
- •Гісторыя матэрыяльнай культуры беларусі хіх – пачатку хх ст. Вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў ііі курса спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны»
- •Программа курса «история материальной культуры беларуси
- •Тэматычны план курса «Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі хіх – пачатку хх ст.»
- •Лекцыя 1. Сельскія пасяленні Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 2. Мястэчкі і гарады Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 3. Сядзібы Беларусі хіх – пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 4. Касцюм Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 5. Беларуская кухня хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 6. Транспарт Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 7. Заняткі і побыт насельніцтва Беларусі
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Літаратура:
- •Беларускія мястэчкі і гарады хіх-пачатку хх стст. (4 гадзіны)
- •Планіроўка беларускіх гарадоў.
- •Культавыя помнікі гарадскога дойлідства.
- •Грамадскія помнікі гарадскога дойлідства.
- •Літаратура:
- •Сядзіба Беларусі хіх – пачатку хх стст. (4 гадзіны )
- •Касцюм хіх – пачатку хх стст. (4 гадзіны)
- •Рэфераты:
- •Стравы і напоі беларусаў хіх-пачатку хх стст. (2 гадзіны)
- •Рэфераты:
- •Літаратура:
- •Пытанні да заліка па курсу “Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі”
- •3 Курс, 6 семестр
Тэматычны план курса «Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі хіх – пачатку хх ст.»
№ п/п |
Название темы |
Лекции |
Семинарские занятия |
КСР |
1. |
Сельскія пасяленні Беларусі |
4 |
4 |
– |
2. |
Мястэчкі і гарады Беларусі |
4 |
4 |
– |
3. |
Сядзібы Беларусі |
4 |
4 |
2 |
4. |
Касцюм Беларусі |
4 |
4 |
2 |
5. |
Кухня Беларусі |
2 |
2 |
– |
6. |
Транспарт Беларусі |
2 |
– |
2 |
7. |
Заняткі і побыт насельніцтва Беларусі |
4 |
– |
– |
|
|
24 |
18 |
6 |
Лекцыя 1. Сельскія пасяленні Беларусі хіх-пачатку хх ст.
Асноўныя тыпы сельскіх пасяленняў Беларусі.
Культавае і грамадзянскае дойлідства сельскіх пасяленняў Беларусі.
1. Асноўнымі тыпамі сельскіх пасяленняў ХІХ-пачатку ХХ стст. былі:
1) вёска, сяло, выселак і хутар (сялянскія пасяленні);
2) ваколіца, фальварак, засценак (шляхецкія пасяленні).
Вёскамі (“дзярэўнямі”) называлі невялікія пасяленні земляробчага насельніцтва. Вылучаюцца наступныя яе тыпы: берагавыя (уздоўж берага ракі ці ручая), пойменныя (на прасторы надпойменнай нізіны) і сухадольныя (вакол дарог).
Для поўначы Беларусі была характэрна бессістэмная забудова пасяленняў. Як адзначаў П.Шэйн: “двары будуюцца без усякага парадку, дзе і як папала, не зважаючы пры гэтым ні на што, нават на зручнасць”. У іншых рэгіёнах Беларусі пераважалі вёскі з вулічнай планіроўкай. Малыя вёскі былі аднавулічнымі. Хаты ставіліся ўздоўж берагавой паласы адна побач з другой, часцей усяго тарцовымі фасадамі да вады. Сухадольныя вёскі ўяўлялі адзін ці два паралельныя рады хат, звернутых да праезджай часткі дарогі. Шматвулічныя вёскі фарміраваліся на перакрыжаваннях шляхоў. У плане яны былі прамянёвымі, крыжападобнымі ці Т-падобнымі. Зрэдку да асноўнай вуліцы прымыкалі кароткія завулкі, ствараючы грабянёвую планіроўку. Некаторыя вёскі ствараліся паралельнымі вуліцамі, звязанымі перавулкамі. Такая планіроўка нагадвала квартальную. Таксама ў ХІХ-пачатку ХХ ст. існавалі ўстаўныя вёскі з хатамі на адным, а гаспадарчымі пабудовамі на другім баку вуліцы.
