Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скажоныя назвы на карце Беларусі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
104.45 Кб
Скачать

2 Суперанская а.В. Что такое топонимика? — м., 1985. С. 11 —12.

Для параўнання можна зазначыць, што ў рускай тапанімічнай сістэме мадэль на -шчын-а скарыстоўваецца не заўсёды. Наўрад ці можна сказаць: Маскоўшчына, Ленінградшчына, Новасібіршчына, Краснадаршчына, Самаршчына, Хабараўшчына, Уладзівасточчына, Омшчына і г. д.

Праўда, у апошні час, у савецкі перыяд, пад уплывам беларускай і ўкраінскай моў у рускай мове атрымалі пашырэнне тапонімы тыпу Орловщина, Тамбовщина, Брянщина (пераважна назвы заходніх абласцей Расіі). Даследчыкі лічаць, што ў даным выпадку адбылося ажыўленне старой непрадуктыўнай мадэлі рускага словаўтварэння (параўн.: неметчина, туретчина і інш.), але пад уплывам іншых усходнеславянскіх моў (гл.: Міхневіч А.Я., Гіруцкі А.А. Вазьмі маё слова... – Мн., 1990. С. 36).

У назвах тыпу Ліозна, Міоры і інш. праявіўся выразна ўплыў польскай арфаграфіі, у якой адпаведнікам нашай літаратуры ё выступае спалучэнне іо: Лёзна – Ліозна, Езёры – Езіоры, Мёры – Міоры. Нават у такім звыклым і вядомым прозвішчы, як Цыялкоўскі, даследчыкі бачаць уплыў польскай арфаграфіі на вымаўленне.

Адсутнасць поўнагалосся ў польскай мове праявілася ў перадачы беларускіх тапонімаў Гародня, Берасце, Наваградак, Дарагічын. Такія сапраўды беларускія назвы яшчэ афіцыйна не ўзаконены, але ў мастацкай літаратуры, у перыядычным друку, у вусных выступленнях яны ўсё часцей і часцей ужываюцца так, як ужывалі ва ўсе часы іх нашы продкі. Так, Ф. Янкоўскі ў апавяданні «I за гарою пакланюся» пра такія назвы адзначае: «Пішуць – Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля, як і там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшнай на ўсёй зямлі,– Наваградчына. То і Наваградак» (Янкоўскі Ф. 3 нялёгкіх дарог). Адзначаў гэтую асаблівасць і Уладзімір Караткевіч: «Навагрудак, як яго чамусьці, на польскі манер, называюць (а мясцовыя людзі кіламетраў на семдзесят у наваколлі называюць Наваградак, і гэта бліжэй да старадаўняга Ноўгарадка), ляжыць на Навагрудскім узвышшы». Пра Гародню пісьменнік пісаў: «Высокі бераг Нёмана. Пры ўпадзенні ў яго Гараднічанкі, на мысе і ўзнік «Гарадзень», або «Гародня». Упершыню яго ўпамінаюць у 1128 годзе, але гэта ўжо быў вялікі горад, што склаўся куды раней, таму што быў сталіцай удзельнага княства Гародзенскага» (Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі).

Польскі варыянт за назвай Берасце (суч. Брэст) замацаваўся прыкладна з XVI ст. не толькі як вынік адсутнасці поўнагалосся ў польскай мове, але і, як нам здаецца, у сувязі з дзейнасцю аналогіі: на захадзе Францыі, на паўвостраве Брэтань, ёсць порт Брэст, і, мабыць, не без уплыву гэтай назвы, а на яе ўзор, адбылася трансфармацыя Берасьця на Бжэсьце → Бжэсьць → Бжэст → Брэст-Літоўск → Бжэсць-по-над-Бугем (Брэст-над-Бугам), пасля 1939 г. у выніку далучэння Заходняй Беларусі да Савецкай краіны горад набыў сучасную немясцовую, небеларускую назву Брэст.

