Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
48.74 Кб
Скачать

Раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях (іх – першая палова хііі стст.)

Ужо ў пачатку ІХ ст. існавалі два ўсходнеславянскія саюзы: паўночны – з цэнтрам у Ноўгарадзе і паўднёвы – з цэнтрам у Кіеве. У 882 г. гэтыя саюзы аб’ядналіся і ўтварылі адну дзяржаву – Кіеўскую Русь.

Асновы дзяржаўнасці ў нашых продкаў з’явіліся яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі.

У першай палове ІХ ст. пачалося афармленне дзяржаўнасці Полацкай зямлі. Кіеў і Ноўгарад вялі барацьбу за кантроль над Полацкам. Полацк упершыню згадваецца ў 862 г. у ліку гарадоў, якія Рурык Наўгародскі (862 - 879) раздаваў сваім паплечнікам. Але ўжо ў 865 г. (ці ў 867 г.) кіеўскія князі Аскольд і Дзір ажыццявілі ваенны паход на палачан.

У 882 г. пераемнік Рурыка Алег (879 - 912) аб’яднаў паўночны і паўднёвы ўсходнеславянскія саюзы ў адну дзяржаву з цэнтрам у Кіеве. З гэтага часу Полацк і яго землі знаходзіліся ў пастаянных эканамічных і палітычных сувязях з Кіеўскім княствам. Пры пераемніках Алега – Ігары (912 - 945), Вользе (945 - 964), Святаславе (964 – 972) – уплыў Кіева на Полацк аслабеў.

Каля 70-х гг. Х ст. у Полацку пачаў княжыць Рагвалод. Пры ім да саюзу з Полацкай зямлёй імкнуліся і наўгародскі князь Уладзімір, і кіеўскі князь Яраполк. У 980 г. Уладзіміру Святаславічу, удалося захапіць Полацк. Рагвалод з сям’ёй быў забіты, яго дачка Рагнеда гвалтам узята Уладзімірам у жонкі. Яна нарадзіла яму сына Ізяслава, які потым, верагодна, быў запрошаны на княжанне ў Полацк. Так была адноўлена дынастыя полацкіх князёў.

Пасля смерці Ізяслава і яго малалетняга пераемніка Усяслава (1001 - 1003) полацкі прастол заняў малодшы сын Ізяслава Брачыслаў (1003 - 1044). У барацьбе з кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад Брачыслаў дабіўся перадачы яму гарадоў Віцебска і Усвят (1021), якія стаялі на важным шляху са Скандынавіі ў Візантыю (“шлях з варагаў у грэкі”).

Усяслаў Брачыслававіч (Чарадзей, 1044 - 1101) пачаў барацьбу за падпарадкаванне Полацку Паўночнай Русі. У 1065 г. полацкія дружыны асаджалі Пскоў, а ў 1066 г. штурмам узялі Ноўгарад. У адказ на гэта тры князі Яраславічы: Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, – пайшлі на Полацкую зямлю і захапілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. на беразе р. Нямігі адбылася бітва. Усяслаў адступіў. Пазней Яраславічы схапілі яго пад Оршай і адвезлі ў Кіеў. У 1068 г. кіяўляне, якія паўсталі супраць Ізяслава, вызвалілі Усяслава і зрабілі яго кіеўскім князем. Праз 7 месяцаў ён вярнуўся на радзіму.

Тураўскае княства ўтварылася ў канцы ІХ ст. Горад Тураў упершыню ўпамінаецца пад 980 г. Тураўская зямля ў асноўным адпавядала тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Тураў размяшчаўся на р. Прыпяці, якая з’яўлялася водным шляхам на Захад. Таму заходні ўплыў заўсёды адчуваўся тут больш моцна. Асаблівасцю грамадска-палітычнага ладу Турава была прысутнасць адначасова князя і пасадніка. Такая з’ява была характэрна яшчэ толькі для Ноўгарада.

У канцы Х і на працягу ХІ ст. Тураўская зямля знаходзілася ў палітычным кантакце з Кіевам. Традыцыйна Тураў выдзяляўся трэцяму па старшынству сыну вялікага князя кіеўскага: Уладзімірам у 988 г. Святаполку, Яраславам у 1052 г. Ізяславу, Уладзімірам Манамахам у 1125 г. Вячаславу. Аднак у 1158 г. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. Пачынальнікам яе быў Юрый Яраславіч – унук Святаполка Ізяславіча, князя тураўскага (1088 - 1113) і кіеўскага (1093 - 1113). У другой палове ХІІ ст. адбываецца паступовае ўзвышэнне Пінска, які становіцца сапернікам Турава і па сутнасці другой сталіцай княства.

