Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Marozava_JA.N._Lekcyi_pa_marfalogii._CH._1._Ime...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.01.2020
Размер:
873.47 Кб
Скачать

Памылкi пры ўтварэннi I ўжываннi ступеней параўнання прыметнiкаў

Пры ўтварэнні СКЛАДАНЫХ ФОРМАЎ трэба далучаць словы больш, менш, самы, найбольш, найменш да зыходных формаў, а не да вышэйшай і не да найвышэйшай ступеней параўнання (гл. табліцу).

НЯЗМЕННЫЯ ФОРМЫ вышэйшай ступені параўнання з

суфіксамі -ей, -эй, -ай тыпу лепей, вышэй, горай лічацца адхіленнем ад літаратурнай нормы, бо яны аманімічныя з адпа­веднымі формамі прыслоўяў і безасабова-прэдыкатыўных слоў у вышэйшай ступені параўнання.

ВЫШЭЙШАЯ СТУПЕНЬ ПАРАЎНАННЯ звычайна ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме 1) В. скл. з прыназоўнікам за: Ён быў старэйшы за сябра на два гады; 2) Н. скл. з параўнальным злучнікам чым або як: Ён быў старэйшы, чым сябар (або: як сябар ), на два гады; Сёлетні ўраджай лепшы, як леташні ( або: чым леташні ).

Формы Р. скл. без прыназоўніка тыпу ”смялей яго”, ”святлей расы” — гэта рускія канструкцыі, гэта адхіленне ад нормаў беларускай мовы. Формы Р. скл. з прыназоўнікам ад у бел. мове дапушчальныя ў мастацкім стылі (але не ў навуковым і не ў дзелавым): Мацнейшым ад голасу быў посвіст бурану.

НАЙВЫШЭЙШАЯ СТУПЕНЬ ПАРАЎНАННЯ звычайна ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме 1) Р. скл. з прына­зоўнікам з або сярод: Ляжыць на зямлі найвышэйшая з сосен (або сярод сосен); 2) В. скл. з прына­­­зоўнікам за і займеннікам усё або ўсіх: найдаражэйшы за ўсіх (або: найдаражэйшы за ўсё).

НЕ БЛЫТАЦЬ: У рускай мове прыметнікі з суфіксам -ейш- тыпу добрейший в мире человек, полезнейшие вещи, древнейшие орудия труда – гэта найвышэйшая ступень (”превосходная сте­пень”) без параўнання (элятыў).

А ў беларускай мове формы з такімі суфіксамі – вышэйшая ступень. Таму ў беларускай мове такім канструк­цыям адпа­вядаюць простыя або складаныя формы найвы­шэй­шай ступені параўнання: найлеп­шы (найдабрэйшы) у свеце; самыя карысныя рэчы, самыя стара­жытныя прылады працы.

К А М Е Н Т А Р Ы İ

Да табліцы ”Ступені параўнання прыметнікаў”

1. Аўтары ”Сучаснай беларускай літаратурнай мовы” пад рэд. Ф.М. Янкоўскага (с. 93) лічаць адхіленнем ад літаратурнай нормы простыя нязменныя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з суфіксамі -ей, -эй (зрэдку -ай), таму што яны амані­мічныя з прыслоўямі і безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў форме вышэйшай ступені параў­нання. Але наўрад ці варта катэга­рычна адносіць такія формы пры­метнікаў да памылковых і ставіцца да іх непрымірыма. Бо, з аднаго боку, жывая мова пазбягае аманіміі формаў, а з другога боку, імкнецца да кароткасці ў перадачы думкі. Таму з дзвюх магчымых формаў выказвання думкі ў народзе перавага аддаецца карацейшай. Нязменныя формы прыметнікаў на -ей, -эй карацейшыя за формы з суфіксамі -ейш-, -эйш-, і таму яны бытуюць у жывой мове, ужываюцца ў паэтычных, у фальклорных творах, у мастацкай літаратуры, куды трапляюць з народнай мовы, з жывой гаворкі. Напрыклад:

Няма здрады мацней, чым здрада бліжняга (Прыказка). Слова даражэй золата (Прыказка). Хто смялей за цябе? Ноч даўжэй за дзень. Не было нікога дужай за яго. İ чым далей, тым гусцей здаваліся гэтыя развіслыя тоўстыя бярозы (Я. Колас). Даражэй за ўсё свабода (Я. Колас). Сама бялей ад палатна (Я. Колас). Мусіць, ён [Мядзведжы хрыбет] быў куды вышэй за пярой­дзены (В. Быкаў). Зямля, ты стала для мяне радней і даражэй (П. Пан­чанка). İ не было нічога ярчэй за сонца на родным небе, і не было нічога смачней матчынага хлеба (П. Панчанка). […] Мацней не знаем пачуцця(П. Броў­ка). Лепей за ўсё мне на свеце мясціна тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос (К. Кірэенка).