Улічваючы народныя традыцыі ўжывання гэтай тапанімічнай назвы, якія, дарэчы, не прыпыняліся ніколі, хоць горад уваходзіў у склад розных дзяржаўных аб'яднанняў, а таксама версіі адносна паходжання спрадвечнага тапоніма, даследчыкі прапануюць вярнуцца да народнага гучання назвы і раяць заходнія вароты нашай Радзімы называць беларускім найменнем Берасьце. У пацвярджэнне сваіх меркаванняў краязнаўцы, гісторыкі, лінгвісты спасылаюцца на паслядоўнае мясцовае вымаўленне гэтай назвы, а таксама на ўсталяваныя погляды розных даследчыкаў адносна этымалогіі тапоніма. Так, у мясцовым варыянце назва Брэст паўсюдна гучыць як Бэ́рэсць ці Бэ́рысць, націск прыпадае на першы, а не на другі склад асновы, як мы чуем у сучаснай скажонай афіцыйна назве. Тутэйшыя людзі гараджан называюць берасцейцы, а не брэстаўчане ці брэшчане (услухайцеся толькі!!).

Сярод тапанімістаў пра ўзнікненне гэтай назвы бытуюць дзве версіі, якія фактычна не пярэчаць адна другой. Паводле адной з іх, назва горада паходзіць ад слова бераст – род вяза. Гэта значыць, што паселішча ўзнікла ў тых мясцінах, дзе было (расло) многа берасту.

На польскай этнічнай тэрыторыі з XII ст. вядомы горад Драгічын над Бугам. На Берасцейшчыне на старым шляху з Берасця на Пінск з XIV ст. упаміналася паселішча Дарагічын. У выніку планамернай паланізацыі зямель на ўсход ад Буга адбылася паступовая замена Дарагічын на Драгічын. Гэтаму садзейнічала некалькі абставін – падабенства ў гучанні дзвюх назваў, агульная замена ў мове палякаў шматлікіх усходнеславянскіх поўна-галосных спалучэнняў у каранях слоў на непаўнагалосныя, чаму ў значнай меры спрыяла дзейнасць аналогіі, а таксама сацыяльны фактар – магчымасць лёгка даказаць, што беларускія, украінскія і літоўскія тэрыторыі за Бугам – гэта нібыта працяг польскіх зямель, пра што сведчаць і факты тапанімікі (Мінск, Гродна, Брэст, Крулеўшчызна, Туржэц, Ліёзна і г. д.).

У многіх беларускіх тапанімічных назвах, калі яны запісваюцца па-руску, пад уплывам блізкіх па структуры рускіх слоў з'явіліся падоўжаныя зычныя: Глусск, Россь, Плисса, Коссово, Гресск і інш. На такой перадачы спецыфічна беларускіх назваў (у вуснай мове карэнных жыхароў ніякага падаўжэння не назіраецца), відаць, адбіўся ўплыў рускіх адносных прыметнікаў, утвораных ад асноў названых тапонімаў: Глусский – Глусск, Оресский – Оресса, Росский – Россь і г. д.

Дзеканне і цеканне – вельмі ўстойлівыя і выразныя прыкметы беларускай мовы. Было б правільным паслядоўна захоўваць гэтыя фанетычныя з'явы ў беларускіх тапанімічных назвах ва ўсіх мовах, а не толькі ў беларускай. Аднак у некаторых перыядычных выданнях па-руску можна прачытаць: Гродзянка, Зацень, Рамцели, Илгайце і Друть, Уборть, Тростянец, Городея і г. д. Для параўнання можна зазначыць, што, перадаючы, напрыклад, польскія тапонімы па-руску, амаль паслядоўна захоўваюць такія важнейшыя асаблівасці польскай мовы як дзеканне, цеканне і інш.: Освенцим, Яроцин, Щецин, Лодзь, Зелёная Гура, Нове Място, Остров-Велькопольский, Бяла-Подляска, Бялы-Бур і інш. 3 беларускімі тапонімамі, калі яны пішуцца па-руску, абыходзяцца інакш. Яны атрымліваюць некаторыя спецыфічныя рысы рускай мовы.

Значныя разыходжанні ў беларускай і рускай мовах назіраюцца ў перадачы тапонімаў тыпу Вялікі Лес, Вялікія Аўцюкі, Вялікія Сялюцічы, Вялікае Поле і інш. Пры перакладзе іх на рускую мову (а да апошняга часу амаль паўсюдна, напрыклад, указальнікі на дарогах афармляліся па-руску) прыметнік Вялікі (Вялікае, Вялікія і інш.) механічна перакладаўся як Большой (Большое, Большие). А таму яшчэ і цяпер нярэдка на аўтастрадах Беларусі, у газетных матэрыялах пра Беларусь, пячацях, афіцыйных дакументах можна прачытаць: Большие Селютичи, Большое Поле, Большие Овтюки, Большой Боков, Большие Стеблевичи і інш. Гора-перакладчыкі не звярталі ўвагу на тое, што нават у аналагічных тапонімах рускай мовы ўжываецца прыметнік-азначэнне Великий, а не Большой. Параўнаем: гарады Великие Луки, Великий Устюг. Прыметнік великий, дарэчы, ужываўся нават у тэксце Гімна Савецкага Саюза.