У ХІІ – першай палове ХІІІ ст. Полацкая, Тураўская землі і інш. дзяржаўныя ўтварэнні, у склад якіх уваходзілі беларускія землі, перажывалі этап феадальнай раздробленасці. Гэта быў заканамерны і прагрэсіўны крок на шляху станаўлення і далейшага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Аналагічныя працэсы адбываліся паўсюдна ў Еўропе.

Пасля смерці Усяслава паміж яго сынамі вялася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся і іншыя князі. Найбольш моцным з удзелаў стаў Менскі. Тут княжыў Глеб Усяслававіч, які праводзіў палітыку ўзвышэння Менска і ўсю сваю энергію накіраваў на ўмацаванне і пашырэнне межаў Менскага княства. Гэта выклікала незадавальненне Кіева, якое прывяло да войнаў і плянення Глеба кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам (1119 г.).

Адносіны Полацка з паўднёвымі князямі ў першай трэці ХІІ ст. заставаліся вельмі вострымі. Гэта прывяло ў 1129 г. да таго, што кіеўскі князь Мсціслаў захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і выслаў у Візантыю. Толькі праз 10 гадоў яны здолелі вярнуць сабе свае ўдзелы.

Палітычнае жыццё Полацка другой паловы ХІІ ст. характарызавалася выступленнямі гараджан супраць князёў, барацьбой варожых груповак, змаганнем паміж удзеламі. Аднак, хаця паміж удзеламі ішла барацьба, яна не была сепаратысцкай, нацэленай на поўную адасобленаць. Гэта была барацьба за дамінуючае становішча ў Полацкай зямлі. Менавіта адсутнасць сепаратызму складала асаблівасць развіцця гэтай часткі Русі ў ХІІ – пачатку ХІІІ ст.

У пачатку 80-х гг. ХІІ ст. Полацкая зямля стала выходзіць са стану міжусобнай барацьбы. Працэс феадальнай раздробленасці, які пачаўся на Полаччыне раней за іншыя землі, тут пачаў і раней вычэрпвацца. Гэта таксама было асаблівасцю развіцця. Пераадолеўшы ўнутраны разлад, Полацк зноў вярнуў сабе пануючае становішча сярод сваіх удзелаў.

Тураўшчына ў працэсе феадальнай раздробленасці не прайшла праз пакуты міжусобіц. Драбленне на ўдзелы, якое пачалося пасля смерці Юрыя Яраславіча, не прывяло да ўзаемнай барацьбы тураўскіх князёў. Аднак Тураўская зямля не набыла і той палітычнай кансалідацыі, якую здабыла Полаччына. Тураў усё больш і больш марнеў. Раздробленая і аслабленая зямля паступова трапляла ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства. З пачатку ХІІІ ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш і больш звязвала свой лёс з Навагародскай зямлёй.

Беларускія землі ўваходзілі ў склад і некаторых іншых дзяржаўных утварэнняў. Да ХІІ ст. адносяцца першыя звесткі пра Гарадзенскае княства, на чале якога стаялі князі – нашчадкі малодшага сына Яраслава Мудрага Ігара, звязаныя пераважна з Валынню (Усеваладка Гарадзенскі – сын Давыда Ігаравіча). З сярэдзіны ХІІ ст. у склад Уладзіміра-Валынскага княства ўваходзіла Берасцейшчына. У ХІІ – ХІІІ стст. у склад Смаленскага княства ўваходзілі беларускія гарады Прупой (Прапойск), Крычаў, Мсціслаў. У пачатку ХІІ ст. да яго адышлі Копысь і Орша, аднак Орша была хутка вернута Полацку. З другой паловы ХІ ст. у склад Чарнігаўскага княства ўвайшлі землі з гарадамі Гомель, Рэчыца, Чачэрск, беларускія гарады Мазыр і Брагін адносіліся да Кіеўскага княства.

Такім чынам, першыя раннефеадальныя княствы на Беларусі з’яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве – першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях, якое ўзнікла ў канцы І тыс н. э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на працягу шэрагу стагоддзяў.