Вёскі Беларусі выразна розніліся па колькасці двароў. У Падзвінні сельскія пасяленні былі маладворнымі і складаліся з 3-5 сядзіб. У Падняпроўі пераважалі паселішчы з 15-30 двароў. Характар сельскіх пасяленняў Цэнтральнай Беларусі прыкметна мяняўся з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад: ад параўнаўча невялікіх вёсак, рассеяных сярод лясоў, да буйных мнагадворных сёл, размешчаных на адкрытай мясцовасці. На Палессі вёскі былі мнагадворнымі (50-100 двароў), аднак прасторы Прыпяцкага Палесся былі асвоены слаба і рэдказаселены.
Сяло адрознівалася ад вёскі тым, што акрамя вуліц, занятых сядзібамі, тут размяшчаліся царква (касцёл), валасное праўленне, школа і карчма. Грамадскія і сакральныя пабудовы ставіліся, як правіла, асобнай групай. Структуру сяла вызначалі накірункі дарог. Перавагу атрымала крыжова-прамянёвая планіроўка.
Выселак – пасяленне, якое складалася з некалькіх двароў, гаспадары якіх выселіліся з бліжэйшай вёскі ці сяла. Выселкі звычайна ўзнікалі пры засваенні новых зямель у лясной ці забалочанай мясцовасці.
Хутар – гэта адасобленая сялянская гаспадарка, у якой хата і ўсе гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся побач з ворнай зямлёй. На Беларусі хутары ўзніклі ў 80-я гады ХІХ ст. Першае рассяленне на хутары праходзіла па ініцыятыве саміх сялян, якія запазычылі такі спосаб землекарыстання ў латышоў. Масавая хутарызацыя на Беларусі пачалася толькі ў пачатку ХХ ст., пасля сталыпінскай аграрнай рэформы.
Засценак як тып сельскага пасялення ўзнік яшчэ ў XVI ст. Паводле “Уставы на валокі” 1557 г. уводзіўся трохпольны севазварот. Уся сялянская зямля падзялялася на 3 полі з дакладна вызначанымі межамі (“сценкамі”). Пасля межавання заставаліся адрэзкі ворнай ці сенакоснай зямлі – засценкі. Яны звычайна знаходзіліся на краі поля і здаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Як тып пасялення засценкі былі вельмі падобныя да хутароў і адрозніваліся ад іх толькі ўмовамі ўзнікнення і сацыяльнай прыналежнасцю жыхароў. Звычайна ў засценку жыла адна шляхецкая сям’я.
Фальварак – зямельнае ўладанне і сядзіба сярэдняй шляхты. Фальварак размяшчаўся, як правіла, у маляўнічым месцы, меў агароджу і браму, да якіх вяла ліпавая ці тапалёвая алея. Найбольш буйныя фальваркі побач з гаспадарскім домам мелі асобныя пабудовы для чэлядзі – афіцыны.
Ваколіца – невялікае пасяленне, якое размяшчалася непадалёку ад вёскі і было абнесена плотам. У ваколіцах жыла шляхта. Як і многія вёскі, шляхецкія ваколіцы адрозніваліся бессістэмнай забудовай. Кожны двор уяўляў нібы аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную ў агульную структуру пасялення. П.Шэйн адзначаў, што знайсці ўезд у ваколіцу мог толькі той, хто бываў тут не менш дзесяці разоў. У адносінах з сялянамі шляхта трымалася пагардліва, заўжды падкрэслівала сваё высакароднае паходжанне. Калі незнаёмы называў ваколіцу сялом, шляхціц успрымаў гэта як абразу.
