Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лексика.rtf
Скачиваний:
17
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
4.79 Mб
Скачать

§ 3. Тыпы слоўнікаў

Паводле прызначэння ўсе слоўнікі аб'ядноўваюцца ў два ас-ноўныя тыпы - энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя выданні падзяляюцца на энцыклапедыі (у іх артыкулы маюць вялікія памеры) і энцыклапедычныя слоўнікі (у іх аб'ём артыкулаў невялікі)21.

Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены наву-ковыя веды пра прадметы, з'явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры, асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловачнымі словамі ў энцыклапе-дычных слоўніках з'яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі. Яны размяшча-юцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў). Слоўнікавыя артыкулы ў слоўніках такога тыпу не даюць граматычнай і стылістычнай характарыстык, а таксама тэр-міналагічных і фразеалагічных спалучэнняў. Указваецца толькі паходжанне запазычаных тэрмінаў і пазначана месца націску на за-галовачных словах. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Паводле характару інфармацыі энцыклапедычныя слоўнікі пад-зяляюцца на універсальныя, галіновыя, спецыяльныя і рэгіянальныя.

Да энцыклапедычных выданняў адносяцца «Беларуская Савец-кая энцыклапедыя» ў 12-ці тамах (1969 - 1975), «Беларуская Эн-цыклапедыя» ў 18-ці тамах (1996 - 2004), «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Архітэктура Беларусі» (1982), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984 - 1987) г.д.. Выдадзены персанальныя энцыклапедыі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988).

21 Першапачаткова тэрмін «энцыклапедычны слоўнік» ужываўся як сінонім да тэрміна «энцыклапедыя».

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы - іх значэнне, ужы-ванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне. Загаловачныя словы ў лінгвістычных слоўніках размяшчаюцца па-рознаму. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць сэнсавую, граматыч-ную, стылістычную, этымалагічную характарыстыкі, пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеа-лагічныя спалучэнні. Ілюстрацыямі ў большасці лінгвістычных слоўнікаў з'яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бя-руцца з літаратурных крыніц.

Лінгвістычныя слоўнікі падзяляюцца на тры віды: аднамоў-ныя, двухмоўныя і шматмоўныя.

Духмоўныя і шматмоўныя слоўнікі - гэта перакладныя слоўнікі, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай мовы або некалькіх іншых моў. Прыкладам двухмоўных перакладных слоўнікаў з'яўляюцца: «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах пад рэдакцыяй К.Крапівы (1988-1989), «Русско-белорусскнй словарь» у 3-х тамах пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (3-е выд., 2002) і г.д.; шматмоўных - «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1990), «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989), «Французска-бела-руска-рускі слоўнік» (1992), «Іспанска-беларуска-рускі слоўнік»

(1993) і інш.

Аднамоўныя слоўнікі характарызуюць словы адной мовы срод-камі той самай мовы. Паводле прызначэння аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, дыялектныя, этымалагічныя, арфаг-рафічныя, арфаэпічныя, слоўнікі сінонімаў, паронімаў, амонімаў, антонімаў, эпітэтаў беларускай мовы, фразеалагічныя, марфемныя, словаўтваральныя, анамастычныя, частотныя, адваротныя, асацыя-тыўныя і інш.

Абавязковай у тлумачальных слоўніках з'яўляецца сэнсавая характарыстыка слова. Тлумачальныя слоўнікі ўключаюць і тлума-чаць агульнаўжывальную лексіку беларускай літаратурнай мовы. У слоўнікавых артыкулах даецца напісанне слова, указваецца мес-ца націску, прыводзяцца сэнсавая, граматычная, стылістычная ха-рактарыстыкі слова, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя словазлучэнні, у некаторых - даведкі пра па-ходжанне слова. Да нарматыўных тлумачальных слоўнікаў адно-сяцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 -1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй шко-лы» А.Я.Баханькова, І.М.Гайдукевіча, П.П.Шубы (7-е выд., 2002), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдак-цыяй М.Р.Судніка і М.Н.Крыўко (4-е выд., 2005).

