на чале ВКЛ знаходзіцца валынскі князь Шварн Данілавіч.

Наступным вялікім князем становіцца Тройдзень (каля 1270–1282). Ён лічыца прадстаўніком балцкай язычніцкай знаці і, як мяркуюць, пераносіць сталіцу дзяржавы з Новагародка ў Кернаў. Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі Тройдзеня:

- канчатковае пазбаўленне васальнай залежнасці Новагародскай зямлі як галоўнай часткі ВКЛ ад Галіцка-Валынскага княства;

- барацьба з крыжакамі за геапалітычнае панаванне ў Прыбалтыцы (на некаторы час ВКЛ удалося падпарадкаваць землі балцкіх плямёнаў земгалаў і селаў у сярэднім Падзвінні пасля паспяховай Ашэрадэнскай бітвы 1279 г.);

- барацьба з агрэсіяй мангола-татараў пры падтрымцы Галіцка-Валынскага княства, якое ў гэты час трапляе ў залежнасць ад Залатой Арды і з яе дапамогай спрабуе аднавіць уладу ў Новагародскай зямлі (у 1274, 1275 і 1277 гг. аб’яднаныя валынска-татарскія войскі ажыццявілі тры буйныя паходы на Новагародак і Літву, аднак былі адбітыя);

- барацьба з Мазовіяй (славянскае княства на паўночным усходзе Польшчы) за памежныя тэрыторыі; далучэнне да ВКЛ Слонімскага і Гарадзенскага княстваў, а таксама часткі тэрыторый яцвягаў;

- перасяленне ў ВКЛ у 1277 – 1280 гг. часткі прусаў і яцвягаў, якія ўцякаюць пасля няўдалага паўстання супраць Тэўтонскага ордэна ў Прусіі 1276 г. у Верхняе Панямонне і Пабужжа.

Наступным вялікім князем становіцца Віцень (каля 1293 – 1316). Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ падчас княжання Віценя:

- жорсткая барацьба з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнамі (паходы Ордэна на Гародню 1296, 1305, 1306 (двойчы), 1307 (тройчы), 1314 гг.); у барацьбе з крыжакамі вылучаецца ваенны талент гарадзенскага ваяводы Давыда Гарадзенскага); усталяванне ваеннай мяжы паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам па рацэ Нёман;

- ваенныя сутыкненні з Польскім каралеўствам за кантроль над памежнымі тэрыторыямі (паходы на польскія землі 1294, 1295, 1300, 1306, 1307 гг.);

- барацьба супраць жамойцкай знаці, якая імкнулася адасобіцца ад ВКЛ (падаўленне жамойцкага паўстання 1294 г.);

- канчатковае далучэнне да ВКЛ Полацкага княства (1307). Полацк заключыў з ВКЛ дамову (рад), паводле якой князь працягваў прызначацца толькі са згоды мясцовага веча; гандлёвыя дамовы горад заключаў самастойна; за злачынствы на тэрыторыі ВКЛ палачан маглі судзіць толькі ў Полацку прадстаўнікі гараджан – фактычна захавалася шырокая аўтаномія.

Пры Віцені ў якасці агульнадзяржаўнага герба была ўведзена “Пагоня”.

Пераемнікам Віценя становіцца Гедымін (1316 – 1341). У 1323 г. ён пераносіць сталіцу ВКЛ у Вільню. Асноўныя накірункі палітыкі ВКЛ падчас праўлення Гедыміна:

-уключэнне ў склад ВКЛ Віцебскага, Менскага, Турава-Пінскага, Берасцейскага княстваў, Падляшша;

- спробы распаўсюджання палітычнага ўплыву на Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі; далучэнне да ВКЛ Таропецкага і Ржэўскага княстваў, якія раней уваходзілі ў склад Смаленскай зямлі;

- барацьба з крыжацкімі Ордэнамі (пастаянныя ўзаемныя набегі), падтрымка Рыжскага арцыбіскупства ва ўнутранай вайне з Лівонскім Ордэнам;

- заключэнне ў 1325 – 1330 гг. ваенна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, скіраванага супраць Тэўтонскага Ордэна (вынікам сталі некалькі паспяховых паходаў супраць крыжакоў);

- удзел у барацьбе за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства, якое спыніла сваё існаванне ў 1330-я гг., што прыводзіць да разрыву саюзу з Польшчай (сын Гедзіміна Любарт становіцца князем на Валыні);

- захаванне свабоды веравызнання ў ВЛ для праваслаўных, католікаў і паганцаў; спробы стварэння асобнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку (1317 – 1330); спробы распаўсюджання каталіцызму ў ВКЛ (зварот да рымскага папы 1323 г. з выказваннем намеру рыняцця каталіцызму, запрашэнне ў ВКЛ каталіцкіх манаскіх ордэнаў і мяшчан з каталіцкіх краін).

Пасля гібелі Гедзіміна ў 1341 г. вялікім князем стаў яго сын Яўнут (1341-1345). Аднак у выніку змовы іншых князёў на чале з Альгердам і Кейстутам ён быў скінуты.

Падчас праўлення вялікага князя Альгерда (1345 – 1377) ВКЛ дасягае сваёй найвышэйшай магутнасці. У гэты перыяд існавала пэўнае двоеўладдзе: Альгерд княжыў у Вільні і Віцебску, валодаў пераважным палітычным уплывам ва ўсходняй частцы ВКЛ, яго брат Кейстут княжыў у Троках, Гародні і Берасці і валодаў пераважным палітычным уплывам у заходняй частцы ВКЛ. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас праўлення Альгерда:

- далучэнне да ВКЛ тэрыторый сярэдняга Падняпроўя, Мсціслаўскага і Бранскага княстваў (1358 – 1359);

- паяпяховая барацьба супраць Залатой Арды ў 1350 – 1360-я гг.; пасля бітвы пад Сінімі водамі 1362 г. да ВКЛ былі далучаны Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле;

- барацьба з крыжакамі: крыжакі за 30 год здзейснілі больш 100 рэйдаў на ВКЛ, у адказ адбыліся 42 пагоні (пагоня – звычай, калі на абарону краіны збіралася ўсё мужчынскае насельніцтва);

- барацьба за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства з Польшчай і Венгрыяй (войны 1349-1351 і 1366 гг.); у выніку за ВКЛ была замацавана Валынь;

- барацьба за палітычнае лідэрства ва Ўсходняй Еўропе з Маскоўскім княствам, якое з сярэдзіны 14 ст., абапіраючыся на падтрымку Залатой Арды імкнецца да аб’яднання пад сваёй уладай суседніх усходнеславянскіх княстваў: паходы войска Альгерда на Маскву 1368, 1370, 1372 гг.; барацьба за палітычны ўплыў у Ноўгарадзе, Пскове, Цвярскім, Смаленскім княствах; у выніку да ВКЛ далучаны Вярхоўскія княствы (невялікія княствы ў чарназемнай паласе сучаснай Расіі).

