Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэарэтычныя пытанн_.doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
370.18 Кб
Скачать

Рэфераванне навуковага тэксту

Перад тым як рабіць рэферат навуковага тэксту, неабходна прачытаць тэкст рэфератыўным відам чытання. Пры рэфератыўным чытанні неабходна праводзіць сэнсавы аналіз, згодна з якім кожнае выказванне дзеліцца на дзве часткі: першая частка ўяўляе сабой адпраўны пункт выказвання і, як правіла, з’яўляецца знаёмай для аўтара і чытача. Яна называецца тэматычнай часткай, або тэмай. Другая частка ўводзіць новую інфармацыю. Гэты кампанент называецца рэматычнай часткай, або рэмай.

Тэму або рэму лёгка вызначыць, паставіўшы наступныя пытанні:

  • пра што ідзе гаворка ў даным выказванні?

  • што новага паведамляецца аб тэме?

Тэма праходзіць па ўсім тэксце або яго частцы ў форме паўтораў данага словазлучэння. Пры ўважлівым чытанні мы заўсёды яе заўважым, калі будзем звяртаць увагу на паўтаральныя словы і словазлучэнні, якія маюць абагульняльны характар.

Пры развіцці тэмы ў розных частках тэксту прыводзіцца новая інфармацыя, якая характарызуе даную тэму ў розных планах. У кожным выпадку, калі тэма дапаўняецца рэмай, мы атрымаем сказ або выказванне. У групе сказаў, звязаных з данай тэмай, абагульняльнае выказванне адсутнічае: яго можа скласці сам чытач.

Аўтар, спрабуючы найлепшым чынам скласці рэферат, часта перафразуе выражэнне адной і той жа думкі. Перафразаванне часцей за ўсё звязана з абагульненнем думкі, г.зн. з заменай шырокага выказвання кароткім выразам.

Розныя часткі тэксту нясуць розны аб’ём інфармацыі. Пры чытанні, калі мэтай з’яўляецца выкрыццё асноўнай інфармацыі, у першую чаргу варта выдзеліць ключавыя фрагменты. Ключавыя фрагменты – гэта найбольш інфарматыўныя элементы тэксту.

Схема інфармацыйнага рэферата (рэферата-канспекта)

Рэферат уяўляе сабой кароткі вусны або пісьмовы выклад зместу навуковай працы (аднакарэнныя словы – рэферат, рэферэнт, рэферавальны матэрыял, рэфератыўная частка).

Інфармацыйны рэферат будуецца па пэўнай схеме:

  • уступ, або загаловачная частка;

  • апісанне, або ўласна рэфератыўная частка;

  • заключная частка.

Ва ўступнай частцы даецца характарыстыка зыходных даных артыкула: аўтар, крыніца, раскрыццё сэнсу артыкула, назва, чаму прысвячаецца, вызначэнне характару артыкула.

Апісанне, або ўласна рэфератыўная частка, уключае ў сябе кароткі змест асноўных пералічаных пытанняў і праблем, закранутых у артыкуле, вынікі даследаванняў, аналіз двух-трох пытанняў, якія, на думку рэферэнта, з’яўляюцца асноўнымі, выклад пазіцыі аўтара, даведкавую частку, у якой указваецца колькасць ілюстрацый, табліц, бібліяграфія.

Заключная частка змяшчае вывад аўтара, заўвагі рэферэнта аб значэнні артыкула, ацэнку паўнаты, своечасовасці разгляду праблем.

Рэзюмэ навуковай працы

Рэзюмэ (фр. resume, ад resumer – выкладаць коратка) – кароткае выкладанне маўлення, артыкула, кароткі вывад.

Рэзюмэ пішацца на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай. Спачатку ўказваюцца ключавыя словы (15 – 30), якія вызначаюць паняційны апарат працы; вызначаюцца аб’ект і прадмет даследавання, мэты, задачы і метады; акрэсліваюцца навуковая навізна работы і яе тэарэтычнае і практычнае прымяненне.

