
- •Мова і соцыум
- •Гісторыя і сучасны стан мовы беларускага народа
- •1. Нацыянальная мова як крыніца духоўнай і інтэлектуальнай культуры народа.
- •Лексiка I фразеалогiя
- •3. Характарыстыка лексікі па паходжанні і ўжыванні.
- •4. Фразеалагізмы. Афарызмы. Перыфраза.
- •Тэрмiналагiчная лексiка
- •1. Паняццi «тэрмiн», «тэрмiналогiя», «тэрмiнасiстэма»
- •4. Лексiка-граматычная і генетычная характарыстыка тэрмiнаў
- •Стылістыка і культура маўлення
- •1. Сістэма функцыянальных стыляў беларускай мовы.
- •Як падрыхтаваць канспект артыкула
- •Структура і змест рэферата
- •Асноўныя патрабаванні да складання рэферата
- •Рэфераванне навуковага тэксту
- •Рэзюмэ навуковай працы
Мова і соцыум
1 Агульныя звесткі пра мову і яе паходжанне.
2 Роля мовы ў грамадстве і яе функцыі
3 Беларуская мовы сярод іншых моў свету
1. Агульныя звесткі пра мову і яе паходжанне. Што такое мова? Як яна ўзнікла? Калі і дзе гэта адбылося? З даўніх часоў людзі задавалі такія пытанні. Пра гэта сведчаць працы старажытных навукоўцаў Грэцыі, Рыма, Індыі і іншых краін. Такія ж пытанні цікавяць нас і сёння.
Тэрмін ‘мова’ выкарыстоўваецца для абазначэння асноўнага сродку зносін людзей увогуле і зносін пэўнай групы людзей (беларуская, нямецкая, французская мова) ці нават асобы (мова Купалы, Пушкіна).
Слова ‘мова’ ўжываецца і для абазначэння іншых дапаможных сродкаў зносін: мова жэстаў, знакаў.
Найменне ‘мова’ можа абазначаць і своеасаблівыя сістэмы выразных сродкаў: мова лічбаў, мова кіно, мова музыкі.
У гісторыі навукі існавалі розныя погляды на прыроду мовы. Адны навукоўцы разглядалі мову як з’яву біялагічную і лічылі, што яна закладзена ў самой сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. Іншыя сцвярджалі, што мова – з’ява псіхічная і адносіцца да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці. Але такі падыход з’яўляецца аднабаковым. Мова – з’ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г.зн. ён валодае псіхафізіялагічным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэту здольнасць чалаек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы. Здаралася, што маленькія дзеці раслі сярод звяроў. У такім выпадку, пазбаўленыя чалавечых кантактаў, яны набывалі звычкі звяроў, але не маглі гаварыць.
Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыкметы, у спадчыну. Дзіця пачынае гаварыць на той мове, якую чуе вакол сябе, і не абавязкова гэта будзе мова продкаў.
Такім чынам, кожны чалавек авалодвае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належаць пэўнаму народу (народам). У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з’ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку, з другога – з’ява грамадская (сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці.
Сацыяльная прырода мовы заключаецца перш за ўсё ў тым, што яна – аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і ўніверсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва. Мова пранізвае ўсе сферы матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці грамадства і непасрэдна звязана з усімі праявамі сацыяльнага быцця чалавека.
Чалавек i мова аказваюцца паняццямi ўзаемазвязанымi, роднаснымi генетычна i арганiчна. Старажытнагрэчаскi фiлосаф Платон спрабаваў азначыць чалавека пры дапамозе яго знешнiх уласцiвасцей, у вынiку чаго ён называў чалавекам жывую iстоту на дзвюх нагах i без пер’яў. У адказ на такое азначэнне другi фiлосаф Дыяген прынёс Платону абшчыпанага пеўня i сказаў: «Вазьмiце свайго чалавека». У сучасных азначэннях чалавека ўжываецца цэлы шэраг яго якасцяў, i цэнтральнае месца сярод iх займае ўласцiвасць чалавека гаварыць: «Чалавек, грамадская iстота, якая знаходзiцца на найвышэйшай ступенi эвалюцыi жывёльнага свету на Зямлi, характарызуецца свядомасцю, маўленнем, здольнасцю рабiць прылады працы, выкарыстоўваючы iх для ўздзеяння на навакольны свет» (БелСЭ). Калі б не было мовы, а таксама пісьменнасці, мы б заставаліся жывёламі, якія проста не задумваюцца аб тым, што адбывалася 10 гадоў таму, хто ў іх быў дзядуля ці прадзед, якая будучыня чакае іх унукаў і што адбываецца на другім канцы зямнога шара. А мы ўсё гэта можам.