У рэлігійных адносінах Альгерд з’яўляўся праваслаўным, але імкнуўся да захавання рэлігійнага міру паміж праваслаўнымі і язычнікамі ў дзяржаве; у працяг палітыкі Гедыміна імкнуўся да стварэння самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ.

Такім чынам, к канцу княжання Альгерда ВКЛ з’яўлялася адной з буйнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, большай часткі Украіны, некаторых абласцей Расіі і Польшчы. Можна вылучыць асноўныя шляхі ўключэння асобных княстваў і тэрыторый у склад ВКЛ:

- заключэнне дагавораў з асобнымі княствамі на добраахвотнай аснове (напрыклад, Полацкае княства);

- устанаўленне васальных адносін праз дынастычныя шлюбы (напрыклад, Віцебскае княства);

- ваеннае заваяванне (напрыклад, Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле).

К канцу 14 ст. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ўяўляла з сябе федэратыўны саюз асобных удзельных княстваў на чале з вялікім князем літоўскім. Першапачаткова ва ўдзельных княствах захоўваліся мясцовыя княскія дынастыі, пазней іх замянілі розныя галіны пануючай літоўскай дынастыі.

Асобныя княствы і землі мелі вялікую самастойнасць. Кожнае з іх мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму, права і традыцыйныя звычаі, нават рэлігію. Асноўным прынцыпам далучэння да ВКЛ быў “даўніны не рушыць навіны не ўводзіць”, што дазваляла старой эліце захаваць уладу ў княствах. Падпарадкаванне ўдзельных княстваў вялікаму князю літоўскаму выяўлялася ў наступных з’явах:

- выплата даніны;

- адзіная знешняя палітыка;

- сумесныя ваенныя паходы.

Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.

Пасля смерці Альгерда вялікім князем літоўскім становіцца старэйшы сын Альгерда ад другога шлюбу Ягайла (1377 - 1392). Супраць гэтага выступіў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі, які знайшоў падтрымку ў Пскове, Маскве і Лівоніі, аднак пасля аблогі войскам Ягайлы Полацка вымушаны быў эміграваць (1378). Але палачане таксама прагналі стаўленіка Ягайлы, яго брата Скіргайлу (1379), і туды неўзабаве вярнуўся Андрэй. У 1381 г. супраць Ягайлы ўзняў паўстанне Кейстут (1381 – 1382), які на некаторы час здолеў захапіць уладу. Аднак у 1382 г. Ягайла з дапамогай Тэўтонскага Ордэна, палачан, віцеблян і віленцаў вярнуў уладу. Кейстут быз вераломна забіты ў замку ў Крэве, а ягоны сын Вітаўт здолеў уцячы да крыжакоў. За аказаную падтрымку Ягайла перадаў Тэўтонскаму Ордэну палову Жамойці.

Ягайлу ўдалося вярнуць сабе ўладу, аднак становішча яго было хісткім. Супраць яго працягвалі барацьбу моцныя канкурэнты – Вітаўт і Андрэй Полацкі, якія мелі моцную падтрымку сярод баярства ў адпаведна заходняй і ўсходняй частках краіны і абапіраліся на знешнепалітычныя сілы (Тэўтонскі і Лівонскі Ордэны, Маскоўскае княства). Баяры ВКЛ патрабавалі гарантый свайго пануючага сацыяльнага становішча. У дадзеных умовах Ягайла знайшоў знешнепалітычнага саюзніка ў абліччы Польскага каралеўства, вынікам чаго заключаны палітычны саюз. Сярод асноўных прычын дадзенага саюзу можна вылучыць наступныя:

    • агульная для Польшчы і ВКЛ небяспека з боку крыжакоў;

    • імкненне Ягайлы заручыцца падтрымкай Польшчы ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ВКЛ;

    • імкненне каталіцкай царквы шляхам уніі ВКЛ з каталіцкай дзяржавай распаўсюдзіць каталіцызм на новых тэрыторыях.

Формай саюзу стаў дынастычны шлюб. У 1382 г. пасля смерці польскага караля Людвіка Баварскага каралевай была абвешчана яго малалетняя дачка Ядвіга. Шляхам шлюбу Ядвігі з Ягайлам польская палітычная эліта імкнуліся атрымаць пасады і землі ў ВКЛ, знайсці моцнага партнёра у барацьбе супраць нямецкай экспансіі.

15 жніўня 1385 г. у замку Крэва быў падпісаны дзяржаўна-палітычны саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам – Крэўская унія. Асноўныя палажэнні Крэўскай уніі:

- Ягайла ў выніку шлюбу з польскай каралевай Ядвігай станавіўся польскім каралём;

- Польскае каралеўства і ВКЛ аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву на чале з адзіным манархам, праводзілі сумесную знешнюю палітыку. Пры гэтым кожная з дзяржаў захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самастойную ўнутраную палітыку;

- Ягайла абавязваўся ахрысціць у каталіцкую веру язычніцкае насельніцтва ВКЛ.

Акт Крэўскай уніі быў падпісаны шэрагам буйнейшых прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ.

У сакавіку 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём пад імем Уладыслаў ІІ. Ягайла, а таксама значная частка знаці ВКЛ прынялі каталіцызм.

У 1387 г. па ініцыятыве Ягайлы ў ВКЛ было створана каталіцкае Віленскае біскупства; пачалося масавае хрышчэнне язычніцкага балцкага насельніцтва ў каталіцкую веру. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, паводле якога князі і баяры, якія пераходзілі ў каталіцызм, атрымлівалі правы недатыкальнасці асобы і маёмасці, поўнай уласнасці на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі, залежныя ад баяр сяляне вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. Правы баяр-католікаў, такім чынам, прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы.

