- •1. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа. Асноўныя этапы развіцця беларускай мовы.
- •2. Развіццё беларускай мовы ў хх ст. Закон “Аб мовах у Беларускай сср”. Білінгвізм. Моўная інтэрферэнцыя.
- •3. Літаратурная мова. Нормы літаратурнай мовы. Вусная і пісьмовая формы літаратурнай мовы.
- •5. Навуковы стыль. Яго жанравая спецыфіка і характэрныя асаблівасці.
- •6. Афіцыйна-справавы стыль, яго асаблівасці.
- •7. Віды дакументаў і патрабаванні да іх афармлення.
- •8. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання (дыялектная, жаргонная, спецыяльная). Асаблівасці спецыяльнай лексікі.
- •9. Паняцце тэрміна. Слова і словазлучэнне ў ролі тэрміна. Тэрміналогія.
- •10.Асаблівасці псіхалагічнай тэрміналогіі.
- •11. Спосабы ўтварэння тэрмінаў.
- •12.Лексікаграфія. З гісторыі беларускай лексікаграфіі. Тыпы слоўнікаў.
- •13. Асаблівасці функцыянавання назоўніка ва ўмовах білінгвізму.
- •14.Граматычныя катэгорыі роду і ліку назоўніка.
- •15.Скланенне назоўнікаў.
- •16.Асаблівасці функцыянавання прыметніка ва ўмовах білінгвізму.
- •17.Разрады прыметнікаў.
- •18.Утварэнне ступеняў параўнання якасных прыметнікаў.
- •19.Утварэнне прыналежных прыметнікаў.
- •20.Асаблівасці скланення займеннікаў і лічэбнікаў.
- •21.Правапіс лічэбнікаў.
- •22.Асаблівасці спалучэння лічэбнікаў з іншымі часцінамі мовы ва ўмовах білінгвізму.
- •23.Асаблівасці функцыянавання дзеяслова ва ўмовах білінгвізму.
- •24.Правапіс суфіксаў дзеясловаў.
- •25.Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў. Асаблівасці перакладу дзеепрыметнікаў з рускай на беларускую мову.
- •26.Утварэнне і ўжыванне дзеепрыслоўяў.
- •27.Прыслоўе. Утварэнне ступеняў параўнання якасных прыслоўяў.
- •28.Службовыя часціны мовы.
- •29.Асаблівасці будовы некаторых словазлучэнняў ва ўмовах білінгвізму.
- •30.Паняцце культуры маўлення.
28.Службовыя часціны мовы.
Службовыя часціны мовы, іх ужыванне. Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц. Ужыванне і правапіс часціц не (ня), ні.
Службовыя часціны мовы, іх ужыванне.
Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнік, злучнік і часціца.
Прыназоўнік - службовая часціна мовы, якая ўдакладняе значэнне ўскосных склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (займеннікам, лічэбнікам) і іншымі словамі ў словазлучэнні і сказе. Прыназоўнік ужываецца ў спалучэнні з назоўнікам і стаіць перад ім (пры назоўніку), адсюль і назва гэтай часціны мовы. Без самастойных часцін мовы прыназоўнік не ўжываецца і асобна не з'яўляецца членам сказа.
Прыназоўнікі - нязменныя словы, яны не маюць лексічнага значэння, а набываюць яго толькі ў кантэксце, у спалучэнні з самастойнымі часцінамі мовы. Прыназоўнікі разам з самастойнымі часцінамі мовы выражаюць розныя адносіны.
Паводле паходжання прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя і вытворныя.
Да невытворных адносяцца прыназоўнікі, якія ўзніклі ў старажытную пару, у сучаснай беларускай мове яны не суадносяцца з самастойнымі часцінамі мовы, і іх паходжанне цяжка або немагчыма растлу-мачыць: а, аб, без, да, за, на, над, па, пад, праз.
Вытворнымі называюцца прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў больш позні час і сваім паходжаннем суадносяцца з прыслоўямі, назоўнікамі, дзеясловамі: акрамя, апрача, замест, наконт, паводле, абапал (паабапал), вакол, навокал, скрозь, міма, насустрач, наперадзе, напярэдадні, пасля, побач, па-блізу, уздоўж: Скрозь лапкі хвоек і галінкі сінела неба гладзь - тут слова скрозь - прыназоўнік. У сказе Цішыня стаіць скрозь слова скрозь - прыслоўе.
