
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
Вядомаму беларускаму навукоўцу і публіцысту, доктару гістарычных навук, прафесару Міхасю Бічу належыць ці не самая ёмістая ацэнка шляху, пройдзенаму беларускай нацыянальнай журналістыкай амаль што за чатыры з паловай стагоддзі. У артыкуле “У змаганні за лепшую долю”, змешчаным у № 8 часопіса “Полымя” за 1966 год, ён пісаў: “Дзіўны твой гістарычны лёс, беларускае друкаванае слова! Адным з першых у свеце прабілася ты праз цемру сярэднявечча. Падхапіўшы на свае крылы выдатныя творы сусветнай літаратуры – у тым ліку думкі, мары і справы вялікіх беларусаў эпохі Адраджэння, – ты панесла іх па шырокіх прасторах сялянскай зямлі, каб разагнаць тую цемру, якая сляпіла людзям вочы, засланяла ім шлях наперад. …Выправіў цябе ў свет слаўны доктар Францыск Скарына. Крылы твае ўзмацнялі, палётам тваім кіравалі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Мсціславец, Лаўрэнцій Зізаній. Дзякуючы ім, ты ўвайшло ў скарбніцу сусветнай культуры. А потым здарылася нешта недарэчнае. Крылы твае аслабелі. Ты з’яўлялася ўсё радзей і радзей і ўрэшце зусім знікла, ды так надоўга, што сам народ, які даў табе жыццё, забыўся, што ты некалі нават было. Гэтак – на мяжы жыцця і смерці – прайшло каля двух стагоддзяў. Але народ не памёр і захаваў сваё жывое слова. Яно жыло пад саламянай страхой, на вясковай вуліцы – жыло ўсюды, дзе ступала нага беларуса і працавала яго няўтомная рука. Не, народ не памёр! Ён толькі на доўгі-доўгі час выпаў з арбіты сусветнай цывілізацыі…”
Выдатны агляд шматвяковага шляху-дарогі – усяго ў некалькі дзесяткаў слоў! Бліскучы ўзор публіцыстыкі: яго і сёння можна (і трэба!) прыводзіць як шчырае, з болем у душы, выказванне за лёс і справы нашых далёкіх папярэднікаў, набыткі якіх “каля двух стагоддзяў”, на жаль, былі забыты… Дзякуй Богу, знайшліся паслядоўнікі Скарыны і Буднага, Цяпінскага і Зізанія, якія адрадзілі славу беларускага друкаванага слова. Гэта гістарычная місія выпала на пачатак ХХ стагоддзя…
Трэба адзначыць: да пачатку ХХ стагоддзя нейкай сістэмы ў беларускай журналістыцы не існавала. У пяці губернях Паўночна-Заходняга краю выдаваліся 25 друкаваных выданняў, аднак адладжаны ці нават рэгулюемы журналісцка-выдавецкі працэс яны не ўяўлялі. Спецыяльны царскі маніфест ад 17 кастрычніка 1905 года нібыта і дазволіў выйсці друкаванаму слову на новы, больш шырокі прастор: забароны на выданне газет і часопісаў, у тым ліку і на нацыянальных мовах на так званых ускраінах Расійскай імперыі, былі ліквідаваны. У Мінску і іншых губернскіх гарадах Беларусі адразу ж пачалі з’яўляцца перыядычныя выданні самай рознай грамадска-палітычнай арыентацыі. Ужо на рубяжы 1905—1906 гадоў такіх выданняў на нашай Бацькаўшчыне налічвалася 75. Царскія ўлады, падрабязна прааналізаваўшы сітуацыю, спахапіліся: друкаванае слова выходзіла з-пад дзяржаўнага кантролю! На свет з’явіўся новы дакумент – пастанова “Часовыя правілы аб друку”, якая ў катэгарычнай форме абмяжоўвала свабоду слова – і перш за ўсё адносна грамадска-палітычнай тэматыкі і накірункаў дзейнасці перыядычных выданняў. Зноў пачалі свае жорсткія дзеянні цэнзура і нагляд за друкам. У выніку амаль палова выданняў на тэрыторыі Беларусі – 36 з 75-ці, па-сутнасці і не нарадзіўшыся, спынілі сваё існаванне. Аднак, як кажуць у такіх выпадках, працэс ужо пайшоў…
Агульнапрызнана: фарміраванне сістэмы нацыянальнага беларускага легальнага друку пачалося з выхаду ў свет газеты “Наша доля”.