Разам з тым аб’яднанне з Польшчай і ўвядзенне каталіцызму выклікала незадаволенасць палітыкай Ягайлы з боку значнай часткі арыстакратыі ВКЛ, асабліва праваслаўнага веравызнання. Гэта выкарысталі палітычныя канкурэнты Ягайлы ў барацьбе за ўладу ў ВКЛ, у першую чаргу Андрэй Полацкі і Вітаўт. У 1386 – 1387 гг. супраць Ягайлы распачынае вайну Андрэй, што скончылася яго паражэннем. У 1388-1392 гг. адбываецца грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Ягайлы і Вітаўта, якога падтрымлівалі крыжакі. У выніку Ягайла быў вымушаны пайсці на аступкі. У 1392 г. было падпісана Востраўскае пагадненне. Паводле яго, Вітаўт атрымліваў уладу ў ВКЛ у якасці намесніка Ягайлы, які па-ранейшаму лічыўся вялікім князем літоўскім. Фактычна ў выніку пагаднення рэальная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, які пачаў праводзіць самастойную палітыку ў адносінах да Польшчы.

Такім чынам, Крэўская унія стала падзеяй, якая вызначыла ўцягванне Вялікага княства Літоўскага ў арбіту цеснай інтэграцыі з Польскім каралеўствам і ў палітычную сістэму заходнееўрапескага каталіцкага свету. У той жа час унія не прывяла да трывалага дзяржаўнага аб’яднання ВКЛ і Польшчы; яе рэальным вынікам сталі дынастычны (адзінства кіруючай дынастыі) і знешнепалітычны саюз дзвюх дзяржаў.

Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стст.

У выніку Востраўскага пагаднення пачынаецца праўленне ў ВКЛ Вітаўта (1392–1430). Афіцыйна тытул вялікага князя ёе атрымаў у 1401 г. пры захаванні ўмоўнай васальнай залежнасці ад польскага караля.

Ва ўнутранай палітыцы Вітаўтам праводзілася цэнтралізацыя дзяржавы: была ліквідавана большасць удзельных княстваў ( у тым ліку Полацкае), а на іх месцы ўтвараліся ваяводствы і намесніцтвы на чале з прызначанымі вялікім князем ваяводамі і намеснікамі. Пасля канчатковага далучэння да ВКЛ Жамойці ў 1411 г. на чале яе адміністрацыйнага апарату быў пастаўлены прызначаны вялікім князем стараста і стаў ажыццяўляцца масавы прымусовы перавод мясцовага язычніцкага насельніцтва ў каталіцызм. Гэта выклікала паўстанне жамойтаў у 1418 г., якое было жорстка падаўлена войскамі Вітаўта.

Палітыка цэнтралізацыі, праводзімая Вітаўтам, выклікалі незадаволенасць княскай арыстакратыі, нашчадкаў Рырукавічаў і Гедымінавічаў. Гэта выкарыстоўвалі канкурэнты Вітаўта ў прэтэнзіях на пасаду вялікага князя, найбольш значным сярод якіх быў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла. У барацьбе з імі Вітаўт абапіраўся перадусім на сярэдняе баярства, асабліва каталіцкага веравызнання. Паводле Гарадзельскага прывілею 1413 г. пацвярджаліся ўсе іх грамадзянскія прывілеі, а таксама ўказвалася выключнае права каталіцкіх князёў і баяр займаць вышэйшыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання.

У адносінах з Польшчай Вітаўт імкнуўся да максімальнай самастойнасці ВКЛ. Аднак па ўнутры- і знешнепалітычных прычынах працягваў прызнаваць афіцыйную васальную залежнасць ад Польшчы, пацвярджэннем чаго былі Віленска-Радамская і Гарадзельская уніі ў 1401 і 1413 гг. Гарадзельская ўнія стварала гербовае брацтва і замацоўвала перадачу 47 польскіх гербоў 47 шляхецкім родам ВКЛ. Паводле яе, абвяшчалася неадходнасць агульнай згоды прадстаўнікоў Польшчы і ВКЛ на абранне чарговага манарха. Спрабуючы цалкам аднавіць незалежнасць краіны ў 1430 г. Вітаўт паспрабаваў каранавацца як кароль ВКЛ, аднак карону перахапілі ў Польшчы, а сам Вітаўт нечакана памёр.

Знешняя палітыка ВКЛ падчас праўлення Вітаўта ўключала наступныя накірункі:

1) Барацьба з крыжакамі: Напрыканцы 14 ст. націск крыжакоў Тэўтонскага ордэна на ВКЛ узмацняўся. Паводле пагадненняў 1398 і 1404 гг. ВКЛ прызнавала ўладу Ордэна ў Жамойці. У 1409-1411гг. адбываецца “Вялікая вайна” паміж ВКЛ і Польшчай, з аднаго боку, і Ордэнам, з другога. Яе кульмінацыяй стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г. (буйнейшая па колькасці ўдзельнікаў бітва Сярэднявечча), падчас якой ордэнскае войска было ўшчэнт разгромлена (загінула каля 18 тыс. крыжакоў і ўсё кіраўніцтва Ордэна). Пасля гэтага на працягу двух месяцаў праводзілася аблога сталіцы ордэна – Мальбарка, але Вітаўт, які апасаўся празмернага ўзмацнення Польшчы адвеў войскі. Паводле Торуньскага міру 1411 г. тэрыторыя Жамойці і Занёманскай Літвы адыходзіла да ВКЛ, што канчаткова замацаваў Мельнскі мір 1422 г. У выніку вайны Тэўтонскі ордэн спыніў агрэсію на усход і пераўтварыўся ў другарадную дзяржаву ў рэгіёне.

2) Барацьба супраць Залатой Арды: ВКЛ актыўна падтрымлівае прэтэндэнтаў на ханскі трон ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў Залатой Ардзе. У 1399 г. аб’яднаныя сілы ВКЛ і татарскага войска былога хана Тахтамыша пацярпелі паражэнне ад войскаў Залатой Арды і саюзнага ім цэнтральнаазіяцкага правіцеля Цімура (Тамерлана) на р. Ворскла. У гэтай бітве загінула больш 50 князёў, у т.л. Андрэй Полацкі. Вітаўт запрасіў татараў Тахтамыша ў ВКЛ на правах паселенага войска і дараваў ім правы, аналагічныя шляхецкім, акрамя права валодаць хрысціянамі. Выкарыстоўваючы міжусобіцы ў Залатой Ардзе ў 1420-я гг., ВКЛ атрымала Таўрыду і выхад да Чорнага мора.

