Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Узнікненне перыядычнага друку на беларусі

Навіны грозныя…”. Выхад газеты “Кур’ер Віленскі”

Працяглы час даследчыкі гісторыі беларускай нацыянальнай журналістыкі лічылі, што першая друкаваная газета на тэрыторыі Беларусі з’явілася толькі ў 1760 годзе і называлася яна “Кур’ер Віленскі”. Аднак дзякуючы намаганням некаторых сучасных даследчыкаў нашага друку, і перш за ўсё такіх, як Адам Мальдзіс, Арсень Ліс, даказана, што першае выданне на нашай зямлі з’явілася амаль на дзвесце (!) гадоў раней – у 1563 годзе пабачыла свет лістоўка (вядома ж, неперыядычная па часу выдання) пад назвай “Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем релацый Его Мілості Гетмана В.К.Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого. 1562”. Яна апавядала аб ваенным паходзе маскоўскага цара Івана Грознага на землі Вялікага княства Літоўскага. Дарэчы, звесткі аб “Навінах грозных…” выяўлены ў бібліятэчным каталогу Оксфардскага універсітэта (Вялікабрытанія), у якім змяшчаюцца яшчэ ажно сем беларускіх старадрукаў.

Ёсць меркаванне, што гэта лістоўка мела даволі шырокае на той час распаўсюджванне па тэрыторыі Беларусі, хаця аказаць хоць нейкае ўздзеянне як на тагачасную грамадска-палітычную сітуацыю, так і на працэс станаўлення перыядычнага друкаванага слова яна, несумненна, не магла.

Вышэй адзначалася, што ў той жа час (пачатак сямідзесятых гадоў ХУІ стагоддзя) ў Нясвіжы – адным з першых цэнтраў кнігадрукавання на беларускіх землях – была заснавана і працавала друкарня Сымона Буднага, у якой ён у 1562 годзе выдаў свой “Катэхізіс”, так што не выключана, што і “Навіны грозныя…” былі надрукаваны менавіта ў ёй.

Публіцыстычнай накіраванасцю, а часам – і асноўным публіцыстычным зместам вызначаліся і такія выданні, як “Псалтырь” Пятра Мсціслаўца, пасляслоўі да буквара Івана Фёдарава, кніга “Пра адзінства касцёла божага” езуіта Пятра Скаргі, твор Васіля Суражскага “О единой истинной православной вере и о святой соборной апостольской церкви”, рукапісныя выданні “Послание до латин из их же книг”, “Поучения, новосложенное во Литвании”, “На богомерзскую, но поганую латину …сказание” і іншыя, што з’яўляліся на беларускіх землях у другой палове ХУІ стагоддзя. Яны не толькі былі шырока вядомы сярод жыхарства Беларусі, але і аказалі пэўнае ўздзеянне на станаўленне нацыянальнай свядомасці нашага народа.

Доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс у 1960-я – 1970-я гады выказваў думку, што мясцовыя выданні выходзілі на Беларусі і падчас Паўночнай вайны – на самым пачатку ХУІІІ стагоддзя. У прыватнасці, у 1707 годзе мінскі грамадскі дзеяч С. Шчука і яго аднадумцы прапанавалі друкаваць правінцыяльныя інфармацыйныя выданні і бясплатна распаўсюджваць іх праз паштовыя станцыі. На жаль, пакуль што тыя выданні ў архівах не выяўлены…

З 1760 года бярэ пачатак сваёй гісторыі выдадзеная на тэрыторыі Беларусі першая перыядычная газета “Кур’ер Віленскі”. Сапраўдная гісторыя сапраўднай газеты! Яна праіснавала звыш паўтара стагоддзя (дакладней – 156 гадоў!) і стала З’явай з вялікай літары ў развіцці беларускай, польскай і літоўскай культур – з’явай аднолькава роўнай і ўплывовай для кожнай з іх.

