Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК История Беларуси.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
2.99 Mб
Скачать

Тэма 11: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове 19 ст.

1. Сельская гаспадарка. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

2. Прамысловасць.

3. Гарады. Гандаль.

Сельская гаспадарка. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

У першай палове 19 ст. сельская гаспадарка заставалася вядучай галіной эканомікі беларускіх зямель. У структуры землеўладання ў гэты перыяд, як і раней, панавалі дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Сяляне лічыліся толькі карыстальнікамі зямлі і абавязаны былі за дадзенае права карыстання выконваць павіннасці на карысць уласніка зямлі. Акрамя таго сяляне знаходзіліся ў асабістай залежнасці ад уладальніка.

У выніку падараванняў расійскім чыноўнікам часткі дзяржаўных і канфіскаваных шляхецкіх зямель пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, вайны 1812 г. і паўстання 1830-1831 гг. павялічылася роля буйнапамеснага землеўладання. Так, уладанні князя Вітгенштэйна ўключалі ў сябе 500 тыс. дзесяцін зямлі, на якіх працавалі 60 тыс. прыгонных сялян. Буйныя ўладанні (звыш 100 тыс. дзесяцін) мелі князі Радзівілы, Патоцкія, Паскевічы. Канцэнтрацыя буйнога землеўладання суправаджалася скарачэннем удзельнай вагі землеўладання сярэдняй і дробнай шляхты.

Характэрнай рысай развіцця памешчыцкай гаспадаркі дадзенага перыяду з’яўлялася ўзрастанне яе таварнасці. Індустрыялізацыя ў Заходняй Еўропе і звязаная з ёй урбанізацыя выклікалі павелічэнне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты і адпаведна рост цэн на іх. У гэтых умовах буйныя землеўласнікі ўзмацнялі арыентацыю на продаж прадукцыі сваіх гаспадарак на знешнім і ўнутраным рынку і імкнуліся да павелічэння сваіх прыбыткаў. У некаторых буйных маёнтках у дадзеных умовах сталі выкарыстоўвацца капіталістычныя метады гаспадарання: увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў, прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын (малатарні, веялкі, сечкары, сеялкі, жнейкі), выкарыстанне працы наёмных рабочых.

Аднак большасць памешчыкаў імкнуліся да павелічэння даходнасці сваіх гаспадарак шляхам узмацнення феадальнай эксплуатацыі сялянства. Гэта праяўлялася ў пашырэнні памешчыцкага землекарыстання шляхам абеззямельвання сялянства, перасялення сялян на горшыя землі, а таксама ў павелічэнні паншчыны і іншых павіннасцей. Перавага аддавалася стварэнню сярэдніх па велічыні маёнткаў з колькасцю прыгонных 200-500 чал., якія здаваліся ў арэнду.

Сялянства гэтага перыяду падзялялася на дзве асноўныя групы: прыватнаўласніцкія (каля 70%) і дзяржаўныя (каля 27%). У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае. Асноўнымі формамі феадальных павіннасцей сялян заставаліся паншчына (яе ўдзельная вага павялічвалася) і чынш. Існавалі таксама дадатковыя павіннасці (дарожныя, будаўнічыя і г.д.). Амаль ва ўсіх сялянскіх гаспадарках панавалі прымітыўная сельскагаспадарчая тэхніка і трохпольныя севазвароты.

У той жа час назіраецца некаторы ўплыў таварна-грашовых адносін у сялянскай гаспадарцы:

- павелічэнне колькасці сялян, занятых промыславай дзейнасцю, уключаючы адыходныя промыслы (лесараспрацоўкі, сплаўныя работы, будаўніцтва і г.д.);

- некаторае расслаенне сялянства: паступова вылучаюцца групы заможных і збяднелых, беззямельных сялян;

- з’яўленне ў гаспадарках некаторых заможных сялян удасканаленых прылад працы, шматпольных севазваротаў.

Павышэнне таварнасці сельскай гаспадаркі Беларусі ў першай палове 19 ст. прывяло да змен у структуры сельскагападарчай вытворчасці. Пачынаецца вырошчванне ў якасці таварных культур, асабліва ў памешчыцкіх гаспадарках, бульбы, цукровых буракоў, кармавых траў.