Адыменныя прыназоўнікі ўтварыліся ад спалучэння склонавай формы назоўніка з невытворнымі прыназоўнікамі: за выклюнэннем, з мэтай, на працягу, на чале, па лініі, па меры, у адносінах да, у адпаведнасці з, у імя, у выніку: У адпаведнасці з надвор'ем гэтак жа часта змяняе свой колер і возера.
Аддзеяслоўныя прыназоўнікі звычайна суадносяцца з дзеепрыметнікамі: дзякуючы, выключаючы, уключаючы, канчаючы, не лічачы, нягледзячы на: Якуба Коласа, нягледзячы на безліч даследчыцкіх прац, яму прысвечаных, яшчэ не прачыталі па-сапраўднаму не толькі літаратуразнаўцы, але і філосафы, і эканамісты, і палітыкі.
Вытворныя прыназоўнікі могуць быць простыя, якія складаюцца з аднаго слова: ад, за, на, пра, сярод, скрозь; складаныя, утвораныя злучэннем двух невытворных прыназоўнікаў: з-за, з-пад, па-за, па-над, і састаўныя, якія складаюцца з двух ці некалькіх слоў: згодна з, нягледзячы на, на працягу.
Злучнік - службовая часціна мовы, якая ўжываецца для сувязі членаў сказа, частак складанага сказа, а таксама самастойных сказаў у тэксце і выражае сэнсава-граматычныя адносіны (спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і інш.) паміж гэтымі сінтаксічнымі адзінкамі: Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь, Налібокі і Нарач, Бярэзінскі запаведнік і маленькая рэчка Проня -- усё гэта наш родны край, наша спадчына -- злучнікі і звязваюць аднародныя дзейнікі (пушча, азёры, Палессе, Свіцязь, Налібокі, Нарач, запаведнік, рэчка), паказваючы на спалучальныя адносіны; Понізу, па зямлі, па асфальце снег мяшаўся з вадою, а дрэвы маўкліва ў казачнай цішыні ўсё яшчэ дзівіліся свайму беламу сну -- злучнік а аб’ядноўвае часткі складаназлучанага сказа і паказвае на супастаўляльныя адносіны паміж імі; Белым пухам замятае вецер чорныя палі, нібы вопратку ўздзявае шыр прасторная зямлі -- злучнік нібы служыць для сувязі частак складаназалежнага сказа і выражае параўнальныя адносіны паміж галоўнай і даданай часткай. Злучнік, ужыты ў пачатку сказа, можа паказваць на сэнсавую сувязь паміж асобнымі, самастойнымі сказамі ў тэксце: Травастой густы і высокі, за калена. А над ім кружаць, плаксіва кігікаючы, кнігаўкі; У лесе пахла растопленай смалой. І ўсё жывое хавалася ў цень.
Як службовая часціна мовы, злучнік не мае лексічнага значэння, не скланяецца і не спрагаецца, не выконвае сінтаксічнай функцыі якога-небудзь члена сказа. Асобна, без самастойных слоў, ён не выкарыстоўваецца, а ўжываецца толькі ў кантэксце, дзе і выяўляецца яго канкрэтнае значэнне (г.зн. выражэнне сэнсава-граматычных адносін паміж сінтаксічнымі адзінкамі).
1. Паводле паходжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя і вытворныя.
Невытворныя -- гэта злучнікі, якія з гледжання нормаў сучаснай беларускай мовы сваім паходжаннем не суадносяцца са словамі іншых часцін мовы. Яны найбольш старажытныя, паходжанне іх немагчыма ўстанавіць, таму ўспрымаюцца як першасныя. Да невытворных адносяцца і, а, ды, але, бо, або і інш.
Вытворныя злучнікі захавалі сувязь са словамі, ад якіх яны ўтварыліся: таму, што паходзяць ад займеннікаў; хоць, хай, бы - ад дзеясловаў; раз - ад назоўніка; для таго каб, нягледзячы на тое што, дарма што, з прычыны таго што - ад спалучэнняў розных часцін мовы. Вытворныя злучнікі паддаюцца марфемнаму аналізу: дый (ды + і), абы (а + бы) і інш.