Назва гэтай газеты не адзін раз мянялася. Мяняліся, натуральна ж, і выдаўцы, рэдактары і супрацоўнікі выдання… Так, з 1794 года яно называлася “Газета літаратурная Віленская”, з 1841-га – “Виленский вестник”… Друкавалася газета даволі працяглы час у Вільні, а з кастрычніка 1915-га да канца 1916 гадоў выходзіла ў Гомелі…

На пачатку сваёй дзейнасці газета з’яўлялася чыста грамадска-палітычным выданнем сталіцы Вялікага княства Літоўскага, а потым – цэнтра Паўночна-Заходняга краю, мела выключна афіцыйны характар. Яна змяшчала на сваіх старонках цыркуляры і распараджэнні ўлад, “высачайшыя” ўказы цара і генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю (так у той час афіцыйна называлася наша старонка), зрэдку вельмі сцісла і коратка інфармавала чытачоў аб міжнародных падзеях, эканамічным і культурным жыцці замежных дзяржаў. Шырока былі прадстаўлены паведамленні аб прыёмах губернатарам замежных прадстаўнікоў і цэлых дэлегацый, грамадзянскія акты, курсы залатой і сярэбранай валют, кошты на жывёлу і розныя прылады хатняга ўжытку… Да 1841 года газета выходзіла на польскай, а потым – на рускай мовах.

Аднак напрыканцы 50-х гадоў ХІХ стагоддзя характар і змест публікацый “Виленского вестника” пачаў даволі хутка мяняцца. У паветры, як кажуць у такіх выпадках, запахла рэвалюцыйнымі падзеямі, і калі ў 1859 годзе права на рэдагаванне і выданне газеты атрымаў вядомы грамадскі дзеяч і даследчык беларускай гісторыі, фальклору і краязнаўства Адам Кіркор, ён пачаў далучаць да супрацоўніцтва з выданнем такіх вядомых на той час дзеячаў, вучоных, фалькларыстаў, пісьменнікаў і публіцыстаў, як Сыракомля, Насовіч, Тышкевіч, Семянтоўскі, Дзмітрыеў, Хацько, Адынец… Ідэйна-тэматычны змест “Виленского вестника” стаў больш разнастайным, тэматыка яго пашырылася і паглыбілася. Пачалі публікавацца нарысы і падарожныя нататкі па гісторыі ўзнікнення і развіцця беларускіх гарадоў, аб дзеячах культуры, аповяды аб сумеснай барацьбе славянскіх народаў супраць мангола-татарскага іга і іншых заваёўнікаў беларускіх зямель. Дарэчы, паводле сведчанняў такога вядомага даследчыка гісторыі беларускай журналістыкі, як Міхась Цікоцкі, у 1860 годзе пад кіраўніцтвам рэдактара Адама Кіркора працавалі 6 намеснікаў і 70 супрацоўнікаў газеты, а праз два гады – ужо 10 намеснікаў і 100 супрацоўнікаў! Сам Адам Кіркор заклікаў беларускую грамадскасць да сур’ёзнага стаўлення да вывучэння гісторыі беларускага краю, яго культуры і этнаграфіі. Дарэчы, ён прымаў асабісты ўдзел у паўстанні 1863 года, якое неўзабаве разгарнулася на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Кіркор пераехаў потым у Кракаў, выдаў там некалькі прац па літаратуразнаўству, у прыватнасці – “Нарысы сучаснай рускай літаратуры”, у якіх высока ацаніў грамадска-палітычную і літаратурна-публіцыстычную дзейнасць Бялінскага, Дабралюбава і Чарнышэўскага. Пяру Адама Кіркора належаць таксама некалькі грунтоўных прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Вільні, па гісторыі, культуры і этнаграфіі беларускага Палесся і Магілёўскай губерні, адкуль, між іншым, ён быў родам. Гэта, перш за ўсё, такія яго працы, як нарысы “Беларускае Палессе” і “Літоўскае Палессе”, у якіх Кіркор досыць важка і грунтоўна апісаў сацыяльна-эканамічнае становішча гэтых рэгіёнаў, умовы жыцця і быту беларусаў. Праўда, дапускаў ён і прыкрыя памылкі і прамашкі. У прыватнасці, у асобных сваіх нарысах даследчык усяляк падкрэсліваў нейкую “гістарычнасць польскай культуры на беларускіх землях”, гэтым самым нібыта апраўдваючы эканамічнае і палітычнае “права” польскай шляхты на ўладу над нашым краем… Вядома, сапраўдным рэаліям гісторыі гэта ніколькі не адпавядала! Тым не менш, шчырай і самаадданай, а часам – і самаахвярнай працай у “Виленском вестнике” Адам Кіркор заслужыў значнае месца ў гісторыі станаўлення і развіцця беларускай журналістыкі. Змяшчаючы на старонках выдання творы па гісторыі, этнаграфіі і культуры, мастацкія творы, матэрыялы аб жыцці сялянства нашага краю, ён шмат паспрыяў папулярызацыі газеты, пашырэнню геаграфіі яе распаўсюджвання, ажыўленню ў цэлым грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі.