Навуковыя тэксты прадстаўлены трыма тыпамi маўлення: апiсанне, апавяданне, разважанне, а таксама крытыка-палемiчным тыпам, якi характарызуецца ацэнкай розных поглядаў i адстойваннем, абаронай свайго.

3. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю. Афiцыйна-справавы стыль – гэта стыль дзяржаўных дакументаў, указаў, дагавораў, законаў і кодэксаў, актаў, даверанасцей, распісак, пратаколаў, справаздач, аб’яў і г.д. Сярод кніжных стыляў мовы афіцыйна-справавы стыль вылучаецца пэўнай устойлівасцю і адасобленасцю.

Асаблівасці мовы афіцыйна-справавога стылю абумоўлены ўмовамі яго ўжывання. Кожны дакумент патрабуе дакладнасці, акрэсленасці ў падачы фактаў, паслядоўнасці, лагічнасці, адназначнасці фармулёвак; для ўсіх справавых папер уласціва сцісласць, эканомнасць выкладу. Патрабаванне максімальнай дакладнасці ў перадачы інфармацыі спрыяла выпрацоўцы агульнапрынятай, устойлівай формы размяшчэння матэрыялу ў справавых паперах (даведка, заява, пратакол, распіска, аўтабіяграфія і інш.). У пэўных сітуацыях выкарыстоўваюцца гатовыя бланкі (розныя пасведчанні, дыпломы, атэстаты, грашовыя дакументы і інш.).

Тэксты афіцыйна-справавога стылю характарызуюцца дакладнасцю, тэматычна абумоўленай лексікай, ужытай у прамым значэнні, тэрміналагічнай фразеалогіяй. Выклад лаканічны, сінтаксічныя канструкцыі простыя, насычаныя інфармацыяй.

У афіцыйна-справавым стылі не ўжываюцца эмацыянальна-экспрэсіўныя, дыялектныя, прастамоўныя, жаргонныя словы і выразы, фразеалагічныя нетэрміналагічныя словазлучэнні, словы з пераносным значэннем, усе віды экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый (пытальныя, клічныя, эліптычныя сказы, інверсійныя, парцэляваныя выразы), простая мова.

У афiцыйных дакументах выклад матэрыялу iдзе ў стылi прадпiсання, канстатацыi, сцверджання. Прадпiсальны характар дакументаў выяўляецца ў адметнасцi выкарыстання моўных сродкаў. Шырока ўжываюцца дзеясловы ў неазначальнай форме, часта ў спалучэннi са словамi неабходна, трэба, абавязкова, забараняецца, мець права i iнш. Напрыклад: «Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь i iншыя асобы, якiя пражываюць на яе тэрыторыi, абавязаны: берагчы i ахоўваць прыроду, рацыянальна выкарыстоўваць яе багаццi, выконваць патрабаваннi прыродаахоўнага заканадаўства, павышаць экалагiчную культуру, садзейнiчаць экалагiчнаму выхаванню падрастаючага пакалення, выконваць iншыя абавязкi ў галiне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь» (Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя»).

Прадпiсальнае значэнне афiцыйных тэкстаў перадаецца таксама дзеясловамi цяперашняга часу, якiя абазначаюць не дзеяннi, якiя адбываюцца ў момант гутаркi, а сталыя дзеяннi, якiя неабходна выконваць названаму органу: «Праўленне таварыства: арганiзуе выкананне рашэнняў сходу ўдзельнiкаў; у вызначаным статутам таварыства парадку наймае дырэктара; зацвярджае дагаворы на суму звыш указанай у статуце таварыства; прыцягвае аўдытараў для праверкi дзейнасцi таварыства» (артыкул 20 Закона «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю i таварыствах з дадатковай адказнасцю»).

У пераважнай большасцi дакументаў прававыя нормы i прадпiсаннi падаюцца не як выказаныя канкрэтным размоўцам, аўтарам, а iдуць ад асобы вельмi абагульненай, ад iмя дзяржавы. Iншымi словамi, афiцыйнаму стылю ўласцiвы неасабовы характар выказвання, таму у справавым дакуменце звычайна не ўжываюцца дзеясловы ў форме першай асобы, за выключэннем загадаў, заяў, дакладных, аўтабiяграфiй.