Дыялектныя слоўнікі фіксуюць словы адной гаворкі, групы гаворак або пэўнага дыялекту, тлумачаць іх значэнне і ўжыванне. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжы-вальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Да іх адно-сяцца, напрыклад, «Дыялектны слоўнік» у 3-х тамах Ф.М.Ян-коўскага (1959 - 1970), «Дыялектны слоўнік з гаворак Зэльвеншчы-ны» П.У.Сцяцко (1970), «Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчы-ны» пад рэдакцыяй М.А.Даніловіча, П.У.Сцяцко (1999) і інш.

Гістарычныя слоўнікі характарызуюць лексіку пісьмовых по-мнікаў пэўнага гістарычнага перыяду. У «Гістарычным слоўніку бе-ларускай мовы» (з 1982 па 2007 г.г. выйшла 27 выпускаў) даюцца сэнсавыя і граматычныя характарыстыкі літаратурна-пісьмовай лексікі XIV - XVIII ст., а таксама прыводзяцца прыклады ўжывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці.

Этымалагічныя слоўнікі - від лінгвістычных слоўнікаў, у якіх раскрываецца паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і змены ў зна-чэнні слова. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік» ствараецца ў Інсты-туце мовазнаўства НАН Беларусі; выйшлі 11 тамоў (1978 - 2006).

Арфаграфічныя слоўнікі даюць правільнае, замацаванае нор-мамі арфаграфіі напісанне слоў і іх форм. У беларускай лексі-каграфіі створаны два тыпы гэтага слоўніка: слоўнік для школы і агульны слоўнік. Напрыклад, «Арфаграфічны слоўнік» для сярэд-няй школы М.П.Лобана і М.Р.Судніка выйшаў у 1961 годзе (2-е выд., 1966, 3-е выд., 1971, 4-е выд., 1978, 5-е выд., 1982, 6-е выд., 1990). Гэты слоўнік мае дзве часткі: «Асноўныя правілы правапісу» і «Слоўнік», дзе падаюцца словы ў напісанні, якое адпавядае сучас-ным арфаграфічным нормам. Калі слова мае дваякае напісанне, прыводзяцца яго арфаграфічныя варыянты, напрыклад: альха і воль-ха, супраць і супроць. «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай шко-лы з'явіўся ў 1968 годзе (2-е выд., 1972, 3-е выд., 1977, 4-е выд., 1982, 5-е выд., 1987, 6-е выд., 1992).

У 1987 годзе выйшаў з друку агульны слоўнік-даведнік па ар-фаграфіі, арфаэпіі, акцэнтуацыі і словазмяненні - «Слоўнік бела-рускай мовы» пад рэдакцыяй М.В.Бірылы.

Слоўнікі мовы пісьменніка апісваюць лексіку твораў таго ці іншага пісьменніка. Гэта своеасаблівы дапаможнік пры вывучэнні асаблівасцей мовы і стылю пісьменніка або яго канкрэтнага твора. Прыкладамі такіх слоўнікаў з'яўляюцца «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі (3 т., 1977 - 1994), «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 тамах (Т. 1 - 6, 1997 - 2003), «Фразеалагічны слоўнік мовы Якуба Коласа» (1993).

Фразеалагічныя слоўнікі тлумачаць значэнні ўстойлівых сло-вазлучэнняў (фразеалагізмаў), ілюструюць іх прыкладамі, даюць стылістычную характарыстыку і звесткі пра паходжанне. Устойлі-выя словазлучэнні беларускай мовы пададзены і ахарактарызава-ны ў «Слоўніку беларускай народнай фразеалогіі» Е.С.Мяцель-скай, Я.М.Камароўскага (1972), у «Фразеалагічным слоўніку бела-рускай мовы» у 2-х тамах І.Я.Лепешава (1991), у слоўніку «Бела-рускія прымаўкі, прыказкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1992), у

«Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» у 2-х частках І.Я.Лепе-шава (1981, 1993).

Марфемныя слоўнікі даюць падзел слоў на марфемы. Прыкла-дам такога слоўніка з'яўляецца «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна (1989). Загаловачныя словы, падзеленыя на марфемы, размешчаны ў алфавітным парадку. Калі на стыку марфем адбываецца зліццё гукаў, то ў круглых дужках марфемы падаюцца ў іх поўным выглядзе: студэн[ц]-к-і (студэнт + ск + і). У круглых дужках, але з паметай гіст., паказваюцца зме-ны ў марфемнай будове слова ў працэсе яго гістарычнага развіцця.

