- •Прадмет, структура, значэнне граматыкi
- •Кожная моўная сістэма (кожная мова) складаецца з 3-х асноўных, фундаментальных састаўных элементаў (або ярусаў, узроўняў):
- •Для чаго ж патрэбна граматыка? Якая яе роля?
- •1. Устойлівасць. Граматыка мяняецца вельмі марудна, развіццё грамадства адлюстроўвае не прама. Аднак ёсць змены і ў граматыцы. Напр., апошнія інавацыі ў граматыцы:
- •Асноўныя граматычныя паняцці і тэрміны
- •Табліца № 2
- •Парадыгмы граматычных катэгорый
- •Сiстэма часцiн мовы. Прынцыпы размежавання слоў па часцінах мовы
- •1 Семантычныя,
- •2 Марфалагічныя,
- •4 Словаўтваральныя прынцыпы выдзялення і размежавання слоў па часцінах мовы.
- •Пытанне пра колькасць часцiн мовы
- •Агульная характарыстыка назоўнiка як часцiны мовы
- •Лексiка - граматычныя разрады назоўнiкаў (лгр)
- •1. Агульныя I ўласныя назоўнiкi .
- •2. Канкрэтныя I абстрактныя назоўнiкi .
- •3. Асабовыя I неасабовыя назоўнiкi .
- •4. Адушаўлёныя I неадушаўлёныя назоўнiкi . .
- •5. Зборныя назоўнiкi . .
- •6. Рэчыўныя назоўнiкi . .
- •7. Адзiнкавыя назоўнiкi . .
- •Граматычныя катэгорыi назоўнiка
- •Вызначэнне па семантыцы роду нязменных назоўнiкаў
- •Склонавыя значэннi .
- •Канчаткi назоўнікаў м. Р. 2-га склан. У р. Скл. Адз. Л..
- •Агульная характарыстыка прыметнiка як часцiны мовы
- •Лексіка-семантычныя групы прыметнікаў
- •Лексiка - граматычныя разрады прыметнiкаў (лгр)
- •1. Якасныя прыметнiкi .
- •Семантычныя рысы якасных прыметнікаў
- •Спецыфічныя граматычныя рысы якасных прыметнікаў
- •2. Адносныя прыметнiкi .
- •3. Прыналежныя прыметнiкi .
- •Поўныя, кароткiя I ўсечаныя формы прыметнiкаў
- •Адрозненне ўсечаных формаў ад кароткіх:
- •Ступенi параўнання прыметнiкаў
- •Ступенi параўнання прыметнiкаў
- •Памылкi пры ўтварэннi I ўжываннi ступеней параўнання прыметнiкаў
- •Да табліцы ”Ступені параўнання прыметнікаў”
- •Скланенне прыметнiкаў
- •Агульная характарыстыка лiчэбнiка як часцiны мовы
- •Разрады лiчэбнiкаў паводле значэння I граматычных прымет
- •Няпэўна - колькасныя словы ( нкс ).
- •1. Колькасныя лiчэбнiкi –
- •2. Парадкавыя лiчэбнiкi .
- •Разрады лiчэбнiкаў паводле структуры
- •Разрады лiчэбнiкаў паводле ўтварэння ( паходжання )
- •Сiнтаксiчная сувязь лiчэбнiкаў з назоўнiкамi
- •Сiнтаксiчная сувязь памiж словамi ў межах дробавых лiчэбнiкаў
- •Агульная характарыстыка займеннiка як часцiны мовы
- •Разрады займеннiкаў па суадносiнах з часцiнамi мовы
- •Лексiка - граматычныя разрады (лгр) займеннiкаў
Пытанне пра колькасць часцiн мовы
Традыцыйна (у тым ліку і ў школьнай граматыцы) вылучаецца 10 часцін мовы: 6 самастойных (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе); 3 службовыя (прыназоўнік, злучнік, часціца) і выклічнік (не адносіцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы). Але ў большасці апошніх даследаванняў па марфалогіі адзначаецца, што Б П С (або б е з а с а б о в а - п р э д ы к а т ы ў н ы я с л о в ы, або словы катэгорыі стану, або прэдыкатыўныя прыслоўі, або прэдыкатывы [мы далей спынімся на рознагалоссі ў называнні гэтай часціны мовы] ) выдзеліліся ў самастойна аформленую групу, у асобны клас слоў ― у асобную часціну мовы. Выдзеліліся яны сваім своеасаблівым лексічным значэннем, спецыфічнымі граматычнымі прыметамі і – галоўнае – своеасаблівай сінтаксічнай функцыяй. Тым не менш у агульную колькасць часцін мовы іх чамусьці мала хто ўключае. Бо пытанне пра БПС да канца ў навуцы не вырашанае і да сённяшняга часу:
1. Адны вучоныя па традыцыі адносяць іх да прыслоўяў (прыклады тыпу Гаварыў ціха і На дварэ ціха) ці да назоўнікаў (прыклады тыпу Мне шкада яго; Грэх так казаць; İ не дзіва! Страх! Жах!), да дзеясловаў (тры словы: Здалёк відаць вёску; Чуваць ( чуць ) было песню).