Такім чынам, само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека ўзнікла толькі каля 5000 гадоў, то дакладна і строга аргументаваныя доказы ўзнікнення мовы і этапаў яе развіцця ў навуцы практычна адсутнічаюць. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай.
У сучаснай навуцы існуе некалькі філасофскіх і натуралістычных гіпотэз паходжання мовы.
Адна з самых старажытных філасофскіх канцэпцый -- лагасічная (логасная) тэорыя. У яе аснове ляжыць міфолага-рэлігійнае ўяўленне пра мову як дар Бога. Паводле гэтай канцэпцыі, мова (“слова”) існавала задоўга да з’яўлення чалавека і ўвасабляла сабой дух, валодала магічнай сілай. “Слова” разглядалася як першааснова ўсяго, што існавала ў прыродзе, як энергія і сродак, якія стварылі свет з першаснага хаосу: “У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць” (“Евангелле ад Іаана).
У ХVІ стагоддзі ў Еўропе з’явілася і стала пашырацца тэорыя “грамадскай дамоўленасці”, паводле якой не Божае “Слова-Логас”, а сам чалавек з’яўляецца стваральнікам усяго існага на зямлі, у тым ліку і мовы. Менавіта грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статку. Аднак гэтая тэорыя, называючы творцу мовы, не змагла растлумачыць прыроду яе ўзнікнення, а таксама працэс авалодання чалавека мовай.
З цягам часу ўзніклі натуралістычныя гіпотэзы паходжання мовы. Так, згодна з гукапераймальнай гіпотэзай мова паходзіць ад пераймання чалавекам шматлікіх і разнастайных гукаў навакольнага свету (крыкі жывёл, спеў птушак, шум ветру, шапацення лісця, гул грому, плёскат хваляў і г.д.). Гэтыя гукаперайманні (гаў-гаў, мяў-мяў, ку-ку, му-у-у, буль-буль і інш.) сталі асновай слоў-назваў чалавечай мовы.
Выклічнікавая гіпотэза звязвае паходжанне мовы з тымі натуральнымі, інстынктыўнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё чалавека (кашаль, хрып, сапенне, гукі, выкліканыя пачуццём болю, радасці, абурэння і г.д.).
Найбольшае пашырэжнне атрымала распрацаваная ў ХІХ стагоддзі матэрыялістычная (працоўная, сацыяльная) тэорыя паходжання мовы, паводле якой мова ўзнікла як вынік супольнай дзейнасці першабытных людзей. У час сумеснай працы ўзнікалі сітуацыі, калі неабходна было ўзгадніць свае дзеянні, што і прымусіла старажытнага чалавека падаваць гукавыя сігналы. Пры гэтым адбывалася перабудова органаў маўлення, якая і прывяла іх да здольнасці стварацб членападзельныя гукі. Паступова з развіццём грамадства, з падзелам відаў працоўнай дзейнасці, з удасканаленнем працэсаў і сродкаў працы ўдасканальваліся мысленне чалавека і формы адлюстравання яго ў мове.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што этапы фарміравання і станаўлення мовы можна прасачыць на прыкладзе дзіцяці. За тры гады яно паўтарае ўвесь шлях, які прайшло чалавецтва ад прымітыўных гукаў да членападзельнай мовы.
2. Роля мовы ў грамадстве і яе функцыі. Мова ёсць агульны для ўсiх людзей здабытак. Сярод мноства жывых iстот, якiя сустракаюцца на Зямлi, толькi чалавек валодае членападзельнай мовай, што дазваляе нам лiчыць яе галоўнай дыферэнцыйнай прыкметай людзей. Значыць, з дапамогай гэтай прыкметы вылучаецца вялiкi клас жывых iстот з агульнай назвай чалавек, Homo loquens ’чалавек, які гаворыць’. Калi праз мову мы выдзяляем чалавека i характарызуем яго як асобiну, што адрознiваецца ад iншых асобiн, то i сутнасць самога чалавека павiнна раскрывацца з выкарыстаннем паняцця мовы.