2. Паводле структуры злучнікі бываюць простыя і састаўныя.
Простыя злучнікі складаюцца з аднаго слова: і, а, ды, дый, але, каб, або, як і інш.
У склад састаўных злучнікаў уваходзяць два ці некалькі слоў, якія ўтвараюць сэнсавае адзінства: як быццам, так што, пасля таго як, для таго каб і інш. Сярод састаўных пашыраны расчлянёныя злучнікі, г.зн. парныя, першая частка якіх знаходзіцца ў адной частцы складанага сказа, а другая - у наступнай: з-за таго ... што, як ... так і, не толькі ... а і і інш.
3. Паводле спосабу ўжывання злучнікі падзяляцца на адзіночныя, паўторныя і парныя.
Адзіночныя злучнікі ўжываюцца ў сказе адзін раз, звязваючы пэўныя кампаненты сказа: і, а, але, ці, як, што, каб і інш.: Будзьце ж вы светлыя і радасныя, наступныя дні людства!; Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам, а цяпер на іх шуміць малады сасоннік.
Паўторныя злучнікі паўтараюцца пры кожным кампаненце злучэння: і, або, ці; і ... і, або ... або, ці ... ці, ні ... ні, ці то ... ці то, не то ... не то, то ... то і інш.: Машына імчыць і гудзе, а ўсё роўна ты чуеш, што недзе ў верхавінні на розныя лады звіняць і пяюць птушкі, а ўнізе ідзе і ідзе нястомная работа жыцця: то снуюць мошкі, то точць парахню чарвяк, то дыхае і праціскаецца пругкі, напоўнены сокам ліст; Добра было б усім нам помніць, што мова народа на грошы не ацэньваецца, ні мільёнамі, ні мільярдамі рублёў не вымяраецца.
Парныя злучнікі - гэта састаўныя злучнікі, адна частка якіх адносіцца да аднаго кампанента злучэння, другая - да іншага: калі ... то, хоць ... але, хоць і ... але, не толькі ... але і, не толькі ... а і, як ... так і і інш.: Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў; Як Радзіме, як Маці, так і Мове цаны няма.
4. Злучнікі ў залежнасці ад сінтаксічнай функцыі і выражаных з іх дапамогай сэнсава-граматычных адносін падзяляюцца на злучальныя і падпарадкавальныя.
4.1. Злучальныя ўжываюцца для сувязі адносна раўнапраўных кампанентаў у тэксце: аднародных членаў сказа, састаўных частак складаназлучанага сказа, аднародных сузалежных даданых частак складаназалежнага сказа, асобных сказаў у складзе абзаца: У мове народа - і яго памяць, і шматвяковы вопыт яго гістарычнага жыцця-быцця, і асаблівасці яго светаўспрымання, і яго псіхічны склад, і многае іншае. Злучальныя злучнікі з улікам сэнсавых адносін, якія выражаюцца з іх дапамогай, падзяляюцца на спалучальныя, супастаўляльныя, пералічальна-размеркавальныя і далучальныя.
Спалучальныя злучнікі і, ды (са значэннем і), паўторны і ... і, парны як ... так і выражаюць адносіны адначасовасці, паслядоўнасці, пералічэння; яны ўказваюць на аднароднасць сінтаксічных кампанентаў, якія злучаюць: Маленькая палянка ў гушчары абгароджана старым парканам, і над ёй, над суседнімі дубамі, грабамі, ясенямі, бярозамі ўзняўся вялізны і стройны дуб; Але ўсюды ціха, толькі шамаціць у страсе халодны вецер ды недзе на дарозе гудзе машына.
Супастаўляльныя злучнікі а, але, ды (са значэннем але), дык, аднак, толькі, затое, не толькі ... але і, не то што ... а і інш. выражаюць адносіны
а) супастаўляльнасці дзеянняў, з’яў, прымет, іх адрозненне: Якуб Колас нарадзіўся тут, у гэтым маляўнічым лясным прыволлі, дзе векавечныя хвоі падпіраюць сіняе неба, а недалёка між зялёных берагоў бруяцца хвалі нястомнага Нёмана; Якуб нічога не сказаў бацьку, але сам сабе рашыў, чаго б там ні каштавала, здабыць насення лістоўніцы;
б) неадпаведнасці, супрацьпастаўлення, супрацьлегласці зместу злучаных кампанентаў: Звечара хутка цямнее, і цемра не празрыстая і лёгкая, як гэта бывае ўвесну, а глухая і цягучая; Так, на свеце вельмі многа прыгожых мясцін, добрых людзей, шчырых сяброў. Аднак, дзе б я ні быў, якія б цуды ні здзіўлялі, перад маімі вачыма заўсёды ззяла прамяністае святло майго роднага мястэчка.