3) Усходняя палітыка: У 1404 г. было канчаткова далучана да ВКЛ Смаленскае княства. Палітычная актыўнасць Вітаўта ў 1424 – 1427 гг. прывяла да таго, што васальную залежнасць ад ВКЛ фактычна прызналі Маскоўскае, Разанскае, Пераяслаўскае і шэраг іншых княстваў, а ў 1428 г. пасля кароткачасоай вайны быў узяты выкуп з Наўгародскай рэспублікі.

4) Еўрапейская палітыка: У кантэксце супрацьстаяння Свяшчэннай Рымскай імперыі, якой падпарадкоўваўся Тэўтонскі Ордэн і якому яна аказвала істотную матэрыяльную падтрымку, Вітаўт даслаўвыступіў у падтрымку паўстання чэшскіх гусітаў (прадстаўнікоў антыкаталіцкага рэлігійнага руху) 1419 – 1434 гг., накіраванага супраць Свяшчэннай Рымскай імперыі і каталіцкай царквы. Вітаўт быў абвешчаны паўстанцамі каралём Чэхіі і даслаў на дапамогу ім у 1422 г. 5-тысячнае войска на чале са сваім намеснікам Жыгімонтам Карыбутавічам. Аднак, дасягнуўшы кампрамісу з імперыяй, у 1423 г. Вітаўт адмовіўся ад чэшскай кароны на карысць іншага Гедымінавіча – Жыгімонта Карыбутавіча, а ў 1424 г. вывеў войска ВКЛ з Чэхіі.

Пасля смерці Вітаўта, у 1430 г. вялікім князем літоўскім становіцца Свідрыгайла. Была скасавана унія з Польшчай і пачаўся ўзброены канфлікт з Польшчай з-за спрэчных тэрыторый на Валыні і Падоллі, для чаго былі заключаны саюзніцкія пагадненні з Ноўгарадам і Лівонскім Ордэнам.

У кастрычніку 1432 г. пры падтрымцы Ягайлы групоўка арыстакратыі, якая абапіралася на саюз з Польшчай, ажыццявіла дзяржаўны пераварот, абвясціла вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (малодшага брата Вітаўта) (1432 – 1440), а таксама аднаўленне уніі з Польшчай. У выніку адбыўся раскол дзяржавы: заходняя частка краіны прызнавала ўладу Жыгімонта Кейстутавіча; усходняя (Полацк, Віцебск, Кіеў) – Свідрыгайлы. Паміж абовума бакамі пачалася грамадзянская вайна 1432-1439 гг. Па сутнасці вайна стала адлюстраваннем канфлікту паміж дзвюма групоўкамі арыстакратыі: пераважна каталіцкай, якая набыла пануючы статус падчас праўлення Ягайлы і Вітаўта, і праваслаўнай, якая абапіралася на праўленне Свідрыгайлы.

У лістападзе – снежні 1432 г. войска Свідрыгайлы ажыццявіла паход на Вільню, але ў бітве пад Ашмянамі (студзень 1433 г.) пацярпела паражэнне ад войскаў Жыгімонта. Кульмінацыйнай падзеяй у вайне стала бітва пад Вількамірам 1435 г., у якой перамогу атрымалі войскі Жыгімонта. Перамога Жыгімонта ў значнай ступені была абумоўлена пераходам на яго бок часткі праваслайнай знаці ў выніку прыняцця прывілеяў 1432 і 1434 гг., якія гарантавалі праваслаўнай шляхце роўныя грамадзянскія правы з каталіцкай (акрамя права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў вялікакняскай радзе). Адыгралі сваю ролю таксама суб’ектыўныя якасці Свідрыгайлы, які быў вельмі нястрыманым чалавекам, у 1435 г. па падазрэнні ў здрадзе спаліў у Віцебску праваслаўнага мітрапаліта Герасіма. У 1436 г. Полацк і Віцебск, а ў 1439 г. Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча – вайна такім чынам скончылася. Грамадзянская вайна прывяла да гібелі і заняпаду многіх арыстакратычных родаў, перадзелу ўласнасці. У той жа час яна садзейнічала ўзвышэнню сацыяльна-палітычнага значэння сярэдняга баярства.

Падчас свайго праўлення Жыгімонт Кейстутавіч уваходзіць у канфлікт з арыстакратычнымі коламі, праводзячы рэпрэсіўную ўнутраную палітыку. У выніку змовы знаці, Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты, а вялікім князем быў абвешчаны малодшы сын Ягайлы Казімір Ягайлавіч (1440–1492).

У 1447 г. Казімір Ягайлавіч стаў адначасова польскім каралём, што азначала пацвярджэнне персанальнай ўніі ВКЛ і Польскага каралеўства, але саступіў просьбам палякаў. Перад сваім ад’ездам на каранацыю ў Кракаў Казімір стварыў рэгенцкую раду з магнатаў, якая пачала кіраваць ВКЛ у адсутнасць вялікага князя. Падчас праўлення Казіміра Ягайлавіча адбываецца ўзвышэнне новай арыстакратыі (фарміруецца часткова за кошт былых удзельных князёў, часткова за кошт баярства), цэнтрам якой становіцца дарадчы орган улады – Паны Рада. Паводле прывілею 1447 г. пацвярджаліся гарантыі асабістай свабоды і недатыкальнасці шляхты, права на свабодны выезд за мяжу, продаж, абмен і перадачу па спадчыне маёнткаў, суд над падданымі сялянамі, абвяшчалася вызваленне шляхецкіх уладанняў ад дзяржаўных павіннасцей і г.д. Частка княскай арыстакратыі была незадаволена спробамі працягу цэнтралізацыі (пераўтварэнне Кіеўскага княства ў намесніцтва ў 1471 г.), падтрымкай пераважна каталіцкай знаці і каталіцкай царквы. У яе колах быў падрыхтаваны няўдалы замах на жыццё Казіміра ў 1481 г. (М.Алелькавіч, І. Гальшанскі, Ф.Бельскі)

У знешняй палітыцы Казімір арыентаваўся на мірныя ўзаемаадносіны з суседнімі дзяржавамі, буйнейшымі сярод якіх сталі ў гэты час Маскоўскае княства і Крымскае ханства (утворанае у выніку распаду Залатой Арды).

У 1470-1480-я гг. Маскоўскае княства падпарадкавала сабе Наўгародскую рэспубліку, Цвярское княства і шэраг больш дробных княстваў ва Ўсходняй Еўропе фактычна без супрацьдзеяння ВКЛ. Ад ВКЛ да Масковіі перайшлі Вярхоўскія княствы. У выніку геапалітычная ініцыятыва ва Ўсходняй Еўропе пераходзіць да Маскоўскага княства. З 1470-х гг. крымскія татары, аб’яднаныя пад уладай дынастыі Гірэяў, пачалі рэгулярна ажыццяўляць рабаўнічыя набегі на землі ВКЛ, нават спалілі Кіеў.