Калi разглядаць мову як агульначалавечую з’яву, унiверсальную катэгорыю, што мае сваё прызначэнне, то можна вылучыць у ёй дзве суiснуючыя ролi, якiя яна выконвае. Першая роля з’яўляецца дыферэнцыйнай: з яе дапамогай мы адрознiваем чалавека ад усяго астатняга свету жывых iстот на нашай планеце. Другая роля -- iнтэграцыйнай: праз яе мы аб’ядноўваем вялiкi клас жывых высокаарганiзаваных iстот у адзiн род – род чалавека. Але ўнутры гэтага роду чалавецтва падзяляецца на шматлiкiя групоўкi, самымi арганiчнымi i буйнымi з якiх з’яўляюцца нацыi. Сярод характэрных рыс кожнай нацыi найбольш адметнай служыць, бясспрэчна, мова.
Нацыянальная дыферэнцыяцыя людзей мае тэндэнцыю да адэкватнага адлюстравання ў адпаведных нацыянальных мовах, якiя i служаць найбольш чуйнымi паказчыкамi гэтай дыферэнцыяцыi. Роднасць моў, iх генетычнае i тыпалагiчнае падабенства адначасова сведчаць i пра псiхалагiчную сваяцкасць тых або iншых нацый i народнасцяў, пра iх паходжанне з адной крынiцы, пра iх адзiныя старажытныя каранi. I наадварот, разыходжанне нацыянальных моў, наяўнасць у iх меншага падабенства – паказчык меншай роднасцi адпаведных нацый, носьбiтаў гэтых моў. Такiм чынам, самыя глыбiнныя якасныя ўласцiвасцi мовы, што маюць непасрэднае дачыненне да чалавека, звязаны з апошнiм, па-першае, як з бiялагiчнай i сацыяльнай (грамадскай) iстотай, па-другое, як з прадстаўнiком канкрэтнай нацыi.
Практычна кожная нацыя, асаблiва вялiкая, падзяляецца на размаiтыя групоўкi ў залежнасцi ад мноства фактараў, такiх, як месца жыхарства, прафесiя, род занаткаў, узрост, пол, iнтарэсы, ступень адукаванасцi, культуры i да т.п. Адпаведна ўсiм гэтым унутрынацыянальным чалавечым уласцiвасцям кожная мова набывае пэўныя характарыстыкi, якiя выкарыстоўваюцца пры яе навуковым апiсаннi. Так, дыялектнае чляненне мовы непасрэдна вынiкае з тэрытарыяльнага рассялення людзей, месца iх нараджэння, што амаль усюды накладвае свой адбiтак на спецыфiчныя асаблiвасцi гаворак вызначанай тэрыторыi, мясцовасцi. Грамадскае жыццё чалавека, род яго заняткаў, прафесiя адлюстроўваюцца ў стылiстычнай дыферэнцыяцыi мовы, у выдзяленнi тут навуковага, афiцыйна-справавога, гутарковага i iншых стыляў. Узнiкненне сацыяльных жаргонаў непасрэдна звязана з сацыяльнай дыферэнцыяцыяй людзей: занатоўваюцца жаргон студэнтаў, школьнiкаў, салдат, дэкласаваных элементаў i г.д., бо мова прадстаўнiкоў усiх гэтых груп мае свае ўласцiвасцi, характарызуецца адметнымi рысамi, якiя i дазваляюць рабiць сацыяльную дыферэнцыяцыю мовы.
