Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Marozava_JA.N._Lekcyi_pa_marfalogii._CH._1._Ime...doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
873.47 Кб
Скачать

2. Адносныя прыметнiкi .

абазначаюць уласцівасць прадмета не непасрэдна, а праз адносіны яго да іншага прадмета ці прыметы. Адносныя прыметнікі паказ­ваюць на адносіны да

1) матэрыялу (рэчыва): драўляны будынак, сталёвы плуг, гумавы мяч, лазовы кошык, пясчаны кар’ер, жытнёвае поле, а таксама: гусіная чарада (яна не належыць гусям, а складаецца з гусей, г. зн. зроблена з гусей), аналагічна вераб’іная чародка; жураўліны клін (ключ); Студэнцкая аўдыторыя зарагатала (= ’студэнты’, ’аўдыто­рыя складаецца са студэнтаў’); паэтычная раць (= ’раць складаецца з паэтаў’); паэтычны твор (г. зн. не празаічны, не драматычны, а ’які складаецца з вершаваных радкоў’, не з празаічных, не з драма­тычных);

2) месца: гарадскі парк, вясковая хата, тутэйшы жыхар, лясны змрок;

3) часу: леташні адпачынак, ранішнія росы, сённяшні дзень, сучасны твор, цяперашнія людзі;

4) прызначэння: гімнастычная зала, вучэбны корпус, спар­тыўная пляцоўка, медыцынскае абсталяванне, доктарскі кабінет, моладзевы клуб, кухонны стол (нож, камбайн), студэнцкая аўды­торыя зачынена (= ’памяшканне’, ’аўдыторыя, прызначаная для студэнтаў’);

5) ліку: дзесятковыя дробы, першаснае ўспрыняцце, другаснае пытанне, трайное сальта, двайная нагрузка, пяцікіламетровы шлях;

6) дзеяння: вылічальная машына, драбільная ўстаноўка, капіра­вальная папера (машына), сушыльны апарат, рэзальны цэх.

Адносныя прыметнікі называюць нязменную прымету, якая не можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені.

Усе адносныя прыметнікі з’яўляюцца вытворнымі. Ніводная з 8-і пералічаных вышэй прымет якасных ім не ўласціва.

Адносных прыметнікаў у мове пераважная большасць, і гэты разрад пастаянна папаўняецца новымі словамі.

3. Прыналежныя прыметнiкi .

абазначаюць прыналежнасць прадмета асобе ці жывёле, дробнай істоце. Гэта разнавіднасць адносных прыметнікаў: бацькаў кажух, братава кніга, вавёрчын хвост. Як і адносныя, яны не валодаюць 8-ю прыметамі якасных. Па значэнні і граматычных уласцівасцях прыналежныя прыметнікі падзяляюцца на 2 групы:

1) уласнапрыналежныя, якія абазначаюць індывідуальную прыналежнасць прадмета канкрэтнай асобе (зрэдку – жывёле, калі называюцца часткі цела жывёлы, усё астатняе ім не належыць); утвараюцца ўласнапрыналежныя прыметнікі з дапамогай суфіксаў -оў (-ёў), -аў (-еў) – для м. р., -ін (-ын) – для ж. р.: Пятроў ноўтбук, Міхасёў скутар, бацькава стрэльба, Васева шапка, Толеў рукзак, Кацін прынтар, сястрын пярсцёнак; буслава дзюба, мядзведзевы лапы, барсукоў хвост.

У вага! Гутарковыя формы, выкліканыя ўплывам рускай мовы, тыпу Васін, Мішын, Пецін, дзядулін, дзядзін – гэта інтэрферэнтныя памылкі, адхіленне ад літаратурнай мовы!

У пачатковай форме ўласнапрыналежныя прыметнікі маюць кароткую форму: у м. родзе – канчатак □, у ж. родзе – канчатак .

Ад назваў жывёл утвараюцца ўласнапрыналежныя прым. з дапамогай толькі такіх жа суфіксаў, як і ад назваў асоб – -оў (-ёў), -аў (-еў), -ін (-ын). Усе астатнія прыметнікі са значэннем прыналеж­насці адносяцца да агульнапрыналежных, або адносна-прына­лежных (калі браць без кантэксту, улічваць толькі форму).