2. Выключнае месца пры забудове сельскіх пасяленняў займала вясковая царква. У ХІХ – пачатку ХХ ст. склаўся шэраг відазмяненняў у развіцці форм драўлянага царкоўнага дойлідства. Рабіліся памкненні перабудовы былых уніяцкіх цэркваў з мэтай надання іх выгляду рыс, больш характэрных праваслаўнай царкве. У большасці выпадкаў такія рэканструкцыі зводзіліся да дабудовы з боку ўваходу царквы трох-чатырох’яруснай званіцы. У выніку дамінантная роля купала на сяродкрыжжы даху страчвалася і склаўшаяся кампазіцыйная раўнавага парушалася.
У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася серыя так званых “узорных” праектаў праваслаўных драўляных храмаў. У іх аснову часцей за ўсё быў пакладзены мясцовы ярусна-восевы кампазіцыйны прыём. Яго аснову складаў двух-трох’ярусны неф з барабанам і глаўкай, да якога прымыкалі апсіда пад двухсхільным дахам з вальмамі і невялікай глаўкай і прытвор, над якім высілася трох-чатырох’ярусная званіца з шатром ці шпілем. Аздабленне сцен часта рабілася пад імітацыю мураванай кладкі (пілястры, карнізы, абшыўка вуглоў).
Драўляныя цэрквы канца ХІХ – пачатку ХХ ст. неслі значны адбітак стылістыкі мадэрна, што выяўлялася ў шалёўцы з геаметрычнымі ўзорамі, ліштвах, дэкаратыўных разьбяных элементах на барабанах і купалах.
Другую групу вясковых сакральных збудаванняў складалі касцёлы. Пераважная частка касцёлаў рабілася без вежавых надбудоў пад прасторным двухсхільным дахам. Зрубы нефа і апсіды касцёлаў у параўнанні з праваслаўнымі храмамі мелі больш выцягнутыя прапорцыі. Такім чынам, недахоп вышыннай перспектывы кампенсаваўся перспектывай восевай, стварэннем адчування глыбіні прасторы. У пачатку ХХ ст. узніклі драўляныя касцёлы з прымыкаючымі адной ці двума вежамі. Асобны тып утваралі драўляныя касцёлы, у якіх прагледжваецца з’яўленне невялікай трэцяй вежы над шчыпцом франтона. З’яўленне дадатковай вежы паміж асноўнымі ўносіла пэўную раўнавагу ў агульную кампазіцыю.
Неад’емным элементам вясковага царкоўнага двара з’яўлялася званіца. Праўда, вельмі часта ў вясковых прыходах прымяняліся старажытныя білы. Металічную балванку мацавалі на слупе ці перакладзіне каля ўваходу ў царкву. Прымітыўная канструкцыя біла стала пачаткам прасцейшых слупавых званіц з перакладзінай і двухсхільнай стрэшкай. Пад стрэшкай замацоўваліся тры невялікія званы. Лагічным завяршэннем развіцця архітэктуры слупавых званіц стала з’яўленне бакавой абшыўкі з дошак. Так сфарміраваліся званіцы каркаснага тыпу.
Таксама ў ХІХ – пачатку ХХ ст. існавалі зрубавыя званіцы, званіцы-брамы і званіцы-прыбудовы. Аснаваннем зрубавай званіцы з’яўляўся зрубавы чацвярык, абаронены шатровай паветкай-стрэшкай. Званіцы-брамы ставіліся на восі ўваходу ў царкву. Ніжні ярус з’яўляўся скразным праходам і меў штакетнага тыпу варотцы. Званіцы-прыбудовы ўзводзіліся на ўваходзе, былі, як правіла, трох-чатырох’яруснымі, са стромкім шатровым дахам і глаўкай.