Маўленне мужчын i жанчын выразна адрознiваецца такой рысай, як тон: у першых голас нiжэйшы па тоне, у другiх вышэйшы. У мове адукаванага чалавека выкарыстоўваецца звычайна больш лексiчных сродкаў i будуецца яна ў адпаведнасцi з лiтаратурнымi нормамi, у той час як у неадукаваных людзей мова бяднейшая i менш унармаваная. Нарэшце, моўныя асаблiвасцi кожнага з нас маюць свае непаўторныя iндывiдуальныя рысы, пачынаючы ад уласцiвых чалавеку асаблiвасцяў маўлення (тэмбр, хуткасць, iнтанацыя i да т. п.) i канчаючы звычкамi ва ўжываннi пэўных моўных адзiнак. Мова кожнага чалавека вызначае яго як асобу, выкрывае ўнутраны свет, душу, думкi, свядомасць. Недарэмна японцы гавораць, што конь пазнаецца ў хадзьбе, а чалавек у маўленнi. Iнакш кажучы, сацыяльны i iндывiдуальны партрэт кожнага чалавека найбольш яскрава i ўсебакова ствараецца з тых фарбаў, тонаў, адценняў, якiя выяўляюцца ў яго маўленнi або ў размаiтай дзейнасцi, апасродкаванай iм.
Сутнасць чалавека, яго жыццё вычарпальна адлюстроўваюцца ў мове, у яе характарыстыках, рысах, уласцiвасцях, што трывала замацоўваюцца ў такiх яе крыштальных самацветах, як прыказкi, прымаўкi, фразеалагiзмы, дзе атаясамляецца з мовай i асобны чалавек (узяць языка), i нацыя (нашэсце дванадзесяцi языкоў – пра паход шматнацыянальнай армii Напалеона ў Расiю), i розум чалавека (якi розум, такая i гаворка), дзе паказана i ўздзеянне мовы на чалавека (слова лечыць i калечыць), i яе даўгавечнасць (напiсанае застаецца), i арганiчная сувязь са справамi (тады слова – серабро, калi справа – золата).
Па адным з паданняў, да старажытнагрэчаскага фiлосафа Сакрата, што быў слынны як знаўца чалавечых душ, прывялi незнаёмца, для таго каб мудрэц ахарактарызаваў яго. Сакрат доўга глядзеў на прыведзенага i затым выгукнуў: «Ды загавары ж ты нарэшце, каб я мог спасцiгнуць цябе!» Значыць, пра чалавека без маўлення сказаць нешта як пра асобу не выпадае, бо менавiта ў мове замацоўваюцца найбольш грунтоўныя ўласцiвасцi чалавека, пачынаючы ад яго як нацыянальнай, сацыяльнай, бiялагiчнай iстоты да адметных iндывiдуальных асаблiвасцяў кожнага. У гэтым плане вучэнне пра мову можна лiчыць навукай пра чалавека, бо праз мову чалавек выяўляецца ва ўсiх сваiх якасцях i ў адносiнах да iншых людзей, да навакольнага свету. Па словах Б.А.Плотнiкава, «мова – тая гаючая крынiца, дзе навiдавоку ўсё ўнутранае жыццё чалавека, дзе вiруюць яго думкi i пачуццi, куды вывяргаецца ўся яго духоўная iснасць».
Яшчэ адной фундаментальнай рысай, якая выяўляе сутнасць мовы, служыць тое, што яна забяспечвае нас здольнасцю выражаць i ўспрымаць ускосна нашы бiялагiчныя i псiхалагiчныя стымулы i рэакцыi, а пра рэчаiснасць i яе рэалii меркаваць i разважаць без непасрэднага кантакту з iмi, не ўспрымаючы iх прама сваiмi органамi пачуццяў.