Галоўную ўвагу Казімір надаваў польскаму накірунку знешняй палітыкі. У выніку яго дыпламатычных намаганняў прадстаўнікі Ягелонаў сталі венгерскімі (1440-1457, 1490-1526) і чэшскімі (1453–1457, 1471–1526) каралямі. Пасля вайны ў 1453 – 1466 г. у васальную залежнасць ад Польшчы патрапіў Тэўтонскі Ордэн.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем становіцца яго сын Аляксандр Казіміравіч (1492–1506), з 1501 г. з’яўлялўся таксама польскім каралём. Ва ўнутрыпалітычнай сферы падчас яго праўлення адбываецца працэс паслаблення ўлады манарха і ўзмацнення дзяржаўна-палітычнага значэння арыстакратыі – Паноў Рады. Пры абвяшчэнні Аляксандра вялікім князем у 1492 г. адбыўся першы агульны з’езд шляхты ВКЛ (вальны сойм). У спецыяльным прывілеі 1492 г. вялікі князь абяцаў не прымаць рашэнняў па важных унутрыпалітычных пытаннях без згоды Паноў Рады.

Падчас уваходжання Аляксандра на польскі трон была заключана Мельніцкая унія 1501 г. з Польшчай, якая прадугледжвала аб’яднанне ВКЛ і Польшчы ў адну дзяржаву. Аднак яна не была падтрымана палітычнымі элітамі абедзьвюх краін і не набыла моцы.

У знешняй палітыцы адбываеца абвастрэнне адносін з Маскоўскім княствам і Крымскім ханствам. У выніку войнаў 1492–1494 гг. і 1500–1503 гг. з Маскоўскай дзяржавай ад ВКЛ адыйшлі Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская, Бранская і Гомельская землі на карысць Масковіі. На мяжы 15 – 16 стст. катастрафічныя вынікі набываюць набегі крымскіх татараў, якія даходзілі да цэнтральных тэрыторый ВКЛ (Менск, Слуцк, Новагародак). Часовае прыпыненне татарскіх набегаў наступіла пасля перамогі войскаў ВКЛ на чале з М. Глінскім у бітве пад Клецкам ў 1506 г.

Наступным вялікім князем становіцца брат Аляксандра Жыгімонт  Стары (1506–1548). Жыгімонт Стары ўвесь час свайго праўлення з’яўляўся адначасова польскім каралём. Тым самым умацоўвалася персанальная унія ВКЛ і Польшчы, заснаваная на прынцыпе адзінага манарха.

На пачатку праўлення Жыгімонта Старога частка арыстакратыі на чале з Міхалам Глінскім у 1508 г. узняла мяцеж. Але ён не атрымаў шырокай падтрымкі і быў падаўлены. М. Глінскі і яго прыхільнікі ўцяклі ў Маскву.

У наступныя гады кіравання Жыгімонта Старога ўмацоўвалася роля арыстакратыі (Паноў Рады) ў кіраванні дзяржавай. Праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці ў яе дачыненні. Праваслаўны магнат Канстанцін Астрожскі насуперак Гарадзельскаму прывілею заняў пасаду віленскага кашталяна (1511) і троцкага ваяводы (1522). Адбывалася кансалідацыя княска-магнацкай эліты як пануючай сацыяльнай групы. У 1540-я гг. пачынаецца фарміраванне руху сярэдняй і дробнай шляхты, які ставіў сваёй мэтай абмежаванне ўсеўладдзя арыстакратыі і саўдзел шляхты ў кіраванні дзяржавай.

У знешняй палітыцы ВКЛ падчас праўлення Жыгімонта Старога найбольш востры характар мелі адносіны з Маскоўскай дзяржавай. З гэтай краінай адбываліся войны 1507–1508, 1512–1522, 1534–1537 гг. Іх вынікам стаў адыход да Масковіі Смаленска, Себежа, Ноўгарад-Северскай зямлі. У той жа час да ВКЛ быў вернуты Гомель. Буйнейшай падзеяй падчас войнаў з Масковіяй была бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., калі маскоўскія войскі пасля захопу Смаленска спрабавалі ажыццявіць рэйд углыб тэрыторыі ВКЛ, аднак былі ўшчэнт разбіты 20-тысячным войскам пад кіраўніцтвам гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага (у маскоўскім войску налічвалася 80 тыс. чалавек).

Да канца 1520-х гг. адбываюцца частыя набегі крымскіх татараў, якія заходзілі ўглыб тэрыторыі ВКЛ. Для барацьбы з імі выкарыстоўвалася фартыфікацыйная дзейнасць магнатаў, уладанні якіх знаходзіліся ва Ўкраіне, Вішнявецкіх, Астрожскіх, Чартарыйскіх, а таксама стварэнне пастаяннага войска з ліку казакаў – узброеных атрадаў, што дзейнічалі ў стэпавай паласе паміж ВКЛ і Крымскім ханствам, якія сталі выконваць ролю памежнай аховы. У адказ на набегі татараў казакі ажыццяўляюць набегі на Крым. У 1527 г. войска ВКЛ і казакаў атрымала буйную перамогу на р. Альшаніцы, што прывяло да спынення масавых татарскіх набегаў.

У якасці польскага караля самым значным знешнепалітычным поспехам Жыгімонта Старога стала пераўтварэнне Прусіі (былога Тэўтонскага Ордэна) ў 1525 г. у свецкага васала Польскага каралеўства.

Падчас праўлення Жыгімонта Аўгуста (1548–1572), сына Жыгімонта Старога, які з’яўляўся адначасова польскім каралём, адбываецца актывізацыя руху шляхты за ўраўнаванне ў палітычных правах з арыстакратыяй і саўдзел у дзяржаўным кіраванні на ўзор шляхецкай дэмакратыі ў Польшчы. Вялікі князь і паны-рада ажыццявілі шэраг саступак шляхецкаму руху, вынікам чаго сталі дзяржаўныя рэформы 1560-х гг.:

    • Віленскі прывілей 1563 г., паводле якога праводзілася ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў;

    • Бельскі прывілей 1564 г., які санкцыяніраваў стварэнне выбарных шляхецкіх земскіх судоў, абвяшчэнне роўнасці ўсёй шляхты перад законам;

    • Віленскі прывілей 1565 г., паводле якога ствараліся органы шдяхецкага мясцовага самакіравання – соймікі;

    • рэформа сойма паводле Статута 1566 г.

