
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
Да другой паловы ХІХ стагоддзя і ў царскай Расіі ў цэлым, і на яе ўскраінах – у прыватнасці працэс развіцця самасвядомасці народа дасягнуў пэўнай ступені станаўлення і выражэння. Найбольш значныя, так званыя карэнныя сацыяльныя, палітычныя і духоўныя запатрабаванні чалавека працы на парадак дня паўставалі з усё больш канкрэтнай і дакладнай акрэсленасцю і выразнасцю. У развіцці грамадскай думкі ў Беларусі, у прыватнасці, дакладна вызначыліся два этапы фарміравання рэвалюцыйна-дэмакратычнай арыентацыі. Першы этап даследчыкі звязваюць са шматграннай актыўнай і мэтанакіраванай дзейнасцю Кастуся Каліноўскага, другі – з творчасцю Францішка Багушэвіча.
У аснове грамадска-палітычнай праграмы дзейнасці выдатнага беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, палітыка і публіцыста Кастуся Каліноўскага знаходзілася сцвярджэнне ідэі магутнасці працоўнага народа, выражэнне сілы і самастойнасці чалавека працы, перш за ўсё – працаўніка-селяніна. Пафас барацьбы і дзейнасці Каліноўскага заключаўся ў адстойванні правоў працоўнага беларускага народа як самастойнага суб’екта грамадскага жыцця, паслядоўная і бескампрамісная барацьба за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне з-пад прыгнёту царызму. Жорсткая крытыка грамадска-палітычных парадкаў таго часу, заклікі да адзінства ўсіх людзей працы ў барацьбе супраць цара і памешчкаў з’явіліся тым сапраўдным фундаментам рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі, у якой усведамленне агульнасці карэнных інтарэсаў чалавека працы павінна было цесна і непарыўна звязвацца з практычнай дзейнасцю, з выразным і адназначным усведамленнем неабходнасці ўзброенай барацьбы як адзіна магчымага сродку дасягнення свабоды і незалежнасці. Толькі поўнае знішчэнне існуючых формаў эканамічнай і сацыяльнай залежнасці ад усялякага роду эксплуататараў бачылася беларускім рэвалюцыянерам-дэмакратам галоўнай задачай і асноўнай мэтай, канчатковым вынікам іх самаадданай барацьбы за карэнныя інтарэсы і правы народа. Менавіта імкненне і неўтаймоўнае жаданне спрыяць працэсу ўсё ўзрастаючай актыўнасці і самастойнасці беларускага народа і былі пакладзены ў аснову перш за ўсё грамадска-палітычнай і публіцыстычнай дзейнасці Кастуся Каліноўскага як заснавальніка, рэдактара і выдаўца першай у гісторыі нашай Бацькаўшчыны рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты “Мужыцкая праўда”, аўтара бессмяротных “Пісьмаў з-пад шыбеніцы” і “Загада… народу зямлі літоўскай і беларускай”.
“Мужыцкая праўда” ў многім была правобразам сённяшніх перыядычных газет, і перш за ўсё – па фармату і знешняму выгляду. Праўда, друкавалася яна суцэльным тэкстам, загалоўкі ці падзагалоўкі – адсутнічалі. Кожны нумар (а іх выйшла сем) пачынаўся адным і тым жа словам – “Дзецюкі!”, а заканчваўся подпісам: “Яська – гаспадар з-пад Вільні”. Тэкст быў на беларускай мове, аднак набіраўся ён лацінскім шрыфтом. У падрыхтоўцы і распаўсюджванні “Мужыцкай праўды” Кастусю Каліноўскаму дапамагалі многія аднадумцы, але найбольш актыўна і плённа яму спрыялі Валерый Урублеўскі – выдатны дзеяч беларускага, польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, і Фелікс Ражанскі – таксама іх паплечнік па барацьбе, таленавіты паэт, аўтар многіх папулярных сярод паўстанцаў песень на роднай беларускай мове.
Месца выдання “Мужыцкай праўды” дакладна так і не ўстаноўлена. Шэраг даследчыкаў сцвярджаюць, што гэта была Вільня, іншыя перакананы, што друкавалася газета ў Гродне ці Беластоку. Не ўстаноўлены і даты выхаду кожнага з нумароў: гісторыкі мяркуюць, што выходзіла яна на працягу ліпеня 1862-га – чэрвеня 1863-га гадоў.