Шэраг актуальных, публіцыстычна скіраваных і завостраных артыкулаў апублікаваў на старонках “Виленского вестника” і такі вядомы творца і грамадскі дзеяч Беларусі, як Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае яго імя і прозвішча Людвік Кандратовіч). Шырока былі вядомыя чытачу яго творы “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”, “Справа вандалізму”, “Нёман ад вытокаў да вусця”, “Вандроўныя гандляры ў Літве”, “Мінск”, “Творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” і іншыя, у якіх ён ставіў пытанні палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага прыгнёту беларускага народа, абараняў родную беларускую мову, даваў ацэнкі творчасці сваіх братоў па пяру.

З іншых публікацый “Виленского вестника” можна адзначыць нарысы вядомага фалькларыста і этнографа М. Дзмітрыева “Некалькі звестак аб хатнім быце сялян Паўночна-Заходніх губерань”, якія друкаваліся ў многіх нумарах газеты і карысталіся ўвагай сярод чытачоў; артыкулы фалькларыста М. Рубяроўскага “Беларускія народныя песні” і “Шлюбныя абрады сялян Мінскага ўезда”.

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, калі генерал-губернатарам Паўночна-Заходняга краю быў прызначаны Мураўёў, трапна названы ў народзе “вешальнікам”, папулярнасць “Виленского вестника” пайшла на спад. Улады ўстанавілі над ім жорсткі кантроль, па загаду генерал-губернатара яго павінны былі абавязкова выпісваць усе чыноўнікі, што, натуральна ж, не столькі дапамагло, колькі нашкодзіла справе. Звузілася геаграфія выдання, строга кантралявалася тэматычная скіраванасць яго… Даследчык жыцця і дзейнасці Мураўёва-“вешальніка” Мілавідаў трапна адзначыў, што “Виленский вестник” пераўтварыўся ў інфарматара “личной жизни графа Муравьёва”… Неўзабаве новым генерал-губернатарам Паўночна-Заходняга краю стаў Каўфман, які літаральна адразу ж зняў Адама Кіркора з пасады рэдактара, загадаў разагнаць практычна ўсю рэдакцыю, а новым кіраўніком выдання прызначыў мала каму вядомага археолага Забеліна. З выдання быў зняты падзагаловак “Газета афіцыйная”. Ужо ў 1868 годзе ў “Виленского вестника” засталося ўсяго толькі 1118 падпісчыкаў.

Выданне набыло рэакцыйна-манархічны накірунак. У многіх ягоных публікацыях “новыя” аўтары выступалі супраць нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, усяляк ахайвалі беларускую мову і літаратуру. Аграрныя праблемы, пытанні адмены прыгоннага права, іншыя важныя накірункі жыццядзейнасці грамадства асвятляліся аднабакова, ва ўгоду інтарэсам царскага рэжыму. Газета ўсяляк выступала супраць адкрыцця чатырохкласных і двухкласных народных школ, прапагандавала адкрыццё царкоўнапрыходскіх, у якіх нібыта закладвалася трывалая аснова выхавання сялянскіх дзяцей у духу паслухмянства перад духавенствам і памешчыкамі, прывівалася цярпімасць да існуючых у дзяржаве парадкаў, непахісная і сляпая вера ў цара, варожасць да рэвалюцыйных ідэй і перакананняў. Абарона існуючых парадкаў у грамадстве, манархіі, безумоўнае выкананне дзяржаўных законаў, з нумара ў нумар падкрэслівала газета, – першааснова міру і спакою ў краі, дружбы паміж “благоразумным людом”…

Слушна заўважаюць многія даследчыкі друку: да ранейшых вышынь гэта выданне так потым і не ўзнялося…