Адрозніваць такія прыметнікі ад аманімічных прыслоўяў і БПС трэба ў кантэксце шляхам замены і па сінтаксічнай сувязі: калі замяняецца прыметнікам з суф. -ейш- (-эйш-), то гэта прыметнік, а калі замяняецца прыслоўем – то гэта прыслоўе; акрамя таго, пры­метнік залежыць ад назоўніка, а прыслоўе – ад дзеяслова; БПС жа ні ад чаго не залежыць, з’яўляецца галоўным членам безасабовага сказа. Напр.: Ён быў ніжэй за камандзіра (= ніжэйшы)прыметнік. Лепей за ўсё мне на свеце мясціна тая…(= найлепшая за ўсё)прыметнік. Даражэй за ўсё свабода (= найдаражэйшая за ўсё)прыметнік. Гэты гарнітур каштуе даражэй за той (= каштуе больш, каштуе дорага) – пры­слоўе. Яна мне бліжэй і даражэй за ўсіх (= найблі­жэйшая і найдаражэйшая) – прыметнік. Ён падышоў бліжэй (= блізка) – прыслоўе. Да школы бліжэй, чым да возера (= Да школы блізка) – БПС у безасабовым сказе, абазначае аб’ектыўную ацэнку становішча.

2. У лінгвістычнай літаратуры па марфалогіі сярод суфіксаў, якія ўтвараюць простую форму вышэйшай ступені параўнання прымет­нікаў, называецца і суфікс -ш-, які не толькі ўтварае гутарковыя, дыялектныя формы тыпу багатшы, дужшы, але і прыметнікі большы, меншы, лепшы, горшы. Гэтыя 4 формы ўтварыліся не пры дапамозе суфікса -ш-, а толькі пры дапамозе суплетывацыі асноў. İншая справа, што пры марфемным падзеле гэтых формаў выдзяля­ецца суфікс -ш-, бо ёсць у мове аднакаранёвыя з імі прыслоўі і безасабова-прэдыкатыўныя словы: лепей, лепш, горай, горш, меней, менш, болей, больш.

3. Формы в ы ш э й ш а й с т у п е н і параўнання паказва­юць, што якасць уласціва дадзенаму прадмету ў параўнанні з іншым прадметам у большай ці меншай ступені.

Пры ўтварэнні простых формаў вышэйшай ступені параўнання пры дапамозе суфікса -ейш- (-эйш-) назіраюцца чаргаванні канцавых зычных утваральнай асновы г // ж, к // ч, х // ш, д // дз', т // ц': даражэйшы, цішэйшы, маладзейшы, гусцейшы. Назіраецца таксама і выпадзенне суфіксаў -к-, -ок-, пры гэтым адбываецца і чаргаванне цвёрдых з мяккімі зычнымі, а таксама чаргаванне з // ж, с // ш: глыбокі глыбейшы, высокі вышэйшы, рэдкі радзейшы, салодкі саладзейшы, блізкі бліжэйшы, нізкі ніжэйшы. Аднак існуе значная група прыметнікаў, у якіх канцавы зычны асновы -к- не выпадае, а чаргуецца з -ч-: звонкі званчэйшы, шпаркі шпарчэйшы, яркі ярчэйшы, горкі гарчэйшы.

УВАГА! Ад прым-ў малады, стары (пры абазначэнні ўзрос­ту) утвараецца форма вышэйшай ступені параўнання суфіксам -ейш- (-эйш-): Ён маладзейшы за мяне на 2 гады. У прыметнікаў жа малодшы, старшы, а таксама вышэйшы (пры абазначэнні га­тункаў вырабаў) іншае лексічнае значэнне, чым у зыходных фор­маў малады, стары (тут указанне на ўзрост), высокі (указанне на рост). А вышэй названыя формы малодшы, старшы, вы­шэйшы – гэта ўстойлівыя выразы, спалучэнні без указання на ўзрост і на рост. Гэта тэрміналагічныя спалучэнні пры абазначэнні афіцый­ных пасад і званняў: малодшы сяржант (ён можа быць і старым па ўзросце), старшы навуковы супрацоўнік, старшы выкладчык (яны могуць быць і маладымі, і 70-гадовымі), старшы лейтэнант, стар­шы рэдактар. Гэтаксама вышэйшы гатунак пячэння не мае ўказан­ня на рост. Тут няма значэння ступені параўнання (малодшы за каго?, вышэйшы за што?). У такіх тэрміналагічных спалучэннях не якасныя, а адносныя прыметнікі, і пачатковая (зыходная) форма іх – не малады, стары, высокі, а малодшы, старшы, вышэйшы.

 Аналагічна прыметнікі малодшы, маладзейшы, старшы, ста­рэйшы брат (сястра, пакаленне) не маюць значэння вышэйшай ступені параўнання, ужываюцца са значэннем ’больш позні (больш ранні) па часе з’яўлення на свет’, а не ў значэнні ’малады (стары) па ўзросце’: Брату 2 гады, ён старэйшы за сястру (але не стары!); Суседу 90 гадоў, ён маладзейшы за мяне (але не малады!).