2. Другія вучоныя прызнаюць БПС асобнай часцінай мовы.
3. Трэція вучоныя разглядаюць іх разам з дзеясловамі (у прыватнасці, у П.П. Шубы чытаем: ”да дзеясловаў непасрэдна прымыкае клас безасабова-прэдыкатыўных слоў”).
Мы будзем іх адносіць да самастойнай часціны мовы. İ такім чынам, агульная колькасць часцін мовы – 12. 12-я часціна мовы – з в я з к і. У БГр.– 85 звязкі адносяцца да службовых часцін мовы. Але гэта пераходны паміж самастойнымі і службовымі тып часціны мовы: 1) як і самастойныя часціны, звязкі змяняюцца (спрагаюцца), большасць валодаюць выразнай семантыкай; 2) а з другога боку, як і ў службовых часцін мовы, у іх роля службовая – яны звязваюць дзейнік з выказнікам.
М а д а л ь н ы я с л о в ы ў агульную колькасць часцін мовы не ўключаюцца. Яны, як і гукаперайманні, па-за межамі часцін мовы.
************************************************************
Усе часціны мовы падзяляюцца на 2 вялікія разрады:
І. ПАЎНАЗНАЧНЫЯ (або ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ, САМАСТОЙНЫЯ)
ІІ. НЕПАЎНАЗНАЧНЫЯ (або НЕЗНАМЯНАЛЬНЫЯ, СЛУЖБОВЫЯ, НЕСАМАСТОЙНЫЯ).
Знамянальныя часціны мовы служаць для называння прадметаў (у шырокім сэнсе слова прадмет), прымет, дзеянняў, лікаў або ўказання на іх (на прадметы, прыметы, лікі).
І. Сярод ПАЎНАЗНАЧНЫХ выдзяляюцца тры падгрупы:
1-я падгрупа – 4 імёны. Яны скланяюцца. Гэта назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік.
2-я падгрупа – дзеяслоў. Ён спрагаецца. У сістэму формаў дзеяслова ўваходзяць таксама дзеепрыметнік з дзеепрыслоўем, якія ўсё ж фарміруюцца ў асобныя часціны мовы.
Н
екаторыя
вучоныя разглядаюць іх як асобныя
часціны мовы, а не дзеяслоўныя формы,
бо яны служаць базай для ўтварэння
новых слоў; дзеепрыметнікі ўваходзяць
у словаўтваральныя ланцужкі; у слоўніках
падаюцца асобнымі слоўнікавымі
артыкуламі. У раздзеле ”Словаўтварэнне”
пры аналізе ўтварэння дзеепрыметнікаў
і дзеепрыслоўяў інфінітыў не лічыцца
іх пачатковай формай (хаця суфіксы
дз-каў і дз-яў і кваліфікуюцца як
формаўтваральныя).
3-я падгрупа – прыслоўе. Яно не змяняецца (не спрагаецца і не скланяецца). Прыслоўе абазначае прымету дзеяння, стану ці прымету якасці.
ІІ. У СЛУЖБОВЫЯ часцiны мовы (або НЕПАЎНАЗНАЧНЫЯ, НЕСАМАСТОЙНЫЯ ) уключаюцца словы, якія выражаюць
1) адносіны паміж прадметамі, прыметамі, дзеяннямі (гэта прыназоўнікі, злучнікі, звязкі) і
2) розныя сэнсавыя і эмацыянальныя адценні (гэта часціцы).
Службовыя ч. м. нязменныя (за выключэннем звязак), не з’яўляюцца самастойнымі членамі сказа (таму і называюцца несамаст-мі).