Першы нумар “Мужыцкай праўды”, як і належыць перыядычнаму друкаванаму органу, меў па-сутнасці праграмны характар. Працоўны беларускі народ, і перш за ўсё найбольш тыповы яго прадстаўнік – селянін, заклікаецца да актыўнай грамадска-гістарычнай дзейнасці як сіла, да таго часу скаваная ўсёй наяўнай сістэмай грамадскіх і сацыяльных адносінаў. “Мінавалі ўжо часы, калі ўсім здавалася, што мужыцкая рука здатна толькі для сахі, – такі па-сялянску шчыры і размашысты зачын першага нумара выдання. – …О, загрыміць наша праўда і, як маланка, паляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ вучыць сваёй мужыцкай праўдзе”… Неўтаймоўнае памкненне адзін раз і назаўсёды развітацца з цяжкай спадчынай мінулага, пакончыць з бяспраўным і падняволеным становішчам чалавека-працаўніка, жаданне ўказаць шляхі-дарогі, што вядуць да свабоды, і стала тым лейтматывам, які вызначаў рэвалюцыйна-прапагандысцкую і публіцыстычную скіраванасць, гуманістычны і маральны пафас першай беларускай рэвалюцыйнай газеты.
Безумоўна: “Яська – гаспадар з-пад Вільні” – гэта ён, Кастусь Каліноўскі. Скончыўшы ў 1860 годзе Пецярбургскі універсітэт і атрымаўшы там ступень кандыдата права, ён выдатна ведаў рэвалюцыйную па скіраванасці і выдатную па зместу публіцыстыку расійскіх аднадумцаў і сучаснікаў – В.Бялінскага, М. Дабралюбава, А. Герцэна, М. Чарнышэўскага, М. Агарова і іншых, і ўмеў выключна тонка, дастасавальна да нашай, беларускай рэчаіснасці таго часу, выкарыстаць у сваёй асабістай публіцыстычнай дзейнасці ўсё лепшае, пачэрпнутае з іх творчасці. Выдатна ведаючы чытацкую аўдыторыю газеты, ён і накіроўвае ўвесь свой публіцыстычны талент на тое, каб кожны радок, кожнае слова са старонак выдання “даходзіла” да свядомасці людзей. І назва газеты – “Мужыцкая праўда”, і сам змест слова “мужыцкае” скіраваны перш за ўсё на адно, самае важнае і значнае – данясенне да чалавека-працаўніка жыццёвай праўды, справядлівасці, рэальных ацэнак і высноў… Пафас непрыняцця і выкрыцця самадзяржаўна-прыгонніцкай рэчаіснасці падмацоўваецца непасрэднымі зваротамі аўтара да канкрэтнага чалавека – працаўніка і чытача, які ўвачавідкі бачыць адзіную ў свеце праўду – сваю, мужыцкую, адзіны сацыяльны ідэал, дасягнуць якога можна толькі ў барацьбе супраць няпраўды і несправядлівасці пануючых класаў, супраць існуючых грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных адносінаў. “Мы, мужыкі, браты вашы, мы будзем казаць усю праўду, толькі слухайце нас!”—заклікаў Каліноўскі ў адным з нумароў газеты.
Адным з галоўных накірункаў публіцыстычна-асветніцкай дзейнасці Каліноўскага з’яўлялася выкрыццё антынароднай царскай рэформы 1861 года. Ён называе яе здзеклівай, пустой, суцэльным падманам сялян: “…Гэты маніфест, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны, – ніякой у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці”. “Мужыцкая праўда” ўказвала шлях да заваявання нацыянальнай і сацыяльнай свабоды – арганізаваную ўзброеную барацьбу. Пакуль ёсць час, заклікала газета, трэба спяшацца з віламі і косамі туды, дзе здабываецца свабода і праўда, “бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду”...