Пералічальна-размеркавальныя злучнікі або, або ... або, ці, ці ... ці, ні ... ні, то ... то, не то ... не то, ці то ... ці то паказваюць, што пэўныя прадметы, з’явы ці паняцці існуюць папераменна або ўзаемна выключаюцца, аднолькава магчымыя або немагчымыя: Тут ужо не было ні пад’ёмаў, ні спускаў, лыжня ішла роўна па глыбокім снезе; Срэбнаю стужкаю вывіваўся Нёман, то падыходзячы пад самы лес, падразаючы карэнне дрэвам, то бегучы сярэдзінаю лугу, то падступаючы да поля, апярэзваючы бліскучым жывым паскам яго пясчаныя схілы.
Далучальныя злучнікі (у іх ролі выступаюць амаль усе злучальныя злучнікі) звязваюць з папярэдняй часткай сказа словы, словазлучэнні, сказы, якія ўдакладняюць або паясняюць выказванне; для канкрэтызацыі далучальнага значэння пры злучніках могуць ужывацца словы гэта, таму, так, таксама: Гэта работа патрабуе яшчэ змен і паправак, ды і наогул гэта яшчэ пачатак; Хлопцы ўзялі з сабой толькі самае неабходнае, і то набралася рэчаў як панесці).
4.2. Падпарадкавальныя злучнікі звязваюць сінтаксічна нераўнапраўныя часткі складаназалежнага сказа: Калі вы друг другу руку падалі, каб крочыць дарогай адной, -- забудзьце, што гнездзіцца сум на зямлі, -- песню бярыце з сабою!; Павел адчуў, як стала цёпла ў грудзях і гэтая цеплыня даўка пераціснула горла. Некаторыя падпарадкавальныя злучнікі (як, нібы, нібыта, што, быццам, бы, чым і інш.) выкарыстоўваюцца таксама для сувязі параўнальных зваротаў у складзе простага сказа: І, нібыта раннія пралескі, зоркі расцвітуць у вышын; Паэзія Якуба Коласа - такая ж натуральная, такая простая і такая складаная, як і сама прырода.
У структуры складаназалежнага сказа падпарадкавальныя злучнікі ўваходзяць у склад даданай часткі і выражаюць розныя сэнсава-граматычныя адносіны ў спалучэні з галоўнай. У адпаведнасці з характарам гэтых адносін падпарадкавальныя злучнікі падзяляюцца на такія групы: часавыя, прычынныя, умоўныя, мэтавыя, уступальныя, параўнальныя, тлумачальныя, выніковыя.
Часавыя злучнікі калі, як, ледзь, як толькі, пакуль, з таго часу як, у той час як і інш. ўказваюць на час ажыццяўлення таго, пра што гаворыцца ў галоўнай частцы складаназалежнага сказа: Ледзь грэчка цветам поле зацярусіць, дык чайкі ў вырай - даўняя прымета; Вясеннім днём на пасяўной брыгада працавала, пакуль вячэрняю імглой на нівы ноч апала.
Прычынныя злучнікі бо, як, таму што, паколькі, з-за таго што, з прычыны таго што, па той прычыне што, а то выражаюць прычынныя адносіны пры падпарадкаванні даданых частак прычыны з галоўнай часткай складаназалежнага сказа: Дуброва канчалася, пацягнуўся алешнік, чарналессе, вольхі, магутныя і высозныя, таму што раслі пры рэчцы, услугоўвалі рэчцы, служылі ёй у якасці помпаў; Не шукайце кветак у полі, бо вясна йшчэ не прыйшла.
