
Заключэнне
“Сапраўдны творца –заўсёды Асоба. Постаць. Талент” [14, с. 109]. Калі праз творчасць раскрываецца гэты талент, чалавек з боскім дарам , і гэта становіцца сэнсам жыцця, то яго набыткі з’яўляюцца не толькі яго ўласнымі, а і іншых людзей. Людзей, якія жывуць яго творчасцю, якія адчуваюць пачуцці творца і яго роздумы. Твор можа застацца невядомым, а можа набыць доўгае жыццё, калі прасякнуты высокай духоўнай энергетыкай аўтара. Некаторыя кнігі застаюцца ў сваім часе, іншыя ж і праз стагоддзі не губляюць актуальнасці і моцы ўздзеяння на чытача. Творчасць - гэта арэна самасцвярджэння, гэта дыханне, без якога немагчыма жыць. Менавіта такой паэтэсай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі – наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц. “Лёс творцы заўсёды нясе ў сабе асобы знак, асобы змест. Жыццё талента заўжды навідавоку. Мастак жыве ў свеце, жыве сярод людзей, жыве ў людзях, а свет і людзі жывуць у ім. Па законах людскасці імкнулася жыць паэтычная, прамяністая душа Яўгеніі Янішчыц, імкнулася на ўсё адазвацца такім жа шчырым, прамяністым словам” [5, с.39].
Лірычная гераіня ранняга зборніка "Снежныя грамніцы" – сціплая вясковая дзяўчына, якая жыве прадчуваннем блізкага шчасця. У другім зборніку "Дзень вечаровы" пераважаюць светлыя матывы. Сэнсам жыцця Яўгеніі Янішчыц становіццаяе маленькі сын Андрэйка, якому прысвечаны многія вершы. Гэты самы матыў развіваецца ў трэцім зборніку "Ясельда". Застаўся вобраз непрыручанай птушкі, адчуваецца любасць да жыцця, да светлыні, але ўжо няма той безагляднай радасці, якой былі напоўненыя вершы першай кнігі. Пераважаюць больш сумныя інтанацыі, роздум над сэнсам жыцця, сваім месцам у свеце. Лірычная гераіня Я. Янішчыц – адналюбка, якая жыве і імкнецца да рэалізацыі унікальнага сэнсу свайго жыцця, чым стаў для яе каханы. Былое каханне ўплывае на яе паводзіны і ўчынкі. Лірычная гераіня наступнай кнігі "На беразе пляча" – жанчына, сэрца і душа якой таксама поўняцца то пранізлівым каханнем, чыстым, як ранішні роены луг, то горыччу ад стратаў. Прадбачаннем свайго лёсу, болем, адчаем прасякнута наступная кніга - "Пара любові і жалю". Лірычную гераіню ахапіў адчай. Вобраз каханага асацыіруецца з вялікім болем, прынесеным гэтым каханнем. Пік і болю, і мудрасці – апошні зборнік вершаў Яўгеніі Янішчыц "Каліна зімы". Кніга быццам аберагае ад душэўнай слепаты і глухаты, робіць нас чысцейшымі.
Вобраз птушкі адзін з дамінуючых вобразаў лірыкі Яўгеніі Янішчыц. Нездарма сучаснікі называлі яе “палескай ластаўкай”. У кожнай сваёй кнізе вельмі шмат вершаў прысвечана роднама краю, усе яны прасякнуты бязмернай любоўю да вёскі, людзей, Бацькаўшчыны. Вобраз маці для паэткі – гэта светлы, вечны вобраз. Вершы пра жыццё маці сталі тымі, у якіх пачуцці гераіні раскрыліся найбольш шчыра, усхвалявана, чыста. Таксама вялікую колькасць вершаў Яўгенія Янішчыц прысвяціла бацьку. Шмат у паэткі вобразаў узятых з навакольнага свету: вобраз дарогі, яблыні, вішні, бярозы, каліны, шыпшыны, травы, зоркі і інш. Усе гэтыя вобразы ў Яўгенія Янішчыц напоўнены ўласным зместам.
Мастацкая палітра Я. Янішчыц шчодра насычана разнастайнымі стылістычнымі прыёмамі і сродкамі, досціпам і мудрасцю невычэрпных народна-паэтычных крыніц. Мова паэзіі Янішчыц выключна метафарычная. Вельмі часта ўжываюцца метафарычныя словазлучэнні. Адметнасцю мовы твораў з’яўляюцца эпітэты. Яны ўзбагачаюць твор, становяцца яго асновай.
Параўнанні таксама пашыраны ў лірыцы Янішчыц. Параўнанні сустракаюцца розных відаў. Распаўсюджаным з’яўляецца спалучэнне розных тропаў у вершах Я.Янiшчыц: эпiтэт+метафара+параўнанне, метафара+параўнанне, метафара+эпiтэт
У лепшых узорах лірыкі Я. Янішчыц радкі вершаў жывуць і дыхаюць як цэласнае адзінства. У сваёй творчасці Янішчыц набліжаецца да твораў экзістэнцыялістаў. Аднак вяртанне да вытокаў, да Радзімы, роднага краю – гэта адвечныя, сталыя пачуцці, якія хораша ўзнаўляюцца ў многіх вершах. Для аўтаркі гэта лепшыя лекі для душы.
У сваёй паэзіі Я. Янішчыц заставалася вясковай жыхаркай. Гарадскі тлум прыгнятаў яе душу, якой не хапала палескага прастору, але назваць яе паэзію толькі вясковай — гэта значыць, прынізіць яе вартасць. Паэзія Яўгеніі Янішчыц не вясковая і не гарадская, але беларуская, беларуская паэзія ў якой нацыянальнае ўзнята да агульначалавечых вышыняў.