Словаўтваральная структура вытворных слоў раскрываецца ў «Словаўтваральным слоўніку беларускай мовы» А.М.Бардовіча, М.М.Круталевіча і А.А.Лукашанца (2000). У слоўніку паказана, ад якой асновы, якім спосабам утварылася слова, напрыклад: каран-ёв-ы (ы) - суф., ад корань-(Ш), чарг. о/а.

Анамастычныя слоўнікі фіксуюць уласныя імёны, геаграфіч-ныя назвы. Да іх адносяцца «Слоўнік асабовых імён» М.Р.Судніка (1965), «Беларуская антрапанімія: Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы» (Ч. 1. 1966; Ч. 2. 1969; 4.3. 1982) М.В.Бірылы, «Беларуская антрапанімія: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (1969) і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў - гэта лексікаграфічны даведнік, у якім тлумачацца запазычаныя словы, што маюць вузкую сферу вы-карыстання і выразна ўсведамляюцца як словы іншай мовы. На-прыклад, у 1993 годзе выдадзены «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, які змяшчае каля 5600 слоў, запазычаных у розны час беларускай мовай з іншых моў. У 1999 г. выйшаў «Слоўнік іншамоўных слоў» у 2-х тамах А.М.Булыкі.

Слоўнікі сінонімаў фіксуюць сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічных радах, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку. Першым у такім радзе ідзе стылістычна нейтральнае слова (дамі-нанта). Для некаторых сінонімаў прыводзяцца стылістычная ха-рактарыстыка і фразеалагічныя спалучэнні. Ужыванне кожнага сіноні-ма з сінанімічнага рада суправаджаецца ілюстрацыйным прыкла-дам у выглядзе сказа з мастацкай літаратуры, фальклору. У канцы слоўнік мае алфавітны пералік усіх слоў сінанімічных радоў (індэкс), які дапамагае лягчэй і хутчэй знайсці і падабраць патрэб-ны сінонім. У «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (1976; 2-е выд., 1993) пададзена каля 1900 сінаніміч-ных радоў, у якіх аб'яднана больш за 11000 слоў, устойлівых сло-вазлучэнняў і зваротаў.

Слоўнік амонімаў фіксуе і тлумачыць словы, якія аднолькава вымаўляюцца і пішуцца, але маюць рознае значэнне. Прызначаны такі слоўнік для адлюстравання слоў, якія супадаюць па форме, але не маюць нічога агульнага ў значэнні, і для надання ім семантыч-най і граматычнай характарыстыкі. «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка з'явіўся ў 1991 годзе і фіксуе каля 2000 пар ці груп амонімаў.

Слоўнік паронімаў адлюстроўвае і тлумачыць блізкія па гу-чанні, але розныя па значэнні словы. «Слоўнік паронімаў беларус-кай мовы» С.М.Грабчыкава выйшаў з друку ў 1994 годзе. У ім у алфавітным парадку засведчаны паранімічныя групы слоў, кожнай з іх прысвечаны асобны слоўнікавы артыкул.

Слоўнік эпітэтаў - гэта лексікаграфічны даведнік, у якім ад-люстраваны вобразныя азначэнні. Першы «Слоўнік эпітэтаў бела-рускай літаратурнай мовы» М.П.Пазнякова з'явіўся ў 1988 годзе. У 1991 годзе выйшаў «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» Н.В.Гаў-рош (2-е выд.,1998).

Частотны слоўнік падае спісы слоў, размешчаных у парадку змяншэння частаты іх ужывання ў тэкстах вызначанай даўжыні і стылю. Такія слоўнікі дапамагаюць высветліць, якія словы склада-юць ядро слоўніка мовы, а якія знаходзяцца на яго перыферыі; да-юць магчымасць высветліць лексічны мінімум, неабходны пры ства-рэнні падручнікаў і дапаможнікаў для вучняў; змяшчаюць каштоў-ны матэрыял па даследаванні пытанняў, звязаных з функцыянаван-нем лексікі і інш. Праца па стварэнні частотнага слоўніка беларус-кай мовы распачалася ў апошнія тры дзесяцігоддзі. Выйшла з дру-ку пяць выпускаў «Частотнага слоўніка беларускай мовы» Н.С.Ма-жэйкі, А.Я.Супруна (1976-1992) У 2006 годзе выйшаў зводны «Ча-стотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі.