Згодна з вучэннем I.П.Паўлава аб дзвюх сiгнальных сiстэмах, уся iнфармацыя, якую атрымоўвае чалавек ад знешняй рэчаiснасцi, апрацоўваецца чалавекам праз яго непасрэдныя фiзiялагiчныя стымулы i рэакцыi, што з’яўляецца агульным для ўсiх жывых iстот. Гэтыя прамыя ўспрыманнi стымулаў i рэагаванне на iх разнастайнымi бiялагiчнымi стварэннямi прыроды атрымалi ў навуцы назву першай сiгнальнай сiстэмы, з дапамогай якой усе iстоты прыстасоўваюцца да прыроды, арыентуюцца ў ёй, чула рэагуюць на яе змены. Але ў чалавека на падмурку першай сiгнальнай сiстэмы ўзнiкла другасная сiстэма сiгналаў – сiгналы сiгналаў. Гэта сiстэма i дазваляе чалавеку ўспрымаць рэчаiснасць ускосна, праз дадатковыя сiгналы пра пэўныя фiзiялагiчныя стымулы замест прамога ўздзеяння апошнiх. Найбольш унiверсальным агульначалавечым сiгналам гэтага роду i служыць наша мова. Дэльфіны і папугаі абменьваюцца інфармацыяй пры дапамозе гукавых сігналаў: свіст, крыкі і да т.п. Навукоўцы налічваюць каля 200 розных гукаў. Але гэтыя гукі яшчэ не мова. Ці можнга на “дэльфінавай” мове паведаміць пра тое, што ў 17 стагоддзі ў Рыме адбыліся выбары Папы? Людзі, у адрозненні ад жывёл, умеюць абстрактнымі гукавымі паняццямі данесці адзін да аднаго такую інфармацыю.
Iменна мова адчыняе нам доступ да ўсяго таго, што ўспрымаюць iншыя людзi, да ўсёй той iнфармацыi, якая назапашана чалавецтвам за гады яго iснавання. Больш таго, рэагаваць на знешнiя стымулы i задавальняць свае размаiтыя патрэбы мы здольны, дзякуючы мове, шляхам выкарыстання не сваёй уласнай першаснай сiгнальнай сiстэмы, а гэтай жа сiстэмы iншых людзей. Так, замест таго, каб рабiць нешта самiм, мы, нярэдка (прынамсi, калi ёсць такая мажлiвасць) вымушаем гэта зрабiць iншых людзей, пра што сведчаць нашы шматлiкiя просьбы i пажаданнi да iншых тыпу падай, прынясi, падымi, схадзi, купi i да т.п.
Валоданне мовай азначае, што мы можам рабiць сваiм уласным унутраным здабыткам усе тыя духоўныя багаццi, што маюць астатнiя людзi. Мова звязвае людзей з навакольным светам i памiж сабою. Яна згуртоўвае не толькi людзей аднаго пакалення, але i пры дапамозе пiсьмовай формы розныя гiстарычныя пакаленнi людзей.
Мова з’яўляецца i нашым мiнулым, нашым гiстарычным лёсам, i нашай сучаснасцю, i нашай будучыняй, таму што заўсёды застаецца з чалавекам, яна яго сутнасць, свядомасць, душа i ў той жа час унiверсальны сродак, праз якi ён успрымае знешнi свет, разумее яго ў значнай меры ў адпаведнасцi з уласцiвасцямi сваёй мовы. Нагадаем у сувязi з гэтым словы I.В.Гётэ аб тым, што колькi ты ведаеш моў, столькi разоў ты чалавек. Асновай для такога выказвання служыць прырода i непаўторны характар кожнай мовы, якая ўяўляе сабою цэлую сiстэму светаўспрымання.
Мова ў пэўнай ступенi абмяжоўвае iнтэлектуальную i духоўную дзейнасць асобных таленавiтых людзей, думкi якiх здольны сягаць у такiя сферы, што ў данай мове на пэўны момант яе стану не знаходзiцца адэкватных сродкаў выражэння. У такiх выпадках творчая асоба вымушана пiсаць на iншай, больш развiтай мове цi выпрацоўваць новыя сродкi сваёй роднай мовы або нават закладваць прынцыпова новыя асновы для яе больш перспектыўнага развiцця.
Любое буйное вынаходства, у тым лiку i мова, мае свой адваротны бок, г.зн. можа ўжывацца не толькi на карысць, але i на шкоду. Мова – вытанчаны iнструмент iдэалогii, палiтыкi, дыпламатыi. Часам кожны з нас можа гаварыць не тое, што думае. З дапамогай мовы чалавек можа схлусiць, абразiць iншага чалавека, сапсаваць яму настрой, узвесцi паклёп i да т.п. Яна (мова) – гнуткi i паслухмяны сродак для перадачы нашых намераў, пачуццяў, думак. Мова часам нагадвае крывое люстра, дзе сапраўднасць здольна адбiвацца так, як таго хоча прамоўца або аўтар пiсьмовага тэксту.