Умоўныя злучнікі калі, калі б, каб, як, як бы, толькі, абы, раз, калі ... то, калі ... дык, як ... то, раз ... то звязваюць у складаназалежным сказе галоўную частку з даданай умовы, у якой паведамляецца пра рэальную ўмову або ўказваецца на магчымасць, пажаданасць, нерэальнасць умовы: Замерлі кашлатыя бярозы ў нейкай насцярозе, мусіць, каб раптоўна крануў іх, уздрыгнулі б ад сполаху, затрымцелі; Ураджайным будзе лета, калі снег аж да акон.
Мэтавыя злучнікі каб, для таго каб, з тым каб, дзеля таго каб, абы звязваюць у складаназалежным сказе галоўную з даданай часткай мэты: Аднаго разу дзед павёў Лазара за няблізкі свет, каб паказаць унуку нейкае дзіва; Для таго каб не страціць сваёй роднай мовы, радзімы ўвогуле, мала быць патрыётам, трэба быць змагаром.
Выніковыя злучнікі то, дык, так што, таму звязваюць з галоўнай такія даданыя часткі складаназалежнага сказа, якія паказваюць на вынік таго, пра што гаворыцца ў галоўнай частцы: Сонца шчодра грэе зямлю, то хутка поле да сябе пакліча людзей; Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог.
Уступальныя злучнікі хоць, хоць бы, хай, няхай, нягледзячы на тое што, дарма што, хіба звязваюць галоўную з даданымі часткамі сказа, у якіх паведамляецца пра падзеі і факты, неадпаведныя таму, пра што ідзе размова ў галоўнай частцы: Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае, хмарнае; Няхай сабе пясчаны гэты кут, няхай няма ў ім раскошы паўднёвай, ды мілы ён.
Параўнальныя злучнікі як, нібы, нібыта, што, быццам, бы, як бы, як быццам, чым, чымся звязваюць з галоўнай даданыя часткі, якія шляхам параўнання раскрываюць змест галоўнай часткі: На стрэхах ляжыць цэлы слой снегу, як хто палотны парассцілаў; Неяк усё прыціхла, стаілася, нібы падрыхтавалася лавіць рэдкія шолахі мяккай летняй ночы.
Тлумачальныя злучнікі што, як, каб, чым, быццам, як быццам, нібы, ці звязваюць з галоўнай такія даданыя часткі, якія дапаўняюць, тлумачаць або раскрываюць змест аднаго з членаў галоўнай часткі: Я бачыць рад, што пачала ад коп зямля ўгінацца; Лазар раптам пачуў, нібы гамоняць, перагаворваюцца між сабой дубы.
Часціцы - службовая часціны мовы, якая надае дадатковыя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні словам, словазлучэнням і сказам.
У залежнасці ад значэння і ролі ў сказе часціцы падзяляюцца на чатыры разрады: сэнсавыя; мадальныя; эмацыянальныя; формаўтваральныя.
Да сэнсавых часціц, якія надаюць словам, словазлучэнням і сказам дадатковыя сэнсавыя адценні, адносяцца ўказальныя: вось (от, во), вунь, гэта; удакладняльныя: амаль, іменна, проста, менавіта, якраз; выдзяляльна-абме-лсаваныя: толькі, абы толькі, хіба толькі, хоць, хоць бы, ледзь.
Мадальныя часціцы, якія надаюць выказванню розныя мадальныя значэнні, уключаюць сцвярджальныя часціцы: так, але, ага; адмоўныя: не, ні; пытальныя: ці, хіба, няўжо, а, так; параўнальныя: бо, нібы, як бы, быццам; па-буджальныя: бы (б), няхай (хай), дай (дайце), давай, ну, бадай.
Эмацыянальныя часціцы выражаюць розныя эмацыянальныя значэнні (радасць, захапленне, іронію, здзіўленне) або ўзмацняюць, лагічна выдзяляюць, падкрэсліваюць сэнс пэўнага слова, словазлучэння ці сказа. Да эмацыянальных часціц адносяцда клічныя: што за, як, ну І, вось дык і ўзмацняльныя: нават, бы, дык, жа, аж, ажно, такі.
Формаўтваральныя часціцы служаць для ўтварэння форм дзеяслова: бы (б) - умоўнага ладу; няхай (хай), давай (давайце) - загаднага: зрабіў бы, няхай прынясе, давайце раскажам.