Ідэю стварэння газеты на беларускай мове кіраўнікі даволі вядомай у той час грамадска-палітычнай арганізацыі – Беларускай сацыялістычнай Грамады (БСГ) – выношвалі не адзін месяц і нават год. Партыі, якая налічвала ў сваіх радах звыш 5 тысяч актыўных членаў, свой друкаваны орган быў вельмі і вельмі патрэбны. Паражэнне рэвалюцыйных выступленняў народа выклікала, як вядома, актыўнае наступленне рэакцыйных сіл, так званага царскага цемрашальства. Простыя людзі мелі пільную патрэбу ў праўдзівым слове: аб сабе, сваім рэальным становішчы, надзённых патрэбах, мэтах і задачах…
Для вырашэння гэтых і многіх іншых надзённых пытанняў і праблем БСГ з 1 верасня 1906 года і пачала выдаваць штотыднёвік “Наша доля”. Афіцыйны дазвол на яго выданне ад Галоўнага ўпраўлення па справах друку 12 жніўня 1906 года атрымаў віленскі мешчанін Іван Тукеркес. На 8 старонках газета прадстаўляла публікацыі пад 21 рубрыкай-аддзелам. Найбольшую цікавасць уяўлялі наступныя з іх: “Палітычны агляд”, “Жыццё гарадоў”, “Жыццё вёскі”, “Дзеянні ўрада”, “Што чутно на Белай Русі”, “З мінулага Беларусі”, “Новыя творы беларускай літаратуры” і іншыя.
Назва газеты зусім не выпадковая. У прамым і пераносным сэнсах слова доля Грамадзе, як палітычна з’арыентаванай сіле, ды і ўсім яе прыхільнікам, дасталася вельмі нялёгкая. Аб’явіўшы байкот булыгінскай Думе, БСГ па-ранейшаму заклікала да барацьбы з царызмам, клікала дабівацца “права народу сваёй уладай пастанаўляць аб сваіх справах і патрэбах”. Ужо самы першы нумар “Нашай долі” сведчыў аб тым, што намеры Грамады ў змаганні за свае мэты і задачы самыя што ні ёсць сур’ёзныя, і іх партыя будзе адстойваць да канца.
Друкавалася “Наша доля” кірыліцай і лацінкай: першае выданне прызначалася для праваслаўных беларусаў, другое – для католікаў. Тыраж у 10 тысяч экзэмпляраў павінен быў, паводле задумы выдаўцоў, данесці народу праўду аб яго становішчы. Верш жа вядомай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) “Наш палетак”, змешчаны ў першым нумары выдання, клікаў народ да нацыянальнага адраджэння:
Наш палетак не араты,
Палынамі цвіце ніва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
Да работы станьма жыва!
Хто араці добра зможа,
Хто разоры скора ладзіць,
Хто шчасліва сее збожжа,
Хто гароды добра садзіць, –
Жыва, жыва за работу!
Без аглядкі, хто што можа,
Усе роўны без расчота,
Усіх праца будзе гожа!
Дарэчы, на старонках “Нашай долі” ўпершыню заявіў аб сабе як выдатны творца Канстанцін Міцкевіч, які пад сваім бессмяротным псеўданімам “Якуб Колас” надрукаваў у газеце свой верш “Наш край”.
Яшчэ больш канкрэтныя задачы ў змаганні з царызмам ставіла “Наша доля” ў сваіх наступных нумарах. Так. у артыкуле “Як мужыку палепшыць сваё жыццё”, апублікаваным у другім і трэцім нумарах, быў заклік да стварэння сялянскіх саюзаў па ўзору прафесійных саюзаў рабочых, а ліквідацыя эксплуататараў звязвалася з сумеснымі дзеяннямі працаўнікоў горада і вёскі.