У знешняй палітыцы галоўным вынікам праўлення Жыгімонта Аўгуста стала далучэнне да ВКЛ Інфлянтаў (Лівоніі) у 1559 – 1561 гг. Да сярэдзіны 16 ст. Лівонская канфедэрацыя канчаткова пераўтварылася ў слабую дзяржаву і стала прадметам супрацьборства суседніх дзяржаў. У 1558-1559 гг. большая частка яе тэрыторыі была захоплена маскоўскімі войскамі; частку занялі Швецыя і Данія. У 1559 г. Лівонская канфедэрацыя пераходзіць пад пратэктарат ВКЛ. У 1561 г. большая яе частка далучана непасрэдна да ВКЛ; на тэрыторыі заходняй Латвіі ўтворана залежнае ад ВКЛ Курляндскае герцагства. Гэтыя падзеі паклалі пачатак вайны ВКЛ з Масковіяй і Швецыяй у 1561 г., якія таксама прэтэндавалі на землі Лівоніі.

У 1562 г. маскоўскія войскі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю ВКЛ. 15 лютага 1563 г. маскоўскія войскі захапілі Полацк. Войскам ВКЛ удалося разбіць праціўніка пад Улай (студзень 1564) і Оршай (люты 1564). Да 1570 г. працягвалася пазіцыйная вайна на тэрыторыі Падзвіння.

Такім чынам, у 15 – першай палове 16 стст. Вялікае княства Літоўскае знаходзіцца ў межах дзяржаўна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, але пры гэтым захоўвае па сутнасці дзяржаўную самастойнасць. Ва ўнутрыпалітычным жыцці адбываецца паступовае ўзмацненне ролі княска-магнацкай арыстакратыі. У знешняй палітыцы на пачатку 15 ст. былі аслаблены ранейшыя галоўныя праціўнікі ВКЛ – крыжакі і Залатая Арда, з кнца 15 ст. галоўную ролю набывае супрацьстаянне з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам. Знешнепалітычная напружанасць у сярэдзіне 16 ст. выклікала неабходнасць умацавання дзяржаўнага саюзу ВКЛ з Польшчай.

Дзяржаўны лад, органы кіравання ВКЛ

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае на працягу 14-16 стст. эвалюцыянуе ад феадальнай патрыярхальна-вотчыннай да саслоўна-прадстаўнічай манархіі.

Феадальная патрыярхальна-вотчынная манархія характарызуецца ўладай манарха згодна з замацаванымі звыячаямі на тэрыторыі, якая з’яўляецца яго спадчыннай вотчынай; падданыя манарха не маюць акрэсленых палітычных правоў.

Саслоўна-прадстаўнічая манархія абапіраецца на прынцып сумеснага кіравання дзяржавай манарха і саслоўных прадстаўнікоў, найперш прадстаўнікоў шляхты, якая атрымлівае правы пануючага салоўя.

Пры ўваходжанні асобных зямель у склад ВКЛ удзельныя княствы і асобныя гарады заключалі з вялікім князем дагаворы аб яго вярхоўнай уладзе і захаванні мясцовага самакіравання земляў з іх звычаёвым або пісаным правам.

Вялікі князь з’яўляўся галавой дзяржавы. У яго функцыі ўваходзілі:

- абарона дзяржавы, кіраўніцтва войскам;

- кіраванне правядзеннем унутранай палітыкі;

- ажыццяўленне вышэйшага суда;

- кіраўніцтва адміністратыўным апаратам дзяржавы;

- кіраванне ажыццяўленнем міжнародных адносін;

- распрацоўка і выданне заканадаўчых актаў.

Улада вялікіх князёў мела спадчынны характар. З 14 ст. кіруючай была дынастыя Гедымінавічаў (Ягелонаў). З канца 15 ст. фарміруецца прынцып выбарнасці вялікіх князёў у Панамі Радай і соймам з ліку прадстаўнікоў дынастыі Ягелонаў. Аднак фармальна права спадчыннасці трону захоўвалася да 1564 г. З другой паловы 15 ст. усе свае асноўныя функцыі вялікі князь ажыццяўляў сумесна з Панамі Радай.

Паступова ў дзяржаўна-палітычным жыцці ўзрастае роля такога органа ўлады як Паны Рада. Дадзены орган сфарміраваўся на аснове нарад вялікіх князёў у 13-14 стст. з васальнымі князямі і найбольш уплывовымі баярамі. З канца 15 ст. Паны Рада пераўтвараюцца ў пастаянна дзеючы вышэйшы орган цэнтральнай улады ў ВКЛ, што было замацавана прывілямі 1492 і 1506 гг. Склад Паноў Рады не быў строга вызначаны, у яе ўваходзіла 30-40 асоб. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі і асобныя запрошаныя арыстакраты.

Функцыі Паноў Рады:

- удзел у выбарах вялікага князя;

- кантроль за дзейнасцю вялікага князя;

- ажыццяўленне міжнародных адносін;

- кіраўніцтва вышэйшымі цэнтральнымі і мясцовымі органамі кіравання;

- прызначэнне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады;

- абмеркаванне і прыняцце законаў;

- ажыццяўленне вышэйшага суда. Большасць з гэтых функцый Паны Рада ажыццяўляла з пачатку 16 ст. разам з вялікім князем, а таксама па ўсіх пытаннях яна магла склікаць сойм.

Сойм фарміруецца ў 15 ст. як з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. сойм мог склікацца па рапараджэнню вялікага князя ці Паноў Рады па меры патрэбы. На соймавых пасяджэннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Паны Рада, вышэйшае каталіцкае і праваслаўнае духавенства, а таксама кожны шляхціц. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сойма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтавалі вялікі князь ці Паны Рада, якія рыхтавалі праекты рашэнняў сойма – ухвалы. Часцей за ўсё соймы вырашалі наступныя пытанні:

- пытанні аб вайне ці міры, міжнародных адносінах;

- збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;

- прыняцце законаў.

У 1566 г. у выніку правядзення т.зв. “направы статута” была праведзена рэформа сойма. З гэтага часу ўстанаўлівалася вызначаная сістэма выбараў дэпутатаў (паслоў) на соймы. З кожнага павета або ваяводства, якое не падзялялася на паветы, выбіраліся на сходах мясцовай шляхты (сойміках) па два паслы. У той жа час прадстаўнікі буйных арыстакратычных родаў мелі права самастойна прымаць удзел у пасяджэннях сойму. Па сутнасці галоўную ролю на пасяджэннях соймаў мелі Паны Рада, якія вырашалі, якую пастанову ўхваліць сойм.

