
I дарога твая, нібы леты ды вёсны,
Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў пяць.
Смольны дух ад утульнай ватоўкі
Прыносіў у дом лясны камандзір.
...З лясоў Кыштоўкі ляцелі паштоўкі —
Была адкрыта
табе і Сібір.
Была адкрыта табе трывога
За дзень наступны. За рэчку з ляском,
Пакуль сама на цябе дарога
Не ўпала
жоўтым балючым пяском...
Паэтка распавядае ў вершы пра працалюбівасць свайго бацькі. У кожным радку чуецца клопат дачкі. Бацька Яўгеніі Янішчыц рана памёр, але яна пранесла памяць аб ім праз усё жыццё.
Бясспрэчна, мастацкая палітра Я. Янішчыц шчодра насычана разнастайнымі стылістычнымі прыёмамі і сродкамі, досціпам і мудрасцю невычэрпных народна-паэтычных крыніц.
Многія лексемы, якія выконваюць асноўныя ідэйна-эстэтычныя функцыі, паўтараюцца, набываючы ўстойлівасць хранатопаў. Гэта такія словы, як каліна, шыпшына, зямля, бярозка, рака, вёска, Палессе кладкі, шляхі-дарогі, балота, вярба.
Праз усю творчасць паэткі праходзіць вобраз каліны. Разгледзім верш “Нясуджаны, я так скажу аднойчы…” [ 7, c. 278 ] з кнігі “Каліна зімы”:
Нясуджаны, я так скажу аднойчы,
Заглядваючы ў бездань, нібы ў дні:
Міні мой дом, і голас мой, і вочы.
Забудзь мяне. Яе — не абміні!
Грахом узнагароджаны, закляты!
Святы, нібыта Юрый на кані, —
Пі юны хмель, растрачвай грошы ў свята,
А на яе хоць зводдаля зірні.
Яшчэ зялёны дзень, яшчэ зялёны
Разбег вясны на маладым ствале.
Зрывай апладысменты і паклоны,
Тапчы пажар бясслаўнасці,
але,
Калі святло ад недаверу згіне,
Няспешна прывітай яе спярша:
Я так цябе чакала, што ў каліне
Адбілася уся мая душа!
Вобраз каліны – гэта вобраз жанчыны, вобраз жаночага лёсу. Яўгенія Янішчыц гэты верш размалявала двума колерамі – зялёным і чырвоным. Зялёны ў паэткі – гэта колер маладосці, вясны, надзеі. Чырвоны – колер сталасці, кахання, гаркоты. Два гэтыя колеры з’яўляюцца спрадвечнымі, беларускімі. Аўтарка адчувае, што” ў каліне адбілася уся мая душа”, што яе жаночы лёс з “гарчавінкай самоты”. Але яна не скардзіцца, яна заўсёды шукае выйсце: “Калі святло ад недаверу згіне,//Няспешна прывітай яе спярша”.
Так лірычная гераіня верша “Спыню свой крок адчайны і таропкі...” ўглядаецца, як “На дне пасляваеннага акопа // Шыпшына адзінокая цвіце” [7, с. 34]. Шыпшына ў некаторых вершах набывае быційны сэнс, становіцца мастацкім эквівалентам складаных стасункаў асабістага жыцця або кахання: “Жыццё маё, як дзікая шыпшына, // Хоць колецца, а ўсё-такі - цвіце” [7, с. 34] ; “Яшчэ для горкае сустрэчы // Ў шыпшын не выраслі шыпы!”[7, c. 41]; “Мы пройдзем праз драпежныя пасты // Шыпшынніку і хітрага ядлоўцу” [7,c. 326].
Напэўна, найбольшае месца ў вобразнай палітры адведзена шляхам-дарогам, якія ў звязку з эпітэтамі маюць самыя розныя адценні: выявы складаных іпастасей адзінства чалавечай асобы, часу і касмічнай прасторы:
“Да вас бяжыць знаёмая дарога”; “Праз усё // Бяжыць звычайная дарога” [7,c. 38]; “Летуценна // Дарыў дарогу мне прастор” [7, c. 40]; “I многае, праўда, мне лёс падарыў: // Вось гэтую вечную ў вёску дарогу” [14, c.122]; “Люблю цябе, зімовая дарога, // Твой тонкі лёд плывучы, як са шкла” [7, с. 126]; “Убачу маму на дарозе // У шуме жытняга святла” [7, c.138]; “Яшчэ на плечы не увесь цяжар // Апаў з дарог нязначных і вялікіх” [7, c. 132]; “На дарозе жыцця шырокай”, “Сто дарог за маімі плячыма” [7, c. 18], “З плячэй гады зняла дарога” [7, с. 33], “Калі ступню пячэ// Адкрытая дарога” [7, с. 3].
Некаторыя вершы маюць назвы: “Дарога”, “У дарозе”.
Бярозка, балота – таксама не толькі этнаграфічныя адзнакі ці прыкметы геаграфічнага ландшафту, але і ўвасабленне шматзначных праяў повязі чалавека з навакольным светам:
“Палагаднела на мяжы // Пакінутая мной бярозка” [7,c. 32]; “Буду мудра і светла маўчаць, // Як бярозка між чыстага поля” [1, c.22]; “Да цябе не з ціхім жалем, вёска, // Еду не тады, калі баліць. // Да цябе - той вечнаю бярозкай, // Што ніхто не змог перасадзіць” [7, c.49]; “Жыву сярод глухіх балот. // Пад сонцам найвышэйшай пробы” [7, с. 38].
“Вершы Я. Янішчыц – гэта як бы “выспеўванне” яе існасці. Творы пра Радзіму, народ, бацькоў выступаюць увасабленнем канстантных кампанентаў у яе паэтычна-цэласнай капціне быцця” [1, с. 181].