
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Рэлігійны друк на Беларусі
Значнай і уплывовай з’явай грамадска-палітычнага жыцця Беларускага краю другой паловы ХІХ стагоддзя быў рэлігійны друк. Ён уяўляў сабой пэўную дзяржаўную сістэму сродкаў інфармацыі, паколькі быў прадстаўлены на выбар і попыт тагачаснага чытача газетамі, часопісамі, бюлетэнямі, штомесячнікамі і штогоднікамі – па-сутнасці, усімі відамі друкаванай прадукцыі нават у параўнанні з нашым, цяперашнім часам.
Змест рэлігійных сродкаў інфармацыі другой паловы ХІХ стагоддзя, як аб’ект даследавання, на працягу амаль што ўсяго наступнага, ХХ стагоддзя, для даследчыкаў і навукоўцаў, як вядома, выключна па ідэалагічных “меркаваннях” каштоўнасці і цікаўнасці нібыта зусім не ўяўляў. На думку тагачасных вучоных з камуністычнай зададзенасцю, у перыядычных выданнях рэлігійных устаноў і ведамстваў таго часу “карыснага і цікавага” нічога і не было…Аднак гэта далёка не так. Рэлігійны друк на тагачаснай Беларусі ўяўляў сабой значнасць ужо хоць бы тым, што з’яўляўся носьбітам у шырокія масы ідэй хрысціянскай веры, быў адным з галоўных сродкаў сувязі духавенства з беларускім народам. Зазначым яшчэ раз: тады гэта была вострая і такая неабходная патрэба часу.
Арыгінальнасцю і нейкай там адметнасцю перш за ўсё ў назвах выданняў рэлігійныя сродкі інфармацыі не вызначаліся. Яны называліся зазвычай проста – “…Епархиальные ведомости”.
Першай, як зафіксавала гісторыя, газетай, што пакінула пасля сябе і свой пэўны летапіс, а найбольш, мабыць, след у рэлігійным жыцці беларускай старонкі, былі “Литовские епархиальные ведомости”. Выданне было створана з дазволу Свяшчэннага Сінода і выходзіла з 1863 па 1916 гады ў старадаўняй беларускай сталіцы – горадзе Вільня. Назваць “Литовские епархиальные ведомости” газетай сёння не так і проста: гэта была даволі ўнушальнага аб’ёму кніга, што два разы ў месяц, дарэчы, на рускай мове, выходзіла ў свет. Трыццаць старонак вось такога выдання і неслі беларусу перш за ўсё паведамленні аб рэлігійным жыцці-быцці ў краі, хаця нямала было на старонках “…Ведомостей” і інфармацыі і звестак аб жыцці царскага двара, а таксама ўрадавых загадаў і распараджэнняў, пастаноў і рашэнняў вышэйшых царкоўных улад…
Гэта спецыфічнасць, плюс інфармацыя, разлічаная выключна на абмежаваныя колы чытачоў, наўрад ці магла спрыяць шырокай вядомасці выдання, яе нейкаму аўтарытэту сярод народных мас. Калі і прыцягвалі чытацкую пільнасць і ўвагу хоць нейкія публікацыі са старонак “Литовских епархиальных ведомостей”, дык гэта тыя, у якіх апавядалася пра развіццё адукацыі ў Віленскім краі. Няхай сабе і не надта глыбокі аналіз сістэмы арганізацыі і дзейнасці царкоўных школ у цэлым, прынцыпы падрыхтоўкі настаўнікаў і метады арганізацыі самога вучэбна-выхаваўчага працэсу, безумоўна ж, цікавілі таго, хто меў намер і магчымасць уключацца ў адукацыйны і выхаваўчы працэсы падрастаючага пакалення.
У другой палове ХІХ-га – пачатку ХХ-га стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі, акрамя “Литовских епархиальных ведомостей”, выходзілі “Минские епархиальные ведомости” (з 1868 года), “Полоцкие епархиальные ведомости” (з 1874 г. выдаваліся ў Віцебску), “Могилёвские епархиальные ведомости” (з 1883 г.) і “Гродненские епархиальные ведомости” (з 1901 г.). Апошняе з пералічаных выданняў праіснавала менш за іншыя: яно спыніла свой выхад у 1915 годзе. “…Ведомости” у Полацку і Магілёве выходзілі да восені 1917-га, калі іх выданне, паводле афіцыйнага распараджэння бальшавіцкіх улад, было спынена канчаткова. А вось лёс “Минских епархиальных ведомостей” склаўся некалькі па-іншаму. Яны, таксама як і выданні ў Полацку і Магілёве, былі забаронены бальшавікамі, аднак пазней – у студзені-верасні 1918-га і верасні 1919-га – ліпені 1920-га гадоў – зноў з’яўляліся на свет. У той час значная частка тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны была акупіравана спачатку нямецкімі, а потым – польскімі захопнікамі, і, такім чынам, мінскія рэлігійна-царкоўныя дзеячы скарысталі гэта для аднаўлення выхаду сваіх “…Ведомостей”.
Змест пералічаных вышэй выданняў зрэдку вызначаўся разнастайнасцю, а вось глыбінёй аналізу тых ці іншых з’яў і жыццёвых сітуацый асабліва не адрозніваўся. “…Ведомости” пастаянна, з нумара ў нумар, змяшчалі на сваіх старонках звесткі і даныя аб бягучай дзейнасці царкоўна-прыходскіх школ, палажэнні і інструкцыі адносна наладжвання жыццядзейнасці і інфармацыйнага характару паведамленні з духоўных вучылішчаў (асабліва шмат такіх паведамленняў было ў выданнях Вільні і Магілёва), гадавыя справаздачы аб стане адукацыі ў тагачасных рэгіёнах і г.д. Праўда, з цягам часу на іх старонках пачалі з’яўляцца ўрыўкі са свяшчэннага пісання, каментарыі да малітваў і сімвалаў веры, невялікія артыкулы маральна-этычнага характару, апісанні мясцовых звычаяў і абрадаў. Радаснай з’явай для чытачоў Міншчыны сталі апублікаваныя на старонках “,,,Ведомостей” першыя нарысы і замалёўкі па гісторыі рэлігіі, апісанні некаторых старадаўніх храмаў. Выданне ў Гродне змяшчала нават вершы і навукова-тэарэтычныя артыкулы, а “Полоцкие епархиальные ведомости” вялі спецыяльны раздзел “Даўніна”. Змешчаны пад гэтай рубрыкай артыкул “Крыж прэпадобнай Ефрасінні і княжны Полацкай” (нумар за 1 мая 1885 года) стаў ці не першай падрабязнай публікацыяй аб гэтай самай каштоўнай рэліквіі нашага народа. Дарэчы, у выданні быў змешчаны і каляровы малюнак крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананага ў далёкія часы слынным майстрам Лазарам Богшам.
Нягледзячы на жорсткую цэнзуру як з боку рэлігійных устаноў, так і з боку афіцыйнай улады (і асабліва падчас набліжэння рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў), на старонкі “…Ведомостей”, што выдаваліся на нашай Бацькаўшчыне, тады траплялі іншы раз і матэрыялы палітычнага і сацыяльна-эканамічнага характару. І гэта было натуральным: афіцыйная царква не магла заставацца па-за шматгранным жыццём і дзейнасцю тагачаснага грамадства, яе цікавіла і непакоіла абстаноўка, што вызначала той час увогуле.