П р ы н а з о ў н і к і выражаюць розныя сэнсава-сінтаксічныя адносіны назоўнікаў да іншых часцін мовы: дом з балконам – азначальныя адносіны; мокры ад расы – прычынныя; прыйдзе незалежна ад умоў – уступальныя.
З л у ч н і к і выражаюць сінтаксічныя сувязі паміж словамі, словазлучэннямі і сказамі.
Ч а с ц і ц ы служаць для выражэння розных сэнсавых і эмацыянальных адценняў слоў ці сказаў. Некаторыя з іх формаўтваральныя: няхай (хай), бы (б), давай(це), дай(це).
З в я з к і набліжаюцца да службовых слоў. Гэта дапаможныя дзеясловы, якія звязваюць дзейнік з іменным выказнікам у двухсастаўным сказе. Напр.: Ён з’яўляецца кіраўніком аб’яднання.
Звязкі падзяляюцца на тры віды:
1. Звязка незнамянальная (або абстрактная). Яна ўсяго адна – гэта слова быць. Яна лексічна пустая, не мае лексічнага значэння, напр.: Ён будзе настаўнікам (буд. ч.). Ён быў настаўнікам (пр.ч.). Ён настаўнік (цяп. ч.; тут звязка нулявая).
2. Паўзнамянальныя звязкі (або паўабстрактныя). Яны напалову (значна) трацяць сваё лексічнае значэнне зыходнага дзеяслова. Гэта словы: стаць, станавіцца, лічыцца, уяўляцца, здавацца, здацца, з’яўляцца, рабіцца, называцца, бываць і іншыя. Параўнайма:
Ён стаў каля дошкі – паўназначны дзеяслоў. Дзень стаў даўжэйшым – звязка. Алег стаў журналістам – звязка.
Атрад здаўся ў палон – дзеяслоў. Бераг здаўся знаёмым, калісьці мной бачаным – звязка.
Усё ў дзяўчыны робіцца хутка [= ’выконваецца’] – дзеяслоў. Восенню дні робяцца карацейшымі – звязка. Ён робіцца ( становіцца ) злым, хмурым – звязка.
3. Знамянальныя звязкі (або паўназначныя) – гэта знамянальныя дзеясловы руху ці стану ў ролі звязак: хадзіць, сядзець, стаяць, ляжаць, ісці, вяртацца, вярнуцца, бегчы, жыць і г. д. У іх не траціцца, а толькі трохі паслабляецца асноўнае лексічнае значэнне. Параўнайма:
Я хаджу па лясах, па гаях – дзеяслоў. Я хаджу закаханы ў твае краявіды… – звязка. Ты вярнуўся дамоў – дзеяслоў. Ты вярнуўся вясёлы, узрадаваны – звязка. Студэнт сядзіць галодны – звязка.
Перыферыйнае становішча займаюць в ы к л і ч н і к і. Яны традыцыйна яшчэ ўключаюцца вучонымі ў сістэму часцін мовы. Выклічнікі не адносяцца ні да знамянальных, ні да службовых ч. м. Але некаторымі вучонымі яны ўжо выводзяцца за межы часцін мовы. Выклічнікі служаць для выражэння эмацыянальных адносін і волевыяўлення. Гэта словы тыпу ох, эх, гэй, алё, каравул, ура, цьфу і пад. Выклічнікі цесна звязаны з мімікай і жэстамі і гэтым набліжаюцца да гукаперайманняў, таму яны некаторымі вучонымі і выводзяцца за межы часцін мовы.
Мы па традыцыі (як і ў школьнай граматыцы) будзем уключаць выклічнікі ў сістэму часцін мовы.
Па-за межамі часцін мовы знаходзяцца г у к а п е р а й м а н н і. Гэта моўныя сродкі, якія служаць для перадачы гукаў жывой і нежывой прыроды: мяў, му, кукарэку, ку-ку, буль-буль, цік-так, трах-тара-рах. Яны нагадваюць выклічнікі. Але гукаперайманні не выражаюць эмоцый, толькі перадаюць гукі прыроды. Як і выклічнікі, яны часта субстантывуюцца.
П
а-за
межамі часцін мовы
знаходзяцца таксама і м
а д а л ь н ы я
с л о в ы.