Асацыятыўныя слоўнікі ў выглядзе частотных спісаў фіксу-юць словы-рэакцыі на словы-стымулы. «Асацыятыўны слоўнік бе-ларускай мовы» А.І.Цітовай выйшаў у 1981 годзе і адлюстраваў вынікі псіхалінгвістычнага эксперыменту на свабоднае асацыяван-не з фіксацыяй першых адказаў на 300 слоў-стымулаў розных сфер ужывання, атрыманых ад 1000 інфармантаў.

Тэрміналагічныя слоўнікі адлюстроўваюць тэрміны якой-не-будзь галіны навукі, тэхнікі, культуры. Беларускія тэрміналагічныя слоўнікі пачалі распрацоўвацца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па меры таго як беларуская мова набывала ўсё шырэйшыя грамад-скія функцыі, асабліва востра стаў адчувацца недахоп у ёй тэрміна-лагічных сродкаў, бо таго запасу тэрміналагічнай лексікі, якім ва­лодала народная гаворка, было зусім недастаткова нават для таго, каб выдаваць школьныя падручнікі, весці разнастайную канцылярскую перапіску, не кажучы ўжо пра навуку, юрыспрудэнцыю, вайско-вую справу, розныя галіны тэхнікі і іншыя больш высокія сферы прымянення нацыянальнай мовы. Таму на працягу 20-х XX ст. вя-лася актыўная работа па стварэнні беларускай нацыянальнай тэрмі-налогіі. За гэты час было выдадзена больш двух дзесяткаў тэрміналагічных руска-беларускіх (беларуска-рускіх) слоўнікаў, у тым ліку і па псіхалогіі.

Неабходна адзначыць, што на працягу XX ст. выходзяць у ас-ноўным аднамоўныя («Кароткі слоўнік псіхалагічных паняццяў» (Мазыр, 1993); С.С.Кацэвіч «Слоўнік педагагічных тэрмінаў» (Брэст, 1995); А.І.Андарала, Г.Ф.Андарала «Кароткі тлумачальны слоўнік педагагічных тэрмінаў» (Мінск, 1995) і інш.) ці двухмоў-ныя і шматмоўныя («Слоўнік тэрмінаў логікі і псіхалогіі» (Мінск, 1923); Т.У.Васілец, Я.Л.Каламінскі, Р.А.Макарэвіч «Руска-беларускі слоўнік псіхалагічных тэрмінаў» (Мінск, 1993); Н.Г.Алоўнікава, В.В.Кандрацьева «Руска-беларуска-англійскі слоўнік па педагогі-цы і псіхалогіі» (Мінск, 1996) і інш.) тэрміналагічныя слоўнікі па псіхалогіі, дэфекталогіі, педагогіцы.

Характарыстыка слоўнікаў беларускай мовы розных тыпаў сведчыць, што беларуская лексікаграфія і тэрмінаграфія як асоб-ныя раздзелы навукі аб мове атрымалі належнае развіццё.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Дайце азначэнне лексікаграфіі і тэрмінаграфіі, вызначце іх прадмет і задачы.

  1. З чаго складаецца і як будуецца слоўнікавы артыкул?

  2. Што адносіцца да сістэмы граматычных памет?

  3. Якія стылістычныя паметы ўжываюцца ў слоўніках?

5. Прывядзіце прыклады слоўнікаў, у якіх словы размешчаны гнездавым спосабам.

6. Ахарактарызуйце лінгвістычныя слоўнікі.

  1. Якія слоўнікі называюцца энцыклапедычнымі? Прывядзіце прыклады энцыклапедычных слоўнікаў па сваёй спецыяльнасці.

  2. Падумайце, як могуць псіхолагі, дэфектолагі і сацыяльныя педагогі выкарыстоўваць у сваёй працы асацыятыўныя і частотныя слоўнікі?