Вышэйшыя пасады дзяржаўнага кіравання:

Маршалак земскі - старшыня на паседжаннях паноў-рады і сойма, кіраўнік вялікакняскай адміністрацыі.

Маршалак дворны - загадчык гаспадарчымі справамі вялікакняскага двара.

Гетман найвышэйшы - кіраўнік узброенымі сіламі дзяржавы. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.

Канцлер – кіраўнік канцылярыі ВКЛ – ведамства, якое ажыццяўляла дзяржаўнае справодства, захавальнік дзяржаўнай пячаткі ВКЛ. Намеснік канцлера – падканцлер.

Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Яго намеснік – падскарбі дворны.

Ніжэйшыя служачыя – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў.

На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі арыстакратыі пажыццёва вялікім князем са згоды Паноў Рады. Сярод іх – Астрожскія, Гаштольды, Хадкевічы, Радзівілы, Валовічы, Кезгайлы, Гальшанскія, Глябовічы, Збаражскія, Кішкі, Забярэзінскія. Афіцыйнай мовай дзяржаўнага справодства ў ВКЛ была старабеларуская мова.

Доўгі час ВКЛ не мела аднастайнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. У склад ВКЛ уваходзілі ўдзельныя княствы, што кіраваліся сваімі княскімі дынастыямі, а таксама намесніцтвы, якія кіраваліся прызначанымі вялкім князем чыноўнікамі. Паступова ўдзельныя княствы ліквідаваліся, расла колькасць намесніцтваў. У 15 – першай палове 16 стст. буйныя намесніцтвы пераўтвараліся ў ваяводствы. Буйныя ваяводствы ў сваю чаргу падзяляліся на паветы. У першай палове 16 ст. існавалі Віленскае, Троцкае, Полацкае, Віцебскае, Наваградскае ваяводствы. Усяго ў гэты час існавала каля 20 адміністрацыйных акруг, межы іх дакладна вызначаны не былі. Розныя часткі дзяржавы мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае і Віцебскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе пацвярджаліся значныя правы на самакіраванне. У 1565-1566 гг. праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой уся тэрыторыя ВКЛ падзелена на на 13 ваяводстваў, якія падзяляліся ад аднаго да пяці паветаў.

Органы мясцовага кіравання

Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве; арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе.

Кашталян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства.

Падваявода – намеснік ваяводы, кіраўнік сцовай канцылярыі.

Стараста – кіраўнік адміністрацыі павета. Яго намеснік – падстараста.

Харужы – кіраўнік павятовага шляхецкага апалчэння.

Дзяржаўцы (цівуны) – кіраўнікі асобных дзяржаўных маёнткаў.

Прызначэнні на дадзеныя пасады ажыцяўлялі вялікі князь і Паны Рада пажыццёва (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства). Найбольш прэстыжнымі былі пасады віленскага і троцкага ваяводы і кашталяна, якія разам з віленскім каталіцкім біскупам займалі важнейшыя месцы ў складзе Паноў Рады.

Судовая сістэма ВКЛ

Агульнадзяржаўныя суды:

Вялікакняскі суд, які паступова аб’яднаўся з судом Паноў Рады – вышэйшая апеляцыйная інстанцыя, якая ажыццяўляла разгляд дзяржаўных злачынстваў, скаргі на вышэйшых асоб дзяржавы, пытанні прыналежнасці да шляхты і г.д.

Камісарскі суд – разглядаў спрэчкі аб межах феадальных і дзяржаўных зямельных уладанняў. Справы разглядаліся на месцы камісарамі, якіх прызначаў вялікі князь з Панамі Радай.

Мясцовыя суды:

Гродскі (замкавы) суд (у ваяводствах, паветах, староствах) – разглядаў самае шырокае кола пытанняў, што датычыліся ўсіх саслоўяў. Узначальваў суд кіраўнік мясцовай адміністрацыі.

Земскі павятовы суд, створаны паводле Бельскага прывілею 1564 г. – разглядаў справы ў межах шляхецкага саслоўя. У склад суда ўваходзілі выбарныя суддзі, абраныя шляхтай з ліку мясцовых адукаваных шляхціцаў.

Падкаморскі суд разглядаў справы аб межах феадальных землеўладанняў у павеце на чале з прызначанымі вялікім князем суддзямі.

Існавалі таксама асобныя суды для сялян, мяшчан, яўрэяў і г.д.

Прававая сістэма

У другой палове 13 – пачатку 16 стст. у розных частках дзяржавы дзейнічалі асобныя нормы звычаёвага і пісанага права. Перыядычна выдаваліся агульнадзяржаўныя і мясцовыя прывілеі вялікіх князёў.

У 1468 г. вялікім князем Казімірам выдадзены Судзебнік. Ён уяўляў з сябе зборнік норм крымінальнага права. Сярод гісторыкаў няма адзінства паводле пытання, ці распаўсюджваўся ён на ўсю тэрыторыю ВКЛ. У дадзеным прававым зборы ўпершыню былі ўведзены прынцып індывідуалізацыі пакарання (абмяжоўвалася адказнасць дзяцей і жонкі за злачынствы мужа), а таксама прынцып неадваротнасці пакарання (раней злачынца мог адкупіцца).

Новы этап эвалюцыі заканадаўства звязаны з выданнем Статутаў ВКЛ, у якіх права было сістэматызавана і кадыфікавана.

У 1529 г. выдадзены першы Статут ВКЛ – зборнік норм права, якое распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю ВКЛ. У ім было праведзена размежаванне права па асобным галінам (13 раздзелаў, 282 артыкулы). Дзякуючы Статуту ВКЛ увайшла ў кола дзяржаў, у якіх права стала важным элементам рэгулявання грамадскага і дзяржаўнага жыцця.

Далейшае развіцце нормы агульнадзяржаўнага права атрымалі ў другім Статуце ВКЛ, які пачаў дзейнічаць у 1566 г. У яго межах былі адлюстраваныя праведзеныя ў 1563 – 1564 гг. дзяржаўныя рэформы (новы парадак дзейнасці сойма, увядзенне соймікаў і земскіх судоў).