Тэкст распарадчага дакумента найчасцей складаецца з узаемазвязаных дзвюх частак – канстатавальнай i распарадчай. Канстатавальная частка з’яўляецца ўводзiнамi ў сутнасць пытання, якое разглядаецца; яна мае на мэце растлумачыць, чым выклiкана распараджэнне. У ёй могуць быць пералiчаны факты, падзеi, дадзена ацэнка. Асноўная нагрузка ў распарадчых дакументах прыпадае на распарадчую частку. Залежна ад вiду дакумента яна пачынаецца словамi: пастанаўляе, рашае (рашыў), прапаную, загадваю. Тэкст пастаноўчай часткi iдзе з абзаца. Да фармулёвак гэтай часткi ставяцца асаблiва строгiя патрабаваннi. Яны павiнны быць канкрэтнымi, дакладнымi, яснымi, не супярэчыць па сэнсе раней выдадзеным распарадчым дакументам.

Афiцыйна-справавы стыль характарызуецца:

  • своеасаблiвай лексiкай, якая не ўжываецца або амаль не ўжываецца ў iншых кнiжных стылях: ануляваць, безадкладна, вышэйпададзены, нiжэйназваны, нiжэйпамянёны, нiжэйпадпiсаны, суправаджальны, абонент, iсцец, контрагент, атрымальнiк i г.д.;

  • тэматычна абумоўленай тэрмiналогiяй i тэрмiналагiчнай фразеалогiяй: выпiска з загаду, кампенсацыя за адпачынак, бесперапынны стаж, дэпанент, дэнансаванне, крэдыт i г.д.;

  • ужываннем аддзеяслоўных назоўнiкаў: узгадненне, пагадненне, затрыманне, перанясенне, невяртанне, незварот, непрымяненне, непарушнасць i iнш.;

  • ужываннем дзеяслоўных словазлучэнняў (дзеяслоў + назоўнiк) замест дзеясловаў: дапамагчы – аказаць дапамогу; удзельнiчаць – браць удзел.

Для сінтаксісу афіцыйна-справавога стылю характэрны складаныя канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя звароты, складаныя злучнікі (у выніку таго, што..., у сувязі з тым, што ...).

Афiцыйнаму стылю супрацьпаказаны эмацыянальнасць, суб’ектыўнасць i гутарковасць. Характэрная рыса справавой мовы – асаблiвая афiцыйнасць афарбоўкi. Гэта якасць падкрэслiваецца ў прыватнасцi тады, калi асоб жаночага полу абазначаюць па iх занятку, прафесii, пасадзе назоўнiкамi мужчынскага роду: дырэктар Галубоўская, адвакат Званцава, пракурор Бондарава.

Дакумент адпавядае свайму прызначэнню, калi ён дакладны, г.зн., калi ў iм выклад усiх фактаў адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў i не дапускае магчымасцi iншага тлумачэння слоў i выразаў. Дакладнасць забяспечваецца ўжываннем спецыяльных тэрмiнаў (адказчык, заяўнiк, пастанова, тарыфная стаўка), а таксама адназначных i нявобразных слоў. Патрабаванне дакладнасцi тэксту не дазваляе рабiць замену назоўнiка займеннiкам, таму ў справавой мове назоўнiкi часта паўтараюцца.

Функцыя дакумента патрабуе, каб ён быў ясны, выкладзены лагiчнай, нескладанай мовай. Дакументу шкодзiць як недагаворанасць, так i шматслоўнасць. Поўная абгрунтаванасць i важкiя доказы робяць дакумент пераканаўчым.

Непажадана ўжываць у дакуменце без патрэбы запазычаныя словы, не дапускаюцца дыялектызмы, жарганiзмы, iншыя нелiтаратурныя сродкi.