Назву вёскі Сымонавічы, што вядома ў Лельчыцкім, Глускім і другіх раёнах, замяняюць на Сіманавічы. Відаць, нейкага чыноўніка-кручкатвора і майстра на замены тапанімічных назваў не задавальняла празрыстасць паходжання гэтага наймення ад вельмі папулярнага і надзвычай характэрнага для Беларусі ўласнага імені Сымон, і тапанімічную назву скажаюць, падтасоўваючы пад немясцовыя, небеларускія Симон, Симан. Адбылося таксама перамяшчэнне націску з другога склада на першы: Сымонавічы – Сіманавічы.

Яшчэ ў пяцідзесятыя гады Ф. Янкоўскі ў сваіх публікацыях звярнуў увагу, што на Беларусі надзвычай часта можна назіраць разнастайныя разыходжанні ў перадачы на пісьме і вуснай мове многіх тапанімічных назваў. Ён папярэджваў, што нельга ігнараваць таго вымаўлення, той формы геаграфічнай назвы, якая бытуе ў населеным пункце і вакол яго. Ці правільна, пісаў ён, што на картах і ў газетах пішуць Вілія? (Параўн.: «Гэта было ў сорак першым, восенню памятнай той, ранкам, ад хмар пацямнеўшым, па-над ракою Віллёю». М. Танк.) Не Не́свіж, а Нясві́ж, не Ро́гава, а Рагава́, не Асі́павічы, а Асіпо́вічы, не Не́ман, а Нё́ман, не Талачыно́, а Талачы́н, не Мсцісла́ўль, а Мсці́слаў. Няма падставы гаварыць і пісаць Браслаўль, а карыстацца назвай Браслаўе, як і Заслаўе1 (утвораны па адной мадэлі: Изяславль → Заславль → Заслав → Заслаўе; Браславль → Браслав → Браслаўе, літаральна некалі: гарады Ізяслава і Брачыслава. – В. Ш.) Дарэчы тут зазначыць, што Фёдар Янкоўскі ў пазнейшых, немовазнаўчых працах, абразках, апавяданнях паслядоўна ўжываў тапанімічныя назвы, грунтуючыся на іх натуральным, жывым вымаўленні. Вось прыклады з яго твораў, што можна знайсці ў зборніках «З нялёгкіх дарог», «Само слова гаворыць»: «У Баранавіцкім раёне, недалёка ад старадаўняга і каларытнага мястэчка Гарадзішча, ёсць возера, якое зрабілі на рэчцы Сервач, каля вёскі Ку́таўшчына. З таго і называюць гэта возера Ку́таўскае. Грэх абысці, не звярнуць увагу на народнае словаўтварэнне. Кутаўшчына – Кутаўскае (возера), Радашкавічы – радашкаўскае (поле); «Тады не было яшчэ такой гладкай, як стол, дарогі, што перасякала Лепельшчыну, бяжыць амаль каля Лепля (так кажуць на Лепельшчыне), потым перасякае Ушаччыну і прастуе роўная, як струна, на Полацак»; «Правы бераг Бярозы. Недалёка ад мястэчка, якое з даўніх давён называюць местачкоўцы і сяляне навакольных вёсак Бярэзань, на картах пішуць (нашто? чаму?) інакш – Беразіно»; «У вайну і пасля вайны мне давялося хадзіць і вадзіць па сцежках А. Лявіцкага, там, дзе Радашкавічы, Путнікі, Валодзькі, Дуброва, Бахмэтаўка (не Бахметаўка), Бакшты (Першыя, Другія, Трэція), Аляхновічы, Івянец, Заберазь, Трабы, Люцынка, Удранка, Карпавічы, Буцькі, Шчорсы, Любча, Пяршаі, Ярашэвічы, Гарадок...»