Такім чынам, на працягу 15 – першай паловы 16 стст. у ВКЛ паступова сфарміравалася саслоўна-прадстаўнічая манархія, у межах якой галоўная роля належыла феадальнай арыстакратыі. У гэты час у дзяржаве сфарміравалася адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання і заканадаўства, што сведчыла аб станаўленні ВКЛ як цэнтралізаванай дзяржавы.

Асноўныя паняцці:

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, Новагародскае княства, Літва, жамойты, яцвягі, бітва пад Сінімі водамі 1362 г., Крэўская унія, дынастычная унія, вялікакняскія прывілеі, цэнтралізацыя, намесніцтва, Гарадзельская унія, Грунвальдская бітва 1410 г., грамадзянская вайна 1432 – 1439 гг., Маскоўскае княства, Крымскае ханства, Клецкая бітва 1506 г., Аршанская бітва 1514 г., феадальная патрыярхальна-вотчынная манархія, саслоўна-прадстаўнічая манархія, вялікі князь, Паны Рада, сойм, шляхта, маршалак земскі, маршалак дворны, гетман, канцлер, падскарбі, ваяводства, павет, ваявода, кашталян, стараста, вялікакняскі суд, камісарскі суд, гродскі (замкавы) суд, земскі павятовы суд, падкаморскі суд, Судзебнік 1468 г., Статут ВКЛ 1529 г., Статут ВКЛ 1566 г.

Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Назавіце асноўныя канцэпцыі стварэння ВКЛ? Як Вы лічыце якая з канцэпцый найбольш абгрунтаваная?

  2. Якія асноўныя прычыны ўтварэння ВКЛ ў 13 ст.?

  3. Якія рэгіёны з’яўляліся цэнтральным ядром фармірвання ВКЛ? Чым гэта можна патлумачыць?

  4. Назавіце асноўныя падзеі, звязаныя з узнікненнем ВКЛ?

  5. Якія дзяржавы супрацьдзейнічалі стварэнню ВКЛ? Ахарактарызуйцк ў цэлым палітыку Міндоўга.

  6. Вызначце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ у апошняй трэці 13 – пачатку 14 стст.

  7. З якімі дзяржавамі ВКЛ ваявала ў другой палове 13 – 14 стст.?

  8. Пры якіх князях адбываецца набольшы тэрытарыяльны рост ВКЛ?

  9. Ахарактарызуйце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ падчас княжання Гедыміна і Альгерда.

  10. Назавіце асноўныя шляхі ўваходжання розных зямель у склад ВКЛ у 14 ст. Якім чынам складваліся адносіны вялікаакняскай улады і далучаных рэгіёнаў у ВКЛ?

  11. Якія былі асноўныя прычыны Крэўскай уніі? Дайце кароткую характарыстыку грамадска-палітычнай сітуацыі ў ВКЛ напярэдадні уніі.

  12. Якія асноўныя палажэнні прадугледжвала Крэўская унія. Падумайце, якая дзяржава мела больш выгады з дадзенага саюзу – Польшча ці ВКЛ?

  13. Якія можна вылучыць наступствы Крэўскай уніі для ВКЛ. Якія яна выклікала перамены ў грамадска-палітычным жыцці дзяржавы?

  14. Паспрабуйце вызначыць, ці адбылося аб’яднанне ВК і Польшчы пасля Крэўскай уніі ў адну дзяржаву. Абгрунтуйце сваю думку.

  15. Дайце агульную характарытыку ўнутранай палітыкі Вітаўта. На якія сацыяльныя слаі абапіраўся ў першую чаргу Вітаўт?

  16. Якім чынам складваліся адносіны ВКЛ і Польшчы падчас княжання Вітаўта?

  17. Вызначце асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас княжання Вітаўта.

  18. Якія можна вылучыць прычыны і наступствы грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1432 – 1439 гг. Чым абумоўлена перамога ў вайне прыхільнікаў Жыгімонта Кейстутавіча?

  19. Якія істотныя змены ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ адбываюцца ў другой палове 15 – першай палове 16 стст.?

  20. Якія новыя знешнепалітычныя праціўнікі з’яўляюцца ў ВКЛ у канцы 15 – першай палове 16 стст.?

  21. Назавіце, якія Вам вядомыя войны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай у канцы 15 – першай палове 16 стст. Да якіх яны прывялі вынікаў?

  22. Калі ў ВКЛ фарміруецца шляхецкі палітычны рух? Якія ён выстаўляе патрабаванні? Назавіце асноўныя дзяржаўна-палітычныя рэформы 1560-х гг.

  23. Якія факты сведчаць пра тое, што ў ВКЛ ў 14 – першай палове 16 стст. адбываецца эвалюцыя ў бок саслоўна-прадстаўнічай манархіі?

  24. Што такое Паны Рада? Якім чынам адбываецца фарміраванне гэтага органа дзяржаўнай улады?

  25. Вызначце паўнамоцтвы вялікага князя і паноў Рады ў дзяржаўна-палітычнай сістэме ВКЛ.

  26. Што такое сойм? Прасачыце яго эвалюцыю ў дзяржаўна-палітычнай сістэме ВКЛ.

  27. Якім чынам адбываліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэме ВКЛ у 14 – 16 стст.?

  28. Якія Вы ведаеце асноўныя пасады ў сістэме цэнтральнага і мясцовага дзяржаўнага кіравання ВКЛ.

  29. Назавіце асноўныя органы цэнтральнай і мясцовай судовай улады ў ВКЛ.

  30. Якім чынам адбывалася развіццё прававой сістэмы ў ВКЛ у 15 – першай палове 16 ст. Назавіце асноўныя зборнікі права гэтага перыяду.

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Гістарычныя канцэпцыі ўтварэння ВКЛ: агульная характарыстыка.

  2. Уваходжанне Полацкага княства ў склад ВКЛ: перадумовы, вынікі.

  3. Дзяржаўна-прававыя ўзаемаадносіны ВКЛ і Польскага каралеўства ў канцы 14 – першай палове 16 стст.

  4. Палітыка ВКЛ падчас княжання Вітаўта ў адносінах Залатой Арды.

  5. Паўстанне М. Глінскага 1508 г.: прычыны, ход, вынікі.

  6. Шляхецкі палітычны рух у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст.: перадумовы, вынікі.

  7. Эвалюцыя сістэмы мясцовага дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ у 14 – першай палове 16 стст.

  8. Статуты ВКЛ 1529 і 1566 г.: гісторыя стварэння, асноўны змест.