Кожны чалавек – гэта цэлы сусвет, непаўторны i невычарпальны, зменлiвы i загадкавы, прывабны i непазнаны. I адной з найбольш надзейных сцяжынак да гэтага ўнутранага царства чалавека служыць яго мова. Яна нагадвае ў такiм разе выведзены вонку жывы нерв, якi звязвае чалавека з такiмi ж нервамi iншых людзей, у вынiку чаго грамадства ўяўляецца адзiным жывым арганiзмам, нервовай сiстэмай якога з’яўляецца мова, а нервовымi клеткамi ўсе людзi, кожны з нас.
Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і духоўнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу ўсёй яе гісторыі, з’яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага воптыу і духоўнай культуры народа. Мова – гэта неабходная ўмова існавання грамадства, яго падмурак. Без яе не можа быць грамадства, як і сама мова не можа існаваць без грамадства.
Чалавек думае, вырашае свае праблемы праз мову. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца інфармацыяй, наладжваюць кантакты, выказваюць адзін аднаму свае думкі, пачуцці. З яе дапамогай людзі ўсведамляюць і асэнсоўваюць свет, захоўваюць і перадаюць ад пакалення да пакалення набытыя веды і вопыт. Такі універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый. Пад функцыяй у лiнгвiстыцы разумеюць прызначэнне мовы цалкам цi пэўнай моўнай адзiнкi або ролю, якую выконвае мова ў грамадстве.
Вядомы мовазнавец Г.Шухарт сцвярджаў: «Сутнасць мовы заключаецца ў зносiнах». У аснове гэтай фармулёўкi – вылучэнне галоўнай i зыходнай функцыi мовы – камунiкацыйнай. Камунiкацыйная функцыя (функцыя зносiн) 1) раскрывае сацыяльны, грамадскi характар мовы, бо па-за грамадствам мова спыняе сваё iснаванне (хоць i захоўваецца ў выглядзе пiсьма або гукавых запiсаў); 2) выяўляе псiхiчную прыроду мовы, таму што мова рэалiзуецца ў выглядзе маўлення толькi ў час яе выкарыстоўвання людзьмi, калi яна ажывае ў iх свядомасцi, матэрыялiзуецца праз маўленне, якое перадаецца i ўспрымаецца органамi чалавека; 3) далучае чалавека да пэўнага калектыву людзей.
Характэрнай рысай моўнай камунiкацыi з’яўляецца тое, што яна мае адваротную сувязь: чалавек выступае адначасова ў якасцi адпраўшчыка i атрымальнiка iнфармацыi, але адваротная сувязь працуе толькi пры наяўнасцi суразмоўцаў, у жывым дыялогу. Такiм чынам, усебаковая сувязь памiж людзьмi ў прасторы i часе грунтуецца на камунiкацыйнай функцыi мовы, праз зносiны людзей з дапамогай агульнай для iх сiстэмы моўных знакаў.
Адной з iстотных функцый мовы з’яўляецца пазнавальная: чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якiя фiксуюцца, назапашваюцца, класiфiкуюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Мова адначасова служыць iнструментам пазнання, таму што стварэнне i ўзбагачэнне асноўных катэгорый мыслення (паняццяў) адбываецца на аснове мовы. Мова – галоўны сродак набыцця ведаў, iх пашырэння, узбагачэння, удакладнення.
Адлюстраванне ўзаемаадносiн чалавека з навакольным светам ажыццяўляецца праз намiнацыйную функцыю мовы. Прадметы робяцца здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, паняццяў пераважна пры iх намiнацыi, калi гэтыя прадметы атрымоўваюць назвы сродкамi мовы, перш за ўсё словамi. Звычайна тым прадметам i з’явам, якiя адыгрываюць важную ролю ў жыццi людзей пэўнага калектыву, даецца значна больш разнастайных назваў, чым з’явам i прадметам, якiя знаходзяцца як бы на перыферыi iнтарэсаў чалавека або практычна не сустракаюцца цi рэдка сустракаюцца ў яго жыццi. Багацце слоўнiка ў цэлым, а таксама колькасць намiнацый у пэўнай галiне жыцця i ведаў сведчаць не толькi пра стан i развiццё мовы народа, але i пра ступень яго iнтэлектуальнага i духоўнага развiцця, пра глыбiню распрацоўкi тых паняццяў, якiя звязаны з жыццёвымi ўмовамi людзей i маюць для iх вялiкае значэнне. Такiм чынам, праз намiнацыйную функцыю мовы выяўляецца характар сувязi тых цi iншых моўных калектываў людзей са знешняй рэчаiснасцю i найбольш iстотныя спосабы яе ўспрымання людзьмi з дапамогай мовы.