Шырока распаўсюджанымі на Беларусі былі капліцы. Гэта невялікія збудаванні, у якіх жыхары паселішчаў з нагоды аддаленасці ад цэркваў збіраліся на набажэнствы. У капліцах хрысцілі немаўлят, вянчалі шлюбы, тут праводзіліся гавенні ў час пастоў і прымаліся споведзі. Каля капліц ладзіліся студні ці добраўпарадкоўваліся студзеніцы. Капліцы на месцах развітання называліся прошчы. Побач з імі маглі знаходзіцца корчмы, якія ў такім выпадку называліся ростанямі. У працэсе гістарычнага развіцця на Беларусі склаліся спецыфічныя тыпы капліц. Па-першае, гэта драўляная слупавая капліца вышынёй 2,5-3 метра з невялічкім шатром пад чатырохсхільнай стрэшкай са шпілем. Па-другое, гэта ўкрыжаванне пад стрэшкай з разьбяным аздабленнем, якое размешчана на дрэве каля дарогі. Па-трэцяе, гэта мураваная капліца ў выглядзе чатырохвугольнай вежы пад чатырохсхільнай страхой. Па-чацвёртае, гэта каплічка-мемарыял на фамільных могілках, якая мела блізкі да квадрата план, двухсхільны дах і порцік каля ўваходу.
Важнейшай грамадскай пабудовай сяла з’яўлялася валасное праўленне. Па сваёй архітэктуры яно нагадвала традыцыйную хату на два бакі з ганкам, сенцамі уздоўж прысутнай комнаты, канцылярыі і архіва. Страха звычайна была двухскатнай і мела ўпрыгожаныя разьбой карнізы.
У ХІХ ст. у сёлах будаваліся так званыя грамадскія амбары (запасныя магазіны), у якіх сяляне трымалі сабранае разам зерне на выпадак неўраджая ці пажара.
Самай распаўсюджанай грамадскай пабудовай была карчма. У адрозненне ад рускай карчмы, якая з цягам часу была выцеснена кабаком, беларуская захоўвала ролю грамадскага клуба. Тут збіраліся гандляры, што ехалі на кірамаш у мястэчка, спраўляліся вяселлі, святкаваліся традыцыйныя святы пасля завяршэння сезонных работ.
Корчмы па сваіх архітэктурна-планіровачных рысах паздзяляліся на два тыпы: незаезныя і заезныя. Першыя мелі шынок-харчэўню, жыллё карчмара і некалькі пакояў для пастаяльцаў. У комплекс карчомнага двара ўваходзілі канюшня, хлявы для дроў і сена, калодзеж.
Планіроўка заезных корчмаў мела тры варыянты – крыты двор, пагонны і вяночны. Корчмы, збудаваныя па прынцыпу крытага двара, мелі хлеў для фурманак, які знаходзіўся пад адным дахам з шынком і жылымі памяшканнямі. У сярэдзіне такой карчмы мелася брукаваная пляцоўка-праезд і нават калодзеж. Будова карчмы па прынцыпу вяночнага двара праяўлялася ў тым, што шынок і пакоі для пастаяльцаў аддзяляліся ад жылля карчмара, кухні і кладовак скразным праездам з канюшняй. Яшчэ больш шырока ў планіроўцы корчмаў выкарыстоўваліся традыцыі пагоннага двара. Канюшню ставілі ў адну лінію з шынком і жылымі памяшканнямі.
Пэўны каларыт надавалі карчме падмурак з каменняў, сцены з кругляку ці брусоў, дах з дранкі ці саламяная страха. Важным элементам інтэр’еру карчмы з’яўлялася печ, якая аздаблялася кафляй. У карчме меліся шырокія сталы на козлах, лавы ўздоўж сцен, услоны, буфет з прылаўкам і шафай, шматлікія паліцы для посуду. Абсталяванне пакояў пастаяльцаў не было аднолькавым. Для заможных гасцей ставіліся ложкі, шафы, скрыню для дарожнай паклажы, стол з абрусам, венскія крэслы, лямпу-газоўку. Для простых вандроўнікаў ложкам мог быць насціл з дошак каля печкі на сукаватых яловых лагах.