І са старонак “Мужыцкай праўды”, а потым – і ў “Пісьмах з-пад шыбеніцы” Каліноўскі выкрывае легенду аб “цару-вызваліцелю”, якая шырока прапагандавалася рэакцыйным друкам. Ён усяляк пераконваў, што сялянская рэформа – не міласць цара, а вынік сялянскага руху ў Расіі. Царскі ўрад у імя захавання ўлады і “супакаення” абураных сялян вырашыў пайсці ўсё ж на ўступкі. Але на справе народ быў ашуканы. Яму навязалі буйныя дзяржаўныя падаткі, якія ўшчэнт разбуралі сялянскую гаспадарку, была захавана і паншчына.
Газета папярэджвала працоўных, што на яе шляху да чытача “ворагамі народа” будуць стварацца розныя перашкоды, каб не дапусціць тую праўду, пра якую выданне мае намер гаварыць: “…Чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас; але знойдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, якія жадаюць вашай свабоды, вашага шчасця – яны вам гэтае пісьмо даваць будуць, каб вы ведалі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг…”
Мужыцкая праўда ў прамым і пераносным сэнсах слоў – гэта перш за ўсё спрадвечная крыўда, гэта выяўленне і выказванне няпраўды, якую вымушаны быў цярпець чалавек працы, гэта – раскрыццё суровых абставін адсутнасці свабоды, у якіх знаходзіліся простыя людзі. Будучы выдатна адукаваным чалавекам, таленавітым публіцыстам і трыбунам, Кастусь Каліноўскі тонка ўлічваў канкрэтную сацыяльна-эканамічную і палітычную абстаноўку, што склалася на Бацькаўшчыне пасля абнародавання маніфеста аб адмене прыгоннага права. Ён не прынёс, ды і не мог прынесці сялянам сапраўднага вызвалення. Крытыка ў “Мужыцкай праўдзе” царскага маніфеста – гэта выкрыццё яго антынароднай сутнасці, імкненне паказаць варожасць усіх дзеянняў урада ў адносінах да сялян. Каліноўскі таленавіта і выразна паказвае карэннае несупадзенне паміж дзеяннямі царскіх чыноўнікаў і рэальнымі патрэбамі людзей працы, якім, як ён пісаў, “не маніфесты, а свабода патрэбна”… Аб якой свабодзе, якой справядлівасці магла ісці гаворка, калі “усё, што цяжка, узвальваюць на мужыка, калі з яго дзяруць апошнюю скуру, б’юць і плакаць не даюць”…Усюды – няпраўда, няпраўдзе вучаць у школах: “Хіба ў нас ёсць справядлівая навука ў школах, якая вучыць жыць без крыўды для іншага?” – задаваў публіцыст рытарычнае пытанне. Няпраўда – у судзе, гэтай “воўчай яме, …дзе не разбіраюць, правы ты ці вінаваты, а дзяруць толькі як могуць”… На няпраўдзе, цвёрда ўпэўнены Каліноўскі, трымаецца і сам урад, які “як той злосны пан”, дазваляе “кожнаму народ прыцясняць, каб як мага больш грошай у кішэню яго трапіла…”
З’яўляючыся глыбока гуманістычнай, народнай па характару газетай, “Мужыцкая праўда” выказвала рэальнае жыццёвае становішча народа ва ўмовах царскай эксплуатацыі і адназначна ацэньвала такое становішча як паўсюдную несвабоду і няпраўду. Сацыяльна-канкрэтны характар сфармуляваных Кастусём Каліноўскім паняццяў свабоды і праўды для народа, справядлівасці стаў, паводле выказванняў сучасных даследчыкаў, першай формай выражэння ў рэвалюцыйна-дэмакратычнай думцы Беларусі ідэальнага пачатку. “З’яўляючыся неабходнасцю і патрэбнасцю рэальнага, канкрэтнага парадку, паняцці гэтыя набылі ідэальны сэнс і змест, таму што яны былі патрабаваннем самога жыцця, выражэннем прагрэсіўных тэндэнцый яго развіцця”, – пісаў доктар філасофскіх навук, прафесар Альфрэд Майхровіч.