Камунікацыйная і пазнавальная функцыі мовы ўзаемазвязаныя. Сацыяльны характар жыцця народа, яго рознабаковая пазнавальная дзейнасць патрабуюць пастаяннага кантактавання людзей. Разам з тым самі моўныя стасункі людзей, у адрозненне ад камунікацыі жывёл, – гэта інструмент пазнання. Вызначальную ролю ў дзейнасці як асобы, так і грамадства выконвае інфармацыя, якая перадаецца менавіта ў працэсе моўнай камунікацыі. Па сутнасці, уся гісторыя развіцця чалавецтва – гэта найперш гісторыя моўных зносін. Яны аб'ядноўвалі пакаленні людзей у часе і тым самым забяспечвалі бесперапыннасць чалавечай цывілізацыі. I сёння адным з паказчыкаў прагрэсу лічыцца ўзровень моўнай камунікацыі ў грамадстве.
На базе камунікатыўнай і пазнавальнай функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя функцыі.
У складзе камунікатыўнай функцыі мовы вылучаюцца:
рэгулятыўная, ці фатычная (лац. fatum – выраз) – функцыя наладжвання кантактаў, рэгулявання адносін паміж людзьмі;
акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа. Мова захоўвае спадчыну нацыі, звязвае продкаў і нашчадкаў.
У складзе пазнавальнай функцыі можна вылучыць намінатыўную (лац. nominatio – называнне, найменне), г. зн. функцыю наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці. Пазнаючы свет, чалавек пастаянна сутыкаецца з неабходнасцю называць прадметы, з'явы, працэсы сродкамі мовы (у першую чаргу – словамі). Але называние – гэта разам з тым працэс размежавання і атаясамлівання з'яў рэчаіснасці, ці, інакш, працэс пазнання рэчаіснасці. Невыпадкова гавораць: назваць – значыць зразумець.
Паколькі пазнавальная функцыя звязана з рознымі формамі псіхічнай дзейнасці чалавека, у складзе яе можна вылучыць эмацыйную (экспрэсіўную) функцыю – г. зн. функцыю выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою, адносін да тэмы. Праз мову чалавека выяўляюцца яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, інтэлект, унутраны свет. Эмацыйная функцыя, якая найбольш выразна выступае ў інтанацыі, выклічніках, у розных формах мадальнасці (адносінах аўтара да зместу паведамлення), ацэначных суфіксах і інш., па сутнасці, пранізвае ўсе ўзроўні мовы.
З камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная (мастацкая) функцыя, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам і спалучэннем слоў і інш. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення і ўвасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве. Эстэтычная функцыя вызначае ролю слова ў стварэнні мастацкага вобраза, робіць слова "першаэлементам" мастацкай літаратуры.
У свядомасцi чалавека адлюстроўваецца знешняя рэчаiснасць, i змест мовы як арганiчная частка свядомасцi таксама адлюстроўвае ў сабе гэту рэчаiснасць. У падмурку значэнняў практычна ўсiх знамянальных слоў так цi iнакш ляжаць адпаведныя паняццi, у якiх увасабляюцца ўяўленнi чалавека аб адлюстраваных у яго свядомасцi знешнiх прадметах. Гэта значыць, што мы маем падставу гаварыць пра наяўнасць у мове функцыi адлюстравання.
Для многіх моў свету важнай з'яўляецца этнічная функцыя, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці (ці адраджэння) этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці.
Розныя функцыі мовы рэдка выступаюць у маўленні ў чыстым выглядзе. Як правіла, у працэсе камунікацыі яны спалучаюцца адна з адной, бо зносіны звычайна патрабуюць выражэння не толькі думак, але і эмоцый, волі і г. д.