Тым не менш у сярэдзіне 19 ст. назіраецца крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Прыкметамі гэтага былі:

- зніжэнне ўраджайнасці, пагалоўя жывёлы;

- прагрэсіруючае разарэнне сялянскіх гаспадарак; пра гэта сведчыць пастаянны рост нядоімак сялян па дзяржаўных падатках (так, паводле дадзеных на 1856 г. нядоімкі па 5 беларускіх губернях складалі 8 млн. руб з агульнай сумы нядоімак па Расійскай імперыі 23 млн.);

- зніжэнне даходнасці памешчыцкіх гаспадарак, павелічэнне колькасці маёнткаў, якія былі закладзены ў банк і прададзены з таргоў;

- узрастанне колькасці сялянскіх хваляванняў.

Прычынай гэтых з’яў была супярэчнасць паміж аб’ектыўнымі працэсамі паступовага ўваходжання сельскай гаспадаркі ў сістэму капіталістычных таварна-грашовых адносін і захаваннем феадальных вытворчых адносін, аснову якіх складала прыгоннае права. Гэтая супярэчнасць праяўлялася ў наступным: У буйных памешчыцкіх гаспадарках, якія ўсё больш арыентаваліся на рынак, ствараліся аб’ектыўныя ўмовы для развіцця шматгаліновай вытворчасці і павышэння таварнасці шляхам інтэнсіфікацыі працы. Аднак ва ўмовах панавання прыгоннага права памешчыкі лічылі найбольш аптымальным шляхам павышэння даходнасці сваіх гаспадарак ўзмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства. Сялянскія гаспадаркі ўцягваліся ў рынак амаль выключна з мэтай знаходжання грошай для выплаты дзяржаўных і памешчыцкіх падаткаў. У дадзенай сітуацыі ў памешчыцкіх гаспадарках не было стымулаў, а ў сялянскіх - магчымасцяў для тэхнічнай мадэрнізацыі і рацыяналізацыі вытворчасці. Значнае ўзмацненне павіннасцяў сялянства прыводзіла да яго разарэння, а потым, як вынік, і зніжэння даходнасці памешчыцкіх гаспадарак.

У дадзеных умовах дзяржаўныя ўлады спрабавалі змякчыць адзначаную супярэчнасць шляхам правядзення некаторых рэформ у сельскай гаспадаркі. Найбольш значнымі сярод іх былі рэформа дзяржаўнай вёскі П.Д. Кісялёва 1837-1841 гг. і інвентарная рэформа 1844-1857 гг.

Рэформа дзяржаўнай вёскі 1837-1841 гг. праводзілася па ініцыятыве міністра дзяржаўнай маёмасці Расійскай імперыі П.Д. Кісялёва. Рэформа мела тры накірункі:

- рэформа сістэмы кіравання дзяржаўнымі сялянамі: была адменена арэнда дзяржаўных маёнткаў; уводзілася сістэма мясцовага самакіравання для сялян пад наглядам дзяржаўных органаў улады; дзяржаўныя сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы: права на атрыманне спадчыны, уласнасці, займання гандлем;

- “папячыцельская палітыка”: уключала ў сябе арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, агранамічных мерапрыемстваў, пачатковага навучання для дзяцей і медыцынскай дапамогі ў дзяржаўнай вёсцы;

- люстрацыя дзяржаўных маёмасцяў: прадугледжвала пераразмеркаванне зямельнага фонду паміж маёнткамі і сялянскімі дварамі, рэгламентацыю і ўніфікацыю сялянскіх павіннасцяў. Яна праводзілася ў два этапы:

да 1844 г. - пры захаванні фальварачна-паншчыннай сістэмы;

з 1844 г. па 1857 г. шляхам паскоранага пераводу сялян з паншчыны на аброк.

Мэтай дадзенай рэформы з’яўлялася павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі. Вынікам яе стала змяншэнне феадальных павіннасцяў дзяржаўных сялян і некаторае павышэнне таварна-грашовых адносін у вёсцы.

Аднак памешчыцкія сяляне не былі ахоплены дадзенай рэформай. Спробай рэгуляцыі адносін паміж памешчыкамі і іх прыгоннымі з’явілася ўвядзенне абавязковых інвентароў (гаспадарчага апісання памешчыцкіх маёнткаў) на падставе спецыяльнага закона 1844 г. Інвентары павінны былі змяшчаць фіксіраваныя нормы сялянскіх надзелаў і павіннасцей, якія выконваліся за карыстанне імі. Аднак правядзенне дадзенай рэформы праходзіла марудна. Да 1857 г. інвентары былі ўведзены толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў. Да таго ж нормы інвентароў складаліся камісіямі, галоўная роля ў якіх належыла самімі памешчыкам. Таму істотных вынікаў інвентатная рэформа не прынесла.

