Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник па дысц. Беларуская мова. Прафесійна...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.32 Mб
Скачать

Лагічнасць маўлення

Лагічнасць маўлення — камунікатыўная якасць, якая ўстанаўлівае паслядоўныя, несупярэчлівыя сэнсавыя сувязі паміж часткамі тэксту. Выказванне будзе лагічным у тым выпадку, калі ў ім існуе цесная сувязь асобных кампанентаў: слоў, сказаў, абзацаў. Лагічнае маўленне падпарадкуецца законам логікі, г. зн. законам мыслення грамадства.

Лагічныя сувязі кантэксту наладжваюцца ў галіне сінтаксісу, у сінтаксічных канструкцыях, дзе значнае месца адводзіцца складаным злучнікам: таму, што; для таго, каб; калі, то і інш. Адно недакладна ўжытае слова можа парушыць цэласнасць сінтаксічнай або лексічнай сістэмы. Уявім сабе мазаічны малюнак, складзены з мноства асобных частачак. Кожны элемент з’яўляецца часткай ад цэлага, таму каб атрымаць цэласную карцінку, мы павінны кожны асобны кавалачак паставіць на сваё месца. Падобна да таго, як мы ўзнаўляем гэтую мазаіку, так будуем і сваё выказванне, падбіраючы і ставячы на адпаведныя месцы словы, спалучэнні, сказы, часткі.

Лагічнасць як камунікатыўная якасць маўлення ўласціва ў пэўнай ступені ўсім стылям. Яна прымяняецца ў выказваннях, выступленнях, прамовах, артыкулах, падпарадкоўваючыся агульнапрынятаму плану: уступ (уводзіны), асноўная (кульмінацыйная) частка, падагульненне (заключэнне, вывад). Паміж асобнымі часткамі такой устойлівай кампазіцыі існуе найцяснейшая сувязь. Такая схема абавязковая для навуковага тэксту, дзе не могуць парушацца ўзаемасувязі ў ланцужку навуковага доказу, тлумачэння, разважання. Новы матэрыял навуковага стылю абавязкова абапіраецца на ўжо вядомы, вывучаны, засвоены. Па законах логікі размяшчаюцца асобныя раздзелы, параграфы, тэмы і іншыя структурныя адзінкі ў падручніках.

Лагічнасць — абавязковая якасць афіцыйна-справавога стылю. Напрыклад, дакументы, заканадаўчыя тэксты прытрымліваюцца паслядоўнасці ў выкладзе матэрыялу. Асобныя рэквізіты ў фармуляры дакумента размяшчаюцца ў строгім парадку.

Публіцыстычны стыль аб’ядноўвае асобныя навіны ў цэласныя блокі, тэмы, напрамкі. Дзякуючы такой паслядоўнасці можна лёгка выбраць неабходны матэрыял у СМІ: паведамленні паўсядзённага жыцця, палітычныя звесткі, культурныя навіны і т. п.

Мастацкі стыль вельмі своеасаблівы ў разгортванні падзей, раскрыцці зместу, але і тут можна прасачыць пэўную паслядоўнасць: аўтар можа разбіваць тэкст на часткі, аб’ядноўваць у зборы твораў, тамы, трылогіі і г. д. Выклад аўтарскага бачання ў мастацкім творы, фільме, песні падпарадкаваны яго задуме, ідэі, мэце.

Незакончаныя фразы, недаказаная да лагічнага завяршэння думка, адсутнасць паслядоўнасці ў вусным выказванні — гэта толькі некаторыя недахопы гутарковай мовы. Зразумела, што ў вусным маўленні даволі проста паправіць сказанае, дапоўніць, змяніць, але такое маўленне ўжо нельга назваць лагічным.

Лагічнасць маўлення — гэта ўменне паслядоўна выражаць думкі пры дапамозе сродкаў мовы. Гэтая камунікатыўная якасць дасягаецца праз дакладнае ўжыванне слоў, правільны парадак моўных адзінак, умелы выбар дасканалай сінтаксічнай канструкцыі.