3. Беларуская мова сярод іншых моў свету. Паводле звестак навукоўцаў, у нашы днi вядома каля 5000 розных (жывых i мёртвых) моў, з якiх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мiльярды жыхароў нашай планеты, а астатнiя мовы абслугоўваюць нязначную частку насельнiцтва, iншы раз мовай карыстаюцца сотнi i нават дзесяткi людзей.
Мова – гэта iстотная адзнака этнiчнага калектыву – народа, нацыi, племенi. У тыповым выпадку мова народа аб’ядноўвае прадстаўнiкоў данага народа i з’яўляецца адметнай адзнакай. Але на практыцы нярэдка адной мовай карыстаюцца прадстаўнiкi некалькiх этнiчных калектываў: нямецкая мова родная для немцаў i аўстрыйцаў, для значнай часткi насельнiцтва Швейцарыi i Люксембурга; англiйская мова родная для англiчан i амерыканцаў, а таксама для насельнiцтва былых калонiй i дамiнiёнаў Вялiкабрытанii; беларуская мова родная не толькi для беларусаў, але i для прадстаўнiкоў iншых народаў, якiя даўно жывуць на Беларусi, напрыклад, беларускiх татараў, яўрэяў. Разам з тым, напрыклад, швейцарцы, якiя карыстаюцца чатырма мовамi (нямецкай, французскай, iтальянскай, рэтараманскай), злiваюцца ў вынiку працяглага сумеснага пражывання ў адзiную нацыю.
У залежнасцi ад паходжання i наяўнасцi цi адсутнасцi агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя i няроднасныя. Роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў вялiкiя групы, або сем’і, моў.
Навука пра мову выдзяляе iндаеўрапейскую, iберыйска- каўказскую, фiна-угорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-маньчжурскую, кiтайска-тыбецкую, дравiдыйскую, семiта-хамiцкую, кайсанскую i iншыя сем’i моў, кожная з якiх складаецца альбо з некалькiх груп (напрыклад, фiна-угорская сям’я падзяляецца на дзве групы – фiнскую i угорскую, якiя ў сваю чаргу складаюцца з некалькiх моў), альбо з некалькiх моў (напрыклад, дравiдыйская сям’я ўключае мовы тэлугу, тамiльскую, малаялам, каннара i iнш., што пашыраны на поўднi Iндыi, часткова на Цэйлоне, у асобных раёнах Пакiстана i Афганiстана).
Некаторыя мовы з’яўляюцца iзаляванымi, яны не ўваходзяць у склад сем’яў або груп, напрыклад, японская мова, карэйская.
Беларуская мова ўваходзiць у адну з самых вялiкiх сем’яў Еўразii –iндаеўрапейскую. Па ступенi роднасцi iндаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на шэраг моўных груп: балтыйская (лiтоўская, латышская (жывыя) i пруская, яцвяжская (мёртвыя)), германская (дацкая, нарвежская, шведская, iсландская, фарэрская, нямецкая, англiйская, галандская (нiдэрландская), фламандская, iдыш (новаяўрэйская), мёртвыя – гоцкая, бургундская, вандальская), iндыйская (хiндустанi, пенджабi, бенгалi, орыя, бiхары, цыганская (жывыя) i ведыйская, санскрыт, пракрыты (мёртвыя)), iранская (персiдская, таджыкская, курдская, тацкая, пушту (афганская), асецiнская (жывыя) i мiдыйская, парфянская, скiфская (мёртвыя)), кельцкая (iрландская, шатландская, брэтонская, уэльская (валiйская), гальская), раманская (iспанская, французская, партугальская, iтальянская, правансальская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская i мёртвая лацiнская), славянская, у якой вылучаюцца тры падгрупы: заходнеславянская (польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербскалужыцкая i мёртвая палабская); паўднёваславянская (балгарская, македонская, сербскахарвацкая i мёртвая стараславянская); усходнеславянская (беларуская, украiнская, руская).
У iндаеўрапейскую моўную сям’ю ўваходзяць асобныя мовы – грэцкая, албанская, армянская.