Такі штотыднёвік уладам, вядома ж, быў што костка ў горле. І як вынік, з 6 нумароў “Нашай долі” ў свет выйшлі чатыры, два былі канфіскаваны паліцыяй, а сёмы нумар наогул знішчаны ў наборы. Віленскі пракурор абвінаваціў рэдактара ў “змове супраць імператара”… На газету ўлады завялі крымінальную справу, і неўзабаве – 11 студзеня 1907 года – Віленская судовая палата прыняла рашэнне назаўсёды забараніць выданне “Нашай долі”, а І. Тукеркеса прыгаварыла да турэмнага зняволення тэрмінам на 1 год…
Аднак і такія жорсткія рэпрэсіўныя меры не маглі ўжо спыніць памкненняў членаў Грамады. Свой друкаваны орган яны мелі намер мець у што б тое ні стала! Матывы заставаліся ранейшыя: кіраўніцтва БСГ выдатна разумела яго важнасць і значнасць. Таму яшчэ да афіцыйнай забароны судом выдання “Нашай долі” яны там жа, у Вільні, наладзілі выхад новага штотыднёвіка – “Наша Ніва”. Заснавальнікамі, выдаўцамі і рэдактарамі газеты сталі ўсё тыя ж актыўныя, апантаныя змагары за беларускую нацыянальную справу – сацыял-дэмакраты браты Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў.
Першы нумар “Нашай Нівы” выйшаў 10 лістапада 1906 года. У склад рэдакцыйнай калегіі яе ўваходзілі В. Ластоўскі, Я. Драздовіч, Я. Купала, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Манькоўскі, С. Палуян, А. Чыж, Ядвігін Ш. На самым бачным і кідкім месцы на першай паласе газета засведчыла, што будзе служыць “усяму беларускаму скрыўджанаму народу”.
Вядомы даследчык гісторыі нашай Бацькаўшчыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Ермаловіч зусім слушна адзначаў, што менавіта “Наша Ніва” зрабіла “сапраўдную вясну беларускага друку”.
І раней, шмат гадоў назад, і зараз вяліся і вядуцца спрэчкі: дык якой жа, паводле палітычнай скіраванасці і арыентацыі, была “Наша Ніва”? Правёўшы падрабязны супастаўляльны аналіз зместу выдання і параўнанне пазіцый як непасрэдных супрацоўнікаў, так і даследчыкаў яго лёсу і гісторыі, возьмем на сябе смеласць сказаць адназначна: “Наша Ніва” была рэвалюцыйнай газетай!
Рэвалюцыйнай перш за ўсё таму, што, без гвалту і крыку, без гучнай фразеалогіі, якая вельмі часта выдавалася і выдаецца нібыта за высокага кшталту публіцыстыку, нашаніўцы рабілі такую важную, несумненна, рэвалюцыйную на той час справу, імя якой было “некалькі” іншае – беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Штатныя супрацоўнікі выдання, іх шматлікія аўтары-дарадчыкі выразна бачылі і рэальна ацэньвалі сваё месца і сваю ролю ў гэтым важным для народа, сапраўды гістарычным, працэсе. Больш акрэслена і выразна, чым сама газета, пра гэта не скажаш. Вось што пісала “Наша Ніва” напрыканцы 1909 года: “Ні само друкаванае слова, ні сама газета робіць адраджэнне 8-мільённага народа, бо ёй гэта не пад сілу. Яна толькі кіруе, ім яна раздзьмухвае тыя іскры нацыянальнай свядомасці, што бліснулі ў час завірухі (маюцца на ўвазе рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гадоў. – Заўвага А.М.), каторая ад краю да краю ўскалыхнула ўсё Расійскае гасударства…” І зусім не перабольшым мы, калі скажам: у многім дзякуючы менавіта “Нашай Ніве”, беларусы, нягледзячы на шмятвяковы ўціск і ганьбаванне, выстаялі як народ; захавалі развілі і панеслі далей свае нацыянальныя адметнасці. На пачатку ХХ стагоддзя, увайшоўшы ў штодзённае жыццё аморфнай, зусім не з’яднанай і не арганізаванай масы, імя якой было – беларускі народ, менавіта “Наша Ніва” стабілізавала і паскорыла ў ім самае галоўнае – працэс нацыянальнага станаўлення, крышталізацыі асаблівасцей і адметнасцей беларусаў.