Гэта словы,
якія выражаюць ступень упэўненасці
ці няўпэўненасці,
верагоднасці
таго, пра што паведамляецца ў сказе:
праўда,
напэўна,
здаецца,
мусіць,
бясспрэчна,
відаць,
магчыма,
канешне
і іншыя, якія
выражаюць адносіны гаворачай асобы да
з’яў рэчаіснасці. Мадальныя словы
выконваюць сінтаксічную функцыю пабочных
слоў,
членамі сказа не
з’яўляюцца. [Не
блытаць:
не ўсе пабочныя словы з’яўляюцца
мадальнымі, а толькі тыя, што абазначаюць
упэўненасць ці няўпэўненасць.]
Сістэма часцін мовы пастаянна развіваецца. Узнікаюць новыя разрады слоў, якія не падыходзяць пад раней устаноўленыя рубрыкі.
Як ужо гаварылася вышэй, спрэчным з’яўляецца пытанне пра БПС. Для называння гэтай часціны мовы тэрмін словы катэгорыі стану, або проста катэгорыя стану (запазычаны з рускай мовы), у беларускай мове няўдалы, бо ён аманімічны з тэрмінам ’катэгорыя стану’ ў дзеясловаў (па-руску ’залог’). У школьных граматыках ужываўся да апошняга часу тэрмін прэдыкатыўныя прыслоўі – таксама няўдалы, бо дае падставу лічыць такія словы не асобнай часцінай мовы, а разнавіднасцю прыслоўяў. А гэта не так. Тэрмін безасабова-прэдыкатыўныя словы дакладна акрэслівае сутнасць гэтай часціны мовы, але ж і ён па-свойму няўдалы, бо не ў адным радзе з астатнімі аднаслоўнымі назвамі часцін мовы; грувасткі. Тэрмін прэдыкатывы, які ўжывае П.П. Шуба, таксама няўдалы, бо ў лінгвістыцы гэтым словам абазначаецца любы выказнік, выражаны любой часцінай мовы. Таму з усіх шасці тэрмінаў найбольш удалым нам уяўляецца аднаслоўная кароткая абрэвіятура БПС (хаця і яна нязручная ў выкарыстанні з-за сваёй нескланяльнасці).
Як ужо гаварылася ў пачатку лекцыі, 1) адны вучоныя адносяць БПС па традыцыі да прыслоўяў (ціха, смешна…) і назоўнікаў (страх, сорам…), таму што гэтыя словы не адрозніваюцца ад іх будовай; 2) другія вучоныя прызнаюць БПС асобнай часцінай мовы.
БПС нельга адносіць да прыслоўяў, бо яны адрозніваюцца ад прыслоўяў і семантыкай, і валентнасцю (словаспалучальнасцю ў сказе), і сінтаксічнай роляй, і ўтварэннем. А іменна: БПС утвораны ад прамых значэнняў прыметнікаў, а прыслоўі – ад пераносных значэнняў прыметнікаў. Прыслоўі ў сказе з’яўляюцца акалічнасцямі, назоўнікі – дзейнікам ці дапаўненнем, а БПС – галоўным членам безасабовых сказаў. Семантыка: прыслоўі абазначаюць прымету дзеяння ці прымету якасці (прыметы); назоўнікі – прадмет; а БПС абазначаюць стан асобы, прыроды, асяроддзя ці ацэнку стану з якога-небудзь боку. Параўнайма:
1. Ён горача даказваў сваё. Яна прыемна ўсміхнулася. Гаспадар холадна сустрэў госця. (Прыслоўі)
2. Твой смех раздражняе мяне. Такі вялікі грэх у царкве не замоліш. Сённяшняя моладзь сораму не мае. Настаў трывожны час. (Назоўнікі)
3. Мне горача. Яму прыемна. На дварэ холадна. У хаце накурана. Смех дый годзе! Нельга сумаваць. Грэх красці чужое. Сорам на вуліцу выйсці. Час збірацца ў дарогу. Не трэба асуджаць іншых. (БПС)
Акрамя таго, ёсць невытворныя БПС, якія не суадносяцца па паходжанні ні з адной часцінай мовы – ні з дзеясловамі, ні з назоўнікамі, ні з інфінітывамі, ні з якімі іншымі часцінамі, да якіх можна было б аднесці іх хоць фармальна: можна, няможна, нельга, льга, трэба, сорамна, моташна. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што БПС – асобная часціна мовы, што разглядаць такія словы ў складзе іншых часцін нелагічна.
Дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе таксама вылучаюцца ў асобныя класы слоў, але пакуль што традыцыйна адносяцца да дзеяслоўных формаў, а не да самастойных часцін мовы.
Падзел слоў на часціны мовы – гэта найбольш агульная граматычная класіфікацыя слоў. У межах кожнай ч. м. вылучаюцца лексіка-граматычныя разрады слоў. Напр., у назоўнікаў гэта агульныя і ўласныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, канкрэтныя і абстрактныя, асабовыя і неасабовыя, зборныя, рэчыўныя, адзінкавыя. У прыметнікаў – якасныя, адносныя, прыналежныя. У дзеясловаў – пераходныя і непераходныя, зваротныя і незваротныя, асабовыя і безасабовыя. Усе гэтыя лексіка-граматычныя разрады слоў адрозніваюцца ў межах адной якой-н. ч. м. правіламі формазмянення. Напр., адносныя прыметнікі не маюць ступеней параўнання; абстрактныя, зборныя і рэчыўныя назоўнікі не маюць мн. ліку; калі яны м. роду, то ў Р. скл. маюць канчатак -у (-ю).
Нерухомай мяжы паміж часцінамі мовы няма. Часціны мовы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, словы адной часціны мовы пераходзяць у другую, а ў межах пэўнай часціны мовы пераходзяць з аднаго разраду ў другі. Такі пераход звычайна абумоўлены зменай сінтаксічнай функцыі таго ці іншага слова. Пераход слоў з адной ч. м. у другую разглядаецца як адзін са спосабаў словаўтварэння (пра яго гаварылася ў раздзеле ”СЛОВАЎТВАРЭННЕ ”). Гэта марфолага-сінтаксічны спосаб. Яго разнавіднасці:
1. Субстантывацыя (пераход у назоўнікі): Ранены застагнаў; Хворы ачуняў; Дазорныя стаялі на пасту; Сувязны вярнуўся; Чайнáя зачынена; Пасяўная завершана; Верылі ў светлае Заўтра; Успаміналася былое, перажытае; Звонкае ”дзе” і густое ”чаго”.
2. Ад’ектывацыя (пераход у прыметнікі): вараная бульба, стаячая вада, лятучыя рыбы (мышы), затуманены позірк, выцвілыя вочы, зачытаны падручнік.
3. Пранаміналізацыя (пераход у займеннікі): Вас там чакае адзін чалавек ( = ’нейкі’); Працавалі цэлы дзень ( = ’увесь’); Другі баран ні ”бэ”, ні ”мя”… ( = ’іншы’).
4. Адвербіялізацыя (пераход у прыслоўі): Я яго страх як люблю ( = ’вельмі’); Дзеці ў лес пайшлі адны ( = ’самастойна’; параўн.: удваіх, удзвюх, утраіх, утрох); Спявалі шэптам і голасам.
5. Прэпазіцыяналізацыя (пераход у прыназоўнікі): Прыйшоў да вываду шляхам разважання; Перамог дзякуючы сваёй настойлівасці; Камандзір ішоў наперадзе калоны; Пасярэдзіне школы стаяў фікус.
6. Кан’юнкцыяналізацыя (пераход у злучнікі): Сказаў, што кахае мяне, а я і паверыла; Сказаў як звязаў; Калі надыходзіла чароўная ноч, шмат хто пускаўся на пошукі папараць-кветкі.
7. Партыкуляцыя (пераход у часціцы): Проста і не ведаю, што сказаць; Сядзіць сабе на беразе і ў вус не дзьме; İдзе сабе паціхеньку і песеньку напявае; Усе пайшлі, засталіся адны бабулі ( = ’толькі’).
8. İнтэр’ектывацыя (пераход у выклічнікі): Чорт! Шабáш! Дудкі! А божачка ж мой божа!
Наконт нумералізацыі (пераходу ў лічэбнікі) трэба адзначыць, што прыклады, прыводзімыя марфолагамі на гэты від пераходу – мала, многа, гэтулькі, столькі, колькі, сотня, куча (бобу), гібель (ягад) і г. д., – па традыцыйнай класіфікацыі не з’яўляюцца пераходам у лічэбнікі. Намі яны таксама разглядаюцца ў межах трох часцін мовы: прыслоўяў (мала, многа, шмат, багата…), займеннікаў (гэтулькі, столькі, колькі, некалькі, ніколькі…), назоўнікаў (двойка, сотня, куча бобу, гібель ягад, лес рук).