Барацьба беларускага сялянства за зямлю і свабоду, распачатая Каліноўскім на старонках “Мужыцкай праўды”, стане потым сапраўдным сцягам усяго сялянскага руху на нашай Бацькаўшчыне. Барацьба за ажыццяўленне лозунгу “За зямлю і волю!” стане зместам цэлага перыяду гістарычнага развіцця народаў царскай Расіі, у тым ліку – і Беларусі. Пры гэтым пытанне аб валоданні зямлёй з’яўляецца першай і неабходнай умовай дасягнення свабоды: гэтыя два паняцці выступаюць на старонках “Мужыцкай праўды” як паняцці проста непадзельныя. Зямля, як і імкненне да вызвалення ад усіх формаў эксплуатацыі, стала самай ёмістай формай выражэння інтарэсаў селяніна-працаўніка. І Каліноўскі меў намер гэта скарыстаць як мага паўней…
Даўшы ў першых двух нумарах газеты вызначэнне свабоды пераважна як паняцця сацыяльна-эканамічнага, Каліноўскі ў наступных выпусках “Мужыцкай праўды” пашырае гэта паняцце, імкнецца зрабіць яго асновай праграмы агульнадэмакратычных пераўтварэнняў. Выказваючы інтарэсы ўсяго працоўнага народа, ён падае сэнс барацьбы за свабоду як канкрэтную агульнаграмадскую мэту, за дасягненне якой неабходна змагацца супраць антынародных сацыяльных парадкаў у дзяржаве ў цэлым. У інтэрпрэтацыі публіцыста свабода становіцца катэгорыяй маральнай. З аднаго боку, вылучаюцца сацыяльна-канкрэтныя, грамадскія, эканамічныя і палітычныя патрабаванні, з другога – ажыццяўленне іх павінна стаць асновай трыумфу справядлівых адносін паміж людзьмі ўвогуле. У палітычных жа адносінах свабода для чалавека працы – гэта перш за ўсё існаванне такога ўрада, які павінен “клапаціцца аб шчасці людзей, слухацца народа і рабіць так, як народу лепш”, – адзначала “Мужыцкая праўда” ў адным са сваіх нумароў. Менавіта са старонак гэтага выдання прагучаў упершыню папулярны і шырока вядомы сёння лозунг-дэвіз: “Не народ існуе для ўрада, а ўрад для народа”…
Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага ў “Мужыцкай праўдзе” стала сапраўднай з’явай усяго грамадска-палітычнага жыцця беларускага грамадства другой паловы ХІХ стагоддзя. Упершыню яна мела такое высокае грамадзянскае гучанне; упершыню сацыяльна-эканамічнае становішча чалавека працы атрымала такую пільную і зацікаўленую ўвагу; упершыню рабіліся сацыяльныя абагульненні і ўказваліся шляхі барацьбы за свабоду і кардынальнае паляпшэнне жыцця… І вельмі правільна адзначаюць сучасныя даследчыкі той факт, што гэта звязана не толькі з тым, што газета была першай ластаўкай бесцэнзурнага друку на Беларусі, але ў большасці залежала ад літаратурна-мастацкага таленту яе аўтара, публіцыста К.Каліноўскага. А той высокі пафас барацьбы, да якой ён заклікаў шырокія працоўныя масы, вера ў вялікі патэнцыял і сілы чалавека-працаўніка, у яго будучую перамогу, ставяць самога Кастуся Сямёнавіча Каліноўскага ў рады адметных асоб беларускай гісторыі ў цэлым і нацыянальнай публіцыстыкі – у прыватнасці.
У сваім апошнім творы высокага публіцыстычнага гучання – “Пісьме з-пад шыбеніцы” – Кастусь Каліноўскі напісаў:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабоде
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна…
…Нават знаходзячыся на апошнім сваім жыццёвым рубяжы – пад шыбеніцай, сапраўдны патрыёт Бацькаўшчыны Кастусь Каліноўскі заставаўся ваяўнічым аптымістам, светлым і спагадлівым прарокам, прадказальнікам таго жыцця, якое, на яго думку, рана ці позна, аднак жа прыйдзе да Беларуса! На судзе па ягонай справе на прапанову царскіх суддзяў выдаць сваіх аднадумцаў і паплечнікаў і адмовіцца ад сваіх палітычных поглядаў палымяны беларускі патрыёт адказаў: “Калі грамадская шчырасць з’яўляецца дабрачыннасцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека… Усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху”.
У гэтых словах увесь ён – Кастусь Каліноўскі, у іх – сутнасць і прызначэнне і яго “Мужыцкай праўды”…