Такім чынам, у сельскай гаспадарцы Беларусі у першай палове 19 ст. назіраецца паступовае развіццё капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак панаванне прыгоннага права істотна тармазіла дадзены працэс. Супярэчнасць паміж аб’ектыўнымі працэсамі паступовага ўваходжання сельскай гаспадаркі ў сістэму капіталістычных таварна-грашовых адносін і захаваннем феадальных вытворчых адносін прывяла да крызісу прыгонніцкай сістэмы.

Прамысловасць.

У структуры прамысловых прадпрыемстваў дадзенага перыяду можна вылучыць тры тыпы: дробныя рамесныя прадпрыемствы, мануфактуры, фабрыкі.

Тып прамысловых прадпрыемстваў

Спецыфіка прамысловай вытворчасці

Дробныя рамесныя прадпрыемствы

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца сіламі рамеснікаў-майстроў, членаў іх сем’яў, невялікай колькасці чаляднікаў і вучняў; выкарыстоўваюцца ручныя прылады працы; спецыялізаваны падзел працы адсутнічае.

Мануфактуры

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца калектывам рабочых, у межах якога існуе прафесійная спецыялізацыя і звязаны з ёй падзел працы; выкарыстоўваюцца ручныя прылады працы.

Фабрыкі

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца калектывам рабочых, у межах якога існуе прафесійная спецыялізацыя і звязаны з ёй падзел працы; выкарыстоўваюцца машыны ў якасці асноўных сродкаў вытворчасці.

Вядучую ролю ў структуры прамысловасці мелі дробныя рамесныя прадпрыемствы. У канцы 1850-х гг. на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 16,5 тыс. рамеснікаў. Большасць рамеснікаў ў разглядаемы перыяд была аб’яднана ў цэхі. Аднак пашырэнне таварна-грашовых адносін прыводзіла да ўзмацнення сацыяльнага расслаення ўнутры цэхаў. З аднаго боку, некаторыя майстэрні перарасталі ў прадпрыемствы, на якіх працавала значная колькасць наёмных рабочых; з другога, незаможныя члены цэхаў нярэдка наймаліся рабочымі на фабрыкі і мануфактуры.

На працягу першай паловы 19 ст. павялічваецца колькасць і ўдзельная вага ў структуры прамысловасці мануфактурных прадпрыемстваў. На 1861 г. налічвалася 127 мануфактур, на іх было сканцэнтравана каля ¼ усіх рабочых на тэрыторыі Беларусі. У разглядаемы перыяд існавалі мануфактуры двух тыпаў:

- вотчынныя: належалі буйным памешчыкам, дзейнічалі пераважна ў іх маёнтках, выкарыстоўвалася галоўным чынам праца прыгонных сялян;

- капіталістычныя: належалі пераважна купцам і мяшчанам, дзейнічалі пераважна ў гарадах і мястэчках, выкарыстоўвалася праца вольнанаёмных рабочых.

На пачатку 19 ст. пераважная большасць мануфактур з’яўляліся вотчыннымі. Аднак на працягу першай паловы 19 ст. частка дадзеных мануфактур была арэндавана або выкуплена купцамі і мяшчанамі. Ствараліся таксама новыя капіталістычныя мануфактуры. Таксама адбываўся працэс узбуйнення мануфактур. Буйнейшым сярод іх быў металургічны завод у Налібоках князя Вітгенштэйна.

У 1820-я гг. на тэрыторыі Беларусі пачынаецца стварэнне прадпрыемстваў фабрычнага тыпу. Першымі з іх сталі суконныя заводы у м. Хомску Кобрынскага і м. Косаве Слонімскага паветаў, якія належалі памешчыку Пуслоўскаму. У другой чвэрці 19 ст. з’явіліся паравыя рухавікі на некаторых прадпрыемствах мукамольнай, цукровай, лесапільнай, жалезаапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

Узнікненне фабрычных прадпрыемстваў з’яўлялецца пачаткам такого сацыяльнага працэсу як прамысловая рэвалюцыя, што азначае пераход ад працы, заснаванай на ручной тэхніцы, да машыннай індустрыі, у выніку якога прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці. У краінах Заходняй Еўропы дадзены працэс адбываецца на працягу канца 18 – першай паловы 19 стст., вынікам чаго становіцца фарміраванне індустрыяльнага грамадства.