Прыведзены намі вышэй падзел слоў на часціны мовы склаўся не адразу. Спачатку мовазнаўцы выдзялялі 8 часцін мовы (М.В. Ламаносаў іх выдзеліў у сваёй ”Российской грамматике”): імя, дзеяслоў, дзеепрыметнік, займеннік, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік. А.Х. Вастокаў выключыў з гэтага ліку дзеепрыметнік і падзяліў імя на імя і прыметнік. Пазней з імён былі вылучаны лічэбнікі і далучаны часціцы.
Цяпер паяўляюцца новыя прэтэндэнты на новыя класіфікацыі сістэм часцін мовы. Напр., Кудраўскі вылучае 4 часціны мовы – назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, прыслоўе; а Ж. Вандрыес – усяго 2: імёны і дзеяслоў. Навука не стаіць на месцы.
********************************************************************
Заданне. Прачытайце тэкст. Якімі ч. м. з’яўляюцца выдзеленыя словы? Вызначце іх сінтаксічную функцыю. Адказ абгрунтуйце.
Па..час падарожжаў даводзілася бачыць н.. толькі неглюбскія ручнікі, але панямонскія і мотальскія, івацэвіцкія і ляхавіцкія, пінскія і клецкія, калінкавіцкія і тураўскія, ручнікі іншых раёнаў і р..гіёнаў Беларусі. Усе яны ўражвалі сваёй першароднасцю. Мо таму, што былі сапраўднымі творамі народнага маста..тва? Але неглюбскія прыкметна адрозніваліся ад астатніх ― і больш акрэсл..ным арнам..нтам, і больш кідкай кал..ровай гамай, нарэшце, памерамі.
У жыцці нашага народа ручнік выконваў шмат функцый. На першае месца, здае..ца, варта паставіць ахоўную, карані якой ідуць у далёкія дахр..сці..нскія часы. Скажам, такое: на ручнік прымалі н..ванаро..жанага. Тонкі, мя..кі, бялёны на сонцы, ён з’яўляўся нібы пасрэдн..кам пам..ж кол..шнім светам і ц..перашнім, у які н..маўля трапляла. У вясковай хаце бохан хлеба заўсёды ляжаў на ручніку. Ручнік характ..рызаваў і н..весту. Цікав..чыся пасагам , сваты перш за ўсё імкнуліся паглядзець, якія ў яе ручнікі. Бо ў іх, як нідзе лепей, адл..строўвалася ўмельства будучай гаспадыні, яе духоўны свет і, калі хочаце, яе характ..р. Ручнікамі ўпрыгожвалі іконы, люстэркі, рамкі з ф..такарткамі родных і блізкіх. На ручнік ставілі маладых, каб у іх была агульная дарога ў жыцці. Н..чым іншым, а ручнікамі ядналі рукі ж..ніха і н..весты, абвязвалі тых жа сватоў, на ручніку ўзвышаўся вясельны каравай. Выказва..чы гасцям павагу, хлеб-соль падносілі толькі на ручніку. Калі чалавек зав..ршаў сваю жыццёвую дарогу, яго клалі на ручнік, ім жа і накрывалі. На ручніках апускалі труну ў магілу. Ручнік вешалі на крыж. Ручнік служыў людзям і на Радаўніцу – яго рас..ц..лалі на магіле па..час пам..нальнай трап..зы. Карацей, усе этапы чалавечага жыцця праходзілі пад знакам ручніка. (Я. Пархута)
ТЭМА: Н А З О Ў Н İ К
П Л А Н :
І. Агульная характарыстыка назоўніка як часціны мовы.
ІІ. Лексіка-граматычныя разрады (ЛГР) назоўнікаў:
1) агульныя і ўласныя назоўнікі;
2) канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі;
3) асабовыя і неасабовыя назоўнікі;
4) адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі;
5) зборныя назоўнікі;
6) рэчыўныя назоўнікі;
7) адзінкавыя назоўнікі.
ІІІ. Граматычныя катэгорыі назоўніка:
1) катэгорыя роду назоўніка;
2) катэгорыя ліку назоўніка;
3) катэгорыя склону назоўніка;
4) скланенне назоўніка.
ЛİТАРАТУРА тая ж, што і да тэмы ”Марфалогія”.