Браты Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў выдатна разумелі, што выданне газеты адкрытага рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку ўлады нізашто не дазволяць. Таму ў дакументах, пададзеных у Галоўнае ўпраўленне па справах друку, што знаходзілася ў Пецярбургу, яны закамуфлявалі праграму “Нашай Нівы” выключна пад дзейнасць асветніцкага характару. Газета мела намер весці і змяшчаць наступныя асноўныя раздзелы і рубрыкі: дзеянні і распараджэнні ўрада; пілітычны агляд за тыдзень; вясковае і гарадское жыццё; народная асвета; фельетоны; новыя літаратурныя творы на “беларускай гаворцы”; паведамленні з Беларусі і Літвы; сельская гаспадарка; артыкулы навукова-папулярныя і па гісторыі і геаграфіі; юрыдычны і даведачны аддзелы, дадатак… Адзін пералік галоўных напрамкаў выдання сведчыў, што яно было задумана як універсальны друкаваны орган з адначасовымі функцыямі газеты і часопіса, і ўключала практычна ўсе аспекты тагачаснага грамадска-палітычнага і літаратурна-асветнага жыцця нашага краю. “Друкавацца выданне мае ў друкарні Кухты рускім і лацінскім шрыфтамі”, – адзначалася ў тых жа праграмных дакументах.
Паступова, аднак даволі упэўнена, “Наша Ніва” стала сапраўды народным, агульнабеларускім органам інфармацыі. Пастаянна адчуваючы ціск і ганенні з боку царскага рэжыму, праследаванні цэнзуры, газета не ўступала ў пустапарожнія дыскусіі і дыялогі-“лаянкі” з шавіністычнымі і чарнасоценнымі выданнямі тыпу “Новое время”, “Окраины России”, “Русское знамя”, “Варшавский дневник”, “Виленский вестник”, “Белорусский вестник”, “Дзённік Віленскі” і іншымі, хаця яны настойліва і мэтанакіравана правакавалі нашаніўцаў на гэта. Задачы і прызначэнне штотыднёвіка былі зусім іншымі: весці рэальны летапіс жыцця беларускіх гарадоў і вёсак, адлюстроўваць думкі і памкненні простага народа…
І газеце гэта спаўна ўдавалася. Паводле падлікаў даследчыкаў, толькі за першыя тры гады свайго існавання “Наша Ніва” змясціла звыш 900 допісаў амаль што з 500 беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Сваіх падпісчыкаў, распаўсюджвальнікаў і простых прыхільнікаў яна мела не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве і Пецярбургу, Варшаве і Львове, Празе і Брно, Парыжы і Льежы, нават – у Злучаных Штатах Амерыкі…
За тыя ж тры першыя гады выхаду газета прадставіла сваім чытачам магчымасць пазнаёміцца з творчасцю 97 паэтаў і празаікаў, апублікаваўшы на сваіх старонках 337 іхніх вершаў і апавяданняў. Свае творы тут змяшчалі Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Янка Журба і многія іншыя творцы. Менавіта дзякуючы “Нашай Ніве”, адбылося іх станаўленне і прызнанне як Творцаў з вялікай літары. М. Багдановіч, напрыклад, дэбютаваў у ёй выдатным апавяданнем “Музыка”, а Я. Купала апублікаваў тут свае паэмы “У Піліпаўку”, “За што?”, “Бандароўна”, каля 170 вершаў, 30 артыкулаў. Упершыню са старонак штотыднёвіка чытач даведаўся і пра бессмяротную Коласаўскую “Новую зямлю”… У перакладах з рускай і польскай моў (вось вам і адказ на “сцвярджэнне” некаторых даследчыкаў аб надуманым нацыяналізме выдання! –Заўвага А.М.) у газеце змяшчаліся творы А. Чэхава і Л. Талстога, М. Гогаля і В. Караленкі, В. Брусава і М. Горкага, А. Міцкевіча і Э. Ажэшкі…