2) адносна-прыналежныя прым. абазначаюць прыналежнасць прадмета групе асоб або прыналежнасць пэўнаму віду (класу, роду) жывёл – родавую прыналежнасць (ад слова род; не радавую, як сказана ў дапаможніках для студэнтаў, бо радавы – значыць ’шараго­вы’, напр., радавы салдат). Яны ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -яч-, , -ін-, -ын-, -ск- ад назваў жывёл, птушак, асоб: дзіцячы смех, цялячае свавольства, чалавечы голас, мядзведжая бярлога, сабачы брэх, заечы заячы, ласіны, гусіны) памёт, пчаліны мёд, казінае малако, салаўіны спеў, бабрыная плаціна, людская гамана. У такіх прыметнікаў значэнне прыналежнасці паслабленае, таму іх часам некаторыя вучоныя адносяць да адносных.

Да адносна-прыналежных адносяцца і прыметнікі з суфіксам -ск-, якія абазначаюць індывідуальную прыналежнасць пэўнай асобе: пуш­кінскі чарнавік, талстоў/скае памесце, мележаў/ская прамова, шамя­кінскія рукапісы. Калі ж такія прыметнікі з суфіксам -ск- не выра­жаюць індывідуальную прыналежнасць пэўнай асобе, то яны з’яўля­юцца адноснымі часцей за ўсё: ленінская тэма (яна яму не належыць, на гэту тэму і вы можаце выказвацца); студэнцкія канікулы (г. зн. ’прызначаныя для студэнтаў’ – абазначае адносіны па прызначэнні); Талстоў/скія (Пушкінскія) чытанні, Коласаў/ская канфе­рэнцыя (яны ім не належаць, гэта чытанні, канферэнцыі, прысве­чаныя іхняй памяці, прызначаныя для іх ушанавання); цыганскі танец (не нале­жыць цыганам, і вы можаце яго станцаваць); сялянскае пытанне.

Паміж разрадамі прыметнікаў няма непераходнай мяжы. Адзін і той жа прыметнік у залежнасці ад значэння ў канкрэтным кантэксце можа быць і прыналежным, і адносным, і якасным (пры пераносным ужыванні). Напр.: лісіная галава – уласнапрыналежны, лісіная нара – адносна-прыналежны, лісіная хітрасць у чалавека – якасны; анала­гічна: воўчыя вочы – уласнапрыналежны, воўчае логава – адносна-прыналежны, воўчы апетыт – якасны; мядзведжая лапа – уласна­прыналежны, мядзведжыя сляды (бярлога) – адносна-прыналежны, мядзведжая паслуга – якас­ны. Прыналежныя і адносныя часта пера­ходзяць у якасныя пры пера­носным ужыванні: залатое сэрца ( = ’вельмі добрае’), жалезны ха­рактар ( = ’цвёрды’), курыны розум ( = ’кароткі’), качыная хада, шаўковыя валасы, дзіцячыя разважанні ( = ’наіўныя’), тэатральны жэст ( = ’штучны, умоўны’) і г. д.

Запомніць: толькі ў кантэксце можна дакладна вызначыць канкрэтнае значэнне і разрад прыметніка. Нельга ставіць пытанне: якога разраду прыметнікі лісіны, залаты, воўчы? На такое пытанне можна адказаць толькі фармальна (з улікам толькі формы слоў). А дакладна вызначыць іх разрад, як і іншых прым-ў, можна толькі ў кантэксце. Калі прыметнік пачынае абазначаць колер – ён становіцца якасным: шакаладны торт, вішнёвы колер, гарчычны колер, сала­тавая спадніца, залатое лісце дрэў, залатая раніца.

Якасныя і прыналежныя прыметнікі могуць пераходзіць у адносныя, калі набываюць тэрміналагічнае значэнне: звонкі (мяккі, цвёрды, глухі) гук, чорная металургія, цяжкая індустрыя, лёгкая прамысловасць; бікфордаў шнур, базедава хвароба, вольтава дуга, адамаў яблык (’кадык’), антонаў агонь (’гангрэна’), курыны суп, свіны гуляш.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]