Губернские ведомости” на Беларусі

У кастрычніку 1830 года царскі ўрад прыняў спецыяльны цыркуляр – “Палажэнне аб стварэнні губернскіх ведамасцей”, у адпаведнасці з якім у губернскіх цэнтрах нашай Бацькаўшчыны з 1838 года пачалі выдавацца “…Губернские ведомости”. Галоўнае прызначэнне гэтых афіцыйных выданняў, як слушна адзначаў доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Цікоцкі, было “прадстаўленне ўсім і кожнаму зручнейшага сродку атрымліваць у патрэбны час звесткі аб пастановах і распараджэннях губернскага начальства”. Праіснавалі яны – “Минские губернские ведомости”, “Могилевские губернские ведомости”, “Гродненские губернские ведомости”, “Витебские губернские ведомости” і “Виленские губернские ведомости” прыкладна аднолькавы прамежак часу – да 1917 года…

Згодна са сваім статусам і прызначэннем, “…Губернские ведомости” у абавязковым парадку павінны былі друкаваць царскія ўказы і распараджэнні, іншыя афіцыйныя паведамленні і звесткі. Побач з назвай выдання змяшчаўся герб губерні, у якой яно выдавалася. Падпісная цана на яго была надзвычай высокай – 6 рублёў 50 капеек за год. Газеты выдаваліся на рускай мове, спачатку яны выходзілі адзін раз у тыдзень, потым – два і нават чатыры разы, а пачынаючы з 1900 года, калі ўзрасла колькасць прафесійных журналістаў, асобныя з іх выдаваліся нават штодзённа.

На першым этапе свайго існавання – да падзей паўстання 1863—1864 гадоў – “…Губернские ведомости”, як і “Виленский вестник”, у значнай ступені вызначаліся шматбаковасцю тэматыкі, ажыўленай формай падачы асобных артыкулаў… У некаторых з іх – напрыклад, у “Могилевских губернских ведомостях” – толькі на працягу 1848 года ў многіх нумарах (з працягам) былі змешчаны “Гістарычныя агляды Магілёўскай губерні (першы перыяд да пакарэння Заходняй Расіі літоўцамі)”, артыкулы “Паход Сігізмунда ІІІ ад Оршы пад Смаленск у 1602 годзе”, “Роля князёў Мсціслаўскіх”, “Агляд некаторых маёнткаў Магілёўскай губерні”, якія мелі шырокі чытацкі рэзананс. Дарэчы, гэтыя і многія іншыя публікацыі не толькі “Могилевских губернских ведомостей”, а і іншых такіх жа выданняў, вызначаліся лепшымі публіцыстычнымі якасцямі: развагамі аўтараў і эмацыянальнымі момантамі, логікай мыслення і шырокай вобразнасцю…

Аднак падаўленне рэвалюцыйных хваляванняў рэзка памяняла тэматычную накіраванасць і гэтых выданняў. За імі быў устаноўлены яшчэ больш жорсткі і строгі, па-сутнасці, штодзённы цэнзарска-паліцэйскі нагляд і кантроль. З газетных палос пастаянна здымаліся матэрыялы аб надзённых праблемах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця, сацыяльным і нацыянальным становішчы карэннага беларускага жыхарства. Таму зусім заканамерна грамадскі інтарэс да іх пачаў рэзка змяншацца…

Яшчэ раней – у сярэдзіне мая 1861 года – ў Расійскай імперыі былі ўведзены часовыя правілы па цэнзуры. Яны афіцыйна забаранялі “…Губернским ведомостям” узнімаць праблемы грамадскага жыцця, палітычнага вырашэння такога вострага і актуальнага пытання, як сялянскае. А калі ў сакавіку наступнага, 1862 года, Галоўнае ўпраўленне цэнзуры было распушчана і права на ажыццяўленне цэнзуры перадавалася Міністэрству ўнутраных спраў Расіі, становішча друку ў імперыі, і перш за ўсё – на яе ўскраінах, стала падкантрольным яшчэ больш. Ад рэдактараў выданняў патрабавалі пастаянных справаздач і строгага выканання тых палажэнняў і цыркуляраў, што вызначалі статус газет у тагачасным грамадстве. У іх шмат змяшчалася перадрукаў з афіцыйных урадавых сталічных выданняў, пастаноў, аб’яў і загадаў генерал-губернатараў, іншых афіцыйных матэрыялаў.