На вялікі жаль, у савецкі час роля і месца “Нашай Нівы” і ў гістарычнай навуцы ў цэлым, і ў журналістыцы непасрэдна трактаваліся і “пераацэньваліся” з пункту гледжання афіцыйнай ідэалогіі і прапаганды, без унікнення ў рэальную сутнасць. Газету лічылі “ліберальна-буржуазнай”, нацыяналістычнай, контррэвалюцыйнай… Рабіліся “заключэнні”, што яна нібыта прапаведавала буржуазныя рэформы, нацыяналістычныя лозунгі адраджэння беларускага народа, а рэвалюцыйныя пры гэтым адмаўляла… І наогул, калі верыць “Гісторыі беларускай журналістыкі”, выдадзенай у 1979 годзе, выданне “не прызнавала класавай дыферэнцыяцыі беларускага народа”… Калі ж у № 1 штотыднёвіка за 1912 год тыя ж самыя “пераацэньшчыкі” гісторыі “знайшлі” словы аб тым, што шчасце і будучыня Расіі не ў прыгожых словах, а ў спакойнай творчай працы ўсіх яе народаў, што “ўсе беларусы – гэта родныя браты, гэта адна сям’я…” , то яны тут жа, у тыя ж 70-я гады ХХ стагоддзя, “убачылі” ў гэтым “буржуазна-нацыяналістычнае крэда” (!) газеты…
Аднак… Месца і роля “Нашай Нівы” ў фарміраванні беларускай грамадска-палітычнай думкі, нацыянальнай свядомасці, у развіцці літаратуры, мовы, культуры, у станаўленні і ўмацаванні культурных адносін і сувязей з іншымі краінамі і народамі паступова перагледжаны і высока, па заслугах, ацэнены нашым сучасным грамадствам.
…У 1914 годзе па настойлівай просьбе заснавальнікаў і выдаўцоў газеты яе рэдактарам пагадзіўся стаць Янка Купала. “Наша Ніва”, вобразна кажучы, расквітнела яшчэ больш, яна стала насамрэч Купалаўскай. З’явіліся новыя рубрыкі і раздзелы, новыя аўтары са сваёй адметнай публіцыстыкай. Аднак пад кіраўніцтвам будучага класіка беларускай літаратуры ёй выходзіць доўга, на вялікі жаль, не давялося. Да Вільні, дзе выдаваўся штотыднёвік, набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны. Выданне яго станавілася практычна немагчымым, і 7 жніўня 1915 года Янка Купала, забраўшы з беднай рэдакцыйнай касы апошнія 5 рублёў, зрабіў у канторскай рэгістрацыйнай кнізе запіс аб выданні апошняга, 31-га нумара “Нашай Нівы” за той год…
Высокасэнсоўна і праведна гучаць і зараз радкі з артыкула “Ці маем права быць беларусамі?”, апублікаваным у нумарах 22, 23 і 26 штотыднёвіка за 1912 год: “Нязменны закон, каторым кіруецца ўвесь свет: тварыць культурныя рэчы ўсясветнай вартасці можна толькі ў сваёй роднай мове… Замяніць жа народу яго мову – гэта значыць забіць душу таго народа, яго асобенную творчую здольнасць… Мы, беларусы, не толькі маем права, але і павінны застацца беларусамі…”
Цвёрда стаяўшы на пазіцыях пераважна эвалюцыйнай (а не “выключна рэвалюцыйнай”, як сцвярджаюць асобныя даследчыкі) перабудовы тагачаснага грамадства, не адмаўляючы пры гэтым і рэвалюцыйнага ўмяшання ў ход падзей, “Наша Ніва” спаўна і годна выканала свой абавязак перад беларускім народам. Як газета народная і для народа – “ва ўсёй яе гістарычнай абумоўленасці і нацыянальнай спецыфічнасці”, яна з тых флагманаў нашай нацыянальнай журналістыкі, якімі кожны беларус мае ўсе падставы даражыць і ганарыцца!