Запомніць: У сказе заўсёды павінен быць прадмет параў­нання – словы, залежныя ад прыметніка ў вышэйшай ступені параў­нання. Калі ж такіх слоў няма, то прыметнік страчвае значэнне вышэйшай ступені параўнання, напр.: Да яго вярнуўся ранейшы настрой – гэта ўжо зыходны прыметнік, яго пачатковая форма – ранейшы. Аналагічна: На сушэйшых месцах відаць стагі (= пад­сохлых). Тут безадносна высокая ступень якасці без параўнання.

4. Формы н а й в ы ш э й ш а й с т у п е н і параўнання паказваюць, што якасць уласціва дадзенаму прадмету ў параўнанні з іншымі прадметамі ў найбольшай ці найменшай ступені: Запра­шалі Марыю ў Мінск як найлепшую са студэнтаў. Маладосць – жыцця найлепшы час.

Простыя ф. найвышэйшай ступені параўнання, як і вышэйшай, утвараюцца не ад усіх якасных прыметнікаў. А складаныя маюць бóльшую прадуктыўнасць, напр.: коўкі метал, ліпкі матэрыял, наравісты конь, цягавіты, зразумелы, чулы, балючы, марозны, гераічны, мурзаты і інш.складаныя формы ад іх утвараюцца, а простыя – не. Але частотнасць ужывання простых формаў большая, чым складаных.

5. Вельмі высокая ступень якасці без параўнання выражаецца спалучэннем якасных прыметнікаў з прыслоўямі вельмі, надта, надзвычай: вельмі добры, надта рухавы (не блытаць іх са складанай формай найвышэйшай ступені тыпу найбольш рухавы, найменш ясны).

6. Складаныя і простыя формы найвышэйшай ступені могуць абазначаць гранічна высокую ці гранічна нізкую ступень якасці без параўнання. Такое значэнне называецца элятыўным, а форма прыметніка – элятывам (ад лац. elativus – ’узвышаны’). Звычайна элятыў мáе такое ж значэнне, як і спалучэнне прыметнікаў з прыслоўямі вельмі, надта, надзвычай і выкарыстоўваецца з экспрэ­сіўным адценнем: найбагацейшыя запасы руды, найстаражыт­нейшыя прылады працы. Тут няма залежных ад прыметніка слоў (няма аб’екта параўнання), зн., гэта гранічна высокая ступень якасці без параўнання. У рус. мове з элятыўным значэннем выступае форма з суфіксам -ейш-: богатейшие запасы руды (= вельмі багатыя), древнейшие орудия труда (= вельмі старажытныя). Для беларус­кай мовы такія элятыўныя формы з суф. -ейш-, але без прыстаўкі най- не характэрны, ужыванне іх у бел. мове, як вышэй адзнача­лася,– гэта вынік блытаніны, змешвання заканамернасцей дзвюх моў.

Элятыўнае значэнне перадаецца таксама і формамі прымет­нікаў са значэннем суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці. Напр., у наступных прыметніках значэнне высокай меры якасці ці непаўнаты яе выражаецца і без параўнання: зацесны касцюм, завялікі чамадан (прыметнікі з прыстаўкай за- звычайна ўжываюцца ў гутарковым стылі), велізарны, велічэзны, здаравенны; невялічкі, паўнюсенькі, зелянюсенькі, драбнюткі; малаваты, вузкаваты, сіняваты. Гэтыя формы прыметнікаў не толькі абазначаюць меру якасці, але і звы­чайна перадаюць адносіны суб’екта да названай прыметы, якасці. Таму іх і называюць формамі ацэнкі і меры якасці.

Утвараюцца формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці пры дапамозе прыставак і суфіксаў:

 прыставак за-, звыш-, ультра-, архі-, супер-: замалы, звышмагутны, ультраправы, архімодны, суперважны. Часта к прыметнікам з прыстаўкай за- дадаюцца прыслоўі меры і ступені: крыху (крышку) зацесны; трохі (трошкі) заслабы. Формы з пры­стаўкай за-, як гаварылася, характэрны для гутарковай мовы, а з прыстаўкамі звыш-, ультра-, архі-, супер- – для кніжнай мовы.

 павелічальна-ўзмацняльных суф. -ізн-, -ізарн-, -эзн-, -эразн-, -енн-: вялізны, велізарны, высачэзны, таўшчэразны, здара­венны. Прыметнікі з такімі суф. маюць экспрэсіўнае значэнне неадабрэння.

 памяншальна-ласкальных суф.: -к-, -еньк-, (-эньк-, -аньк-), -ечк- – значэнне ласкальнасці: разумненькі, новенькі, шэранькі, старэнькі, маленечкі; -ютк-, -юсеньк-, -юсенечк-, -юпасеньк-, -юпасенечк- – значэнне павышанай меры якасці: паўнюткі, бялюткі, малюсенькі, малю­сенечкі, малюпасенькі, малюпасенечкі;

 суфікса непаўнаты якасці -ават- (-яват-): даўгаваты, руда­ваты, рыжаваты, белаваты, сіняваты.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]