У 60-я гады ХІХ стагоддзя да гісторыі, этнаграфіі і фальклору Паўночна-Заходняга краю прыкметна ўзрасла цікавасць з боку рускай перадавой інтэлігенцыі. І як вынік, асобныя, найбольш глыбокія працы даследчыкаў нашай Бацькаўшчыны, пачалі з’яўляцца на старонках газет і часопісаў, што выходзілі па-за межамі Беларусі. У прыватнасці, нарысы такога слыннага нашага даследчыка, як Павел Шпілеўскі, пад назвай “Падарожжа па Палессю і Беларускаму краю” змяшчаліся на працягу 1853—1855 гадоў на старонках расійскага “Современника”, а яго ж “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках” – у часопісе “Пантэон” у 1854—1856 гадах. Гэтыя творы вызначаліся глыбінёй думкі і аналізу фактаў і з’яў, публіцыстычнасцю і характэрнай для аўтара непаўторнай вобразнасцю.

У 70-я гады, нягледзячы на жорсткасць цэнзуры, зрэдку “прарываліся” такога ж зместу і характару публікацыі і на старонкі “…Губернских ведомостей”. Так, “Минские губернские ведомости” у 1869 годзе парадавалі сваіх, на жаль, нешматлікіх чытачоў “Нарысамі нораваў Барысаўскага павета” і “Нарысамі народных свят і маленняў на Беларусі”, аўтарам якіх быў вядомы ў той час этнограф і фалькларыст В. Сакалоў. Праз восем гадоў – у 1877-м – з цэлым цыклам гістарычных і фальклорных даследаванняў там жа выступіла краязнаўца А. Васільева. Яе публікацыі аб быце і жыцці сялян Мазырскага павета ўтрымлівалі надзвычай багаты і карысны матэрыял як для тагачаснага чытача, так і для сучасных фалькларыстаў і даследчыкаў.

Ужо напрыканцы ХІХ стагоддзя актывізаваліся “Витебские губернские ведомости”. З нумара 21 за 1894 год газета пачала друкаваць “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі” слыннага фалькларыста і краязнаўцы М. Нікіфароўскага. У іх даследчык даў вялікую, сапраўдную панараму жыцця тагачаснага беларускага сялянства. Ён падрабязна апісаў прадметы хатняга ўжытку, святочную і рабочую вопратку сялян, расказаў пра розныя спосабы вырабу даматканага палатна і сукна, прылад для апрацоўкі льну, канапель, воўны. А галоўнае, Нікіфароўскі паказаў пратэст беларускага сялянства супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, які выказваўся ў бунтарстве, уцёках з роднай старонкі ў суседнія краіны. Даследчык выкрываў сацыяльныя прычыны незадаволенасці мясцовага жыхарства існуючымі парадкамі як у часы прыгонніцтва, так і пасля яго адмены. Ён тлумачыў іх бяспраўем працоўнага чалавека, цяжкім эканамічным і сацыяльным становішчам.

Нарысы М. Нікіфароўскага не засталіся незаўважанымі з боку царскай цэнзуры. У нумары 27 за той жа 1894 год быў апублікаваны “Апраўдальны ліст рэдактару” “Витебских губернских ведомостей”, у якім вучоны запэўніў кіраўніка газеты, што не ставіць аніякіх палітычных задач у сваіх творах, і што рух тых сацыяльных плыняў, якія ён апісвае, не мае адносін да сучаснага жыцця. “Мая праца, – адзначаў ён, – не казка, не песня, не “народная мудрасць” у прымаўках і пагаворках, а бытапісанне”… Пасля гэтага ліста нарысы Нікіфароўскага друкаваліся на старонках газеты да канца 1894 года.

Аднак гэта былі хутчэй выключэнні, чым заканамернасці тагачаснага жыцця і дзейнасці перыядычных выданняў. У цэлым жа “…Губернские ведомости” акуратна і паслухмяна выконвалі палажэнні цыркуляраў і распараджэнні Галоўнага ўпраўлення па справах друку адносна падбору тых публікацый, якія павінны былі адпавядаць духу і запатрабаванням улад. Так што тэматычная накіраванасць газет не вызначалася якімі-небудзь знаходкамі і навінкамі, а хутчэй за ўсё сведчыла аб глыбокіх сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцях, што былі ўласцівыя таму часу. Перыядычныя выданні абаранялі інтарэсы пануючых класаў, духавенства, адстойвалі тыя ўстоі і парадкі, што былі ім на руку. Супраць кардынальных змен у грамадстве яны выступіць, вядома ж, не маглі і не мелі на тое магчымасці…