На землях Беларусі ў першай палове 19 ст. быў зроблены толькі першы крок ў стварэнні перадумоў прамысловай рэвалюцыі. Фабрыкі ў сярэдзіне 19 ст. былі невялікімі, былі заснаваны на апрацоўцы мясцовай сыравіны і складалі невялікую долю ў структуры прамысловасці. Большасць з іх былі вотчыннымі, з перавагай прыгоннай працы.

У структуры прамысловай вытворчасці на землях Беларусі ў дадзены перыяд пераважалі наступныя галіны: суконная, папяровая, харчовая, шкляная, г.зн. галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны. Сярод рэгіёнаў найбольш прамыслова развітай была Гродзенская губерня.

Такім чынам, у першай палове 19 ст. назіраецца працэс паступовага развіцця прамысловасці на тэрыторыі Беларусі, узмацнення ў ёй ролі капіталістычных элементаў. Аднак панаванне феадальна-прыгонніцкіх адносін замаруджвала дадзены працэс: натуральная гаспадарка ў прыгоннай вёсцы стрымлівала попыт на прамысловыя тавары; прымусовая праца прыгонных сялян на прадпрыемствах была неэфектыўнай.

Гарады. Гандаль.

У першай палове 19 ст. назіраецца хуткі рост гарадскога насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. З 1796 па 1861 г. яно павялічылася з 80 да 320 тыс.чал. К 1861 г. у гарадах пражывала каля 10% усяго насельніцтва. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. У гарадах павялічваецца ўдзельная вага рамесна-гандлёвага насельніцтва. Значную ролю ў гэтым адыграла ўвядзенне мяжы яўрэйскай аселасці і прымусовае перасяленне яўрэяў з вёсак у гарады і мястэчкі. К сярэдзіне 19 ст. каля 70% гарадскога насельніцтва складалі яўрэі. У губернскіх гарадах таксама значную частку насельніцтва складалі чыноўнікі, дваране і духавенства.

Развіццё прамысловасці і рост гарадскога насельніцтва стумулявалі развіццё гандлю. Гэтаму садзейнічаў ўздым цэн на хлеб у першай палове 19 ст.

Асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін у першай палове 19 ст. былі кірмашы. Большасць кірмашоў з’яўляліся універсальнымі, на іх можна было гандляваць любымі таварамі. Самымі буйнымі былі кірмашы ў Зэльве Гродзенскай губерні, Бешанковічах і Любавічах Магілеўскай губерні.

Значная месца займаў таксама развозна-разносны гандаль. Многія гарадскія купцы скуплялі ў вёсках сельскагаспадарчую прадукцыю, сартавалі яе, збіралі ў вялікія партыі і прадавалі аптавікам. Амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі дзейнічалі штотыднёвыя базары.

Пашыраўся таксама стацыянарны гандаль, які адбываўся ў штодзённа працуючых гандлёвых установах – лаўках, крамах, карчмах, кавярнях і г.д.

Важная роля ў развіцці ўнутранага рынку і таварна-грашовых адносін належала транспарту. Да сярэдзіны 19 ст. яго асноўным відам з’яўляўся водны, які ажыццяўляўся па сістэме рэк і каналаў. Водны транспарт заставаўся ў асноўным парусным, аднак у разглядаемы перыяд узнікаюць першыя параходы.

Другім відам шляхоў зносін былі сухапутныя. У першай палове 19 ст. ажыццяўлялася будаўніцтва гасцінцаў. Праз тэрыторыю Беларусі праляглі Маскоўска-Варшаўская, Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Рыжская шашэйныя дарогі.

Развіццё шляхоў зносін садзейнічала пашырэнню знешняга гандлю. За мяжу з беларускіх губерняў вывозілі прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, лес і драўляныя вырабы, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці. Імпартаваліся еўрапейскія фабрычныя тавары, металы, соль, рыба, фабрычнае абсталяванне.

Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у першай палове 19 ст. адбываецца працэс паступовага развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак панаванне феадальна-прыгонніцкай сістэмы істотна тармазіла і дэфармавала дадзены працэс. К сярэдзіне 19 ст. у эканамічнай сістэме Беларусі панаваў аграрны сектар; сельская гаспадарка мела пераважна натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробная рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны.

Асноўныя паняцці:

Буйнапамеснае землеўладанне, дзяржаўныя сяляне, прыватнаўласніцкія сяляне, рэформа дзяржаўнай вёскі 1837-1841 гг., рэформа сістэмы кіравання дзяржаўнымі сялянамі, “папячыцельская палітыка”, люстрацыя, дробныя рамесныя прадпрыемствы, мануфактуры, фабрыкі, прамысловая рэвалюцыя, кірмашы, развозна-разносны гандаль, стацыянарны гандаль.

Кантрольныя пытанні і заданні:

      1. Які характар мела структура землеўладання на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      2. Якімі фактарамі можна патлумачыць узрастанне ў першай палове 19 ст. ролі і значэння буйнапамеснага землеўладання?

      3. У чым выяўлялася ўзрастанне таварнасці памешчыцкай гаспадаркі ў першай палове 19 ст.? Чым можна растлумачыць дадзеную з’яву?

      4. Растлумачце, чаму, нягледзячы на аб’ектыўныя магчымасці, памешчыкі не былі зацікаўлены ў капіталістычнай перабудове сваіх гаспадарак. Якія шляхі яны выкарыстоўвалі пераважна для павышэння даходнасці сваіх гаспадарак?

      5. Які ўплыў таварна-грашовыя адносіны ў першай палове 19 ст. мелі на сялянскую гаспадарку Беларусі і ў якой ступені?

      6. Якім чынам змянілася структура сельскагаспадарчай вытворчасці на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      7. У якіх фактах знаходзіць пацвярджэнне тэзіс пра крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў першай палове 19 ст.? Якая галоўная прычына дадзенага крызісу?

      8. Растлумачце прычыны нізкіх тэмпаў тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі ў разглядаемы перыяд.

      9. Якія рэформы ажыццяўляў царскі ўрад ў сельскай гаспадарцы ў сярэдзіне 19 ст.?

      10. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі ў першай палове 19 ст.? Чым выклікана вядучая роля дробнай рамеснай прамысловасці?

      11. Якія змены адбываліся ў структуры мануфактурнай прамысловасці Беларусі першай паловы 19 ст.?

      12. Растлумачце, у чым выяўлялецца спецыфіка фабрычнай вытворчасці. Дзе на тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць першыя фабрыкі?

      13. Вызначце сутнасць паняцця “прамысловая рэвалюцыя”. Падумайце, ці можна ў сувязі з узнікненнем першых фабрвк на тэрыторі Беларусі ў першай палове 19 ст., гаварыць пра ажыццяўленне тут прамысловай рэвалюцыі?

      14. Якія галіны прамысловай вытворчасці на землях Беларусі ў разглядаемы перыяд адыгрывалі вядучую ролю? Якімі фактарамі гэта выклікана?

      15. Растлумачце, ці ёсць сувязь паміж павольнымі тэмпамі развіцця прамысловасці на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19 ст. і захаваннем ў гэты перыяд прыгоннага права і ў чым палягае дадзеная сувязь.

      16. Якімі фактарамі можна патлумачыць рост гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      17. Якія формы гандлю пераважалі на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы перыяд? Паспрабуйце растлумачыць асаблівае значэнне кірмашоў.

      18. Якія змены адбыліся ў транспартнай сістэме на землях Беларусі ў першай палове 19 ст. і як яны паўплывалі на развіццё гандлю?

      19. Які характар мела структура знешняга гандлю ў разглядаемы перыяд?

      20. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў першай палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

        1. Структура шляхецкага землеўладання на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.

        2. Сялянскія павіннасці на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.

        3. Рэформа дзяржаўнай вёскі на тэрыторыі Беларусі: прычыны, ход і вынікі.

        4. Фарміраванне фабрычнай прамысловасці з беларускіх губернях.

        5. Эканоміка беларускіх зямель у кантэксце заходнеерапейскай індустрыялізацыі першай паловы 19 ст.

        6. Беларускі горад у першай палове 19 ст.