Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”

Тэрор і разгул царскай рэакцыі, што ахапілі нашу Бацькаўшчыну пасля падаўлення паўстання 1861—1863 гадоў, распаўсюджваліся і ўплывалі на ўсе без выключэння бакі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця. Друк у гэтым сэнсе стаць выключэннем, вядома ж, ніяк не мог: царскі рэжым ужо добра разумеў і ўсведамляў цану друкаванага слова. І, тым не менш, у апошняй трэці ХІХ стагоддзя было адзначана даволі прыкметнае павелічэнне колькасці перыядычных выданняў як ва ўсёй Расійскай імперыі, так і на яе ўскраінах. Паводле афіцыйных звестак, калі ў 1871 годзе выходзілі 14 часопісаў і 36 газет, то ўжо ў 1890-м лічбы павялічыліся больш чым удвая: выдаваліся 29 часопісаў і 79 газет. Розныя перш за ўсё па палітычнай і сацыяльнай арыентацыі, разлічаныя на пэўныя колы сваіх прыхільнікаў і чытачоў, гэтыя выданні публіцыстычнымі сродкамі павінны былі несці чытачу пэўныя ідэалагічныя перакананні, спавядаць задачы, устаноўкі, намеры і планы як тых ці іншых сіл і грамадска-палітычных фарміраванняў, што якраз тады пачалі ўзнікаць на прасторах Расійскай імперыі, так і асобных невялікіх груп і нават прыватных асоб…

Царскія ўлады падчас разгляду дакументаў аб заснаванні новых перыядычных выданняў ставіліся да іх аднолькава строга і нават сурова. У кожнай газеце і часопісе яны бачылі свайго самага злоснага ворага, тую трыбуну, з якой публіцысты настройвалі народ супраць існуючых у дзяржаве парадкаў, заклікалі просты люд “да тапара”. Тым не менш, як бачна ўжо з прыведзеных вышэй некалькіх лічбаў, стрымаць арганізаванай хвалі наступлення перыядычнага друку афіцыйныя ўлады па-сутнасці проста не маглі.

У такіх вось няпростых і, разам з тым, цікавых умовах 7 лютага 1886 года натарыус з Мінска Іван Фацінскі пасля доўгіх хадайніцтваў атрымаў ад Галоўнага кіраўніцтва па справах друку Імперскай канцылярыі дазвол на выданне літаратурна-палітычнай газеты. Менавіта з такім падзагалоўкам менш чым праз два месяцы – 2 красавіка таго ж 1886-га – і выйшаў у свет першы нумар “Минского листка”.

Выданне праіснавала да 1902 года. У залежнасці ад фінансавага становішча, а іншым разам – і з-за адсутнасці матэрыялаў і спрыяльных умоў для распаўсюджвання – “Минский листок” спачатку выходзіў на чатырох ці шасці старонках двойчы на тыдзень, потым – з 1896 па 1898 гады – нават штодзённа, а ў апошнія пяць гадоў свайго існавання – тры разы на тыдзень. Зазначым: для чытача гэта была даволі прыймальная перыядычнасць.

Свае мэты і задумы прыватны заснавальнік і выдавец газеты І. Фацінскі даволі выразна і акрэслена выклаў у рэдакцыйнай заяве: “Край гэты (маецца на ўвазе Беларусь, якая, як вядома, афіцыйна называлася “Паўночна-Заходні край”. – Заўвага А.М.) уяўляецца нам не арэнай барацьбы розных элементаў, а дзейнасцю мірнага суіснавання людзей, якія маюць аднолькавае права на матэрыяльны, разумовы маральны росквіт. Таму мы будзем імкнуцца, па меры нашых сіл, выясняць як умовы, што садзейнічаюць развіццю краю, так і ўмовы, якія яго стрымліваюць”… Гэта было адкрытае і шчырае ўказанне на тое, што наша Бацькаўшчына мела поўнае права на самастойнае грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае вызначэнне і жыццё.

За 16-гадовы перыяд існавання “Минского листка” ў ім даволі часта мяняліся рэдактары і штат супрацоўнікаў. Акрамя І. Фацінскага, газету ўзначальвалі С. Мацвееў, А. Мацкевіч, Ф. Каменскі, К. Зіноўеў і іншыя рэдактары. Натуральна, што кожны з іх уносіў пэўныя карэктывы ў палітычную накіраванасць газетнага курсу, аднак істотнымі адрозненнямі гэтыя новаўвядзенні не вызначаліся. Выданне, як засведчылі даследчыкі перыядычнага друку таго часу, мела ліберальна-дэмакратычны накірунак. З нумара ў нумар газеты пераходзілі рубрыкі “Палітычны агляд” і “Мясцовая хроніка”, “Замежныя навіны” і “Агульная хроніка”, “Тэлеграмы” і “Карэспандэнцыі”, “З залы суда” і “Белетрыстыка”, “Аддзел сельскай гаспадаркі” і “Фельетоны”… Ужо адзін пералік іх сведчыць аб тым, што выданне праяўляла цікаўнасць да самых розных бакоў жыццядзейнасці грамадства.