Вялiкае значэнне ў дакуменце мае правiльнае напiсанне дат i лiкаў:

22 верасня 2003г.; 08. 11. 03 або 08. 11. 2003; 2003 11 08; сакавiк 2003; у 10-дзённы тэрмiн; пункт 4 пастановы; 200 000 000; 3 тыс. рублёў.

Афiцыйна-справавы стыль вызначаецца вялiкай колькасцю стандартных сродкаў – канцылярскiх штампаў (канцылярызмаў, шаблонаў), г.зн. устойлiвых зваротаў, якiя паўтараюцца пры апiсаннi аднолькавых сiтуацый, абазначэннi пашыраных паняццяў: перадаць у адпаведныя iнстанцыi, прыцягнуць да адказнасцi, узяць пад кантроль, ставiць у вiну i iнш. Канцылярскія выразы ўжываюцца з мэтай лагічнага і тэрміналагічнага ўдакладнення, надаюць мове катэгарычнасць, недвухсэнсоўнасць, афіцыйнасць. Строгая рэгламентацыя лексічных і сінтаксічных сродкаў выражэння пры перадачы інфармацыі ў афіцыйна-справавым стылі робіць мову эканомнай і спрыяе жыццяздольнасці гэтых шаблонаў (клішэ). Ужытыя ў мове загадаў, інструкцый, заяў і іншых дакументаў такія найменні, як матэрыяльныя каштоўнасці, транспартныя сродкі, прадукты харчавання, аддзяленне сувязі і інш., аблягчаюць правільнасць перадачы і ўспрымання пэўных звестак. Існуе традыцыйная форма зваротаў, заяў, аб’яў, паведамленняў і г.д. Акрэсленасць, лаканізм такіх гатовых выразаў у справавой перапісцы дапамагае хутка і дакладна перадаваць і ўспрымаць неабходную інфармацыю. Напрыклад: Дырэктару фабрыкі... Дзякуем за своечасовы адказ... Юрыдычная кансультацыя паведамляе... Накіроўваем Вам карэктуру... Дэканат выклікае....

У выніку мы можам зрабіць наступнае абагульненне пра афіцыйна-справавы стыль:

1. Сфера выкарыстання: справаводства (афіцыйная службовая перапіска грамадзян з установамі, адных устаноў з іншымі, у загадах, пратаколах, распісках і г.д.), галіна права і заканадаўства (у дагаворах, законах, указах і інш.).

2. Форма праяўлення: справавы пісьмовы запіс у форме маналога.

3. Асноўная функцыя: паведамленне, канстатацыя бясспрэчных фактаў, якія маюць практычнае значэнне ў адносінах паміж людзьмі, установамі, грамадзянамі і дзяржавай; рэгламентацыя правоў, правілаў, дзеянняў і г.д.

4. Стылёвыя адзнакі: у сферы афіцыйна-справавых зносін з’яўленне ўсякага дакумента абумоўлена практычнымі патрабаваннямі, таму выказванне характарызуецца:

-- афіцыйнасцю, падкрэслена строгай танальнасцю;

-- канкрэтнасцю, дакладнасцю і аб’ектыўнасцю;

-- адсутнасцю эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці.

5. Моўныя сродкі:

-- словы-назвы афіцыйных асоб і дакументаў: сведка, спажывец, акт, даведка. загад, указ;

-- кніжныя афіцыйныя словы і назвы: элктрапоезд (а не электрычка), чытальная зала (а не чыталка);

-- канцылярызмы і стандартныя выразы-штампы: парадак дня, пастанавілі, прынялі да ведама, за справаздачны перыяд, заслухаўшы і абмеркаваўшы;

-- вялікая колькасць назоўнікаў і адносных прыметнікаў;

-- апавядальныя сказы, ускладненыя вялікай колькасцю аднародных членаў, дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў пры поўнай адсутнасці пытальных і клічных сказаў;

-- інфінітыўныя сказы са значэннем неабходнасці (аказаць садзеянне..., даручыць студэнтам...).