“Минский листок” іншы раз даволі жорстка праследаваўся царскім рэжымам. Так, на працягу 1896 года, калі выданне рэдагаваў Канстанцін Зіноўеў, са 194 нумароў 80 былі канфіскаваны паліцыяй. У наступным, 1897 годзе, пачынаючы з сакавіка, газета была забаронена на восем месяцаў. Зіноўеў, натуральна ж, быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара, і рэдакцыйны калектыў зноў узначаліў Іван Фацінскі.

Асаблівай папулярнасцю сярод чытачоў газеты вызначаліся публікацыі на гістарычную і літаратурную тэматыку. Гісторыка-публіцыстычныя нарысы такіх слынных даследчыкаў нашай даўніны, як М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук і іншыя, пра Барысаў, Бабруйск, Гомель, Лепель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Полацк і іншыя гарады Беларусі неслі мноства новых звестак і фактаў аб іх узнікненні і ролі ў станаўленні і развіцці нашай Бацькаўшчыны, вызначаліся вострым гучаннем і надзённасцю. Літаратурнае ж жыццё было прадстаўлена зазвычай урыўкамі з твораў Астроўскага, Гогаля, Горкага, Караленкі, Салтыкова-Шчадрына, Тургенева, а таксама Ажэшкі, Пруса, Заля, Мапасана… Больш таго, газета выступала ў абарону рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядаў Бялінскага, а таксама творчасці Грыбаедава, Лермантава і Пушкіна, што, безумоўна ж, сведчыць аб высокім прафесіянальным і публіцыстычным майстэрстве аўтараў “Минского листка”.

Вялікая заслуга “Минского листка” і перад беларускай нацыянальнай літаратурай. Па-першае, з яго старонак (№ 37 за 1889 год) беларус упершыню пачуў пра такі бессмяротны твор, як сатырычная паэма “Тарас на Парнасе” (дарэчы, твор быў змешчаны пад назвай “Тарас”); па-другое, менавіта гэта выданне апублікавала многія творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца і іншых тагачасных творцаў. На працягу 1886—1893 гадоў супрацоўнікі газеты падрыхтавалі і выдалі чатыры кнігі “Календаря Северо-Западного края”, якія ўключалі ў сябе лепшыя літаратурныя творы, фальклорныя матэрыялы, навукова-публіцыстычныя артыкулы і даследаванні. Гэтыя кнігі таксама мелі надзвычай вялікую папулярнасць у чытачоў.

У 1902 годзе “Минский листок” быў перайменаваны ў газету “Северо-Западный край”. Як адзначаюць многія даследчыкі, гэта быў заканамерны працэс: гарадская па першапачатковай задуме газета “Минский листок” паступова набыла вагу як грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае выданне, а таксама – публіцыстычную і літаратурную значнасць у грамадстве, і, такім чынам, рэальна прэтэндавала на статус агульнабеларускага друкаванага сродку інфармацыі. Як засведчыць час, “Северо-Западный край” дастойна падхопіць набыты вопыт сваіх папярэднікаў і ўпэўнена панясе сцяг маладой прагрэсіўна-дэмакратычнай беларускай журналістыкі далей, у шырокія народныя масы.

Першы нумар газеты “Северо-Западный край” выйшаў у Мінску 1 кастрычніка 1902 года, апошні – 8 снежня 1905 года. За гэты параўнальна невялікі адрэзак часу свет пабачыў 801 нумар выдання. Яно мела звыш 20 рубрык-раздзелаў—па-сутнасці тыя ж, што і “Минский листок”: “Мясцовая хроніка”, “Палітычны агляд”, “Апошняя пошта”, “Замежныя навіны”, “Сярод рабочых”, “Белетрыстыка”, “Тэлеграмы”, “Фельетоны”, “Тэатр і музыка” і некаторыя іншыя.

Газета з’явілася на свет і выходзіла ў той час, калі вялася падрыхтоўка, а потым і адбылася першая руская рэвалюцыя. Таму зусім заканамерна ў гісторыі яе існавання вылучаюцца два перыяды. Першы перыяд ахоплівае 1902—1904 гады, калі на старонках выдання змяшчаліся іншы раз рэзка супрацьлеглыя ў ідэйных адносінах артыкулы, карэспандэнцыі і нарысы. Заклікаючы да ажыццяўлення ідэй гуманізму, верацярпення і нацыянальнага раўнапраўя, “Северо-Западный край” нават патрабаваў ад улад “прыгледзецца” да штодзённага жыцця простага народа, палепшыць яго эканамічнае становішча. Цэнзура пільна сачыла за “паводзінамі” газеты. Ужо ў 1903 годзе віцэ-губернатар Мінскай губерні Чарнцоў, які фактычна выконваў абавязкі галоўнага цэнзара над друкам, адзначаў, што напрамак “Северо-Западного края” “выклікае ў яго занепакоенасць”...

У першыя два гады існавання пазіцыя газеты па аднаму з важнейшых для тагачаснага грамадства пытанняў – сялянскаму была яшчэ крайне супярэчлівай і палітычна нявызначанай. З аднаго боку, выданне імкнулася паказаць “усю ўродлівасць, усю гнюснасць урадавай палітыкі, якая прывяла вёску да жабрацтва і цемнаты”. А з другога боку, яно абмяжоўвалася паўмерамі, прапаноўваючы сродкі, якія практычна не закраналі эканамічнага становішча пануючых класаў. У барацьбе дзвюх тэндэнцый – рэвалюцыйна-дэмакратычнай і ліберальнай – верх на старонках газеты пакуль што брала апошняя з іх…

Аналізуючы ж публікацыі газеты з кастрычніка 1904 года, можна прасачыць больш упэўнены пераход яе з ліберальных пазіцый да дэмакратызму і нават – марксізму, які, як вядома, у той час у царскай Расіі набываў усё больш шырокае распаўсюджванне. Разам з ростам рэвалюцыйнага руху мяняўся і характар выдання. На яго старонках усё часцей з’яўляюцца матэрыялы, у якіх з’явы грамадска-палітычнага жыцця аналізуюцца з пазіцый пралетарыята і сялянства. Як сведчыў вядомы беларускі даследчык “Северо-Западного края” доктар філасофскіх навук, прафесар Мікалай Рожын, газета, абараняючы інтарэсы рэвалюцыйных мас, усё больш і больш звязвае сваю дзейнасць з прапагандай марксісцка-ленінскіх ідэй, з рэвалюцыйнай практыкай пралетарыята. І як вынік такой дзейнасці – узмацненне праследаванняў з боку ўлады. 10 чэрвеня 1905 года газета была закрыта, а яе рэдактар і выдавец Міхаіл Мысаўской арыштаваны і высланы з Мінска на тры гады. Дарэчы, у той час некаторыя супрацоўнікі, у тым ліку і рэдактар “Северо-Западного края”, ужо з’яўляліся членамі расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП).

Выданне газеты аднавілася толькі праз 4 месяцы – 28 кастрычніка 1905 года. У перадавым артыкуле “Сябрам-чытачам” рэдакцыя растлумачыла сваім прыхільнікам прычыны нявыхаду газеты, запэўніўшы, што і надалей яна будзе гаварыць з імі “сумленна і справядліва”. Сваю вернасць ранейшай праграме падтрымкі радавых працоўных мас “Северо-Западный край” пацвердзіў і наступнымі вершаванымі радкамі:

С оружьем огненного слова

Опять мы в бой идти готовы,

Сменить того, кто пал…

Такім чынам, напярэдадні першай рускай рэвалюцыі пад уплывам росту рэвалюцыйнага руху “Северо-Западный край” практычна поўнасцю адышоў ад лібералізму і далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху. Арыенціруючыся на цэнтральныя бальшавіцкія выданні (“Вперед”, “Пролетарий”, “Новая жизнь”), газета канчаткова вызначае крытэрыі ацэнкі падзей, свае тэарэтычныя і тактычныя прынцыпы. На яе старонках рэгулярна змяшчаюцца матэрыялы аб рэвалюцыйнай барацьбе пралетарыята Беларусі. У спецыяльным аддзеле-рубрыцы “Сярод рабочых” газета паведамляе аб выступленнях пралетарыята Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Гродна і іншых гарадоў. Пры гэтым яна кожны раз адзначае, што барацьба вядзецца пад кіраўніцтвам мясцовых арганізацый РСДРП, а сацыял-дэмакратычныя ідэі ў асяроддзі рабочых паўсюдна знаходзяць разуменне і падтрымку...

Як і яе папярэдніца – “Минский листок”, газета “Северо-Западный край” адстойвала прынцыпы рэвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, з прагрэсіўных пазіцый ацэньвала творчасць вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў, заклікала да развіцця нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Сімвалічна і зусім заканамерна, што і Янка Купала свой першы верш “Мужык” надрукаваў 15 мая 1905 года менавіта на старонках “Северо-Западного края”. Газета вяла таксама рашучую барацьбу за выданне друкаваных органаў і ажыццяўленне тэатральных пастановак на роднай беларускай мове, праяўляла сур’ёзную заклапочанасць і ўвагу да гісторыі культуры, быту і фальклору нашага народа.

8 снежня 1905 года на 801-м нумары выданне газеты спынілася. Усе супрацоўнікі, за выключэннем рэдактара, былі арыштаваны. І толькі 12 сакавіка 1909 года Міхаіл Мысаўской добраахвотна з’явіўся ў паліцэйскае ўпраўленне, дзе яму і ўручылі копію абвінаваўчага акта. 4 мая адбыўся суд, які прыняў рашэнне аб прысуджэнні былому рэдактару штрафу ў памеры 100 рублёў, “а выдаваемую ў Мінску газету “Северо-Западный край” закрыць назаўсёды”…